Темы

Трыяда Гадоў малой радзімы. Што зрабілі за мінулыя тры гады ўстановы адукацыі Глускага раёна расказала начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама Святлана Лісіца

Трыяда Гадоў малой радзімы. Што зрабілі за мінулыя тры гады ўстановы адукацыі Глускага раёна расказала начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама Святлана Лісіца

У Беларуі 2018 год быў аб’яўлены Годам малой радзімы. Яго мэтаю было вызначана вяртанне да сваіх вытокаў. Асноўная думка ў тым, што кожны чалавек, дзе б ён ні нарадзіўся і дзе б ні знаходзіўся зараз, у меру сваіх сіл, свайго становішча ў грамадстве, сваіх маральных, творчых, матэрыяльных ці фізічных сіл павінен зрабіць штосьці карыснае для сваёй малой радзімы, для таго месца, дзе жыве зараз. Пазней Гадамі малой радзімы былі таксама аб’яўлены і 2019-ы, і 2020 гады. Як установы адукацыі Глускага раёна адгукнуліся на гэту ініцыятыву і што зрабілі за мінулыя тры гады, мы запыталіся ў начальніка аддзела па адукацыі, спорце і турызме Глускага райвыканкама Святланы ЛІСІЦЫ, якая, дарэчы, на гэтай пасадзе якраз і працуе тры гады.

— Установы адукацыі нашага раёна да такой ініцыятывы, як Год малой радзімы, не маглі застацца безуважнымі, — адзначыла Святлана Мікалаеўна. — Педагогі прыйшлі да думкі, што Год малой радзімы мае дзве асноўныя састаўляючыя: гэта найперш вяртанне да сваіх вытокаў, вывучэнне гісторыі — гісторыі сваёй школы, свайго дзіцячага сада, захаванне памяці пра настаўнікаў, выхавацеляў, супрацоўнікаў, пра тое, як яны працавалі, вучылі і выхоўвалі дзяцей. Акрамя гэтага, немалую ролю мае стварэнне камфортнага адукацыйнага асяроддзя, канкрэтныя справы і дзеянні, якія зробяць будынкі нашых устаноў, іх тэрыторыі, двары прывабнымі, утульнымі, сучаснымі. Зразумела, што ад гэтага папрыгажэе і агульны выгляд нашага гарпасёлка, як і раёна ўвогуле. Па двух гэтых кірунках мы і павялі актыўную работу.

2018 год. Куток малой радзімы ў гімназіі Глуска

Трэба адзначыць, што вялікае разуменне мы сустрэлі ў раённай выканаўчай улады, таму што без фінансавання, без матэрыяльнай дапамогі нічога б не атрымалася. Яшчэ да 2018 года была праведзена вялікая работа па ўключэнні раёна ў Дзяржаўную праграму мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, і нам пашанцавала, што наш невялікі і не блізкі да цэнтра вобласці раён у гэтую Праграму ўвайшоў, прычым даволі шчыльна і актыўна, і атрымаў істотную падтрымку. У 2018 годзе пачалося праектаванне мадэрнізацыі гімназіі Глуска, пры гэтым мы не сядзелі і не чакалі, калі прыйдзе гэты час, а самі таксама ўзяліся за работу. Пры падтрымцы раённага выканаўчага камітэта былі знойдзены сродкі і адрамантаваны фасад сярэдняй школы № 1, якая была ў планах на больш аддаленую перспектыву, на 2024 год. За сродкі раённага бюджэта абнавілі фасад будынка і дах — найбольш адчувальныя і крытычныя кропкі гэтай ужо немаладой школы, якая цяпер стала самай вялікай, дзякуючы новаму мікрараёну, які апошнім часам вырас побач з ёй. Да таго ж школа стаіць на цэнтральнай нашай вуліцы, амаль на самым уездзе ў райцэнтр і стварае першае, вельмі важнае ўражанне. Работы там прадоўжыліся і ў 2019 годзе: было праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі і недалёка ад уваходу ўстаноўлена малая скульптурная форма ў памяць пра паэта і земляка Сяргея Грахоўскага. Зроблена кампазіцыя рукамі таксама нашага земляка, настаўніка Аляксандра Віктаравіча Гулевіча. І цяпер любы, хто трапляе на тэрыторыю ўстановы, бачачы гэту кампазіцыю, можа зразумець, што школа носіць імя паэта.

