Ваеннае пакаленне — мірнаму пакаленню. Генацыд: выпрабавана на сабе

Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў адзначаецца ва ўсім свеце 11 красавіка. Дата была ўстаноўлена ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцлагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года. Міжнародны трыбунал у Нюрнбергу ў 1946 годзе прызнаў, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян замежных дзяржаў, роўна як і выкарыстанне іх прымусовай працы ў інтарэсах Германіі, з’яўлялася не толькі ваенным злачынствам гітлераўскага рэжыму, але і злачынствам супраць чалавечнасці.
Падчас акупацыі на тэрыторыі Беларусі існавала каля 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных і 350 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, праз якія прайшлі сотні тысяч чалавек. У адным толькі канцлагеры ў вёсцы Трасцянец ад рук нацыстаў загінула 206 500 чалавек.
Глушчанка Марыя Якаўлеўна Уласава — адна з тых, чыё дзяцінства прыйшлося на вайну і каму лёсам было наканавана прайсці праз гітлераўскую няволю. Гісторыі жыцця хлопчыкаў і дзяўчынак, што раслі ў 1940-я гады, патрэбна расказваць і праз 80, і праз 100 гадоў, каб людзі ведалі і ніколі не забывалі, што няма нічога больш страшнага за дзіцячыя слёзы і няма нічога больш дарагога за дзіцячае жыццё.
Марыя Якаўлеўна нарадзілася ў вёсцы Баркі Клічаўскага раёна. У 1941 годзе дзяўчынцы споўнілася шэсць гадоў. У сям’і было трое дзяцей: Марыя, старэйшы брат і малодшая сястра, якая нарадзілася ў студзені 1941 года. Самыя галоўныя падзеі з жыцця пад акупацыяй мая суразмоўца памятае вельмі добра, а пра некаторыя моманты ўжо пазней ёй распавядала маці. Вельмі добра памятае, як бацька будаваў курэнь у лесе каля балота. Гэта прымітыўнае жыллё, накшталт зямлянкі, але пабудаванае так, каб яго не маглі ўбачыць і знайсці ворагі. “Выкопвалі даволі глыбокую яму, — распавядае Марыя Якаўлеўна, — наверх на яе клалі бярвёны, а іх густа засцілалі галінамі ды мохам. Для таго каб залезці ў гэта жыллё і для выхаду дыму пакідалі адтуліну. Пасля таго як гітлераўцы пачалі праводзіць у беларускіх вёсках свае карныя аперацыі, такія курані ў лесе зрабілі амаль усе вяскоўцы. У такім жыллі пастаянна жыць было немагчыма — туды ўцякалі, калі было небяспечна ў вёсцы. Час ад часу вяскоўцы хадзілі дадому, напрыклад, па бульбу, муку. Калі наступала зацішша, таксама ішлі жыць дадому. Але ўсё ж большы час хаваліся вось у такім лясным жытле”.
У той дзень на пачатку чэрвеня 1944 года, калі Марыя трапіла ў рукі да акупантаў, яна з матуляй Вольгай Паўлаўнай і маленькаю сястрою пайшлі дадому, каб узяць ежу. Тата з братам засталіся ў лесе — чакалі партызан. “Мой тата Якаў Кузьміч, — працягвае аповед Марыя Якаўлеўна, — да вайны працаваў у лесе — нарыхтоўваў смалу, таму ён ведаў кожную сцяжынку, кожнае дрэўца ў навакольных лясах, добра арыентаваўся на мясцовасці. Калі стварыліся партызанскія атрады, тата стаў у іх правадніком і сувязным: мог пайсці на заданне на некалькі дзён, а потым вяртаўся дадому. Вось і ў той страшны дзень ён таксама чакаў, што яго пазавуць на заданне. Мы з мамай пераначавалі ў сваёй хаце, а раніцай прачнуліся ад таго, што пачулі страляніну. Гэта ў вёску ўварваліся немцы. Яны ехалі па вясковай вуліцы і стралялі па вокнах дамоў, па людзях, што выходзілі на двор, карацей, не глядзелі, куды траплялі іх кулі. За немцамі ішлі паліцаі з навакольных вёсак ды мясцовыя і ззывалі людзей ісці атрымліваць нейкія новыя дакументы. Усіх, хто на гэты момант аказаўся ў вёсцы, сагналі ў адзін двор. Мы таксама там аказаліся. Уцячы было немагчыма: вёска была абкружана акупантамі. Хто паспрабаваў гэта зрабіць — быў застрэлены. Праз нейкі час падагналі грузавую машыну, адчынілі задні борт і загадалі жанчынам з дзецьмі да 15 гадоў залазіць туды. Мама трымала сястрычку на руках, а я моцна ўчапілася за маміну спадніцу, і так па чарзе за іншымі вясковымі жанчынамі мы апынуліся ў машыне. Астатніх вяскоўцаў пагналі пешшу. У кузаве грузавіка мы сядзелі проста на падлозе, разам з намі ехалі ўзброеныя ахоўнікі. Праз некаторы час прыбылі ў Бабруйск. Нас прывезлі і пасялілі ў вялікім, з чырвонай цэглы, бараку (або хляве) з маленькімі вокнамі з жалезнымі кратамі амаль