Темы

Ваеннае пакаленне — мірнаму пакаленню. Успаміны ветэрана Уладзіміра Лысака

Ваеннае пакаленне — мірнаму пакаленню. Успаміны ветэрана Уладзіміра Лысака

Ты спіш на пагосце, пад дубам,

А дрэвы трывожна шумяць…

Ніколі ўжо больш не раскажаш,

Як раны пякуць і баляць,

Ніколі ўжо больш не пачуем

Пра шлях баявы твой расказ…

М. П. Ляшко

Доўгая вуліца цераз усю вёску. Амаль у канцы яе стаіць вялікі крыж, увесь абвешаны ручнікамі і стужкамі, — гэта як арыенцір вулачкі, якая пачынаецца тут і мае сваю мясцовую назву Лысаковай. Тут, у гэтым месцы вёскі Касарычы, у вулачцы і стаіць хата ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Мікалаевіча Лысака.

Позняя восень 2016 года. На вуліцы імжэў дробны халодны дождж. Пасвістваў вецер. А ў хаце Уладзіміра Мікалаевіча — цёпла і ўтульна. Некалькі пакояў. Светла і чыста. Фотаздымкі. У адным з першых ад уваходу пакояў — вялікая металічная печка-буржуйка, у якую гаспадар зрэдку падкідвае невялічкія паленцы. Высокі, статны, з сівымі скронямі і зацікаўленым поглядам, шчыра запрашае праходзіць. Вось такой і засталася ў памяці тая сустрэча з ветэранам, за плячамі якога было вялікае жыццё ў 90 год, частка якога, прынамсі маладосці, прыйшлася на вайну. Успамінаючы тыя цяжкія гады, ён, хвалюючыся, часта паўтараў: “Які ж гэта быў страх, думалася часам, што ўсе загінем, што канец… А як радаваліся, калі наступіў мір. Словамі не перадаць тое пачуццё свабоды, што засталося на ўсё жыццё. Было такое шчасце, абдымаліся ўсе, смяяліся і плакалі, пелі песні — што перамаглі і больш ніколі не будзе вайны; верылі, што больш не здарыцца такой бяды; вайна — гэта ж гора і смерць, яна пераблытала ўсё і ўсіх, і трэба вельмі цаніць тое, што маем. Гэта ж было такое шчасце — вярнуцца дадому жывым”. Так казаў ветэран.

Нарадзіўся Уладзімір Міка-лаевіч Лысак у 1926 годзе на хутары Горнае.

“Ад Зубарэвіч — чатыры кіламетры і за чатыры — ад Касарыч, — апавядаў ён, — толькі цераз раку трэба было на лодцы плыць. Можна было і ў Зубарэвічах жыць, але бацькі пераехалі ў Касарычы. Да вайны на хутары тым было 14 гаспадарак. Дамы дабрэнныя стаялі, і гаспадарчых пабудоў было багата. А вось дзе гаспадары тых дамоў падзеліся — невядома. У 1939 годзе сюды перавялі з Касарыч 200 галоў кароў. Даяркі жылі ў асобным доме, пастухі таксама асобна. Была тут і свая пасека. Вуллі ўсе былі за шклом, і пчалавод бачыў, што ў іх робіцца. І маці, і бацька працавалі ў калгасе, дзеці дапамагалі па гаспадарцы.

А як пачалася вайна, то бацька, Мікалай Пятровіч яго звалі, пайшоў на фронт, а маці, Марыя Сцяпанаўна, засталася з намі, дзецьмі, у Касарычах. Як пачалі немцы ў вёску наязджаць, то некаторыя мужчыны, што не папалі на фронт, сыходзілі ў лес. А лясы вялікія, паспрабуй каго там адшукаць. Ды і баяліся немцы лесу. У сяле ведалі, што ў лесе ёсць партызаны і хто з сяльчан сярод іх.

Пятнаццаць год мне было, як пачалася вайна. Бывала, дзе вінтоўку знайду ці патрон які, схаваю, а потым перадам сваім. А ранняю вясною 1942 года, калі немцы рухаліся на Акцябрскі, то сустрэлі іх партызаны каля Касарыч, забілі багата немцаў і захапілі ўсё, што яны везлі з сабою. А праз нейкі час немцы вярнуліся ў сяло з новымі сіламі, спалілі частку пабудоў, тады згарэла і наша хата, а партызан, якія ў гэты час былі па сваіх хатах, расстралялі. Расстралялі і тых, хто ім дапамагаў. Казалі, здраднік выдаў. Маглі і маці маю расстраляць, але яна збегла да радні ў Зубарэвічы, так і засталася жывой”.

