Школьнікі Глускага раёна пабывалі на фестывалі “Вытокі” ў Бабруйску
З 15 па 17 ліпеня Бабруйск прымаў культурна-спартыўны фестываль “Вытокi. Крок да Алiмпу”. Спартыўныя, культурна-гістарычныя, мастацкія пляцоўкі, зоны фуд-корту і сямейнага адпачынку, выставы беларускіх брэндаў, дэгустацыі, кірмашы, семінары — усё гэта і шмат іншага змясцілі ў сабе гэтыя дні. Бабруйск стаў пятым горадам, дзе разгарнуўся фестываль, сярод арганізатараў якога — Нацыянальны алімпійскі камітэт і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Былі на гэтым свяце і школьнікі з Глускага раёна разам са сваімі настаўнікамі — з гімназіі, першай і другой школ Глуска і Заеліцкага НПК, і нават спякота не змагла сапсаваць падлеткам уражання. Бо сапраўды на фестывалі было цікава і весела, асабліва аматарам спорту. Самым папулярным быў, несумненна, “Алімпійскі квест” — 15 лакацый (15 відаў спорту), аб’яднаных у адну вялікую пляцоўку. Хто паспяхова выканаў усе заданні — атрымаў прыз. Спадабаліся глушчанам і пляцоўкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях: можна было падняцца на борт сапраўднага верталёта ратаўнікоў, пагуляць пад “дожджыкам”, а таксама выканаць заданні і зноў жа атрымаць за гэта падарункі.