Темы

У кожнага свой лёс…

У кожнага свой лёс…

Спачатку з Валянцінай Андрэеўнай Пятрэняй з Макавіч мы пазнаёміліся завочна, па тэлефоне. Пагутарылі. Мая суразмоўца адказала на пытанні, што мяне цікавілі, а потым пачала распавядаць пра сваё жыццё. Я зразумела, што тэлефоннай размовай наша знаёмства не павінна скончыцца, і ў хуткім часе мы сустрэліся ўжо дома ў Валянціны Андрэеўны.

Як няма двух аднолькавых людзей на свеце, так і няма аднолькавых чалавечых лёсаў — у кожнага свая гісторыя. Слухаючы жыццёвыя гісторыі, кожны раз думаеш: няўжо чалавек такі моцны, што столькі гора, цяжкасцей і несправядлівасці можа вытрымаць і пры тым не зламацца, жыць годна, імкнуцца толькі наперад? А потым разумееш, што менавіта цяжкімі жыццёвымі абставінамі і загартоўваецца ў людзях сіла, воля, фарміруецца эмпатыя, імкненне да дабра. Як казаў Васіль Быкаў: “Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут — трава”. Гэтыя трапныя словы адносяцца і да маёй гераіні.

Спачатку я хацела расказаць чытачам пра Валянціну Андрэеўну як пра шчырую працаўніцу, ударніцу працы, якая нават мае высокія працоўныя ўзнагароды, а потым зразумела, што без гісторыі яе жыцця ў расказе ніяк не абысціся, бо менавіта абставіны і сфарміравалі характар жанчыны, яе адносіны да жыцця, працы і людзей.

Дзяцінства

Нарадзілася Валянціна Андрэеўна ў Макавічах у звычайнай сялянскай сям’і, дзе гадаваліся яна і маленькі брацік. Бацька быў бальшавіком, актыўна ўдзельнічаў у калектывізацыі. Калі Валя была ў другім класе, у сям’і здарылася вялікая трагедыя — памерла маці. З гэтай пары і пачаліся ўсе цяжкасці, што выпалі на лёс маёй гераіні. “Было вельмі холадна, моцны мароз, — расказвае Валянціна Андрэеўна, — і бацька мяне на пахаванне маці не ўзяў. Праз некаторы час у нашай хаце з’явілася новая “мама”. Яшчэ не паспела загаіцца свежая рана ад страты матулі, і таму, напэўна, я ўспрыняла тую жанчыну не вельмі добра. Не падабалася яна мне і знешне, а яшчэ наша мачыха курыла, што было незвычайна ў той час, асабліва для вясковых жанчын. Але з усім гэтым можна было б мірыцца, каб яна хоць крыху палюбіла нас з братам і добра адносілася. Спачатку мачыха спрабавала з намі пасябраваць, і мы думалі, што ўсё наладзіцца, але не атрымалася. Хутка лёсу было заўгодна прынесці нам, малым дзецям, новыя выпрабаванні. Аднойчы ў спрэчцы аднавясковец назваў бацьку рабаўніком, маўляў, адабраў у яго скаціну ды маёмасць, каб у калгас усё аддаць. “Які ж я рабаўнік, — адказаў бацька, — калі ў фуфайцы, што свеціцца, хаджу, а ты, гаротнік, у якога я маёмасць адабраў, — у добрым аўчынным кажуху”. Слова за слова, завязалася бойка. Пабіліся ды й разышліся. Але аднавясковец падаў на бацьку ў суд, і тату ў 1939 годзе прысудзілі год турмы. Так мы засталіся з мачыхай і старэнькай бабуляй, бацькавай маці. Праз год мы чакалі бацьку дадому, але ад таты прыйшоў ліст, што яго пакідаюць яшчэ на год працаваць на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. А потым пачалася вайна… Больш мы з братам свайго тату ніколі ўжо не бачылі. Пасля вайны мачыха атрымлівала нейкія грошы, як удава загінуўшага на вайне байца”.

Вайна

Калі пачалася вайна Валянціне Андрэеўне было 11 гадоў. Дзецям у той час прыходзілася станавіцца дарослымі вельмі рана. Так і маёй гераіні прыйшлося. Старэнькая бабуля, якой на пачатку вайны было далёка за 80 гадоў, глядзела Валінага малодшага брата. Дзяўчынка ж, каб выжыць і неяк пракарміцца, вымушана была хадзіць у заработкі, хоць і да родзічаў. На вясну і лета — у Сіманавічы да цёткі. Агарод дапамагала там садзіць, потым палоць. На восень, зіму — у Дуброву да другой цёткі — дзіця дапамагала глядзець. Так і выжыла. “Быў падчас акупацыі адзін момант, — расказвае Валянціна Андрэеўна, — калі я амаль развіталася з жыццём. У першыя месяцы вайны немцы вышуквалі сем’і камуністаў і расстрэльвалі. Вось і мяне забралі. Паставілі нас усіх уздоўж нейкага будынка на расстрэл. Немец з аўтаматам ходзіць. Жанчына, імя зараз якой і не памятаю, мне кажа: “Валечка, ты за мяне захавайся. Як будуць страляць, мяне заб’юць, я упаду на цябе, а ты, можа, жывая застанешся”. У гэты момант падышоў да нас малады паліцай, наш мясцовы хлопец. Ён гаварыў па-нямецкі і растлумачыў акупантам, што тут няма ніводнага чалавека з сям’і камуністаў. На мяне паказаў ды й кажа: “А яе за што? Бацька ж у турме сядзіць, камуністы пасадзілі”. Так вызвалілі і мяне, і іншых вяскоўцаў. Напужалася я толькі вельмі — усю дарогу да хаты ледзьве ішла, ногі трэсліся”. 

Юнацтва

Пасля вызвалення ад акупантаў Валянціне лягчэй жыць не стала. У каго хаця б маці была, таму лягчэй прыходзілася, а ў яе ні маці, ні бацькі, толькі малы брат ды старая бабуля. Не было нават на пасцель чаго заслаць. Ад маці засталася адна саматканая посцілка — вось і ўвесь пасаг для дзяўчыны на выданні.

1950-я. Валянціна Пятрэня, у дзявоцтве Парахаўнік (злева) з сяброўкаю

Дапамогі чакаць не было адкуль, і Валянціна вырашыла паехаць у Бабруйск, у школу фабрычна-завадскога навучання вучыцца на швачку. Але замест вучобы маладая дзяўчына апынулася на лесакамбінаце, а вось працаваць там не змагла па стане здароўя. “Суседцы па інтэрнаце, — працягвае расказваць Валянціна Андрэеўна, — пакінула спецформу і пешшу пайшла з Бабруйска дадому. Дзесьці каля Вільчы, ужо на змярканні, мяне на грузавой машыне нагнаў шафёр з Калаціч і давёз да Глуска. Пераначавала ў райцэнтры, а раніцаю выправілася таксама пешшу да Макавіч. Не атрымалася ўладкавацца ў горадзе, таму пайшла працаваць у калгас: некаторы час разам са сваёй бабуляй пасвіла авечак. У 1947 годзе мая даражэнькая бабуля памерла. Ёй было 98 гадоў”. 

Працоўны шлях

Доўга пасвіць авечак Валянціне не прыйшлося. Даверылі маладой дзяўчыне працаваць у калгасе кладаўшчыком. Адным з яе абавязкаў было выдаваць напрыканцы працоўнага года калгаснікам за працадні ў якасці заработнай платы зерне. Напрыклад, на праца-дзень аднаму чалавеку выдавалі 44 (!) грамы грэчкі. Так, пры мінімуме ў 120 працадней, што павінен быў адпрацаваць кожны дарослы (у падлеткаў былі іншыя нормы адпрацовак), калгаснік атрымліваў за год 5,2 кілаграма грэчкі. Працаваць на складзе было вельмі адказна і даволі цяжка: работнік павінен быў быць гатовы прыйсці на працу прымаць зерне ці іншую прадукцыю ў любы момант. А маладой дзяўчыне хацелася і на танцы збегаць, і пагуляць дапазна. Калі Валянціне прапанавалі перайсці працаваць на свінаферму, згадзілася амаль не раздумваючы. “Даглядала свінаматак і парасят, — распавядае Валянціна Андрэеўна. — Апаросы і прывесы заўжды былі добрыя ў мяне. Калгас за перавыкананне нормаў даваў прэмію заўсёды”.

Але на свінаферме таксама Валянціна доўга не затрымалася. Калгаснае кіраўніцтва даручыла ёй быць звеннявой у брыгадзе па вырошчванні кок-сагызу (каўчуканосны дзьмухавец, які змяшчае каўчук). “У маім звяне было 12 дзяўчат, — расказвае Валянціна Андрэеўна. — Па 60 сотак кок-сагызу для апрацоўкі брала кожная з нас. Кок-сагыз — расліна, падобная на дзьмухавец. Мы праполвалі яго, абганялі рады. Потым збіралі насенне, якое дома сушылі, абціралі, каб засталося толькі семачка маленькае, і здавалі. Карэнні таксама збіралі: спачатку рвалі іх, затым абчышчалі, сушылі і здавалі ў калгас. Працаваць прыходзілася цяжка, і сняданку з сабою часцей за ўсё не было, таму на перакус у нас часцяком быў турнэпс. Гэта такі салодкі караняплод, накшталт рэпы. Нарвём, пачысцім ды й падсілкуемся”.

Яшчэ была Валянціна Андрэеўна звеннявой у брыга-дзе па вырошчванні канопляў, ільну. За тое, што вырасціла вельмі добры ўраджай канапель, яе нават прынялі ў рады Камуністычнай партыі. “Каноплі ў той год раслі такія добрыя ды высокія, — распавядае мая суразмоўца, — я ледзьве магла дацягнуцца да верхавіны. Вось за выдатны ўраджай канапель мяне і прынялі ў партыю. Заўсёды на пасяджэннях райкама партыі ў Глуску мяне запрашалі ў прэзідыум. Увогуле, я і ў школе была актыўным чалавекам, сакратаром камсамольскай арганізацыі. Давялося нават некалькі скліканняў запар пабыць дэпутатам сельскага Савета — вяскоўцы выбіралі, напэўна ж, давяралі”.

У 1970-я гады Валянціна Андрэеўна Пятрэня пайшла працаваць цялятніцай у эксбазу “Глуск”, брыгаду ў Макавічах. І гэтая справа ёй таксама аказалася па плячы. Менавіта тут яна дасягнула вялікіх поспехаў: за старанную працу, за вялікія прывесы ў 1976 годзе была ўзнагароджана знакам “Ударнік дзявятай пяцігодкі”, медалём “За працоўную адзнаку”, у 1979-м — знакам “Ударнік дзясятай пяцігодкі”, а ў 1984-м — ордэнам “Знак Пашаны”.   

Сям’я

“Для нявесты без пасагу ды яшчэ і сіраты жаніхоў не было, — распавядае Валянціна Андрэеўна. — Усе хлопцы шукалі такіх нявест, у якіх падтрымка была ды пасаг добры. А я ў мяне з гэтага — нічога. Самастойна прыйшлося і грошы зарабляць, і ўсяго дабівацца. Вось і працавала, хатнюю гаспадарку трымала крэпкую: карова была, кабанчыкі (ды й не адзін) у хляве стаялі, птушка розная. Дзяўчаты, мае аднагодкі, за бацькамі дома, а я рана-раненька ўжо на базар вязу парасят прадаваць…

1960-я. Валянціна Андрэеўна з мужам Анатолем Піліпавічам

Лёсу было заўгодна даць і мне шчасце — я сустрэла свайго будучага мужа. Адным вечарам ён правёў мяне з танцаў. Напэўна, я яму спадабалася. У той вечар мы сядзелі на лаўцы каля маёй хаты і размаўлялі з ім да самай раніцы, аж пакуль не прыйшоў час ісці карову даіць. Аднойчы ён дапамагаў нашаму вяскоўцу рамантаваць машыну і прыйшоў у маю хату папрасіў рукі памыць. А мы якраз з хросніцай з лазні вярнуліся ды вячэраць селі. Я падала яму вады рукі памыць, запрасіла ў хату ручніком выцерціся, а там і за стол селі, пагаварылі дый вырашылі ажаніцца. Паехалі на веласіпедах да будучай свякрухі пытаць дазволу на вяселле. Думала: калі выйдзе яна сустракаць мяне з усмешкай, то ўсё добра будзе, пайду замуж, а калі выйдзе на ганак з хмурым тварам ды што-небудзь яшчэ дрэннае будзе казаць, то развярнуся і дадому паеду, замуж не пайду. Але ж знаёмства прайшло добра, і са свякрухай у нас былі вельмі добрыя адносіны ўвесь час. Сяброўкам, што замуж сабралася, не казала, каб не сурочылі. Вяселля вялікага не спраўлялі — усё вельмі сціпла было. Распісвацца ў Завалочыцкі сельсавет паехалі на двух веласіпедах, а потым з самымі блізкімі проста пасядзелі ды павячэралі дома. Муж мой быў вельмі добры, мы жылі дружна, мірна. Работу любую ўмеў рабіць: і карову падаіць, і ежу прыгатаваць, і ўсю мужчынскую працу па гаспадарцы. Шкада, што не стала яго рана, — вось ужо больш за 30 гадоў я ўдава”.

Валянціна Андрэеўна выгадавала з мужам дзвюх дачок і сына. Зараз у яе пяцёра ўнукаў і ўжо чатыры праўнукі. У гэтым годзе свой 91-ы дзень нараджэння яна сустрэне ў асяроддзі вялікай любячай сям’і.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва сям’і Пятрэня

Последние новости

Общество

Состояние криминогенной обстановки на территории района и профилактика преступности стали темой координационного совещания в Глуске

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко согласовал назначение руководителей в местных органах власти

30 июня 2025
Читать новость
Власть

Кадры, инвестиции, дисциплина в АПК. Как Лукашенко напутствовал новых председателей райисполкомов

30 июня 2025
Читать новость
Спорт

Команда «МАЗ-СПОРТавто» готовится к старту ралли-марафона «Шелковый путь — 2025»

30 июня 2025
Читать новость
Власть

На второй сессии Палаты представителей принято 67 законопроектов

30 июня 2025
Читать новость
Общество

Сильный эмоциональный проект. Жители Витебска встретили “Поезд Победы”

30 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем