Темы

Глускі раён. Першыя дні вайны

Глускі раён. Першыя дні вайны
22 чэрвеня 1941 года. Савецкія грамадзяне слухаюць паведамленне
пра пачатак вайны

Дзень 22 чэрвеня 1941 года стаў адным з самых трагічных у гісторыі Беларусі. Восемдзесят гадоў назад менавіта ў гэты дзень пачалася Вялікая Айчынная вайна — самы жудасны перыяд у жыцці беларусаў у ХХ стагоддзі. З першых дзён усе разумелі, што вайна — гэта гора, страты, боль, але, напэўна, ніхто і ўявіць сабе не мог, які маштаб набудуць гэтыя паняцці ў акупаванай на тры доўгія гады Беларусі.

Першая ахвяра

З першых дзён вайны тэрыторыя БССР стала арэнай цяжкіх кровапралітных баёў. Хаця савецкая армія і аказвала супраціў ворагу, але ж нямецкія танкі, вайсковыя машыны са зброяй і жывой сілай прасоўваліся на ўсход вельмі хутка, выконваючы план маланкавай вайны. Ужо праз некалькі дзён ад пачатку наступлення фашыстаў іх перадавыя часці былі ў Глускім раёне. Авіяцыя ворага бамбіла населеныя пункты, савецкую ваенную тэхніку і вайскоўцаў, якія рухаліся па дарогах. Падчас адной з такіх бамбёжак 24 чэрвеня 1941 года загінуў Іван Казіміраў, сакратар Глускага сельсавета. Як распавядала яго пляменніца Святлана Казімірава, у той дзень ён працаваў ва ўласным двары — капаў калодзеж. Івана забіла асколкамі бомбы, якая разарвалася непадалёк.

Глуск быў захоплены акупантамі 27 чэрвеня.

За Глуск змагаліся дэсантнікі…

За кожны населены пункт Чырвоная Армія білася з усіх сіл, але не вытрымлівала націску вельмі моцнай фашысцкай арміі і адступала на ўсход. Па загадзе камандавання савецкія часці прарываліся і ў тыл ворага: дзейнічалі там, затрымліваючы рух гітлераўскіх войскаў і не даючы ім магчымасці замацавацца на захопленых тэрыторыях.

У ліпені 1941 года байцы 214 паветрана-дэсантнай брыгады ўзарвалі каля Глуска мост цераз Пціч і разграмілі фашысцкі гарнізон. На шашы Слуцк — Бабруйск наладзілі засаду і знішчылі 30 нямецкіх падвод з патронамі і харчаваннем. У канцы ліпеня дэсантнікі сутыкнуліся з вялікімі сіламі гітлераўцаў. Бой працягваўся з 9 гадзін раніцы да позняй ночы, і ў выніку нашы салдаты вымушаны былі адступаць на поўдзень.

Летам 1941 года на тэрыторыі Глускага раёна вёў абарончыя баі 66 стралковы корпус. Зводны механізаваны атрад (250 чалавек) пад камандаваннем падпалкоўніка Курмышова прыбыў у ліпені 1941 года на тэрыторыю Акцябрскага раёна і дзейнічаў у цесным узаемадзеянні з партызанамі атрада Бумажкова. Яны пранікалі на занятыя ворагам тэрыторыі, вялі разведку, нападалі ноччу на штабы, знішчалі сувязь, баявую тэхніку, жывую сілу, вызвалялі ад праціўніка населеныя пункты. Так, 25—26 ліпеня 1941 года паспяхова была праве-дзена (разам з кавалерыстамі 32 дывізіі) аперацыя па вызваленні Глуска. Але перамога была нядоўгай. Хутка акупанты кінулі ў раён Глуска на дапамогу сваім атрадам кавалерыю, пяхоту, бранятэхніку і забяспечылі іх падтрымкай авіяцыі. Атрад чырвонаармейцаў, што заняў Глуск, вымушаны быў адступіць, а гітлераўцы зноў захапілі мястэчка.

…і кавалерысты

У ліпені 1941 года, каб адцягнуць сілы гітлераўцаў ад смаленскага напрамку, была сфарміравана зводная кавалерыйская група, якая мелася здзейсніць рэйд у тыл групы армій “Цэнтр”. Праводзілі аперацыю 32, 43 і 47 кавалерыйскія дывізіі. Усе яны былі лёгкія, у кожнай прыкладна па 3000 чалавек (некаторыя даследчыкі называюць лічбу 5500), у кожнай дывізіі — па тры палкі (толькі ў 32 дывізіі было чатыры палкі). Салдаты і камандзіры добра разумелі, куды іх накіроўваюць, і разумелі, што большасць жывымі не вернецца, але ж яны імкнуліся зрабіць усё, што ад іх залежала, каб выканаць заданне.

Эшалоны з кавалерыйскімі палкамі, артылерыяй, танкамі пачалі прыбываць на станцыю Васілевічы 13 ліпеня. Густы лес хаваў кавалерыю ад варожай авіяцыі, гэта дазволіла сканцэнтраваць дывізіі за 10—12 кіламетраў ад перадавой. Рэйд кавалерыстаў пачаўся на досвітку 24 ліпеня. У архіўным дакуменце ад 28 ліпеня 1941 года за подпісам камандзіра 32 кавалерыйскай дывізіі палкоўніка Бацкалевіча (размешчаны ў адкрытым доступе на сайце pamyat-naroda.ru) напісана: “К исходу 24.7 части дивизии овладели м. Глусск… В районе м. Глусск 65 кп, уничтожив до роты пехоты, 6 машин и два орудия. 153 кп в этом же районе был подвергнут дальнему артиллерийскому огню и двойному налету авиации… Был тяжело ранен и эвакуирован в больницу м. Глусск начальник штаба майор Желтов… 4:00 25.7 в районе Маковичи 65 кп уничтожил до взвода пехоты и взорвал 8 машин с боеприпасами… С 10:00 до 13:00 полки вели бой за переправой, в 13:00 переправились через реку Птичь… Подошедший к переправе 121 кп с управлением дивизии подвергся сильному нападению авиации, которая до поздней ночи держала полк зажатым в лесах. Ночью полк пытался преодолеть шоссе и форсировать реку на северной окраине Симонович. Подтянутыми из района Слуцка бронемашинами и танкетками противник организовал сильный отпор, и бой, который велся до 3:00 25.7, не обеспечил полку переправу… В 14:00 26.7 противник бросил по следам полка мотоподразделения, и в районе Сельцы 121 кп был подвергнут нападению… В ходе боя противник подтягивал подразделения с других направлений, и 121 кп пришлось вести бой в окружении… Особое мужество и храбрость в этом бою проявил командир 1 эскадрона 121 кп ст. лейтенант Крапивкин… С 27.7 153, 86 и 65 кп получили задачу на самостоятельные действия в тылу противника по объектам… В результате действий дивизии за овладение шоссе и переправами на р. Птичь в районе Симоновичи, Нов. Дороги противник стянул до 2 мех. дивизий и организовал упорное сопротивление… В порядке уничтожения объектов взорваны два моста через реку Птичь в районе м. Глусск. Мост в районе Симоновичи уничтожить не удалось. В настоящее время 121 кп, находясь в подчинении 43 кд, приводит себя в порядок. Люди и лошади сильно переутомлены беспрерывными ночными маршами… Радиостанция РСБ уничтожена нами в связи с тем, что во время ночного марша по плохим лесным дорогам была сломана ось и дальнейшее движение его исключалось.”

Захаваліся і іншыя дакументы, якія дасылаў палкоўнік Бацкалевіч у штаб фронта. Так, 2 жніўня 1941 года ад яго атрымалі такое закадзіраванае данясенне: “В результате боев конный состав переутомлен, особенно артиллерия-обоз. Части способны совершать марш по 10—13 км, не более. Имеется падеж конского состава. Дивизиям необходим длительный отдых”. Але доўга адпачываць, канешне ж, магчымасці не было. Вораг наступаў з усіх бакоў і атакаваў кавалерыстаў нават з паветра: нямецкая авіяцыя бесперапынна наносіла ўдары, а танкавыя і механі-заваныя часці сціскалі кола акружэння 43 і 47 дывізій, якія трымалі абарону на поўдні Глушчыны. Атрады коннікаў штодня на працягу двух тыдняў вялі цяжкія баі з фашыстамі і неслі вялікія страты (на помніках, што ўстаноўлены на брацкіх магілах у вёсках Глускага раёна, пазначана колькасць загінулых і пахаваных менавіта тут кавалерыстаў). Задачы, пастаўленыя кавалерыйскім дывізіям, цалкам выкананы не былі, але ж хоць на пэўны час яны змаглі адцягнуць на сябе значныя сілы праціўніка, звязалі іх боем, нанеслі некалькі ўдараў па камунікацыях ворага, разбурылі чыгуначныя станцыі і шэсць буйных мастоў, знішчылі нямала нямецкіх салдат і афіцэраў.

Зусім нядаўна, у красавіку гэтага года, у лесе каля вёскі Прудок Асіповіцкага раёна прадстаўнікі 52 асобнага спецбатальёна Міністэрства абароны і пашукавікі з Магілёва, Асіповіч (клуб “ВІККРУ”) праводзілі раскопкі на месцы самых моцных баёў, што вялі кавалерысты ў ліпені 1941 года. У выніку пошукаў былі падняты астанкі 26 байцоў і камандзіраў, пры якіх знаходзіліся 5 медальёнаў, асабістыя рэчы і амуніцыя. 

Сіроты. Эвакуацыя

У першыя дні вайны салдаты выконвалі сваю галоўную задачу: абаранялі краіну, змагаліся з моцным і дужым праціўнікам. Нялёгка прыходзілася і грамадзянскаму насельніцтву — страх, невядомасць, першыя страты. У нашай раённай газеце ад 22 чэрвеня 1991 года былі надрукаваны ўспаміны пра першыя дні вайны былога настаўніка і выхавацеля Веснаўскага дзіцячага дома Івана Піліпавіча Калошкіна: “Закончыўся вучэбны год. Дзіцячы дом сабраўся пераходзіць на лагерны рэжым. Планавалася правесці экскурсіі ў гарады рэспублікі, здзейсніць паходы па роднаму краю… І раптам усё гэта перакрэслівае страшэннае паведамленне: 22 чэрвеня пачалася вайна. Хутка стала вядома, што фашысцкія войскі хутка набліжаюцца да нашага раёна… Баяліся начной бамбёжкі (карпусы дзіцячага дома былі вельмі падобныя з тыпавымі карпусамі ваеннага гарадка) і на ноч адводзілі дзяцей у лес… У кладоўцы дзіцячага дома заставаліся некаторыя запасы круп, цукру ды іншых прадуктаў. Але іх выкарыстаць так і не давялося. Немцы з’явіліся тут у першыя ж дні акупацыі раёна і ніколькі не жадалі лічыцца з тым, што гэта дзеці-сіроты, што без прадуктаў ім давядзецца галадаць. Усе запасы імі былі разрабаваны. Вось тут і пачаліся пакуты дзяцей і тых, хто заставаўся з імі ў гэты нялёгкі час. Трэба было іх карміць, а толькі чым? Акупацыйнае начальства ніякай увагі на нашы просьбы не звяртала… Нават цяжказахварэўшага хлопчыка Ф. Мароза адмовіліся лячыць у Глускай бальніцы. І ён памёр. Праўда, некалькі разоў атрымлівалі крыху хлеба з Каткаўскай пякарні. Жыхары вёсак Веснава, Турыно, Карніцы выдзялялі крыху мукі і бульбы для дзяцей, але гэтага было вельмі мала больш чым для ста выхаванцаў… Харчаваліся дзеці два разы ў суткі. Асноўным прадуктам была бульба. Але і за яе павінны былі адпрацоўваць: распілоўвалі бярвенні, выраблялі гонту для заказчыкаў з вёсак”.

Згадка пра лёс выхаванцаў Веснаўскага дзіцячага дома ёсць і ў нататцы “Ішлі дзетдомаўцы на ўсход” (аўтар І. Кірын), надрукаванай у раёнцы ў маі 1981 года. Акрамя выхавацеля Івана Калошкіна, ра-зам з дзецьмі ў пачатку вайны засталіся выхавацелька Еўдакія Яфімаўна Цыльман, маладая настаўніца Клаўдзія Іванаўна Палякова, конюх Барысевіч і механік электрастанцыі. Нягледзячы на тое, што ў першыя тыдні вайны акупанты сірот яшчэ не чапалі, было прынята рашэнне эвакуіраваць дзяцей. Усе пайшлі на ўсход пешшу. Дайшоўшы да Барбарова, яны пачулі выбухі, стрэлы, крыкі і зразумелі, што недзе блізка ідзе бой. Жыхары вёскі Барбарова схавалі дзяцей. Крыху пазней выхавацелі і выхаванцы Веснаўскага дзіцячага дома сустрэліся з камандаваннем савецкай часці, якая вяла бой. Па загадзе камандавання дзяцей размясцілі на аўтамашынах разам з параненымі і адправілі ў Гомель, а адтуль іх шлях ляжаў праз Сталінград, Астрахань у Казахстан, дзе яны жылі да канца вайны.

Страчанае пакаленне

Навукоўцы гавораць, што больш за іншых у Вялікай Айчыннай вайне пацярпела пакаленне, якое нарадзілася ў 1921—1923 гадах. Менавіта яны ў першую чаргу, у першых шэрагах былі прызваны на фронт у чэрвені 1941 года. Некаторым з навабранцаў ледзь споўнілася 18 гадоў. Гэта яны адбівалі атакі фашыстаў пад Мінскам, Бабруйскам і Магілёвам, гэта яны там жа траплялі ў палон, не паспеўшы нават навучыцца добра страляць, і яны ж першымі гінулі ў баях… Некаторыя нават называлі 1923 год годам нараджэння мерцвякоў. Сярод гэтых маладых салдат, безумоўна, былі і глушчане: тыя, што аддалі сваё жыццё дзеля вызвалення і перамогі, тыя, хто выжыў і вярнуўся пераможцамі.

У 1981 годзе, праз 40 гадоў пасля заканчэння школы, выпускнікі Глускай СШ № 1 сустрэліся ў сценах роднай школы. У нумары раённай газеты “Сцяг Радзімы” ад 18 чэрвеня 1981 года ёсць фотаздымак і да яго невялікі тэкст: “У Глускай СШ № 1 адбылася памятная сустрэча выпускнікоў двух розных пакаленняў. Пакаленняў, паміж якімі пралёг шлях даўжынёю ў сорак год. У госці да старшакласнікаў, настаўнікаў па іх запрашэнню прыехалі выпускнікі 1941 года. Тыя людзі, чыё заканчэнне дзесяцігодкі было азмрочана пачаткам вайны. Прыехаўшы на сустрэчу, яны расказалі, як склаўся іх лёс, якімі рысамі павінен валодаць чалавек, каб заўсёды і ва ўсім заставацца верным свайму абавязку перад асабістым сумленнем, перад народам…”

Трэба адзначыць, што ў раённай газеце ўспаміны землякоў і ўвогуле артыкулы пра пачатак вайны ў большай колькасці сталі з’яўляцца толькі ў 1980-я гады. Напрыклад, у нумары ад 22 чэрвеня 1971 года ёсць толькі адзін вялікі матэрыял на апошняй старонцы “Подзвігу народа жыць у вяках” пад рубрыкай “Да 30-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны”. У матэрыяле — агульныя лічбы, словы пра гераізм, мужнасць, самаахвярнасць савецкіх воінаў… Можа, таму і не друкавалі асабістыя ўспаміны глушчан, што прайшло на той час усяго 30 гадоў, і вялікая пякучая рана, пакінутая вайной, нагадвала пра сябе яшчэ вельмі моцна?

Гавораць, што час лечыць, але і зараз, праз 80 гадоў, наша пакаленне, хоць, можа, і не так востра, але ўсё ж адчувае той самы боль. Напэўна, ён ужо застанецца з намі як генетычная памяць і будзе перадавацца нашым дзецям і ўнукам. І гэта правільна: мы павінны памятаць, каб не паўтарыліся тыя жудасныя часы ніколі зноў.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024