Праект “Мясцовы каларыт”. Для чаго гаспадыні ступа

Самая першая асацыяцыя, якая прыходзіць на розум, калі мы чуем слова ступа, — Баба Яга. А гэта, між іншым, сведчыць аб тым, што драўляная ступа — старажытная прылада, якой з даўніх, бадай што, з міфалагічных часоў карысталіся нашыя продкі. Дарэчы, ступай і таўкачом, зробленымі з каменю, ва ўсім свеце чалавек карыстаўся яшчэ з каменнага веку. У Беларусі найбольш распаўсюджаны былі драўляныя ступы.
Ступа — гэта традыцыйная сялянская прылада для апрацоўкі збожжа на крупы, якая была ў кожнай хаце. Імі карысталіся па меры патрэбы, нарыхтоўваючы крупы на адзін або два тыдні. Збожжа ў ступе таўклі таўкачом — тоўстай струганай палкай з паўкруглымі канцамі з выемкай, каб зручней было трымаць, даўжыня палкі дасягала 90—110 сантыметраў.
Звычайна ступы рабілі з тоўстага ствала дуба, граба, радзей — з таполі ці ліпы, вышынёй 110—120 сантыметраў. У ствале выдзёўбвалі конусападобную выемку глыбінёй 40—50 сантыметраў і дыяметрам у верхняй частцы 35—40 см.
У народнай свядомасці ступа з таўкачом мела міфалагічную сімволіку. Яна ўсведамлялася як злучэнне мужчынскага і жаночага пачатку. Да гэтага часу непаваротлівую жанчыну называюць ступа, а няспрытнага сарамлівага мужчыну — таўкачом.
Я была ўпэўнена, што цяпер драўляную ступу можна сустрэць толькі ў музеі. Але жыхарка вёскі Дубровы Ганна Іванаўна Прыбыш расказала, што і зараз у іх хатняй гаспадарцы “працуе” старая драўляная ступа. Праўда, не па сваім прамым прызначэнні, але ж усё-такі ёю карыстаюцца.
“Мы сяголета ў яе зерне сыпалі, — растлумачыла Ганна Іванаўна. — Перайшла гэта прылада ў нашу гаспадарку як спадчына ад родзічаў. Думаю, што ступе не менш як сто гадоў, а можа, і болей. Яна 110 сантыметраў у вышыню, выдзеўбаная з цэлага ствала дрэва, вельмі крэпкая, нідзе не пашкоджаная, з драўлянымі абручамі. Таўкач да яе, на жаль, не захаваўся”.
Ступы, як ужо непатрэбныя прылады працы, але вельмі каштоўныя з этнаграфічнага і гістарычнага пункту гледжання, глушчане падаравалі раённаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Напрыклад, адну ў 2012 годзе перадаў музею Іван Рыгоравіч Галамака. Зараз у музеі захоўваецца некалькі такіх драўляных экспанатаў.
У беларускіх гаспадарках карысталіся драўлянымі ступамі амаль да канца 1950-х гадоў. Пазней, у другой палове ХХ стагоддзя, патрэба ў такіх вялікіх, для зерня, ступах знікла. А вось малымі ступкамі, металічнымі, гранітнымі і нават мармуровымі, многія гаспадыні карыстаюцца і зараз. Гавораць, што спецыі, растоўчаныя ў ступцы непасрэдна перад прыгатаваннем блюда, надаюць страве больш насычаны смак і водар. Акрамя таго, здробненыя перад самым прыгатаваннем прадукты захоўваюць усе свае карысныя рэчывы.
І яшчэ цікавы факт. Калі вам калі-небудзь пашчасціць размаўляць з прыхільнікам будызму, то слова “ступа” ён зразумее зусім па-іншаму, чым мы. Справа ў тым, што ў будыйскай архітэктуры манументальнае збудаванне для захоўвання рэліквій называецца таксама ступа.
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота дадзена Ганнай Прыбыш і раённым музеем