Праект “Мясцовы каларыт”. Тканыя сімвалы роднага краю

Як каштоўная рэліквія захоўваецца ў сям’і Наталлі Грашчанкі ручнік, які ёй на вяселле выткала бабуля Надзея. “Бабуля ведала, што такі арнамент выкарыстоўваюць для вясельнага ручніка, але што ён сімвалізуе — не ведала, казала проста: тут вытканы вазон. Ужо пазней, калі я сама пачала ткаць, дазналася, што гэты вазон зусім не просты — гэта ўзор жаночай долі”, — распавяла мне пры нашай сустрэчы Наталля Сяргееўна.
Сустрэліся мы на другім паверсе раённага Дома рамёстваў, дзе асобнае памяшканне выдзелена менавіта пад заняткі ткацтвам. Наталля Грашчанка — метадыст-майстар Дома рамёстваў, згадвае: калі запрасілі працаваць, хвалявалася, але згадзілася, бо ведала, што ў любую хвіліну зможа “атрымаць кансультацыю” ў бабулі, таленавітай ткачыхі. Ад яе Наталля навучылася ткаць, засвоіла некалькі асноўных спосабаў, умела навіваць аснову, а пасля ўжо даведвалася іншыя сакрэты на семінарах. Там жа, на семінарах, навучылася карункі вязаць (у нас яшчэ кажуць гарункі) і паясы ткаць. Калі для посцілак, ручнікоў і іншых вялікіх вырабаў патрэбны вялікія кросны, то вузкія паяскі ткуць на бёрдзечку, або бёрдышку, — гэта маленькі станок, дзе нацяжэнне нітак ткачыха рэгулюе сама, сваёй спінай. А ў Доме рамёстваў стаяць два вялікія ткацкія станкі — яны старадаўнія, гадоў за сто будзе, адшуканы былі ў жыхарак нашага раёна. Ніткамі таксама, кажа Наталля Сяргееўна, бабулі, жанчыны дзяліліся і дагэтуль, бывае, прыносяць свае запасы льну.

Разгадваць таямніцы вытканых узораў — захапляльны занятак, пераканана Наталля Грашчанка: “Ты ўжо не разглядаеш арнамент як звычайны малюнак, не ацэньваеш яго на ўзроўні “прыгожа або вельмі прыгожа” (бо не бывае непрыгожых народных узораў) — ты імкнешся расшыфраваць гэты арнамент, даведацца, што, які пасыл заклала ў яго майстрыха. Наш беларускі арнамент — гэта мудрасць нашых продкаў, на жаль, амаль забытая. Адкрываць для сябе значэнні сімвалаў, іх спалучэнняў — найвялікшая асалода”.

Наталлі Сяргееўне я веру, бо і сама хадзіла з ёю, як зачараваная, і разглядала-слухала, што азначае на ручніках і посцілках той ці іншы ўзор, той ці іншы колер. Сама ткачыха перавагу аддае тым узорам і тым колерам, што бытавалі ў нас. Вядома ж, што раней па адзенні, напрыклад, па тым, як завязваўся пояс і які на ім быў арнамент, можна было “прачытаць” не толькі сямейнае становішча чалавека (халасты ці жанаты або мо ўдавец, колькі дзяцей), але і даведацца, адкуль ён.
Наш раён і ў прыватнасці Слаўкаўшчына, адкуль Наталля родам, — гэта частка трохкуцця, куды ўваходзяць таксама бліжэйшыя раёны з Гомельскай і Мінскай абласцей. Для гэтай мясцовасці характэрна тэхніка аднабаковага перабору — узор атрымліваецца толькі з аднаго боку. Аднабаковым пераборам ткалі ручнікі, дываны, посцілкі, абрусы. Калекцыя Дома рамёстваў, яе аўтэнтычныя экспанаты, збіралася ў вёсках Глускага раёна, але ёсць у ёй і нетыповыя вырабы, напрыклад, у тэхніцы двухбаковага перабору, якая больш характэрна для Гродзеншчыны. Такая тэхніка ў нас з’явілася значна пазней, калі ткацкае майстэрства ўжо саступала крамнай тканіне, таму і не распаўсюдзілася. Дарэчы, аднабаковым пераборам, лічыць Наталля, ткаць больш цяжка, чым двухбаковым, але сама аддае перавагу першаму — роднаму.
Самая, бадай што, простая і лёгкая і самая распаўсюджаная — двухнітовая тэхніка, палатно атрымлівалася даволі моцнае, носкае, і яго выкарыстоўвалі ў першую чаргу для сарочак, бялізны.
Прыгожыя, крыху рэльефныя, вырабы атрымліваюцца ў двухуточнай чатырохнітовай тэхніцы (у нас казалі “радавое”), звычайна гэта геаметрычны ўзор, а на другім баку ён адлюстроўваецца наадварот.
У чатырохнітовай тэхніцы быў папулярным у нашых продкаў узор “у елачку”. Наталля Грашчанка, рыхтуючыся ў гэтым годзе да купальскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці ў Александрыі, менавіта такім узорам выткала ручнік-уціральнік. А ўвогуле да конкурсу яна падрыхтавала шэсць вырабаў і са сваёй калекцыяй увайшла ў лік прызёраў (у намінацыі “За лепшую рэканструкцыю традыцыйнага ручніка”). Усе ручнікі адметныя, у кожным свая разынка. Напрыклад, “раённы”, па ўмовах, павінен змяшчаць назву раёна і адлюстроўваць асаблівасці мясцовасці. У нашай, глускай, тэхніцы аднабаковага перабору Наталля выткала на ім чырвоныя ружы: бо ў кожнай нашай гаспадыні дома абавязкова ёсць кветкі, ці то вышытыя, ці то вытканыя, ці проста ў двары.
Праўда, чырвоны колер для нашай мясцовасці, калі глянуць у глыб часоў, ужываўся звычайна толькі для асобных элементаў узору, тлумачыць Наталля. Асноўны малюнак атрымліваўся дзякуючы спалучэнню адбеленых і неадбеленых ільняных нітак, і выглядае гэта на дзіва жывапісна і хораша. Неадбелены лён маглі крыху падфарбоўваць, і ён атрымліваўся розных адценняў, напрыклад, быў амаль няўлоўнага светла-блакітнага ці зеленаватага тону.
Толькі посцілкі на ложкі абавязкова былі рознакаляровымі, яркімі, прываблівымі, часта чорны колер спалучаўся з жоўтым, чырвоным… Такімі ж рознакаляровымі былі і паясы, з яркімі палоскамі па баках. Наталля Сяргееўна паказвае мне пояс у традыцыйных фарбах нашага краю і з такім жа традыцыйным арнаментам, дарэчы, яшчэ і з сакрэтам: калі скласці дзве палавінкі, атрымаецца ўзор сонца, а ўнутры — засеяная зямля.
“А вось тут, на гэтым ручніку, — узор, які сімвалізуе ваду, крыніцу”, — працягвае лікбез Наталля Сяргееўна, і я наяве бачу, як безыменны і застылы яшчэ хвіліну назад малюнак на вачах ажывае і быццам пачынае струменіць. “А вось гэты ўзор сімвалізуе продкаў, а тут — зорка — сімвал лёсу чалавека на небе, тут — Жыцень і Маці-зямля, а вось гэта — душа чалавека…” Наталля расказвае і быццам вялікі новы свет адчыняе перада мною: разумееш, наколькі багаты і глыбокі сэнс укладвалі нашы продкі ў кожную дэталь, што ў адзенні, што ў інтэр’еры. На жаль, зараз гэта страчана, прычым ва ўсіх сэнсах. Мы і не ведаем, і не ўмеем, і, шчыра кажучы, па большасці не хочам ведаць і ўмець. Тое, што колісь умела з малалецтва любая вясковая малапісьменная жанчына, мне, чалавеку з вышэйшай адукацыяй і якім-ніякім, але паняццем пра рукадзельныя справы, падалося, шчыра прызнаюся, вышэйшай матэматыкай. Прычым, здаецца, не так цяжка потым ткаць, колькі складана правільна заправіць станок, працягнуць ніткі ў бёрды: калі выкарыстоўваецца некалькі колераў, трэба пралічыць усё загадзя, бо інакш ва ўзоры будзе памылка, і яе ўжо не выправіш.
Разважаючы пра гэта, падумала: у свеце аднаразовых рэчаў, здаецца, і няма сэнсу аздабляць той жа ручнік нейкімі сімваламі. “Так, — згаджаецца Наталля, — шкада, што гэта частка народнай культуры цікавая ў асноўным спецыялісту. А гэта, насамрэч, вельмі цікава. І каб не згубілася канчаткова, каб захавалася тое, што яшчэ ёсць, пачынаць трэба з маленькіх дзетак, укладваць мудрасць нашых продкаў у іх душы”.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара