Хлебаробскі атрад “Глускай Зары”

У “Глускую Зару” мы прыехалі на мінулым тыдні ў пятніцу, 13 жніўня, з самай раніцы, і акурат трапілі ў той момант, калі механізатары запраўлялі сваю тэхніку перад выездам на палі. Пакуль яны чакалі чаргі, мы паспелі з некаторымі пагутарыць і сфатаграфаваць, а астатніх ужо “даганялі” на Падбаянаўскім полі, дзе камбайны жалі авёс.
Сёлета на жніве ў “Глускай Зары” працуе шэсць экіпажаў, расказаў кіраўнік гаспадаркі Дзмітрый Паянен, прычым камбайнеры і іх памочнікі практычна ўсе свае, камандзіраваных з іншых арганізацый усяго двое.

Адзін з іх — Аляксандр Багдановіч — падзяліўся з намі асабістай прыемнай навіной: у пачатку жніўня ён, работнік “Жылкамгаса”, выйшаў на заслужаны адпачынак. Але камандзіроўку на ўборачнай у “Глускай Зары”, зразумела, не прыпыніў, бо як жа кінуць родную гаспадарку ў самы разгар жніва? А яна сапраўды родная, бо ў “Жылкамгасе” ён толькі апошнія гадоў дваццаць, кажа, а пачынаў тут, у “Зары”, было гэта ў 1981-м, а да гэтага бацьку дапамагаў падчас уборачнай. Кожнае лета Аляксандр Багдановіч садзіўся на камбайн, шмат сезонаў шчыраваў са сваім сынам, а цяпер, ужо гадоў пяць, — са стрыечным братам Уладзімірам, таксама Багдановічам. Вось такая камбайнерская дынастыя атрымліваецца.

Увогуле, у “Глускай Зары”, каго ні вазьмі з герояў жніва — усе прозвішчы вядомыя, усе на слыху. Ці то працуе чалавек у калгасе пастаянна, ці прыходзіць толькі на сезон уборачнай — але ўсе свой хлебаробскі вопыт набывалі тут, у гэтай гаспадарцы. Напрыклад, калісьці ў складзе моладзевага экіпажа намалочваў свае першыя тоны Андрэй Казубоўскі, зараз ён працуе ў лясгасе, адтуль і камандзіраваны на жніво, працуе разам з Васілём Багуком.

Некалькі гадоў запар быў маладым камбайнерам і Мікалай Медзвядок, а ў гэтым сезоне, смяецца, вырас ужо са статусу моладзі, і напарнік у яго змяніўся, а зараз, так атрымалася, увогуле сам-адзін і за старшага камбайнера, і за памочніка. Пры гэтым Мікалай — лідар жніва ў сваёй гаспадарцы, напярэдадні нашага прыезду намалаціў больш за 500 тон зерня.


Акрамя ўжо названых экіпажаў, на збожжавых палях працуюць Дзмітрый Лазовік і Андрэй Радзіч, Васіль Пінчук і Кірыл Адзінец, Сяргей Нікалаенка і Дзяніс Чабанюк. На адвозцы зерня заняты летась два вадзіцелі — Васіль Грабко і Анатоль Касько, на МАЗах, яшчэ адзін — Пётр Лясун на ГАЗ-53 — дапамагае на зернятаку. За дзень, расказаў Васіль Грабко, робіць калі шэсць, а калі і дзесяць рэйсаў, залежыць гэта ад ураджайнасці, ад таго, блізкае ці далёкае поле, ад іншых момантаў.

Каб збожжа (а раней масланасенне рапсу) дайшло да патрэбнай кандыцыі — за гэта адказвае звяно машыністаў. Больш за дзесяць год яны працуюць разам (не толькі тут, а і ў гаспадарча-будаўнічай брыгадзе), таму разумеюць адзін аднаго з паўслова. Па колькасці дапрацаванага зерня Уладзімір Турлыка, Сямён Клімовіч, Сяргей Якубенка і Уладзіслаў Расцягаеў трывала замацаваліся ў тройцы раённых лідараў. Напрыклад, у пачатку сезона на сваёй КЗС-30 яны перапрацавалі 153 тоны масланасення рапсу, а зерня на сённяшні дзень — 1933 тоны. Працуюць машыністы па дваіх у дзве змены, пасутачна, пачынаюць з раніцы, а дадому ідуць, пакуль не закончыцца зерне і праца. За суткі сушылка “прапускае” 120—150 тон зерня, гэта залежыць ад вільготнасці. Да прыкладу, зараз авёс з палёў ідзе з вільготнасцю 15—17 працэнтаў, на выхадзе павінна быць не болей за 14.

Жніво ў “Глускай Зары” яшчэ працягваецца, а на ўбраныя палі ўжо выйшлі сеялкі: сеюць азімы рапс. Пад яго адвялі тут 300 гектараў, на дзень нашага прыезду было гатова 100 з іх. Сельскагаспадарчая праца — яна такая — няспынная. Але ж тым і жывём.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Алены ЗМІТРОВІЧ