пад столлю. (Лагер для савецкіх ваеннапалонных і звычайных грамадзян быў створаны ў Бабруйскай крэпасці яшчэ восенню 1941 года і дзейнічаў да канца акупацыі. — Заўв. аўт.) Хтосьці казаў, што гэта турма, іншыя — што канцлагер. На падлозе вялікага памяшкання ляжала салома. Дзверы зачынілі, і ў той дзень ні піць, ні есці нам не давалі. На наступны дзень ахоўнікі забралі некалькі жанчын, і яны прынеслі вялікі бак з варанай бульбай. Высыпалі бульбу на салому, і кожны падыходзіў і браў, але не болей чым дзве бульбіны. Ахоўнікі папярэдзілі, што той, хто захоча ўзяць больш, атрымае жалезным прутам па руках. Ваду давалі адзін раз на дзень: стаяў бак і адзін раз можна было падысці і выпіць кружку вады. Дарэчы, кружка была прывязана цэпам. Каля варот нашай “турмы” на вуліцы быў прывязаны сабака. Калі вароты адчынялі, ён забягаў нават у барак. Сабаку немцы прыносілі ежу на падносе — рэшткі са свайго стала, тое, што не даелі самі. Аднойчы хлопчык Пятро, наш сусед па вясковай вуліцы, убачыў, што сабаку кінулі костку, можа, нават з рэшткамі мяса, і штурхнуў тую костку нагою да сябе. Рэакцыя сабакі была маланкавая: ён схапіў хлопчыка за нагу, вельмі моцна яе парваў. Ад сабакі малога ўдалося выратаваць, рану перавязалі: маці разарвала сваю спадніцу на бінты. Але ж ён усё роўна памёр ад вялікай страты крыві. Можа, яшчэ таму ён памёр, што ў яго ў той жа дзень немцы бралі кроў.
Я трапіла ў катавальню, дзе бралі ў дзяцей кроў, толькі на трэці ці чацвёрты дзень пасля таго, як мы прыехалі ў Бабруйск. Да медыкаў гітлераўцы выклікалі па некалькі дзяцей за адзін раз. Малечу клалі на тумбу, падобную на стол. Адзін ахоўнік трымаў ногі, другі — рукі. Кроў бралі з рукі або са скроні, напэўна, калі не маглі знайсці вену на руцэ. У мяне бралі са скроні — трымалі маю галаву, расцягвалі скуру на скроні. Потым амаль палова твару была суцэльны сіняк. Некалькі дзён я не магла нават пакласці галаву на бок. Канешне ж, дзеці баяліся гэтых працэдур, да таго ж яны былі яшчэ і балючыя. Таму малыя крычалі, плакалі, прасіліся — стаяў несціханы гвалт. Пасля працэдуры ахоўнікі праводзілі дзяцей да варот барака, адчынялі іх і моцна штурхалі малых у плечы, каб заходзілі, не марудзілі. Знясіленыя дзеці ледзь трымаліся на нагах, таму ляцелі, як пушынкі, збіваючы калені ды ставячы сабе гузакі. На наступны дзень пасля забору крыві прыходзіў немец і правяраў, як мы сябе адчуваем: падыдзе, нагою, ботам тузане ў бок — жывы ці не. Калі хтосьці паміраў, загадвалі жанчынам пагрузіць цела на машыну — потым вывозілі памерлых за горад і скідвалі ў роў пад мостам каля Бярэзіны.
Праз колькі дзён нашы каты загадалі ўсім пастрыгчы валасы. Выдалі нажніцы, і жанчыны пад наглядам аховы пастрыглі нагала дзяцей і адна адну. Валасы згрузілі ў вялікі мех. Таксама загадалі зрэзаць усе металічныя гузікі — іх таксама потым сабралі. Растлумачылі нам, што заўтра мы адправімся ў Германію. (Ужо пазней мы дазналіся, што за некалькі дзён да нашага з’яўлення ў Бабруйску на гэтым жа месцы жылі іншыя мамы з дзецьмі з навакольных вёсак і іх адправілі ў нямецкі канцлагер на смерць.) Але назаўтра мы нікуды не паехалі. Яшчэ праз дзень мы пачулі моцныя стрэлы — гэта вызваляць Бабруйск падышла Чырвоная Армія. Немцы ўцякалі і адстрэльваліся, чырвонаармейцы атакавалі ворага і таксама стралялі. Падчас гэтых перастрэлак некаторых з нашых вяскоўцаў параніла, у тым ліку і мяне — у плячо, нагу, зачапіла бок. Шрамы засталіся па гэты дзень. Кроў цякла вельмі. Мама разарвала сваю хустку, перавязала, заціснула мае раны. У хуткім часе вароты барака адчыніліся, і мы ўбачылі чырвонаармейцаў: нас вызвалілі. Да сваёй вёскі мы дабіраліся паўтара тыдні: чатыры дні ішлі ад Бабруйска да Кіраўска, там перадыхнулі ў сваякоў і пайшлі далей. Па дарозе ў вёсках чужыя людзі нас кармілі. Калі вярнуліся ў Баркі, убачылі жудасную карціну: усе будынкі (хаты, хлявы, дзіцячы сад, калгасная кантора, клуб) былі спаленыя. Пасля вайны, у сталінскія часы, мама загадала нікому не гаварыць, што мы былі ў Бабруйску ў нямецкім лагеры, а мне і самой не хацелася ўспамінаць, а хутчэй хацелася забыць тыя жахі, што мы перажылі…”
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ
Фота з архіва Марыі Уласавай