Темы

“Падарожжа па родым краі”. Вёска Брады

“Падарожжа па родым краі”.  Вёска Брады

Вёска на старых картах

Вёска Брады ўваходзіць у склад Хваставіцкага сельскага Савета і размешчана ўздоўж дарогі Бабруйск — Любань, за сем кіламетраў ад Глуска — афіцыйна, за пяць — па словах сяльчан. У кнізе “Памяць. Глускі раён” 1999 года выдання напісана, што вёска Брады “вядома з XIX стагоддзя. У 1847 г. вёска Чорныя Брады …у складзе казённага маёнтка Брожа”. Архіўныя дакументы сведчаць, што вёска Чорныя Брады была ў Бабруйскім павеце, толькі вось уваходзіла яна ў склад Брожскай воласці і знаходзілася ад Бабруйска за 45 вёрст, але зусім у процілеглым баку ад глускіх Брадоў. На спецыяльнай карце Еўрапейскай Расіі пазначана паселішча Брады, вакол якога размешчаны вёскі са знаёмымі глушчанам назвамі — Веснава, Фастовічы, Лучкі, Турын… А вось у дакументах “Справочная книга по Минской губернии. Бобруйский уезд. 1889 год” і “Спіс месц …Глуская воласць. 1870 год” паселішча Брады адсутнічае, а вёска Чорныя Брады — ёсць. Магчыма, адсюль і ўзнікла далейшае непаразуменне з назвай. Згодна з “Картай Беларусі… 1915 года”, зробленай ваеннымі тапографамі, Брады размяшчаліся ўздоўж дарогі з Глуска на Слуцк з правага боку, а не з левага, дзе гэта паселішча знаходзіцца на сённяшні дзень, а вакол яго было некалькі засценкаў з назвай Турын, “господский двор Турын” і засценак Шпілеўскіх. Дарэчы, на геаграфічнай карце 1925 года, а гэта ўжо савецкі час, вёска Брады зусім адсутнічае.

Памешчыца Казлоўская прадае зямлю

На самай жа справе паселішчаў з назвай Брады ў гэтым кутку Глускай воласці было некалькі, аб чым сведчаць архіўныя судовыя справы і дакументы па выкупе зямлі сялянамі, і звязаны яны з прозвішчамі Казлоўскіх і Гушча. У адным з дакументаў апавядаецца, што ў “1840 году апреля 23 дня помещица Минской губернии Бобруйского уезда вдова Михаила Геронимова продала дворянину Минской губернии Игуменского уезда Матвею Теодору сыну Гущи две уволоки земли с лесами, покосами и со всеми угодиями в собственность в имении Турин и урочище Козаковка, доставшемуся по купчей крепости от помещика Мацкевича 19 ноября 1830 года, совершенной на две уволоки земли… Имеють такоже по правую сторону дороги к местечку Глуск, идущей вдоль урочища Бродов и конца двух крыжов называемых. За таковую землю получила от его покупщика 100 руб. серебром”. У гэты ж дзень “…Козловская продала Агафии Иосифовне Липницкой, по мужу Гущевой, одну уволоку земли, которая находится на левой стороне конца двух крыжов называемую и дороги в местечко Глуск идущей, за каковую получила от помещицы 50 руб. серебром”. Акрамя гэтага Казлоўскай былі выплачаны грошы, па 2 руб. 50 кап. за дарогу “левой стороны им. Турин и конца двух крыжов за дорогою стоящих”. Пры набыцці зямлі Гушчамі было прад’яўлена “свидетельство дворянина Игуменского уезда Викентия Фёдорова, сына Гущи, что род Гущи сыновья Александр и Василий, внуки Гущи определениям сего собрания 1825 и 1835 годов мая 14 числа… признаны дворянского достоинства и назначенные внесенные в 111 часть рода дворянской славной книги Минской губернии…”

Казлоўская прад’явіла план зямлі, усіх дзялянак, што прадала, зроблены землямерам Статкевічам 14 мая 1842 года. Усе дакументы былі зацверджаны ў Бабруйскім земскім судзе 29 мая 1844 года. У гэты ж перыяд Казлоўская яшчэ прадала некалькі валок зямлі мешчаніну Францу Самуілаву Маеўскаму і яго сястры Разаліі Замбржыцкай.

Ігнацій Казлоўскі супраць Гушчаў

Пражыўшы некалькі год у сваім маёнтку Турын, Казлоўская з’ехала ў Санкт-Пецярбург, дзе настаўнічала, а ўсе справы ў маёнтку даверыла весці свайму сыну Ігнацію Казлоўскаму, цітулярнаму саветніку, які, як высветлілася, быў вельмі сквапны, асабліва да зямлі. Стаўшы гаспадаром маёнтка Турын, Казлоўскі пачаў чыніць розныя перашкоды суседзям. Больш за ўсё даставалася Гушчам, якія ўжо пабудаваліся на купленай зямлі і жылі ў сваім засценку Брады. Быў нават зроблены “Вторичный геометрический специальный план земли, на которой стоит застенок Броды, купленной, как видно из купчей крепости, и утвержденный в 1842 году, и заявленный дворянину Матвею Фёдору Гуще… и Агафии Иосифовне Гущевой… с лесом, покосами… по левую сторону до дороги, лежащей из имения Турин в местечко Глуск, возле урочища Броды…”

Ігнацій Казлоўскі неаднаразова выказваў розныя прэтэнзіі Гушчам за тое, што яны быццам бы захапілі яго зямлю ў розных месцах. Ходзяць па яго сцежках, паразбіралі платы ў яго фальварку, забралі з лесу яго калоды з пчоламі, на яго палетках пасвяць скаціну, якая робіць патраву. І нават нягледзячы на два планы праданых дзялянак зямлі, ён гнуў сваё. Дайшло да таго, што 8 чэрвеня 1854 года, калі Мацвея Фёдарава Гушчы не было дома, памешчык Казлоўскі са сваімі сялянамі Дзям’янам, Архіпам і Іосіфам зааралі дарогу, за якую колісь былі заплочаны грошы, “а на межевой линии разрыли геометрический знак, выкопали канаву, и провели другую линию через землю Гущи”, зрабілі другую дарогу, а на ворнай зямлі пасеялі жыта. Акрамя гэтага, у лесе Гушчаў памешчык высек “23 штуки соснового дерева” і пусціў сабе на пабудовы ў фальварку Брады, “…со двора забрал несколько колод с пчелами”. Жонка Гушчы прасіла не чыніць самаўпраўства і “не вмешиваться в чужую собственность”, але Казлоўскі не звяртаў увагі на яе просьбы. Ён абазваў жанчыну непрыстойнымі словамі, моцна лаяўся, ударыў яе па твары і нават хацеў задраць спадніцу, каб злупіць розгамі. А калі жанчына баранілася і адбівалася ад пана, то парэзаў ёй рукі нажом. Усё гэта бачылі малалетнія дзеці, якія з перапуду потым доўгі час хварэлі. Акрамя гэтага, калі старэйшы сын Гушчы вёз прадаваць жыта “еврею в Турино, ¼ товара Козловский отнял, сума составляет 61 р. серебром”.

Ва ўрочышчы Брады на Бугры стаялі дзве ліпы, вельмі старыя і вялізныя. Казлоўскі садраў з іх луб’я да верху — “2 аршына 12 вершков”. Жонка Гушчы 23 чэрвеня 1854 года падала “господину приставу третьего стана прошение — утвердить знаками землю, которой они владеют 10 лет”. Паколькі жанчына была непісьменнай, дакумент падпісаў Сцяпан Корбут. А 10 ліпеня 1854 года ў судзе пачалося “Дело по межевому спору помещицы имения Турин Бобруйского уезда М. Козловской с владельцами приобретенного в имении участка земли …дворянами М. и А. Гущами”. 30 жніўня 1854 года Гушча падаў прашэнне на імя цара Мікалая Паўлавіча, каб Казлоўскі не ўмешваўся ў іх жыццё і не чыніў ніякіх перашкод.

Памешчыцкая спрэчка ў судзе

Ішлі суды марудна, справы разглядаліся доўга, і Казлоўскі ўмудрыўся адабраць у Гушчаў яшчэ адзін кавалак зямлі. У выніку 10 мая 1861 года Гушча падаў у суд на Казлоўскага іск “о присвоении им участка земли, называвшегося “клином” на основании купчей крепости и “плана на обрубь земли”, названной урочищем Броды, на 6 уволок, на которые имеется подтвержденная справка и подпись значится помещицы Козловской М.”. Зямельны ўчастак “клін” знаходзіўся ва ўрочышчы “Бродъ”. За спрэчны ўчастак, які Казлоўскі лічыў сваім, ён патрабаваў ад Гушчаў выплату грошай у памеры 2426 р. 38 кап. А Гушчы, у сваю чаргу, за прысвоеную зямлю — 823 рублі. Справа гэта слухалася 22 сакавіка 1868 года “По Указу его Императорского Величества Минской палатой Уголовного и Гражданского Суда” і называлася яна “Дело дворян Гущей с помещиком Козловским “О спорной земле…”. Усе справы памешчыкаў к гэтаму часу вёў Якаў Геранімавіч Тышкевіч, брат Міхаліны Казлоўскай, паколькі Ігнацій Казлоўскі памёр 5 верасня 1866 г. ад вадзяной хваробы ва ўзросце 43 гадоў. А да пачатку суда ішлі розныя праверкі і ўдакладненні. Даверанасць на вядзенне спраў была выдадзена ўнуку Гушчы — Фаме Мацвееву. А сам дваранін М. Ф. Гушча “жительствующий в застенке Броды дал клятвенное обещание говорить правду”. Ён пакляўся на Евангеллі, бо быў рымска-каталіцкага веравызнання. Паколькі цяжба паміж суседзямі цягнулася доўгі час, то дзеля яе правільнага вырашэння было прыцягнута багата сведак. Сярод іх мяшчане Антон і Яфім Агейчыкі, радавы Рачкоўскі, аднадворац Чарняўскі, дваранін Казімір Туміловіч, Франц Маеўскі, Фама Туміловіч, Антон Комар, Дзям’ян Дайнека, селянін Здольнікаў, дваранін Міхаіл Баброў (Бабровіч), які жыў у фальварку Брады, дваранін Вярыга, мешчанін Падбярозны, яўрэй Еўна.

Паказанні сведак былі розныя, але ў выніку суд прыйшоў да высновы, што Казлоўскі захапіў кавалак зямлі Гушчаў. Тым больш, што гэта пацвердзіў і землямер Плісаў, які перамераў усю зямлю, і аказалася, што па купчай павінна быць тры валокі, а на самай справе недастае 12 дзесяцін, гэта і ёсць участак пад назвай “клін”, які знаходзіцца па правым баку дарогі ва ўрочышчы Брады.

Спрэчная зямля — вызваленым ад прыгону сялянам

За час, пакуль Казлоўскі і Гушча шукалі кожны сваю праўду ў судах, у краіне адбылася адмена прыгоннага права. Сялянам было прапанавана выкупляць зямлю ў паноў. І Карл Тышкевіч, які вёў справы Казлоўскіх, у 1865 годзе, не чакаючы прысуду, заведзенага па справе спорнага ўчастка, нарэзаў сялянам гэту зямлю. Па выкупным акце “землю в имении Турин приобретало 22 ревизские души”. Зямлю можна было выкупіць па месцы жыхарства, а можна было перасяліцца на новае месца і там пачаць абжывацца. За гэта давалі нават нейкія прывілеі. Сем чалавек з в. Турын звярнуліся з такой прапановай: “земля помещичья в урочище Броды поступает к нам от конца двух крыжов отступая в 12 сажень, и от места, где дорога пересекает границу фастовичскую, отступая 25 сажень, произвести прямую линию до лесу, а от лесу поворотимся до границы Бржовского, и границею нашей земли должны быть владения шляхтича Шпилевского. Земля будет идти по правой стороне дороги из Глуска в Турин, между границами Гущев и Маевских. В течение двухлетнего срока, начиная с настоящего числа, мы, крестьяне, должны переселиться в ур. Броды для настоящего поселения. И мы имеем за это вознаграждение на лишнюю землю сверх отведенной, и два года с нас ни брать никаких платежей”. Падпісалі прашэнне Дзям’ян Кузьмін Дайнека, Антон Іваноў Лісіца, Фёдар Дзмітрыеў Гаршчук, Іосіф Іваноў Комар, Трафім Сямёнаў Скраблевіч, Іван Кузьмін Дайнека, Іван Лыснікоў. Гэта і былі першыя пасяленцы новай вёскі з назвай Брады, якая з’явілася ў 1865 годзе. “Уставная грамота на землю и переселение написана в присутствии добросовестных крестьян Хвастовичского сельского общества А. Андреева Мухи и Рудаковичского сельского общества Сидора Семёнова Митруковича и Эшпа Матвеева Кирдуна”. Прашэнне сялян было задаволена, зямля нарэзана на спрэчным участку “клін” урочышча Брады. Усім — па 10 дзесяцін ворнай зямлі, па 2 дзесяціны сенакоснай, пастаянны аброк — 22 руб. Крышку пазней у Брадах пажадалі мець зямлю і батракі маёнтка Турын Аляксей Сяргееў Ракізонь і Андрэй Ігнацьеў Ракізонь.

Сяляне пачалі карыстацца дадзенай ім зямлёй. А ў лесе высякалі дрэвы даўжынёю 8—10 аршын, таўшчынёю 6—8 вяршкоў і будавалі сабе хаты. З гэтай нагоды прыйшлося Гушчам падаваць апеляцыю ў суд, бо як жа быць з сялянамі, што пачынаюць жыццё на іх зямлі. І суд вырашыў: “…участок земли спорной состоит в числе проданной Козловской по купчей крепости, удостоверено свидетелями и землю эту возвратить во владение Гущей. Но пока, как помещица Козловская допустила означенной земли в надел крестьянам, вышедшим из крепостной зависимости, что видно из аппеляционной жалобы истцов Гущей, следовательно от крестьян таковая земля отчуждена быть не может, но следует признаться — Козловского обязанного удовлетворить Гущей как занятую от них землю, так и все убытки, понесенные Гущами через лишения этой земли… признать Козловскую обязанною удовлетворить убытки, понесенные Гущами через отчуждения этой земли. 20 июня 1868 года”.

Адкуль пайшлі Брады

Вось такім чынам ва ўрочышчы Брады ўзнікла вёска Брады, хаця дагэтуль у межах названай мясціны былі: фальварак Брады, засценак Брады, дзе жылі Гушчы, засценак Брады, які належаў дваранам Туміловічам, на зямлі якога меўся спецыяльны геаметрычны план, і, па інфармацыі з кнігі “Памяць…”,  у 1897 годзе яшчэ існаваў і хутар Брады з двух двароў, дзе жыло 13 чалавек. Вось так і атрымалася, што пяць паселішчаў мелі аднолькавую назву — Брады. Чаму гэта назва ўрочышча ўзнікла тут, застаецца загадкай. Слова “брод” азначае мелкае месца на рацэ з цвёрдым грунтам, па якім магчыма было пераехаць ці перайсці. Брады былі рэдкім і важным падарункам чалавеку ад прыроды. У гэтых мясцінах працякала рака Даколька, але даволі на значнай адлегласці ад урочышча. Раней рэкі вельмі шырока выкарыстоўваліся ў гаспадарцы, нават дробныя. Па іх перавозілі ў лодках грузы. Гэта дзешавей і зручней, чым на конях. Бывала, што з адной рэчкі ў другую грузы даводзілася цягнуць па сушы. І вось шлях, па якім цягнулі гэты груз да ракі, бывала меў сваю назву. У межах урочышча Брады было багата канаў, якія сяляне капалі самі, а мясціны тут нізкія, канавы, хутчэй за ўсё, былі паўнаводныя, і іх выкарыстоўвалі для перавозу грузаў, а дзе было больш топкае месца, то перацягвалі з канавы да канавы, а потым — у раку Дакольку сплаўлялі. А пераход гэты назвалі Бродам. Але гэта толькі асабістыя меркаванні.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024