Темы

Праект “Мясцовы каларыт”. Куфар — бабуліна спадчына

Праект “Мясцовы каларыт”. Куфар — бабуліна спадчына

Калісьці ў кожнай сялянскай ды і шляхецкай хаце абавязковым, а лепш сказаць, проста неабходным атрыбутам інтэр’ера быў куфар, ці, па-іншаму, скрыня. Сучасная моладзь бачыла скрыню, магчыма, толькі ў музеі. Між тым яшчэ сто ці крыху менш гадоў назад немагчыма было сабе ўявіць беларускую хату без куфра. Ён служыў у асноўным для захавання адзення, ручнікоў, посцілак, але былі куфры для збожжа, сала, іншых прадуктаў, а яшчэ скрыня магла выконваць ролю стала, стула і нават ложка.

Вялікую ролю адыгрываў куфар у падрыхтоўцы да вяселля. Нявеста складвала туды ручнікі, сурвэткі і навалачкі, якія рыхтавала, лічы, з дзяцінства. Гэта быў пасаг, з якім яна ішла ў дом да мужа. Вясельны куфар меў багатае аздабленне, замыкаўся на ключ, а ўнутры яго рабілі палічку для каштоўнасцей. Звычайна куфар рабілі з сасновых або яловых дошак, з выпуклым векам, абшалёўвалі кованымі жалезнымі пласцінамі.

Менавіта такі, акаваны металічнымі пласцінамі, вялікі куфар стаіць дома ў Вольгі, жыхаркі Глуска. Ён дастаўся жанчыне ад бабулі Анастасіі, а той у сваю чаргу ад яе маці Ганны. У канцы ХІХ стагоддзя маладая дзяўчына Ганна выходзіла замуж, і яе пасаг бацькі склалі вось у гэтую самую скрыню.

У скрыні па баках маюцца кованыя жалезныя ручкі, каб зручна было яе пераносіць. Але ж, кажа Вольга, скрыня нават пустая такая цяжкая, што адарваць яе ад падлогі можна хіба толькі на сантыметр. На пярэдняй сценцы скрыні ўрэзаны замок — захаваўся і ключ ад яго. Вольга нават паспрабавала пракруціць ключ: замок крыху паддаўся, але далей паварочваць ключ гаспадыня не адважылася, пабаялася, што механізм можа не спрацаваць і замок замыкнецца ды не адмыкнецца, усё ж такі больш за сто гадоў яму. Унутры скрыні ёсць палічка з крышкай. На бакавінах знутры прымацаваны драўляныя “языкі”, якія ўваходзяць у века, калі яго зачыняюць, каб тое лепш трымалася і не адчынялася пры перасоўванні ці пераносцы скрыні. Стаіць скрыня на магутных шырокіх ножках, а таўшчыня дошкі на дне дзесьці каля 15 сантыметраў. Вольга расказала, што некалі пацукі спрабавалі прагрызці дно куфра, але гэта ім зрабіць не ўдалося: засталіся толькі адмеціны ад зубоў.

За сваю больш чым стогадовую гісторыю куфар захоўваў не толькі пасаг маладой дзяўчыны, ён стаў сапраўдным памочнікам у гаспадарцы для некалькіх пакаленняў сям’і. Так, бабуля маёй суразмоўцы захоўвала ў ім прадукты: сала, мяса. А цяперашняя гаспадыня выкарыстоўвае яго замест шафы для рэчаў. Вольга прызналася, што за шмат гадоў у адзенні з куфра ні аднаго разу не завялася моль. Яна пафарбавала прабабуліну спадчыну звонку і ўнутры і з задавальненнем карыстаецца рарытэтнай мэбляй.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Власть

Лукашенко: Беларусь и Ливия восстанавливают интенсивные отношения

21 октября 2025
Читать новость
Актуально

Прямую линию проведет 22 октября заместитель начальника Могилевской таможни Михаил Артюховский

21 октября 2025
Читать новость
Общество

Семейные старты. На районный спортивный праздник пригласили глусские семьи

21 октября 2025
Читать новость
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 25 октября

21 октября 2025
Читать новость
Общество

Прямую линию и прием граждан в Глуске 24 октября проведет Олег Дьяченко

21 октября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: отцовские наставления помогают определять верные ориентиры и преодолевать трудности

21 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем