Темы

Вяртанне дамоў — у думках, снах і наяве. Вёска Яўсеевічы

Вяртанне дамоў — у думках, снах і наяве. Вёска Яўсеевічы
На беразе Пцічы калісьці пабудаваў сваю хату дзясятнік Яўсей

Няма даражэй месца, дзе ты нарадзіўся і вырас. Гэта той запаветны куток, дзе бацькоўская хата, дзе хочацца быць як мага часцей, месца, дзе нас чакаюць. А можа, і не чакаюць… Калі засталіся толькі крыжы на могілках. Гэта ўсё тое, што мы называем малой радзімай. Для мяне такі запаветны куток — вёска Яўсеевічы Глускага раёна. Тут нарадзіліся і пражылі жыццё мой бацька, дзед і прадзед, тут нарадзілася я.

Ад Яўсея — Яўсеевічы

З гісторыяй Яўсеевіч звязана легенда. У далёкія часы  ад Масквы да Варшавы будавалі шлях. Доўгі час працавалі тут два дзясятнікі (брыгадзіры), Сымон і Яўсей. За добрую працу паны ім дазволілі пабудаваць сабе хаты на абодвух берагах ракі Пціч. Адсюль, згодна з легендай, і пайшлі вёскі Яўсеевічы і Сіманавічы.

Вёска Яўсеевічы вядома з XVI стагоддзя. У 1593 годзе Крыштоф Радзівіл Пярун стаў уладальнікам часткі Глускай воласці, выкупіў у князя Палубінскага Глуск-Пагарэлы з сёламі Яўсеевічы, Сіманавічы. У 1597 годзе ў нашым сяле было 16 гаспадарак, у 1877-м — 55 гаспадарак, 437 чалавек, у 1907-м — 73 гаспадаркі і 574 чалавекі, у 1926 годзе — 96 гаспадарак, 496 жыхароў. У 1931 годзе тут арганізаваўся калгас імя Леніна і было 15 гаспадарак. У 1937 годзе ўжо 60 гаспадарак і 208 гектараў зямлі.

Жылі і верылі ў лепшае

Вакол Яўсеевіч, куды ні кінь вокам, — лес. Лясныя абшары падступаюць ушчыльную да хат і цягнуцца далей на дзясяткі кіламетраў. Лес і абаграваў, і карміў вяскоўцаў. Дзеці пачыналі хадзіць з бацькамі ў лес па ягады і грыбы яшчэ зусім малымі.

А рака Пціч, на беразе якой стаіць мая вёсачка, бяжыць да Прыпяці. На яе берагах растуць вербы і свае доўгія косы мочаць у чыстай вадзе. Ва ўсе часы Пціч была глыбокая і багатая рыбай, паіла і карміла нашых прашчураў. Яшчэ пасля вайны па нашай рацэ сплаўлялі лес, зараз яна змялела. Пасля снежных зім вясною заўсёды быў вялікі разліў — вада падступала да самых хат. Пакосы ж у вяскоўцаў былі толькі балотныя, і ўбраць сена можна было толькі ў той час, калі балоты замярзалі.

У кожнай сялянскай гаспадарцы сеялі лён, бо ён служыў сыравінай для вырабу тканіны. Падрыхтоўка лёну, прадзенне, ткацтва, потым шыццё — усё гэта клалася на плечы жанчын.

Цяжкая была праца на зямлі, але ў думках і малітвах да Бога вяскоўцы спадзяваліся на лепшае жыццё для сябе і сваіх дзяцей. Нараджалі і гадавалі дзяцей, гулялі вяселлі, жылі і верылі ў лепшае.

Вайна

Прыйшло лета 1941 года, і ў раку Пціч упалі першыя бомбы…

З вайны не вярнуліся 54 мужчыны з нашай вёскі, многія з іх прапалі без вестак. У цэнтры Яўсеевіч стаіць абеліск з прозвішчамі гэтых аднавяскоўцаў. Каля яго знаходзяцца чатыры магілы невядомых воінаў-кавалерыстаў, якія загінулі ў ліпені 1941 года і спачатку былі пахаваны ў іншым месцы, там, дзе іх знайшлі. Толькі ў 1965 годзе іх перахавалі каля абеліска. Людзі распавядалі, што рэшткі загінулых салдат выкопвалі ў розных месцах, дакладная колькасць перахаваных невядома.

Вось яны, жанчыны нашай вёскі, на плечы якіх ляглі цяжкія пасляваенныя гады

Пасля вайны ў Яўсеевічах засталося шмат удоў і асірацелых дзяцей — у кожнай хаце па двое, трое, а то і пяцёра малых. І гэтым жанчынам трэба было працаваць за сябе і сваіх загінулых мужоў, братоў, бацькоў і гадаваць дзяцей.

Вясковая школа

У гэтым будынку некалі размяшчалася ў Яўсеевічах пачатковая школа

У 1918 годзе ў Яўсеевічах адкрылі пачатковую школу, куды пайшлі вучыцца 39 дзяцей. Па ўспамінах старэйшых жыхароў вёскі, асобнага будынка для школы не было, дзяцей вучылі ў кагосьці ў хаце. Пасля Вялікай Айчыннай вайны пад пачатковую школу выдзелілі хату на два пакоі. Школа была маленькая, але вельмі ўтульная, у памяшканні стаялі дзве грубкі, і зімой іх палілі. Адна настаўніца, калі было патрэбна, магла вучыць усе чатыры класы. У часы майго дзяцінства ў школе гэтай дзеці вучыліся ўжо толькі два класы. Памятаю, у школе нас частавалі чаем, пячэннем, цукрам. Чай з духмянымі травамі заварвалі проста ў вядры. Мы бачылі, як яго гатавалі, і ўрок перад вялікім перапынкам, калі вучняў паілі чаем, для нас цягнуўся вельмі доўга. У маім класе было 10 вучняў. У трэці клас я пайшла ў Завалочыцкую сярэднюю школу. Ад дома да яе было прыкладна тры кіламетры, а калі вясною Пціч разлівалася, то і ўсе пяць. Школу ў Яўсеевічах закрылі дзесьці ў 1976 годзе, калі настаўніца Ганна Мартынаўна Герман пайшла на пенсію, ды і на той час у класах заставалася ўсяго па 3—5 вучняў. У будынку школы нейкі час жыла шматдзетная сям’я, зараз ужо ён пустуе.

Успаміны

Калі я была маладая, то не вельмі задумвалася пра мясціны, дзе я нарадзілася і вырасла. А цяпер, калі пражыта большая частка жыцця, часцей вяртаюся ў мясціны, дзе прайшло дзяцінства. Бацькоўская хата… У ёй жылі сем’і прадзеда, дзеда, бацькі. Хата была пабудавана прадзедам прыкладна ў 1910 годзе. Два разы яе пераносілі на іншыя месцы, зусім старыя бярвенні замянілі на новыя. У вайну недалёка ад хаты ўпала і разарвалася бомба, ад выбуху павылятала шкло ў вокнах. І па сённяшні дзень у старых бярвеннях можна знайсці асколкі ад той бомбы.

Бацькоўская хата

Калі прыходзіш на бацькоўскі двор, сэрца ад хвалявання гатова вось-вось выскачыць. Хочацца абняць тыя дрэвы, якія садзілі разам з бацькамі. Удыхаеш пах чаромхі і бэзу, што растуць пад вокнамі… Глядзіш на дзверы і чакаеш, чакаеш, калі выйдуць бацькі… Але ўжо не сустрэне матуля і не абдыме ля парога, не пацалуе, не напячэ ранкам у печы аладак. Не сустрэне і бацька….. Засталіся толькі ўспаміны, успаміны нашага дзяцінства…

Напрыклад, як вечарам распальвалі невялікае вогнішча, смажылі сала і елі яго ўпрыкуску з чорным хлебам, хлеб прапітваўся тлушчам, што капаў са шкваркі. Елі бульбу, запечаную ў гэтым жа вогнішчы. Як раніцай маці будзіла нас у школу, а на стале ўжо стаяла патэльня з яечняй і блінамі. І як не хацелася вылазіць з цёплага ложка, асабліва зімой. Як з ранняга дзяцінства мы дапамагалі бацькам па гаспадарцы: з самага ранку трэба было выгнаць карову на пашу (а потым увечары яе сустрэць), яшчэ трэба было загнаць статак гусей на раку. У нашай сям’і было чацвёра дзяцей, і мы ганялі гусей па чарзе. А прачынацца рана ой як не хацелася!

Падчас летніх канікул вясковыя дзеці не адпачывалі ў піянерскіх лагерах, акрамя школьнага лагера, дзе мы праходзілі працоўную практыку аж цэлы месяц. Улетку ўсе дзеці, ад малых да вялікіх, разам з бацькамі нарыхтоўвалі сена, шчыравалі на сваіх агародах і нават працавалі ў саўгасе, каб зарабіць крыху грошай.

А летнімі вечарамі мы хадзілі ў наш клуб. Ён размяшчаўся ў вясковай хаце, якую пасля вайны канфіскавалі ў паліцая і перавезлі ў цэнтр вёскі. У клуб прывозілі кіно, калі дэманстравалі індыйскія фільмы, то набівалася поўная зала людзей. Тут жа, у вясковым клубе, праводзілі партыйныя сходы, народныя суды, бацькоўскія сходы, гулялі вяселлі. На бацькоўскія сходы прыязджалі настаўнікі з Завалочыцкай сярэдняй школы і пра кожнага вучня з вёскі расказвалі, нават калі ў зале і не прысутнічалі яго бацькі. Уся вёска ведала, хто як вучыцца. Моладзь сваімі сіламі рабіла канцэрты для аднавяскоўцаў. Калі гулялі вяселле, то ў клубе збіраліся і старыя, і малыя. Бацькі жаніха і нявесты абавязкова прыносілі пачастунак для аднавяскоўцаў, што прыйшлі паглядзець на маладых. А дзецям даставаліся цукеркі, якія кідала нявеста. Танцы летам у клубе былі кожны дзень, на іх збіралася шмат моладзі, акрамя мясцовых, яшчэ і тыя, хто прыехаў на канікулы да бабуль.

Потым моладзь стала выязджаць у гарады, вёска апусцела, а разам з ёй і наш клуб…

Нам, калі ўжо падраслі, пасталелі, хацелася лепшага жыцця, паехаць далей ад бацькоў, стаць самастойнымі. У нас гэта атрымалася. Але ж цяпер, калі пражыта большая частка жыцця, то ўсё часцей у думках і снах, а хто і наяве, вяртаемся дамоў, у бацькоўскую хату, у сваю вёсачку, да сваіх каранёў.

Ірына ШЫМЧЫК,

г. Бабруйск

Фота з архіва аўтара

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024