Праект “Мясцовы каларыт”. Медны посуд


Зараз вялікай папулярнасцю ў вядучых шэф-кухараў свету карыстаецца посуд з медзі. Таму ёсць некалькі прычын. Самым галоўным плюсам такога посуду з’яўляецца яго высокая цеплаправоднасць. Дзякуючы гэтай якасці посуд павольна, але раўнамерна праграваецца і доўгі час захоўвае цяпло. Ежа ў патэльнях таксама гатуецца роўна з усіх бакоў, не прыгарае і не прыстае да сценак. Яшчэ адной перавагай з’яўляецца тое, што да медзі, у адрозненне ад чыгуна, практычна не прыстае тлушч, і таму такі посуд вельмі лёгка адшараваць. Гэтыя дзве якасці асабліва каштоўныя на кухнях вялікіх рэстаранаў, дзе трэба хутка і смачна прыгатаваць вялікія порцыі ежы.
Зазірнуўшы далёка ў гісторыю, можна ўбачыць, што медным посудам чалавек карыстаецца даволі даўно, яшчэ з тых часоў, калі большасць азіяцкіх і ўсходніх плямёнаў былі качавымі. Адным з галоўных патрабаванняў качэўнікаў да посуду была яго здольнасць вытрымліваць адкрыты агонь і не ржавець ва ўмовах высокай вільготнасці. Неаднаразовыя даследаванні даказалі, што медзь не паддаецца карозіі, а таксама не прагарае на агні.
У XVII—XVIII стагоддзях медны посуд з’явіўся і ў Еўропе. Тут рамеснікі-ўмельцы пачалі вырабляць медныя чайнікі, каструлі, патэльні, каўшы і сатэйнікі, формы для запякання, соусніцы і шмат чаго іншага. Медны посуд закуплялі ў замкі і палацы і рыхтавалі ў ім вячэры і абеды нават для каралёў і імператараў.
Старадаўнія вырабы з медзі вечныя і могуць нават перадавацца па спадчыне. У глушчанкі Вольгі менавіта так і здарылася: ад бабулі ёй у спадчыну перайшоў вялікі медны сатэйнік з доўгай цяжкай жалезнай ручкай. Зараз жанчына ў гэтым посудзе нічога ўжо не гатуе, але ж па знешнім выглядзе сатэйніка відаць, што ў любы момант яго можна ставіць на пліту. Як распавяла Вольга, у медным сатэйніку калісьці бабуля заўсёды гатавала рыбу. Са знешняга і з унутранага бакоў пасудзіны відаць замазаныя заклёпкі на месцы, дзе, пэўна, калісьці былі ручкі. Колькі гадоў менавіта гэтаму посуду, дакладна сказаць цяжка, але, напэўна, не менш як 90, мяркуе Вольга. За гэты час сатэйнік нідзе не прагарэў, тлушч з яго адчышчаўся вельмі лёгка, і зараз пасудзіна выглядае выдатна. Нездарма ж людзі прыдумалі выраз “працаваць табе і працаваць, як меднаму кацялку”, то бок вельмі доўга.

У этнаграфічнай зале раённага гісторыка-краязнаўчага музея Глуска таксама ёсць медны посуд — тут выстаўлены тазік, у якім варылі варэнне, і гляк. Апошні выкарыстоўваўся для захоўвання і перавозкі вадкасці: масла, спіртных напояў або проста вады. Вузкае рыльца гляка дазваляла зручна перавозіць вадкасці: калі і пральецца, то ўсё не выльецца. Акрамя таго, гляк выкарыстоўвалі для кіпячэння вады ў печы: дым і часцінкі сажы не траплялі ўнутр, а вузкае рыльца не давала ва-дзе выліцца пры закіпанні. Выраблялі такі посуд майстры-меднікі, а дазволіць сабе яго купіць маглі толькі заможныя людзі.

Але ж, запытае чытач, чаму мы зараз у паўсядзённым жыцці не карыстаемся такім выдатным і зручным посудам? Справа ў тым, што ў пачатку ХХ стагоддзя посуд з медзі перасталі масава выкарыстоўваць. Нягледзячы на мноства плюсаў у такога посуду на той час былі і свае недахопы. Былі праведзены даследаванні, і высветлілася, што пры ўзаемадзеянні з многімі харчовымі кіслотамі медзь пачынае выпускаць пары, дыхаць якімі шкодна для здароўя чалавека.
Але зараз медны посуд зноў стаў фаварытам на кухнях, праўда, пакуль што толькі рэстаранаў. Унутраныя сценкі сучаснага меднага посуду пакрываюцца слоем алюмінію або цынку. Таксама часта выпускаюць посуд са сплаву медзі і алюмінію. Такі падыход дазваляе захаваць усе лепшыя характарыстыкі металаў, ежа гатуецца раўнамерна, доўга застаецца цёплай, а сам посуд не акісляецца.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота аўтара і дадзена раённым музеем