Праект «Гісторыя з фатаграфіяй» Умелі некалі хлопцы коней запрагаць!
Гэты здымак быў размешчаны ў раённай газеце “Сцяг Радзімы” ў 1985 годзе. Па мерках таго часу на фотаздымку адлюстравана справа даволі звычайная: хлапчукі працуюць у калгасе, на конях зграбаюць сена. Але ж у наш час менавіта такой карціны вы ўжо не ўбачыце. Зараз сена варушыць і зграбае трактар або мотаблок, і коней нашы дзеці бачаць больш у заапарках, у вёсках жа — усё радзей. А пра тое, каб падлеткі ўмелі іх запрагаць, і ўвогуле гаворкі няма. У нататцы да фотаздымка было напісана: “Андрэй Гаўрылаў з Дакольскай школы і Андрэй Васілеўскі са школы № 2 жывуць у брыгадзе Веснава калгаса “Дружба”… Скончыліся заняткі ў школе, і рабяты папрасіліся ў брыгадзіра Уладзіміра Васільевіча Фясько на працу, ды на такую, каб “толькі на полі” і “толькі на конях”… “А ці ўмееце вы хоць каня запрагаць?” — спытаў брыгадзір. “У што? У калёсы, барану, грабалку? Давайце хоць зараз гэта зробім!” І колькі радасці было ў аднаго і другога Андрэя, калі яны назаўтра ўпрагалі ў грабалкі коней”.
Здаецца, зусім нядаўна, усяго некалькі дзесяцігоддзяў назад, у нашых вёсках бацькі абавязкова вучылі сваіх сыноў запрагаць коней, а маці паказвалі дочкам, як у печы гатаваць стравы. А зараз такія важныя калісьці справы — амаль экзотыка. У той час, калі быў зроблены гэты здымак (а што такое па мерках чалавецтва 36 гадоў — кропля ў гістарычным моры), ніхто і ўявіць не мог тых дасягненняў цывілізацыі, што мы маем зараз. Нашы ж дзеці не могуць зразумець, як мы жылі без смартфона і інтэрнэта. А маладыя спецыялісты сельгас-прадпрыемстваў, напэўна, з цяжкасцю ўяўляюць, што для таго каб скасіць або згрэбці сена, калісьці ў працаўнікоў калгаса была толькі адна конская сіла, а не 80 і болей, як цяпер у сучаснай тэхніцы. Але ж так і мае быць: кожнае наступнае пакаленне павінна жыць і працаваць значна лепш, прадуктыўней і лягчэй, чым папярэдняе. На тое і прагрэс… А коні — хай адпачываюць…
В. ЯНУШЭЎСКАЯ