Темы

Карэспандэнт “Радзімы” сустрэлася з глушчанкай Анастасіяй Мартынаўнай Лісіцай у дзень яе 90-гадовага юбілею

Карэспандэнт “Радзімы” сустрэлася з глушчанкай Анастасіяй Мартынаўнай Лісіцай у дзень яе 90-гадовага юбілею

З Анастасіяй Мартынаўнай Лісіцай мы сустрэліся якраз у дзень яе 90-гадовага юбілею. Аб тым, што ў гэтай хаце свята, нагадваў шыкоўны букет бардовых руж на стале ў пакоі. Сама ж імянінніца ў момант майго прыходу адказвала па тэлефоне на чарговае віншаванне. “Як прыемна, што мяне памятаюць, — падзялілася Анастасія Мартынаўна. — Званкі, віншаванні сёння з самай раніцы. Успамінаюць людзі мяне добрымі словамі і мне зычаць дабра. Значыць, у сваім жыцці я правільна ўсё рабіла ў адносінах да іншых”.

Пра жыццё і пайшла наша размова з юбіляркай. У такім узросце людзі звычайна ўжо падсумоўваюць, што ўдалося зрабіць, чаго дабіцца і дасягнуць, а пра што можна і пасумаваць, бо не здарылася… Сваім лёсам, сваім жыццём, зазначыла мая субяседніца, яна ўвогуле задаволена, хоць і былі ў ім нялёгкія гадзіны, хоць і прыйшлося пераадольваць шматлікія цяжкасці. Гледзячы на гэтую актыўную, мэтанакіраваную, прыгожую і аптымістычную жанчыну, я зрабіла для сябе выснову: напэўна, у яе па-іншаму быць і не магло, бо яна ставіла перад сабою мэты і абавязкова дасягала іх, хоць часам, стаміўшыся, і хацела скласці рукі і ўсё кінуць, але пераадольвала слабасць і стому і ішла наперад.

Дзяцінства

“Маё дзяцінства скончылася, калі не стала бацькі, — так пачала расповед пра сваё жыццё Анастасія Мартынаўна. — Мне не было яшчэ і дзевяці гадоў. Мы жылі ў вёсцы Заполле Гарадкоўскага сельсавета. Тата, Мартын Міхайлавіч, і мама, Марыя Лявонаўна, працавалі ў калгасе. Акрамя мяне, самай малодшай, у сям’і былі яшчэ сястра Ганна і брат Фёдар. Быў чэрвень, калі загінуў бацька. Удзень ён працаваў на канюшні, а ў начную змену хадзіў у поле пільнаваць трактар. Вось у адну з такіх начэй была моцная навальніца, і бацьку забіла маланка. Наша мама ад перажытага вялікага стрэсу вельмі цяжка захварэла: яна не магла клапаціцца не тое што пра нас — нават пра сябе самую. І вось мы, трое дзяцей, засталіся фактычна пакінутыя на саміх сябе, без грошай, без падтрымкі. Старэйшая сястра Ганна скончыла сямігодку і паехала вучыцца ў Мазыр на трохмесячныя курсы настаўнікаў. Брат скончыў чатыры класы (пачатковую школу), і далей вучыцца яму ўжо не было магчымасці (а мяне ў школу ён адпраўляў, я вучылася). Мы з ім засталіся даглядаць маці і тую гаспадарку, што ў нас была.

Словамі перадаць немагчыма, як нам было цяжка! Трыццаць сотак бульбы трэба было апрацаваць, гарод дагледзець, на карову сена нарыхтаваць. Да вайны нам дапамагаў калгас, напрыклад, дровы прывозілі. Гэта на самой справе была вялікая помач. А вось калі пачалася вайна, для нас насталі самыя цяжкія часы. Мы нікому не былі патрэбныя, выжывалі самі, як маглі. Я кароў пасціла — і сваю, і чужую — за кусок хлеба або за тое, каб нам нешта дапамаглі зрабіць па гаспадарцы. Коней у вёсцы амаль ні ў кога не было: у каго немцы, у каго партызаны забралі. Сусед сабе і нам араў поле каровамі, сваёй і нашай. На іх жа вазілі сена. А яшчэ цётка (татава сястра) крыху дапамагала: адзежу якую дасць, з ежы нешта. Асабліва і ў яе не было чаго нам даваць, бо свая сям’я вялікая, удосталь таксама не елі.