У дзіцячым садзе № 3 заменены вокны і добраўпарадкавана тэрыторыя

У 2019 годзе прыступілі да рэалізацыі Праграмы мадэрнізацыі ўстаноў адукацыі. Для рамонту гімназіі з элементамі мадэрнізацыі своечасова былі праведзены ўсе тэндары і таргі, у лютым 2019 года работы тут пачаліся, да 1 верасня былі выкананы, і новы навучальны год вучні і настаўнікі пачалі ўжо ў абноўленым будынку. Наша раённая газета нямала пісала пра тое, як змянілася і папрыгажэла гімназія. А да канца 2020 года ў кабінетах хіміі, біялогіі і інфарматыкі ўстаноўлена ўжо і новае абсталяванне.

2018 год. Сустрэча выпускнікоў розных гадоў у СШ № 2

Далей, у 2020 годзе, пачаўся рамонт з элементамі мадэрнізацыі адной са старэйшых навучальных устаноў раёна, школы № 2. Будынак яе значна меншы, чым гімназіі, але аб’ём праведзеных работ быў большы: там цалкам заменены ўсе камунікацыі, уся цеплавая сістэма — у гэтым была вялікая патрэба, паколькі будынку амаль шэсцьдзясят гадоў (ён пабудаваны ў 1962-м), словам, зроблены вялікі рамонт, пра што таксама пісалася ў раённай газеце. Зараз тут яшчэ застаюцца пытанні з рамонтам вонкавай часткі будынка з тыльнага боку, але, спадзяюся, і гэтая праблема будзе вырашана: ёсць пэўныя дамоўленасці, абяцанні. Упэўнена, што свой векавы юбілей у 2022 годзе школа № 2 сустрэне дастойна, прыгожай і памаладзелай.

Як бачым, установы адукацыі, якія маюць даволі працяглую тэхнічную гісторыю (1962-га, 69-га, 91-га гадоў пабудовы), істотна абнавіліся, набылі сучасны выгляд.

1 верасня 2020 года школа № 2 пасля рэканструкцыі гасцінна сустрэла вучняў

Усе мы памятаем, што ў 2019 годзе адбыліся значныя змены ў добраўпарадкаванні Глуска. У гэты час мяняліся і тэрыторыі ўстаноў адукацыі: за кошт раённага бюджэту мы замянілі плітку і паставілі новую агароджу ў гімназіі і чацвёртым садзе, там жа адрамантавалі дах, у чацвёртым і трэцім садах замянілі вокны. Не забываліся мы і на сельскія ўстановы. Мы ведаем, што Заеліца была першым аграгарадком, і ў мясцовай школе, дакладней, навучальна-педагагічным комплексе, ужо наспела пара правесці рамонт, таму там замянілі 40 працэнтаў вокнаў за кошт абласнога бюджэту і сваімі сіламі замянілі асвятленне, у гэтым накірунку будзем рухацца і далей. Па Рэспубліканскай праграме перааснашчэння ўстаноў адукацыі практычна ва ўсе сельскія школы, у Клятнянскую, Усцярхоўскую, Заеліцкую, Завалочыцкую, пастаўлены мультыборды (інтэрактыўныя панэлі).

Думаю, можна смела сцвярджаць, што ўстановы адукацыі Глускага раёна маюць усе магчымасці для ўкаранення інавацыйных метадаў навучання. Тое самае камфортнае адукацыйнае асяроддзе, пра якое казала ў пачатку размовы, у нас створана — як для дзяцей, так і для настаўнікаў, таму застаецца толькі старанна працаваць. Зразумела, спыняцца на гэтым і супакойвацца мы не будзем, бо ў дасканаласці, як вядома, няма граніц.

2018 год, СШ № 2. Паралімпійскі чэмпіён Юрый Голуб. Сустрэча з землякамі ў роднай школе

Калі перад завяршэннем першага Года малой радзімы сталі бачныя яго вынікі ў маштабах усёй краіны, то на ўзроўні ўрада было прынята вельмі ўзважанае рашэнне — прадоўжыць такую работу далей, і Год малой радзімы ператварыўся ў трыяду. І гэта, на маю думку, правільна, тым больш што такая работа мае не толькі матэрыяльны бок, але і маральна-этычны, які для сістэмы адукацыі ці не важнейшы, чым матэрыяльны. Мы проста не маем права сёння, асабліва ў святле апошніх падзей, не звярнуцца, не паставіць на новы ўзровень патрыятычнае выхаванне моладзі. Тыя звыклыя формы, што выкарыстоўваліся доўгі час, праводзімая і да гэтага работа, магчыма, сталі дзесьці ўжо і фармальнымі. Гэта трэба прызнаць і выправіць, а работу патрэбна ажывіць. Мы, настаўнікі розных пакаленняў, задаёмся пытаннем: чаму грамадскія арганізацыі, што дзейнічалі ў савецкі час, мелі большы ўплыў на свядомасць і жыццё тагачаснай моладзі, чым гэта адбываецца зараз? Пры змене пакаленняў павінны змяняцца, з’яўляцца і новыя формы работы. Але новае не можа з’явіцца на абсалютна пустым месцы, ні на чым не грунтуючыся. Чалавек моцны сваімі каранямі, самы надзейны з якіх — памяць. Каб упэўнена ісці наперад, трэба ведаць сваю гісторыю. Гісторыю сваёй краіны мы вывучаем у школе, у пэўнай ступені яна ствараецца і на нашых вачах. Мы, педагогі Глушчыны, паставілі перад сабой лакальную задачу — вывучыць, даведацца пра больш блізкае, роднае, тое, што знаходзіцца побач, таму вырашылі больш увагі ўдзяліць гісторыі сваіх устаноў адукацыі. Яшчэ ў 2017 годзе мы звярнуліся да такой некалі папулярнай на Глушчыне формы, як сустрэчы са славутымі землякамі. Яны ў свой час ладзіліся ў маштабах раёна, а мы вырашылі абмежавацца маштабамі школ. І вось у 2017 годзе ў школу № 2 на лінейку запрасілі выпуск 1967 года, тых, хто пайшоў са школы 50 гадоў назад. Усё было і прыгожа, і кранальна, і незвычайна, мы бачылі, што гэта сустрэча кранула за жывое, выклікала слёзы на вачах і ў дзяцей, і ў іх бацькоў, і зразумелі, што такая форма знаёмства з гісторыяй вельмі дзейсная. Ніякія кнігі, фільмы не заменяць тых размоў, тых сустрэч у сваёй школе з рэальнымі, знаёмымі людзьмі, бабулямі, дзядулямі, якім ёсць што расказаць і ўспомніць. Такія сустрэчы, гутаркі згуртоўваюць, аб’ядноўваюць, носяць практыка-арыентаваны характар. Гэта работа была прадоўжана ў наступныя тры гады ў іншых школах і ішла даволі актыўна. І гэта вельмі добра. Добра, што мы паспелі, бо сёння некаторых нашых землякоў, каго запрашалі на такія сустрэчы, на жаль, ужо няма сярод нас, гэта і мастакі Слава Захарынскі і Уладзімір Даўшэвіч, кампазітар Валерый Іваноў. Акрамя таго, былі сустрэчы з маладым спартсменам-паралімпійцам Юрам Голубам, кандыдатам медыцынскіх навук Лявонціем Напольнікавым, у першай школе двойчы ладзіліся сустрэчы са сваякамі Сяргея Грахоўскага (у 2018 годзе з нагоды яго 105-годдзя і ў 2019-м падчас адкрыцця скульптуры на школьным двары). Адна такая цікавая сустрэча з землякамі ў 2018 годзе адбылася нават у Мінску. Гэта тыя канкрэтныя, рэальныя мерапрыемствы, крокі, што былі зроблены, што засталіся ў памяці. У кожнай школе ёсць дошкі з імёнамі і фатаграфіямі сваіх выпускнікоў, вядомых як ва ўсёй краіне, так і тых, хто застаўся, жыве і дабіваецца поспехаў у сваім раёне. Дзякуючы гэтаму, мы даведаліся і бачым, колькі насамрэч добрых, таленавітых людзей, спецыялістаў выхавалі, вывучылі і пусцілі ў вялікае жыццё нашы школы. Адметна, што і гэтыя людзі не забываюцца на сваю малую радзіму, на свае школы, прыязджаюць, сустракаюцца з цяперашнімі школьнікамі. Гэта ўсё, безумоўна, вельмі добра.

2019 год. На адкрыццё кампазіцыі ў памяць пра Сяргея Грахоўскага
ў СШ № 1 прыехала яго дачка Таццяна

Каб яшчэ больш заахвоціць і прастымуляваць цікавасць да гістарычнага мінулага, да сваіх вытокаў, у 2019 годзе паміж установамі адукацыі быў аб’яўлены конкурс куткоў малой радзімы. Усе з энтузіязмам узяліся за гэту цікавую творчую работу. Ва ўсіх атрымалася па-рознаму: у каго куткі створаны ў выглядзе стэндаў, у каго атрымалася экспазіцыя, а хто, як напрыклад другая школа, выдзяліў асобнае месца і дапоўніў школьны музей. Трэба сказаць, што музеі ў школах былі і раней: музей баявой славы ў Катцы, этнаграфічныя музеі ва Усцярхах і Заеліцы, музей ткацтва і музей хлеба ў гімназіі. Зараз пачата работа па стварэнні музея ў першай школе райцэнтра, гэта будзе музей Сяргея Грахоўскага. Мы вельмі пастараемся зарэгістраваць яго афіцыйна і адкрыць да 110-годдзя паэта, у 2023 годзе, зрэшты, там ужо і зараз ёсць экспанаты, школа цесна супрацоўнічае з сям’ёй Сяргея Іванавіча, работа вядзецца, і ўжо ёсць на што паглядзець. Шмат папрацавалі над стварэннем куткоў малой радзімы ў нашых дзіцячых садках, паўсюль яны атрымаліся прыгожыя, цікавыя, напоўненыя рознымі экспанатамі.

Амаль увесь 2020 год ішла вялікая работа па стварэнні летапісаў усіх без выключэння існуючых сёння ў раёне ўстаноў адукацыі. Вынік гэтай вялікай і карпатлівай працы маглі бачыць усе ахвотныя: летапісы школ друкаваліся ў раённай газеце і, наколькі мне вядома, выклікалі вялікую цікавасць у чытачоў. Дарэчы, мне спадабалася ініцыятыва рэдакцыі, каб жыхары раёна ўспомнілі і напісалі пра тыя школы, якіх ужо няма, упэўнена, гэта было б вельмі цікава і карысна.

Нельга не сказаць і пра тое, што было зроблена ў рамках акцыі, якая спачатку называлася “Бессмяротны полк”, а зараз “Беларусь памятае”. Усе актыўна ўключыліся ў гэту работу, ад настаўнікаў да вучняў, бо ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ёсць, мабыць, у кожнай сям’і, і памяць пра іх трэба захоўваць. Сабраны вялікі матэрыял, але работа прадаўжаецца, бо прыходзяць новыя вучні, прыносяць новыя фатаграфіі, а гэта новыя імёны ветэранаў, новыя ўспаміны пра іх. Спыніць гэту работу немагчыма, як і немагчыма спыніць памяць. 

Вось так праз сустрэчы з канкрэтнымі людзьмі, праз гісторыю сваёй сям’і, школы сённяшнія школьнікі быццам бы дакранаюцца да гісторыі свайго раёна, сваёй краіны. Яны будуць не проста ведаць яе мінулае, але і ганарыцца сённяшнімі дасягненнямі, паважаць сімволіку сваёй дзяржавы. Толькі так, на прыкладах з жыцця, праз размовы, праз пошук, калі ўсё гэта прапушчана праз сябе, можна выхаваць нашу моладзь высокамаральнай, якая памятае, ведае і паважае мінулае сваёй радзімы і ў шырокім сэнсе гэтага слова, і той, якую завём малой.

Трыяда Гадоў малой радзімы завяршылася, але работа ў гэтым кірунку завяршыцца не можа. Новая мэта, якую мы ставім перад сабой зараз, гэта напісанне гісторыі ўсёй сістэмы адукацыі Глушчыны. Матэрыялаў шмат дзякуючы ўжо створаным летапісам, бо гісторыя сістэмы адукацыі складаецца і збіраецца з гісторый асобных устаноў. Вось чаму мы далучаемся да прапановы рэдакцыі і таксама просім жыхароў раёна дасылаць, дзяліцца ўспамінамі пра свае школы і дзіцячыя садкі, асабліва пра тыя, якіх ужо няма на карце раёна, але памяць пра іх павінна жыць.

Т. ЛУКАШЭВІЧ

Фота з архіва рэдакцыі

Последние новости

Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024
Общество

Семья Дербеевых из Глуска — участники областного этапа конкурса «Семья года»

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024