Свой першы ўрок, які вяла ў другім класе, настаўніца пачатковых класаў гімназіі Глуска, педагог вышэйшай катэгорыі Алена Кулінок добра памятае. І сваіх вучняў, з якімі разам з першага па чацвёрты клас пазнавалі свет, вучыліся чытаць і пісаць, рашалі задачкі, спявалі, майстравалі… Сваёй любімай прафесіі, як і адзінай установе адукацыі, Алена Канстанцінаўна аддала 26 гадоў. За гэты час выпусціла шэсць класаў, звыш 130 пачаткоўцаў. Сёлета педагог набрала чарговы першы клас.
“Быць настаўнікам складана і вельмі адказна, — гаворыць Алена Канстанцінаўна. — Выхоўваць, вучыць азам навукі, раскрываць патэнцыял дзяцей, якія пасля бесклапотнага дзяцінства і знаходжання ў дзіцячым садку прыйшлі ў школу, — яшчэ больш адказна. У гэтай справе не абысціся без любові да дзяцей. Важна вучыць не толькі розумам, а сэрцам і душой. Маленькіх вучняў трэба кожны дзень заахвочваць, здзіўляць, прымяняць розныя метады і падыходы ў навучанні, каб яно было карысным і цікавым. Каб дзеці ішлі ў школу з радасцю, а іх бацькі давяралі педагогам, былі іх саюзнікамі”.
Размаўляючы з Аленай Канстанцінаўнай, разумееш, што яна сапраўды любіць дзяцей і сваю работу. І адначасова здзіўляешся, як ёй удаецца ўсадзіць за парты ўчарашніх дашкалят, якім яшчэ так хочацца гуляць. Сакрэтаў ні малых, ні вялікіх у яе няма, прызнаецца Алена Кулінок. А поспехі настаўніцы — у поспехах яе вучняў. Безумоўна, дасягненні гэтых першаклашак яшчэ наперадзе.
А пакуль віншуем Алену Канстанцінаўну і яе калег з Днём настаўніка. Напярэдадні прафесійнага свята педагогі атрымалі шмат віншаванняў і ўзнагарод. Адну з іх — Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама — уручылі Алене Кулінок.
Г. АЎТУХОВА
Фота аўтара