Перанеслі мы і голад, і холад. Збіралі вясною па палях перамёрзлую гнілую бульбу, а летам лебяду, шчаўе елі. Ратаваў лес: ягады, грыбы. Як вырастала жыта, яго трэба было змалоць. Я хадзіла да жанчыны, у якой дома былі ручныя жорны, і малола зерне на муку. Камяні ў жорнах такія цяжкія, што іншы раз я і пакруціць іх не магла. Бачачы, што слабае дзіця не здолее пацягнуць камень, гаспадыня мне дапамагала. Зімою ў хаце холад страшны: летам дроў не было на чым прывезці, а зімою на санках прывозілі, але ж тыя сырыя дровы гарэць зусім не хацелі, толькі тлелі, а цяпла не давалі, хату сагрэць імі было немагчыма, нават вада замярзала ў пакоі. А няма агню ў печы — няма і ежы на стале. Таму адзін з вялікіх і горкіх успамінаў дзяцінства: я стаю каля печы і дую, дую, дую, каб агонь разгараўся…”

Аграном

Пасля заканчэння вайны Анастасія Мартынаўна працягнула вучобу, скончыла ў Гарадку сямігодку. Ехаць атрымліваць прафесію грошай не было, але ж дзяўчына разумела, што вучыцца ўсё роўна патрэбна. І аднойчы яна ўбачыла ў газеце аб’яву: каля Мінска, у пасёлку Лошыца, плодаагароднінная школа набірае навучэнцаў. “Тэрмін навучання, адзін год, мне падыходзіў, — расказвае Анастасія Мартынаўна, — акрамя таго, там абяцалі трохразовае харчаванне. Ну, думаю, паеду туды вучыцца, хоць галодная не буду”.

Пасля заканчэння плодаагародніннай школы ў 1949 годзе мая суразмоўца атрымала спецыяльнасць агранома, але працы ў сваім раёне адразу знайсці не змагла: ніхто не браў маладога спецыяліста. Толькі ў маі 1950-га дзяўчыну запрасілі працаваць участковым аграномам у Глускую МТС (машынна-трактарную станцыю). Са слязамі на вачах Анастасія Мартынаўна ўспамінае, што ў яе нават адзення добрага не было, каб пайсці на працу, — старэйшая сястра зняла з сябе сукенку і аддала.

На ўчастку Анастасіі Мартынаўны было два калгасы: імя Сталіна і “15 год Кастрычніка”. Што рабіў участковы аграном? Дзяўчына сачыла, каб калгаснікі сеялі і ўбіралі ў патрэбны тэрмін, правярала якасць насення, назірала за нарыхтоўкай угнаенняў, хадзіла па палях і глядзела, дзе патрэбна падкормка, дзе праполка, і накіроўвала туды работнікаў, адным словам, кантралявала выкананне ўсіх агратэхнічных норм. І трэба адзначыць, што працаўнікі ў калгасах слухалі і выконвалі ўсё, што ім загадвала 19-гадовая аграном. “У першы ж месяц, — расказвае Анастасія Мартынаўна, — я зразумела, што надоўга маіх ног не хопіць. Я жыла на кватэры ў Калацічах, а ўчасткі знаходзіліся ў Балашэвічах, Зарэччы, Дасціжэнні, Заполлі, Мыслоціне, Глуску. Транспарту, каб ездзіць, не было, прыходзілася ўвесь час хадзіць пешшу. З першай зарплаты я зрабіла сваё жыццё і працу крыху лягчэйшымі: купіла сабе надзейнага памочніка — веласіпед! З той пары і па сённяшні дзень мой жалезны двухкалёсны конь (за столькі гадоў і не адзін ужо) заўсёды са мною”.

Адпрацаваўшы некаторы час, Анастасія Мартынаўна зразумела, што атрыманых у плодаагародніннай школе ведаў мала, каб працаваць аграномам, як кажуць, на поўную сілу. “У мяне ў жыцці правіла: усё, што раблю, я павінна рабіць вельмі добра, паўмеры быць не можа, — кажа Анастасія Мартынаўна. — Таму спачатку сама брала чытала кнігі па аграноміі, а потым вырашыла паступаць у Мар’інагорскі тэхнікум на завочнае аддзяленне па спецыяльнасці “аграномія”. Паступіла восенню 1950 года, адвучылася і працавала аграномам да 1955 года”.

Вучоба

Далейшы лёс нашай гераіні складваўся, як і ў многіх дзяўчат: замужжа, нараджэнне дзіцяці. Больш працаваць аграномам ёй у жыцці не давялося.

Гадавала дачушку (бабуль, нянек, як кажуць, не было) і працавала: некалькі месяцаў эканамістам у райплане на падмене дэкрэтнага адпачынку, фактурыстам у райсаюзе… А ў 1958 годзе запрасілі на пастаяннае месца — на пасаду эканаміста ў райплан. Хачу адзначыць, што ўсе даты са сваёй працоўнай біяграфіі Анастасія Мартынаўна падчас нашай размовы называла з матэматычнай дакладнасцю, як быццам працоўная кніжка ў яе перад вачыма, чым мяне вельмі ўразіла.

“Адпрацаваўшы некаторы час эканамістам, — расказвае мая суразмоўца, — я зноў зразумела, што мне не хапае ведаў, і вырашыла паступаць у інстытут народнай гаспадаркі ў Мінск. Але да гэтага мне патрэбна было скончыць сярэднюю школу. І вось я пасля працы забіраю з дзіцячага сада дачушку і разам з ёй іду на заняткі ў вячэрнюю школу. Рыхтавалася да паступлення вельмі старанна і ў гэты час даведалася, што чакаю другое дзіця. Але ж адступаць ужо не было куды — паступіла на завочнае аддзяленне. Першая сесія прайшла ў Мінску, а другую я паехала здаваць у Магілёў (экзамены праходзілі ў машынабудаўнічым інстытуце) разам з чатырохмесячным сынам і нянькаю для яго (пляменніца мужа пагадзілася мне дапамагчы). І вось прыехалі мы ўтраіх у горад, дзе няма ніводнага знаёмага чалавека. На вуліцы ў абсалютна выпадковай жанчыны спытала, дзе можна спыніцца на час сесіі. А яна пазвала мяне да сябе дадому, хаця ў самой жыльцоў хапала. Дваццаць дзён мы жылі ў невялікай каморцы. На перапынках паміж заняткамі бегала карміць сына”.

Цяжка, безумоўна, было маёй гераіні спраўляцца адначасова з працай, вучобай, малымі дзецьмі і хатняй гаспадаркай. Быў нават момант, калі хацела кінуць інстытут. Але дапамагла, падтрымала і словам, і справай сяброўка-аднагрупніца. Яны і па цяперашні час сябруюць, апошні раз бачыліся мінулым летам на святкаванні 50-годдзя выпуску. Такім чынам, пераадольваючы жыццёвыя цяжкасці, Анастасія Мартынаўна давучылася і атрымала вышэйшую адукацыю.

Дырэктар

За час, пакуль яна вучылася, у гісторыі Глускага раёна адбыліся змены: яго спачатку ліквідавалі, а потым аднавілі. Мая гераіня працавала на розных пасадах, а ў 1966 годзе яе запрасілі зноў эканамістам у райплан, потым, з 1970 па 1981 год, яна займала пасаду старшыні планавай камісіі райвыканкама. З верасня 1981 года Анастасія Мартынаўна перайшла ў Глускае райпо — дырэктарам Клятнянскага рознічнага гандлёвага прадпрыемства, на гэтай пасадзе працавала да выхаду на заслужаны адпачынак. Работа была новая, але дапытлівы розум, жаданне рабіць сваю справу дасканала дапамаглі Анастасіі Мартынаўне разабрацца ва ўсіх яе складанасцях.

“У маёй гандлёвай зоне было 42 магазіны на тэрыторыі трох сельсаветаў, — распавядае Анастасія Мартынаўна. — Я павінна была забяспечваць іх усімі неабходнымі таварамі (а гэта ў савецкі час дэфіцыту!), каб для пакупнікоў быў разнастайны асартымент, сачыць за дысцыплінай прадаўцоў і культурай абслугоўвання, выкананнем плана, шмат іншых абавязкаў было. За таварамі, прычым не толькі харчовымі, а і, напрыклад, за шыферам, прыходзілася ездзіць па розных гарадах. На базу тавары прывязеш, а далей транспарту, каб даставіць іх да магазіна, табе не даюць. І тут на помач прыходзіў мой верны сябар з часоў працы аграномам: саджуся на веласіпед, нагружаю на багажнік каўбасу і вязу ў Клетнае. На ўвесь Глускі раён нас было чатыры дырэктары гандлёвых прадпрыемстваў, і кожны хацеў як мага больш тавараў прывезці для пакупнікоў. Даводзілася на досвітку, часоў у пяць, уставаць, бегчы на базу, каб выбраць — нават скажу, ухапіць, пакуль калегі не разабралі — для сваіх магазінаў рыбу, масла ды іншыя тавары”.

У 1986 годзе Анастасія Мартынаўна пайшла на пенсію, але прадоўжыла працаваць у райпо на розных пасадах, ад экспедытара, загадчыка склада да касіра, яшчэ да 1992 года. Потым 28 гадоў узначальвала ветэранскую арганізацыю гэтага прадпрыемства. Вельмі адказна адносілася да справы і тут: абавязкова сваім ветэранам на дзень нараджэння, а тым больш на юбілей — віншаванне, падарункі і кветкі. Дапамагала ім вырашаць бытавыя праблемы, ды і проста часцяком тэлефанавала, пытала, як справы.

Не сядзець без справы

Увогуле, прызналася Анастасія Мартынаўна, яна не можа і зараз сядзець без справы: займаецца гародам, сустракаецца са знаёмымі, шмат чытае, удзельнічае ў жыцці аднаго з глускіх храмаў. Каб усюды паспець, і зараз ездзіць на веласіпедзе. Аднойчы прачытала ў газеце “Друг пенсионера”, што Мар’інагорскаму тэхнікуму спаўняецца 90 гадоў. Напісала туды пісьмо, расказала, як вучыліся першыя пасляваенныя студэнты, і адправіла ў навучальную ўстанову фатаграфію свайго выпуску — цяпер яна знаходзіцца ў музеі тэхнікума.

Яшчэ Анастасія Мартынаўна паказала мне шматлікія Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы, якімі яе ўзнагароджвалі ў свой час. “Але самай галоўнай сваёй заслугай, — кажа мая суразмоўца, — я лічу добрае стаўленне да сябе навакольных. Прыемна сустракаць людзей і ведаць, што яны лічаць цябе добрым чалавекам, што ўдзячныя за маю дапамогу і парады. Але ж і я ім удзячна за гэта таксама, бо камусьці дапамагала я, а хтосьці дапамагаў і мне. Вельмі ўдзячна ўсім, хто сустракаўся на маім жыццёвым шляху: падтрымліваў, падказваў, даваў сілу, быў побач у цяжкія хвіліны”.

З вялікім гонарам Анастасія Мартынаўна гаварыла і пра сваіх дзяцей: дачку і сына. Яны таксама, як і іх мама, дасягнулі пастаўленых у жыцці мэт, падарылі ёй чацвёра ўнукаў, і ўжо падрастае праўнучка. З мужам разам ужо 66 гадоў (!) — таксама вялікае дасягненне.

Лёс гэтай, на выгляд слабай, а на самой справе вельмі моцнай духам, жанчыны — прыклад для большасці сучасных маладзёнаў, якія хочуць атрымаць ад жыцця ўсё ў адзін момант. Каб стаць чалавекам з вялікай літары, дабіцца чаго хочаш, — трэба шмат працаваць, а яшчэ шмат вучыцца, прычым на працягу амаль усяго жыцця.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва Анастасіі Лісіцы

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024