Темы

Праект “Мясцовы каларыт”. Кірмашы на Глушчыне

Праект “Мясцовы каларыт”. Кірмашы на Глушчыне

Упершыню на беларускіх землях кірмаш, афіцыйна зацверджаны на дзяржаўным узроўні, адбыўся ў 1498 годзе ў Полацку. Гэты кірмаш быў міжнародным: замежным купцам дазвалялася гандляваць у гарадах Вялікага Княства Літоўскага толькі на кірмашах, таму яны часта ператвараліся ў міжнародныя. У XV стагоддзі вялікія кірмашы ўзніклі ў Мінску і Оршы, у XVI стагоддзі — у Горадні. У 1525 годзе вялікі князь ВКЛ Жыгімонт ІІ Аўгуст па просьбе жыхароў Глуска даў грамату на правядзенне кірмашу і ў нашым мястэчку.

Менавіта кірмаш спрыяў развіццю рамёстваў і гандлю, уносіў у жыццё мястэчка вялікае ажыўленне. На перыяд кірмашоў здымаліся ўсе забароны, абмежаванні і паборы ў гандлі. У сярэдзіне XVII стагоддзя кароль Уладзіслаў IV Ваза дае даравальную грамату новаму ўладару Глуска Канстанціну Палубінскаму на правядзенне ў мястэчку кірмашу штогод: “Мы, кароль Уладзіслаў IV гэтай граматай дазваляем… наладжваць кірмаш… адзін раз у год, перад рускімі запустамі за 2 тыдні да Капыльскага кірмашу. Кірмаш павінен цягнуцца ўвесь тыдзень, бо звычайна купцы, якія накіроўваюцца з розных украінскіх гарадоў на кірмаш у Капыль, з’язджаюцца і спыняюцца ва ўказаным мястэчку…”

1691 год. Прывілей караля Яна ІІІ, выдадзены князю Дамініку Радзівілу, на права правядзення ў Глуску двух кірмашоў на год

У 1691 годзе князю Дамініку Радзівілу быў выдадзены прывілей ад імя караля польскага Яна ІІІ на права правядзення ў Глуску двух кірмашоў на год.

Звычайна кірмашы прымяркоўваліся да рэлігійных, хрысціянскіх, свят, нягледзячы на тое, што насельніцтва ў мястэчках было шматканфесіянальным і шматнацыянальным. Слова «кірмаш» у беларускай мове, як і ў некаторых заходнееўрапейскіх, абазначае не толькі рынак, але і свята.

У першай палове дня звычайна ўсе местачкоўцы ішлі ў царкву, а пасля заканчэння царкоўнай святочнай службы пачынаўся непасрэдна кірмаш. У Глуску ён збіраўся ў дзясятую пятніцу пасля Вялікадня. Кірмаш быў як вялікае свята,  звычайна ў гэты дзень адусюль да местачкоўцаў з’язджалася радня, гатаваліся лепшыя стравы, надзяваліся прыгажэйшыя ўборы. На рынку прадавалася мноства рознага тавару: жывёла, мяса, скуры, воск, футра, вырабы рамеснікаў, прадавалі свае тавары заезджыя купцы. Кірмаш быў важнай падзеяй у жыцці людзей, яго чакалі і гандляры, і простыя местачкоўцы: хтосьці хацеў як мага больш нагандляваць, іншыя чакалі танцаў ды розных забаў, а хтосьці проста чакаў нагоды сустрэцца са знаёмымі, сваякамі, што жылі далёка, ды паразмаўляць удосталь.

1911 год. Кірмаш у Бабруйскім павеце, да якога на той час адносілася і тэрыторыя сучаснага Глускага раёна

Абавязковай на кірмашах была культурная праграма, якая складалася з прафесійных і народных тэатральных выступленняў, прыязджалі музыканты, арганізоўваліся канцэрты, танцавальныя вечары, маскарады, гульні, выступалі скамарохі, лірнікі ды іншыя. Да кірмашу звычайна прымяркоўваліся пастаноўкі прыгонных тэатраў. Такія спектаклі ладзіліся ў цэнтрах невялікіх маёнткаў-мястэчак, у тым ліку, як наш Глуск. Вядома, што ў 1785 годзе ў Глуску, ва ўладанні графа Юдыцкага, існаваў прыгонны тэатр, капэла і аркестр. Фадзей Булгарын у сваіх успамінах пра Макавічы пісаў: “Прывезлі з Глуска музы́ку графа Юдыцкага…” А яшчэ падчас кірмашу абавязкова ладзіліся атракцыёны: моладзь гушкалася на арэлях, мужчыны мераліся сілаю ў перацягванні каната, самыя спрытныя лазілі на слуп за прызамі. Усе гэтыя забавы, хоць і ў крыху змененым выглядзе, жывуць і па сённяшні дзень.

З цягам часу на беларускіх землях сутнасць кірмашу змянілася. У другой палове ХХ стагоддзя, калі ў мястэчках пачалі масава з’яўляцца крамы, знікла патрэба ў вялікай гандлёвай частцы кірмашу. А вось святочная яго частка засталася, прычым надоўга — па сённяшні дзень. Трэба адзначыць, што замест аднаго вялікага местачковага кірмашу з’явілася мноства мясцовых, вясковых, таксама прымеркаваных да розных рэлігійных свят. Так, напрыклад, кірмаш у Балашэвічах праходзіў (і зараз праходзіць) на Тройцу, у Заполлі (Калаціцкага сельсавета) — на Пакровы, 14 кастрычніка, у Дуброве — на другую Прачыстую, 21 верасня, і на Вадохрышча, 19 студзеня, у Слабодцы таксама два разы на год святкавалі кірмашы  — на Раство і на Тройцу, у Замасточчы — на другі дзень Вадохрышча, у Побліне — на Ушэсце, у Макавічах — на Мікольнік, 21 мая, а на наступны дзень, 22 мая, на Міколу, кірмаш быў у Калюзе, Сельцах, Бабірове, Мыслоціне і Масцішчы, у Катцы — на Прачыстую, 28 жніўня, і другі раз — на Каляды (13 студзеня), у Баянаве таксама два разы на год — на Каляды і Тройцу. Канешне ж, гэты спіс можна яшчэ доўга працягваць, бо вёсак у раёне шмат і ў кожнай вызначана сваё свята для кірмашу.

Нават у самы разгар антырэлігійнай барацьбы савецкая ўлада з гэтай традыцыяй справіцца не змагла. Наадварот: кірмашовыя гулянні ў вёсках праходзілі з вялікім размахам. Святкаванне працягвалася ў некаторых населеных пунктах дзень, два, а дзе гулялі і ўвесь тыдзень. А вось адзначалі кірмашы паўсюль амаль аднолькава: весела і шумна, з музыкай, спевамі, танцамі, смачнейшымі, чым звычайна, стравамі, ну і, канешне ж, з гарэлкай (звычайна вырабленай самастойна). 

Вось, напрыклад, як праходзіла гулянне ў Побліне. Радня ды знаёмыя з іншых вёсак, з Глуска ішлі ў госці да поблінцаў. Балашоўцы, напрыклад, падыходзілі да ракі і са свайго берага крычалі: “Падайце човен!” Поблінцы на чоўнах перавозілі гасцей з Балашэвіч да сябе на кірмаш. Святкавалі з чацвярга (бо Ушэсце заўсёды выпадае на гэты дзень) па нядзелю. Поблін на гэтыя некалькі дзён ператвараўся ў гулкі вулей. Жанчыны прыбіраліся ў свае самыя лепшыя ўборы, вяскоўцы ладзілі танцы, гулянне, гатавалі самыя лепшыя і самыя смачныя стравы, каб парадаваць і здзівіць гасцей. Бывала, што здараліся і бойкі, калі хтосьці пачынаў заляцацца да мясцовых прыгажунь.

У пасляваенныя галодныя часы таксама святкавалі, хоць і не заўсёды мелі што паставіць на стол. Адна з жыхарак Слабодкі расказвала: у пачатку 1950-х, калі яна была яшчэ дзіцём, маці чакала на Тройцу на кірмаш гасцей і ледзь не з апошняй мукі напякла аладак. Дзяўчынка з малодшым братам сядзелі на печы, а госці частаваліся за сталом. Паелі, што было, папілі, паразмаўлялі ды дадому сталі збірацца, і тут адна госця пачала складваць у хусцінку аладкі, каб сваім дзецям аднесці дадому. Малечы гэта ўбачылі ды загаласілі: “Мама, яна зараз усе нашы аладкі забярэ”. Мацеры прыйшлося супакойваць дзяцей ды выбачацца перад госцяй.

 Але ж справа была, канешне ж, не толькі ў пачастунках, а больш у стасунках, у магчымасці адпачыць, павесяліцца. Да кірмашу рыхтаваліся загадзя: лепш у які дзень кавалак сала не з’есці, а пакінуць яго на кірмаш. Звычайна і парсюкоў забівалі менавіта да кірмашу, каб была на свята свежына. Калі не было або не хапала талерак, лыжак, відэльцаў, хадзілі ў бліжэйшую вёску да радні ці знаёмых пазычаць.

Жыхарка вёскі Дуброва Марыя Дарафееўна Пракопчык распавядае: “На кірмаш заўсёды запрашалі радню, сяброў з бліжэйшых і далёкіх вёсак. Госці звычайна за час кірмашу (а гэта каля двух-трох дзён) абыходзілі не адну хату. Кірмашовае свята, бывала, выпадала і на будні дзень. У такім разе працавалі ўсе да абеду, а пасля ўжо пачыналі святкаваць. Нават кіраўнік калгаса ды брыгадзіры глядзелі на гэта з разуменнем, а часцей за ўсё святкавалі разам з вяскоўцамі. Гатавалі найсмачнейшыя стравы, такія, як звычайна на вяселле: халадзец, наліснікі, яечню, сала, мяса смажылі, кісялі варылі, каўбасы рабілі самі”.

Пра кірмаш у Макавічах успамінала Валянціна Андрэеўна Пятрэня: “Вельмі весела заўсёды было падчас кірмашу. У вяскоўцаў не так многа свят на працягу года, затое шмат працы. Таму кірмашу чакалі яшчэ і як магчымасці крыху адпачыць, перавесці дух, як кажуць, а потым працаваць з новымі сіламі. Вёска ў гэтыя дні ажывала, пела і танцавала. Не толькі прыезджыя госці хадзілі ад адной хаты да другой, але і свае ж, макавіцкія, людзі хадзілі да сваякоў ды сяброў. Прыгожыя песні пелі. Моладзь гуляла ў розныя гульні. Напрыклад, у дзяўчат звычайна ў валасах былі грабеньчыкі. Хлопцы выкрадалі іх, а потым чаплялі ў валасы той дзяўчыне, якая ім спадабалася. Такім чынам свае сімпатыі выказвалі”.

Яшчэ крыху пра кірмашы ў Макавічах, якія праходзілі ў канцы 1950-х — 1960-я, распавялі жыхары вёскі Ніна Міхайлаўна і Рыгор Васілевіч Дзяшчэні: “Прыязджалі да нас на кірмаш сваякі і сябры, і блізкія, і здалёк, аж за 50 кіламетраў ад вёскі. З бліжэйшых вёсак прыходзілі маладыя хлопцы і дзяўчаты, мы іх абавязкова запрашалі, бо і самі ў тыя вёскі на кірмаш хадзілі. А ўжо наша мясцовая моладзь запрашала музыканта. Мы ў Макавічы звалі звычайна Акуліча з Баравішча. Грошай яму плацілі, ужо колькі ён скажа — скідвалася ўся вясковая моладзь. Гасцінна сустракалі і радню, і чужых — нікому не адмаўлялі, усіх частавалі. У хатах звычайна рабілі, як кажуць, “вялікія госці” на два або на тры сталы. За харчамі некаторыя ездзілі нават у Бабруйск, але ў асноўным, канешне, усё было сваё: малако, смятана, масла ды мяса, а ў горадзе куплялі рыбу марскую ды іншыя прысмакі (на якія хапала грошай). Кіраўніцтва на працы (у калгасе) з разуменнем адносілася да кірмашовых гулянняў. Гаварылі: “Да абеду працуем, пасля абеду можаце ісці на кірмаш”. Усе ж ведалі, дзе і калі будуць тыя кірмашы. Весела было…”.

Трэба адзначыць, што ў савецкія часы, пазней ды і ў наш час гандлёвая частка кірмашу ўсё ж засталася, хоць і ў значна меншым маштабе. Прымяркоўвалі такія мерапрыемствы да дзяржаўных свят, напрыклад, да 7 лістапада — Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. “Кірмаш. Яго заўсёды з нецярпеннем чакаюць жыхары Глуска, бо ведаюць, што ў гэты дзень яны могуць набыць харчовыя і прамысловыя тавары першай неабходнасці, не абцяжарваючы сябе беганінай па гандлёвых кропках райцэнтра. Тут усё вельмі проста: падыходзь ад аднаго ларка да другога і купляй, што хочаш. Чарговы святочны кірмаш адбыўся 7 лістапада…” — пісала “Радзіма” ў пачатку 2000-х. А ў падшыўцы раёнкі за 1987 год ёсць такая аб’яўка за подпісам праўлення райпо: “25 кастрычніка 1987 года ў нядзелю ў 9:00 ля кінатэатра “Арыён” праводзіцца кірмаш па продажу прамысловых і харчовых тавараў, прадукцыі грамадскага харчавання, а таксама тавараў, цэны на якія паніжаныя на 50—60 %”.

І зараз восеньскіх гандлёвых кірмашоў глушчане таксама чакаюць: там і бульба, і гародніна таннейшыя, чым звычайна. А ў вёсках, хоць і не так весела і шумна, а больш спакойна і ціха, у коле сваіх блізкіх, кірмашы ўсё ж святкуюць…

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024