Темы

Настаўнікі для Глуска. У 2020 годзе Глускі раён прыняў удзел у праекце “Настаўнік для Беларусі”

Настаўнікі для Глуска. У 2020 годзе Глускі раён прыняў удзел у праекце “Настаўнік для Беларусі”

Яны нават сваім вонкавым выглядам неяк адрозніваюцца ад звычайных настаўнікаў, якімі мы прывыклі іх бачыць і бачым у нашых школах. Тут — крэн ад стрыманай класікі ў бок моладзевага нефармалізму. Статус іх таксама не звычайны: з педагагічнай грамадскасцю раёна на жнівеньскай канферэнцыі іх пазнаёмілі ў ліку маладых спецыялістаў, выпускнікоў педустаноў, але ж насамрэч афіцыйна яны маладымі спецыялістамі ўжо не з’яўляюцца, ды і вучыліся абодва не ў педагагічных ВНУ. І ўсё ж кожны з іх настаўнік. Настаўнік для Беларусі.

Спачатку крыху гісторыі. У 2020 годзе Глускі раён прыняў удзел у праекце “Настаўнік для Беларусі”. Гэта сумесны праект БПС-Сбербанка і Міністэрства адукацыі. Нацэлены ён на прыцягненне ў невялікія гарады і населеныя пункты таленавітых і ініцыятыўных выкладчыкаў, якія могуць і хочуць прынесці ў работу цікавыя нестандартныя ідэі, імкнуцца да самаразвіцця і не баяцца цяжкасцяў, не баяцца мяняцца і спрабаваць штосьці новае. Для рэалізацыі праекта ў Глускім раёне была выбрана школа № 2 (менавіта яна падала заяўку), і менавіта сюды настаўнікамі англійскай мовы былі накіраваны Варвара Міхайлаўна Чарнавец, выпускніца факультэта міжнародных адносін БДУ, і Сяргей Віктаравіч Макарэвіч, выпускнік факультэта міжнародных бізнес-камунікацый БДЭУ. З імі і адбылося наша знаёмства, яны і з’яўляюцца героямі гэтай публікацыі.

Так склалася, што гутаркі было дзве, размаўлялі з кожным з іх паасобку, і гэта дало магчымасць зразумець кожнага, адчуць яго асаблівасці. Скажам, Варвара Міхайлаўна — парыў, узнёсласць, захапленне, Сяргей Віктаравіч — спакой, упэўненасць, разважлівасць. Далейшае ж асэнсаванне і аналіз сустрэч здзівілі тым, як многа ў іх пры гэтым і падабенства: найперш — насамрэч ідэйная перакананасць у правільнасці і патрэбнасці таго, што яны робяць, шчырае жаданне прынесці карысць, дапамагчы, змяніць штосьці да лепшага. А яшчэ — абодва яны не проста высокаадукаваныя, а яшчэ і разумныя людзі, пры размове з імі нельга было дазволіць сабе нейкай расслабленасці, адчувалася прыемная інтэлектуальная напружанасць — патрэбна было ім адпавядаць.

Сяргей Віктаравіч Макарэвіч пасля заканчэння БДЭУ паспеў папрацаваць і ў Ганцавічах, у Доме рамёстваў, і ў музеі ў Германіі, вучыўся ў Эстоніі (паступіў у магістратуру), потым здарылася пандэмія, давялося вярнуцца і шукаць прымянення сваім ведам і памкненням на радзіме. Падаў заяўку на праект “Настаўнік для Беларусі”, паспяхова вытрымаў сумоўе, справіўся з іншымі іспытамі, прайшоў месячны курс інтэнсіўнай падрыхтоўкі (планаванне ўрокаў, афармленне дакументацыі і г. д.). У Глуск трапіў выпадкова — прывёз сюды сваю знаёмую па праекце Варвару Чарнавец, як і яна, убачаным застаўся задаволены, таму абодва вырашылі працаваць менавіта тут. На маё пытанне, як карэнны мінчанін пачувае сябе пасля амаль васьмі месяцаў жыцця ў Глуску і трох з паловай вучэбных чвэрцяў работы ў сярэдняй школе, адказаў, што расчаравання не адбылося, і найперш таму, што ён ведаў, куды і навошта едзе. Глуск даволі ўтульны гарадок, у параўнанні з Ганцавічамі нават больш выйгрышны хаця б з-за басейна, праўда, для вельмі блізкага і падрабязнага знаёмства з мястэчкам часу няма, прызнаўся ён. Школа добрая — такая, якой і павінна быць сучасная школа. Дзеці (Сяргей Віктаравіч працуе з 4-га па 10-ы класы, акрамя 7-га, і яшчэ ў групе падоўжанага дня), як і паўсюль, кажа ён, розныя: з розным узроўнем падрыхтоўкі, цікавасці да прадмета, матываванасці. “Сваю задачу бачу ў тым, каб усім было цікава на ўроку,  — гаворыць настаўнік, — а цікава тады, калі ў цябе атрымліваецца. Кожнаму трэба прапанаваць тое, што ён мог бы выканаць, тады вучань паверыць у сябе. Таму заданні найчасцей бяру не з падручніка, а падбіраю персанальна, часам даводзіцца адыходзіць ад плана ўрока — каб давесці, растлумачыць, паказаць, дабіцца аддачы і зваротнай сувязі, гэта вельмі важна, да гэтага я імкнуся. Калі хто з вучняў праяўляе цікавасць, мы застаёмся і займаемся пасля ўрокаў — тут і камп’ютар у дапамогу, і нестандартныя заданні — дзецям гэта надта падабаецца. Я не толькі вучу дзяцей, але і вучуся ад дзяцей, вучуся быць гнуткім, складанае зрабіць лёгкім, гэтая работа — новы досвед для мяне, новыя стасункі з людзьмі. Дзеці ў большасці сваёй адкрытыя натуры, асабліва малодшыя, іх разварушыць лягчэй, чым старэйшых. Мне хацелася б, каб усе яны хацелі вучыцца, але тут многае залежыць ад сям’і, калі бацькі разумеюць каштоўнасць ведаў, адукацыі, то і дзеці гэта бачаць, усведамляюць і больш стараюцца. Аднак жа не ўсе матываваныя вучыць англійскую мову, нямала і такіх, хто кажа: а навошта мне гэта? Я стараюся іх усё ж зацікавіць, спрабую крэатыўныя падыходы ў навучанні. Аднак занадта захапляцца гэтым, лічу, не варта, трэба заўсёды ацэньваць: а ці дае гэта плён? На ўроках не абыходзіцца і без нейкай руціны, шматразовага паўтарэння, каб зразумелі, запомнілі. Часам у мяне атрымліваецца, часам — не, ёсць перашкоды, якія патрэбна пераадольваць. Я гэта разумеў і быў гатовы да гэтага з самага пачатку праекта. Паўтаруся, што праект “Настаўнік для Беларусі” — гэта новы досвед для мяне, новыя стасункі, новая праца, без праекта я не трапіў бы ў школу. Безумоўна, не ўсе мае вучні будуць добра ведаць замежную мову, але я спадзяюся, што нашы заняткі, зносіны, тое, што мы абмяркоўвалі на ўроках, усё ж спатрэбіцца ім, дапаможа ў пэўных жыццёвых сітуацыях. І гэта важна”.

Зацікавіць дзяцей вучобай, зрабіць так, каб яны не баяліся, а чакалі твайго ўрока, хацелі на яго ісці і хацелі вучыцца, — гарачае жаданне яшчэ аднаго ўдзельніка праекта “Настаўнік для Беларусі” — Варвары Міхайлаўны Чарнавец. У адрозненне ад свайго калегі, яна пра гэта пачынанне даведалася, яшчэ калі яно было, можна сказаць, на ўзроўні ідэі. Яна напісала каардынатарам і папрасіла, калі ўсё атрымаецца і ажыццявіцца, паклікаць і яе. У іх атрымалася, і яны паклікалі. Яна падала заяўку, прайшла адборачныя этапы і трапіла на праект. А спачатку, калі яшчэ вучылася ў школе (Варвара Міхайлаўна родам з Чэрвеня), марыла паехаць у Афрыку і дапамагаць тубыльцам, працаваць з дзецьмі. Аднак пасля школы яна трапіла не на другі па плошчы матэрык, а ў вядучую ВНУ краіны, на факультэт міжнародных адносін. Але імкненне быць карыснай іншым не дазволіла ёй абмяжоўвацца толькі патрэбным для сябе, і яна прайшла  школу важатага, два гады працавала з дзецьмі ў летніку ў Расіі, шмат валанцёрыла, у тым ліку на адным з кінафестываляў. Потым працавала перакладчыкам, была экскурсаводам у музеі мініяцюр славутых месцаў Беларусі. Выбіраючы, у якой школе працаваць у рамках праекта (было два варыянты: Глуск або Бешанковіцкі раён), вырашыла паехаць і паглядзець. Летні Глуск ёй вельмі спадабаўся, а сустрэча і знаёмства з дырэктарам школы Аленай Рыгораўнай замацавала станоўчае ўражанне, і выбар быў зроблены.

“Мне хочацца працаваць так, каб дзеці не баяліся маіх урокаў, не баяліся адказваць, чытаць, размаўляць, каб пачувалі сябе спакойна, без напружання, — дзеліцца сваімі думкамі Варвара Міхайлаўна Чарнавец. — Таму заданні падбіраю дыферэнцыраваныя, каб яны дапамагалі вучням праявіць іх здольнасці, паказаць тое, што кожны з іх умее. Зразумела, такая падрыхтоўка займае шмат часу, да таго ж у мяне няма гатовых напрацовак, паколькі я настаўнічаю першы год, працую ў розных класах, з 3-га па 11-ы, акрамя 6-га і 10-га. Да ролі настаўніка мне таксама давялося адаптавацца. Мы ехалі сюды з пэўнымі ідэямі, а сустрэліся з канкрэтнымі дзецьмі. Нельга сказаць, што сутыкнулася з нечым зусім нечаканым, але спатрэбіўся час для таго, каб пазнаёміцца, зразумець, навучыцца з тымі ж дакументамі працаваць. За восем месяцаў, што я тут, я, можна сказаць, пражыла вялікае жыццё: стала настаўнікам, да гэтага, каб працаваць у школе, паступіла ў магістратуру педуніверсітэта (вучуся завочна), пазнаёмілася з новымі людзьмі — і тут, у школе, і ў межах нашага праекта з іншымі яго ўдзельнікамі. Жыццё настаўніка зменлівае, як хвалі, пра яго нельга судзіць па адным дні. Я зразумела, што прафесія педагога — вельмі творчая, але і складаная. Стаўшы настаўнікам, убачыла яе з іншага боку. Гэта надзвычай адказная прафесія. Усё, што ты гаворыш, дзеці ўспрымаюць, убіраюць у сябе, як губка. Трэба навучыць іх вучыцца, набываць новыя веды і ўменні, строіць стасункі з іншымі, гэта важна для іх далейшага жыцця. Гэта я і стараюся рабіць”.

Імкненне быць карыснымі, дзяліцца сваімі ведамі і ўменнямі, рабіць штосьці лепшым, чым яно было, я ўбачыла і адчула ў абодвух маіх суразмоўцаў. Пры гэтым яны ў сваіх памкненнях і жаданнях не адарваныя ад жыцця, не пражэкцёры, яны не проста хочуць змяніць свет да лепшага, яны гэта робяць — робяць канкрэтную справу ў канкрэтным месцы. І месца гэтае — наш Глуск.

Варвара Міхайлаўна і Сяргей Віктаравіч зазначылі, што калі б не гэткі праект, то яны б не трапілі ў школу ў якасці настаўнікаў. Але тут трэба сказаць, што калі б не праект, то і ў нашай местачковай школе, у маёй роднай школе № 2, наўрад ці настаўнічалі б спецыялісты-міжнароднікі. На гэта звярнула ўвагу пры нашай размове дырэктар школы Алена Рыгораўна Слічонак. І тут да месца згадаць народную мудрасць пра тое, што не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Перад школай самым сур’ёзным чынам паўстала праблема дэфіцыту кадраў, менавіта выкладчыкаў замежнай мовы, расказала кіраўнік установы. Сталі думаць над вырашэннем. Чулі, што ў Расіі дзейнічае грамадская праграма, згодна з якой выпускнікі і прафесіяналы з розных сфер на працягу двух гадоў працуюць у простых школах, каб забяспечыць дзецям у рэгіёнах роўныя адукацыйныя магчымасці. Калі сталі цікавіцца больш падрабязна, даведаліся, што ў Беларусі такі праект таксама ёсць. У гэтым і ўбачылі выйсце. Даведаліся пра ўсе ўмовы і акалічнасці, параіліся на месцы і падалі заяўку. “Спачатку да нас прыехалі каардынатары праекта, — успамінае Алена Рыгораўна, — і хаця час для знаёмства са школай быў не самы лепшы — у нас якраз ішоў вялікі рамонт, мы змаглі пераканаць гасцей, што школа не толькі мае патрэбу ў такіх настаўніках, але і гатова іх прыняць. Потым было асабістае знаёмства з Варварай Міхайлаўнай і Сяргеем Віктаравічам. Прызнаюся, што першая асацыяцыя мая была: народнікі, ад іх літаральна веяла ідэяй. Яны спадабаліся мне з першага позірку (разумнага чалавека бачна адразу), ехаў да нас адзін спецыяліст, а засталіся абодва. Спачатку ім было няпроста, але паступова ўсё наладжвалася, яны прывыкалі да школы, мы прывыкалі і вучыліся разумець іх, ішоў такі двухбаковы працэс. У канцы першай чвэрці нас наведалі каардынатары праекта, прывезлі ў падарунак праектар, кнігі, метадычную літаратуру і сертыфікат, які сведчыць, што наша школа з’яўляецца партнёрам праекта “Настаўнік для Беларусі”. Гэты статус накладвае на нас і свае абавязкі, мы ўвесь час на сувязі з каардынатарамі, у нас наладжаны стасункі з іншымі школамі-партнёрамі праекта, мы абменьваемся вопытам. Увогуле ж на працягу года мы і з дапамогай праекта, і дзякуючы ўласным намаганням, пошукам спонсараў, атрымалі наборы для заняткаў робататэхнікай (для дзвюх  узроставых груп), прынтар, камп’ютарную тэхніку для арганізацыі работы лінгафоннага і некаторых іншых кабінетаў, цяпер камп’ютары ўжо ёсць літаральна ў кожным класе”.

Вядома ж, справа не ў падарунках. Для школы значна больш важны іншы набытак — спецыялісты, якія стараюцца працаваць па-новаму, дапамагаюць дзецям паверыць у сябе, у свае магчымасці, здольнасці. Больш таго, калі ў школы ў глыбінцы едуць працаваць звычайнымі настаўнікамі спецыялісты з такой адукацыяй, прафесіяналы высокага ўзроўню, гэта істотна павышае прэстыж прафесіі педагога, падкрэслівае Алена Рыгораўна. Прама ці ўскосна гэты праект таксама спрыяе і прапагандзе малой радзімы: з прыездам такіх спецыялістаў у малыя гарады і ў вёскі тут пачынаецца большы рух, больш шырока пачынае гучаць назва гэтага горада, гэтай школы…

Завяршаецца першы з двух гадоў праекта, яго ўдзельнікі-настаўнікі, па іх уласным прызнанні, не толькі не расчараваліся за гэты час, а наадварот — пра многае даведаліся, набылі новы жыццёвы і прафесійны вопыт. Школа не толькі вырашыла сваю кадравую праблему, але адчула смак і зноў вырашыла паўдзельнічаць у праекце, каб запрасіць да сябе яшчэ аднаго спецыяліста з ліку “настаўнікаў для Беларусі”. А дзеці… “Дзеці іх любяць”, — сказала дырэктар школы пра адносіны вучняў да педагогаў. І гэта, бадай, самая высокая ацэнка агульных намаганняў і самыя важныя словы, якія можна было напісаць у матэрыяле пра настаўнікаў.

Р. S. Пакуль рыхтаваўся матэрыял, стала вядома, што ў новым навучальным годзе школа № 2 Глуска ў рамках праекта “Настаўнік для Беларусі” прыме яшчэ аднаго спецыяліста — настаўніка хіміі. Віктар Уладзіміравіч Фясько — выпускнік гэтай жа школы, выкладаў хімію ў адным са сталічных каледжаў, прыняў асэнсаванае рашэнне вярнуцца на сваю малую радзіму. Праект “Настаўнік для Беларусі” яму ў дапамогу.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

Последние новости

Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024
Общество

Семья Дербеевых из Глуска — участники областного этапа конкурса «Семья года»

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024