“Дзядзька Іван, брат маці, і брат старэйшы і я пайшлі ў лес, да партызан, — працягваў аповед ветэран. — Пайшлі ў лес у гэты час і Яльчык Цімафей з Заракушы, і Марціновіч Валодзя, Галамака Васіль, Турлыка Мікалай, Юневіч Павел і Кабернік Васіль. Хлопцы, мае сябры, ра-зам раслі, разам і ваяваць пайшлі”.

Партызанскі атрад меў назву “25 год УЛКСМ”. Начальнікам штаба, згадваў ветэран, быў Алесь Якубенка, а Пракопчык Сцяпан з Касарыч — камандзірам, пасля вайны ён служыў начальнікам КДБ Жыткавіцкага раёна, а пазней — у Калінкавіцкім райкаме партыі. Праз некаторы час, дзесьці ў 1943-м, камандзірам атрада быў Філітараў, а Пракопчык стаў камісарам. Атрад уваходзіў у склад 123 партызанскай брыгады, якая ў сваю чаргу ўваходзіла ў склад Палескага партызанскага злучэння. Атрад быў невялікі, чалавек мо дзвесце, былі ў ім і касарычане, і жыхары іншых вёсак, былі і салдаты, што не паспелі сысці са сваімі ў час адступлення, і афіцэры-кавалерысты з Кубані, часці якіх былі разбіты яшчэ ў самым пачатку вайны. Былі ў атрадзе і латышы з урочышча Вяцер, куды іх перасялілі ў час нэпа з Прыбалтыкі, там яны арганізавалі свой калгас “Сараканайс-Арайс”. Працавітыя, справядлівыя людзі.

“Жылі ў лесе ў зямлянках па чалавек 12, — расказваў партызан. — У халодны час ацяпляліся з дапамогай самаробнай печкі. Бралі вялікую жалезную бочку з-пад бензіну, выпальвалі яе, потым выразалі дзверцы і дзірку для дыму, які ішоў уверх. Так і грэліся. Вопратка была свая, у якой прыйшоў, у той і ваяваў, калі што ў іншым месцы не прыдбаў. Абутак вельмі рваўся. У атрадзе быў шавец — латыш, вось ён і выручаў. Калі было з чаго, то шыў усім маршчакі, гэта абутак, падобны да лапцей, толькі значна крапчэйшы, са скуры. Вось яны добра насіліся. Такія і ў мяне былі, у іх ваяваў доўгі час”.

Заданні, успамінаў Уладзімір Лысак, былі розныя, галоўнае — знішчаць ворага: “Было аднойчы даручана групе партызан выйсці да вёскі Краснай і зрабіць там засаду: калі будуць з Клетнага ісці на Глуск немцы і іх прыслужнікі — іх добра сустрэць. Сядзелі ў засадзе доўга. Сустрэлі добрым агнём, нечаканым. Загінула багата немцаў і паліцаяў. А тых паліцаяў, каго захапілі ў палон, сярод іх былі і дакольскія, і клятнянскія, і касарыцкія, ка-мандзір групы расстраляў. У Баянаве, Замасточчы, Бабровічах, Вайцяхове здраднікаў не было. І як ішлі з задання, смела зайшлі ў Вайцяхоў, а там вяселле, танцы на ўсю, гуляюць хлопцы і дзяўчаты. Прама з танцаў забралі з сабою Цвірко Мішу і Лазовіка Івана, Тупіцу Адама, які быў лесніком.

Каля Залесся быў бой, партызаны тады забілі мо з 70 немцаў і генерала, які быў абучаны ваяваць з партызанамі”.

“Атрад партызанскі трэба было неяк забяспечваць ежай, — згадваў ветэран. — Бывае, хто што з дому прынясе, што ў немцаў адаб’ём, што вяскоўцы дадуць. А прыходзілася і самім забіраць. Было дадзена заданне прыгнаць у атрад кароў. А дзе іх узяць? У Глуску быў вялікі статак. Сачылі за ім некалькі дзён, каб не трапіцца немцам. Дні мо чатыры сядзелі ў засадзе, чакалі, пакуль статак прыгоняць пасвіцца да ракі, месца тое сярод местачкоўцаў мела назву “Ляхавіца”, і яно падыходзіла аж да самага лесу. Дачакаліся. Завярнулі кароў у патрэбным накірунку і пагналі ў бок Каткі. Пастухі супраціўляліся, але дапамагалі гнаць. Дагналі да Вайцяхова і парашылі адправіць пастухоў назад, у Глуск. Але тыя ні ў якую: куды ж нам назад? статак не даглядзелі, немцы расстраляюць. Так і засталіся ў партызанскім атрадзе Камароўскі Ігар са сваім дзедам. Гнядзько Вася з Глуска і зараз, а прайшло вунь колькі часу, калі ўбачыць мяне, кажа: “Бандыт, забраў маю карову ў вайну!” Праўда, гэта ўжо гучыць як нейкі гумар, пагаворым ды разойдземся. Камандзірам нашага ўзвода тады быў Коўзун Яўстрат. А кароў прыгналі болей за 40 галоў”.

“Быў яшчэ выпадак, — расказваў Уладзімір Лысак. — У Акцябрскім раёне дзейнічаў атрад Папругі. І вось у гэты атрад прыйшоў чалавек, казаў, што збег ад немцаў. Мо з паўгода жыў сярод партызан. А потым у адну ноч збег і прывёў немцаў. Тады загінула мо чалавек сто. Абараняцца, захопленым знянацку, было цяжка. Пасля таго ўсім было даведзена, каб да новых людзей прыглядаліся і празнавалі пра іх”.

“Быў яшчэ такі эпізод у жыцці, — працягваў горкія ўспаміны Уладзімір Мікалаевіч. — У Бярозаўцы стаяў моцны нямецкі гарнізон. Партызанам быў дадзены загад разбіць яго. Сядзелі доўга ў засадзе ў Згодзе. А паміж Бярозаўкай і Зубарэвічамі — мост цераз раку Пціч, ён ахоўваўся немцамі, і іх трэба было адтуль выбіць. І вось брат Пятро на лодцы перапраўляў партызан да гэтага моста. І яго параніла, а было хлопцу толькі 13 год. Маці завярнула яго, параненага, у посцілку, ускінула на плечы і панесла ў Глуск, у лячэбніцу. Але ён не выжыў. І яна зноў, мёртвага, на плячах прынесла яго дадому, у сяло, і пахавала. А шлях жа не блізкі (ад Касарыч да Глуска 20 кіламетраў). Якое сэрца мацярынскае трэба было мець!”

І яшчэ адзін эпізод з партызанскага жыцця згадаў ветэран: “Пайшлі на заданне цераз Забалацце, каля Парэчча — пераначавалі і рушылі далей. А там быў такі вялікі глыбокі роў, перайшлі яго і толькі падняліся наверх, як пачалі страляць немцы. Відаць, засада была. Прыціснулі партызан да ракі. А перабірацца на другі бераг цяжка: рака ўжо пайшла. Абара-няліся, як кажуць, не на жыццё, а на смерць. Яша Кур’янаў, латыш, быў камандзірам аддзялення, Янка і Аляксандр — кулямётчыкі. Загінула нашых чалавек 10, сярод іх доктар і медсястра. Загінуў у гэтым баі і Турлыка Мікалай. А кулямётчык Вейс (латыш, да вайны працаваў у калгасе ветурачом) быў паранены ў нагу і доўгі час праляжаў без дапамогі, пакуль адбіліся ад немцаў і змаглі яго забраць. Нага страшная, аж счарнела. Выбраліся з таго пекла, у атрадзе знайшоўся доктар, ён даў параненаму грамаў 150 спірту і нагу тую адрэзаў простаю пілою. Хацелі адправіць на Маскву на самалёце. Чакалі, пакуль прыляціць той самалёт, а як прыляцеў — месца ўжо там, у самалёце, няма, столькі было параненых. Так і памёр партызан. Харошы быў чалавек. У Залессі і пахавалі”.

“Ваявалі, хавалі блізкіх і сяброў, галадалі, але надзею на вызваленне не гублялі, і калі пагналі немца, біць яго хацелася бесперапынна, адпомсціць за ўсіх”, — так завяршыў расказ пра сваё партызанскае юнацтва ветэран.

У 1944 годзе юнака прызвалі ў дзеючую армію, Акцябрскі ваенкамат. “Пасадзілі на машыны і павезлі ў бок Калінкавіч, а потым пагрузілі ў таварняк, гэта ўжо было на станцыі Калодзішчы, і зноў павезлі, — апавядаў Уладзімір Мікалаевіч. — Намі, прызыўнікамі, папаўнялі разбі-тыя часці. На нагах былі ма-ршчакі з абмоткамі, гэта ўжо пазней выдалі боты. А як прывезлі на месца назначэння — пастроілі ўсіх і запыталіся, хто ўмее вадзіць машыну. А я ўмеў, навучыўся яшчэ да вайны. Дзядзька мой, Харытончык Ілья, быў шафёрам, ну і я, бывала, к яму падсаджваўся ў кабіну, глядзеў, што і як. А калі дзядзька кульне чарачку, то і за руль дазваляў мне сесці. Так і навучыўся. Дык вось, учыніла камандаванне мне экзамен на шафёрства. Здаў. А было тады ўсяго 8 знакаў, па якіх трэба было ездзіць, крыху пазней — 16. Гэта зараз іх процьма, раней было прасцей.

Выдалі мне машыну ГАЗ-АА, а ўжо пад Варшавай перасеў на студэбекер, паміж сабою мы называлі яго “студзяра”. Вазіў сувязістаў. Пад Варшавай багата нашых палягло, багата ляжала пабітых салдат і коней, што цягалі артылерыю. Вісла была чырвоная ад крыві. 

Пад Варшавай мяне кантузіла. Міна ўзарвалася і накрыла зямлянку, восем чалавек загінула, а чатыры папалі ў шпіталь. Ачнуўся ў шпіталі, дзён мо 15 быў там,  а потым ізноў у бой”.

“Тады, у Польшчы, загінулі і сябры — Марціновіч Уладзімір Іванавіч і Юневіч Павел Іванавіч, — з жалем апавядаў франтавік. — А я застаўся жыць, каб іх помніць. Аслабанілі лагер для ваеннапалонных “Майданак”. Была там душагубка — вялізная зробленая бухта, туды заганялі палонных, а зверху быў люк — туды залівалі ацэтон і закрывалі гэты люк. А потым мёртвых звозілі самі ж палонныя ў топку. Попел выбіралі і рассыпалі на полі, садзілі капусту на ім. Нічога не каштавала чалавечае жыццё для таго нямецкага звяр’я”.

“Як ехалі, то дарогу паказвалі рэгуліроўшчыкі, — працягваў горкія ўспаміны ветэран. — На мяжы Польшчы з Германіяй маладзенькая дзяўчынка стаіць з флажком і паказвае, куды ехаць, — на захад, на Берлін, а ўздоўж той дарогі роў глыбокі, а там нашых салдат забітых — навалам ляжыць. Багата, багата мёртвых. І яна сярод іх, адна, маладзенькая. Жудасна было ўсё гэта бачыць. Дайшлі да ракі Одэр, горад Кюстрын. Рака шырокая, болей за 500 метраў, і ўжо лёд пайшоў. Салдат багата вакол. Нагналі штрафнікоў, тых, хто ў турме сядзеў, і выпусцілі першых на фарсіраванне гэтай ракі. Потым падышлі катары. Была, аказваецца, у нас, у Беларусі, марская пяхота — Пінская флатылія тады казалі. Паклалі пантонныя масты. Багата тады загінула салдат. Катар да сярэдзіны ракі дойдзе — яго і патопяць. Ох, і цяжка ж было. Чысла мо 29 красавіка дайшлі да ракі Шпрэе, якая ахінае рэйхстаг. Кінуліся нашы яе фарсіраваць. Рака-то і не шырокая, метраў мо 300, але вось берагі з боку рэйхстага — бетонныя і вышынёй болей за два метры. Ухапіцца салдату няма за што. Зноў у ваду падае, калі даплывае да той сцяны, а тут яшчэ па ім страляюць. А потым немцы яшчэ і шлюз адкрылі на гэтай Шпрэе. Усё вадою заліло. Плывуць людзі, чамаданы, адзенне нейкае, гвалт кругом… Страх што тварылася!

Шпрэе гэта абводзіла рэйхстаг, а перад варотамі рэйхстага, так, трошкі збоку ад іх, метраў за 50, быў мост, але яго ўзарвалі. Ну і як дабрацца туды? Падышлі нашы “кацюшы” і як далі па рэйхстагу! Падышла наша марская пяхота — Пінска-Бабруйская флатылія, паклалі пантонны мост. Па ім уварваліся ў рэйхстаг”.

Крыху гісторыі. Гэтая флатылія ўнікальная. Пры штурме рэйхстага толькі адно вайсковае злучэнне, звязанае з Ваенна-Марскім флотам, прымала ў ім удзел. Гэта была 1-я Бабруйская брыгада рачных караблёў Чырванасцяжнай Дняпроўскай флатыліі. Каб фарсіраваць раку Шпрэе, трэба было перадыслацыраваць частку 5-й ударнай арміі, людзей і танкі. Для гэтага былі задзейнічаны невялікія катары — паўглісеры. Дзесяць катараў, у кожным экіпажы — два чалавекі. Дэсанта магло змясціцца толькі 15 чалавек, танкі перапраўляліся на буксіры на пантонах. І вось гэтымі катарамі трэба было два палкі, каля пяці тысяч чалавек, праз гэтую рэчку пад шквальным агнём перавезці. І яны перавозілі — усю ноч, з гадзін 10 вечара да 8 раніцы. Пасля гэтай аперацыі брыгада стала называцца Бабруйска-Берлінскай брыгадай. Усіх, хто ўдзельнічаў у аперацыі, прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза. Праўда, зацвердзілі толькі дзевяць чалавек, але гэта іншая гісторыя…

“За метраў 50 ад Бран-дэнбургскіх варот стаяла батарэя. Салдаты рванулі на ўсю моц у рэйхстаг. Я дайшоў да пятага паверха. Усюды страляюць, сыплецца цэгла, стогны, крыкі… Забітых — і нашых, і немцаў — багата, ляжыць генерал нямецкі ўвесь у крыжах… Не дай бог такое больш калі бачыць, — апавядаючы, цяжка ўздыхаў ветэран. — На раніцу выкінулі немцы свае белыя посцілкі. Ка-пітуляцыя. Але ж вайна адразу не закончылася”.

Згадаў Уладзімір Лысак і парад у Берліне 7 верасня 1945 года: “Жукаў прымаў той парад там. Ішлі калоны савецкіх салдат, а па абодва бакі ад іх стаялі немцы, жыхары горада, і ўсе лезлі паглядзець, што сабой уяўляе Жукаў”.

Захавала памяць ветэрана і знакамітую гістарычную сустрэчу саюзніцкіх войскаў на Эльбе, якая адбылася ў красавіку 1945-га: “Фарсіравалі раку Эльбу. За ракою быў дубняк, гектараў мо з 50, а то і болей. І вось у гэтым дубняку злучыліся мо 18, мо 20 тысяч салдат. З лесу ехалі амерыканцы, былі тут і англічане, і рускія. Усе абдымаліся, стралялі ўверх, быў салют. Але стральбу тую камандаванне хутка забараніла, каб немцы не думалі, што ідуць баі. Нямецкія параненыя салдаты ўцякалі да амерыканцаў. Быў канцэрт генерала Аляксандрава (Барыс Аляксандравіч Аляксандраў, народны артыст СССР, 1905 г. н., мастацкі кіраўнік Ансамбля песні і танца Савецкай арміі, генерал-маёр (1973). — Заўв. аўт.) Паставілі ў рад шэсць студэбекераў — гэта была такая сцэна, каб усім было бачна выступленне. А пад вечар савецкія салдаты паехалі ў горад Намбург (верагодна, Гамбург). Там паздымалі барты з машын, і з іх выступалі камандуючы войскамі Жукаў, маршал артылерыі Воранаў, маршалы Ракасоўскі і Васілеўскі…”

“Пасля Берліна, да якога даехаў на студэбекеры, далі мне ЗІС-5, — так працягваў свой расказ Уладзімір Лысак. — І атрымаў загад ехаць на вайну з Японіяй. Даехалі добра за Маскву і атрымалі адваротны загад. Сказалі нам, што Квантунская армія (самая вялікая ваенная групіроўка Імператарскай арміі Японіі, была накіравана на агрэсію супраць Кітая, Манголіі і СССР. — Заўв. рэд.) разбіта, японцы капітуліравалі. Даслуж-ваў я ў горадзе Нагінску, за Масквою. Потым здаў свой ЗІС-5 у Смаленскую ваенную акругу і быў дэмабілізаваны. Як пайшоў ваяваць у партызаны ў 1942 годзе, то дадому вярнуўся толькі ў 1947 годзе”.

Апавядаў ветэран таксама пра пасляваеннае жыццё: “Прыехаў дадому, а хаты ж няма — у зямлянцы жылі. Бацька паранены быў. Ён ваяваў, дайшоў ад Карачаева да Масквы, Маскву абараняў, дайшоў да Кёнігсберга. Паранены быў у рукі, ногі і галаву. Былі ў яго ад правай рукі і левай нагі толькі куксы. Доўга лячыўся па шпіталях, а потым прывезлі яго ваенныя медсёстры дадому, у Касарычы. Прыйшоў і пачаў будаваць хату. Паколькі бацька інвалід вайны і я ваяваў, то пазней нам выдала дзяржава “Запарожац”, аўтамабіль такі, на сем год, а потым мянялі, так адзін, апошні, і зараз ёсць у мяне. На ім, калі трэба, і езджу, праўда, недалёка, калі ў Катку, калі яшчэ куды.

Як вярнуўся дадому, уладкаваўся працаваць меха-нікам у калгас, у Катцы. Галоўным інжынерам быў Багдановіч Віктар Мітрафанавіч. На работу ездзіў на матацыкле ІЖ, а пазней купіў К-700. Дзесьці ў пачатку 1960-х стаў шафёрам на машыне “хуткай дапамогі”, так там і працаваў. Ажаніўся, жанчыну звалі Любоў Фамінічна Коўзун. У яе брат быў, камандзір танкавай брыгады, — згарэў у танку. Працавала яна ў бальніцы, што была ў Касарычах, на 55 месцаў. Дзеці нашы, сын і дачка, жывуць у Мінску, ёсць і чацвёра ўнукаў, праўнучка…”

Быў партызан, франтавік Уладзімір Лысак і на адкрыцці мемарыяльнага комплексу “Зыслаў” у 1969 годзе.

Зыслаў — гэта назва вострава сярод балот. У гады вайны на востраве размяшчаліся Мінскі падпольны абкам і Любанскі райкам партыі, штаб Мінскага партызанскага злучэння і 25-й партызанскай брыгады імя Панамарэнкі, выдаваліся падпольныя рэспубліканскія газеты “Звязда” і “Чырвоная змена”, дзейнічалі партызанскі шпіталь і аэрадром. Ад Глуска цераз Слаўкавічы да яго можна праехаць, і будзе гэта мо кіламетраў 45—50 ад нас.

“На адкрыццё гэтага мемарыяльнага комплексу прыехала шмат людзей, у тым ліку Іван Ветраў, пракурор БССР, франтавік, кіраўнік партызанскага руху, — успамінаў Уладзімір Мікалаевіч. — Напачатку прыехаў ён да свайго ваеннага сябра Багдановіча, прыехаў з жонкай, тут і пераначавалі ў яго. Багдановіч Віктар Мітрафанавіч у вайну аднаго часу быў камандзірам партызанскага атрада, потым ваяваў на фронце, а ў мірны час быў брыгадзірам трактарнай брыгады МТС, дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. На раніцу я сеў за руль машыны ГАЗ-69, і мы ўсе паехалі на востраў Зыслаў. Прыехалі: народу багата і ў лесе, і на паляне, машыны розныя, і ваенныя, і звычайныя. Па дарозе нас спыніў патруль: куды едзем на такой машыне? А як выйшлі Багдановіч і Ветраў — адразу прапусцілі. Быў мітынг. Працавала палявая кухня. Былі накрыты сталы і для гасцей, і для абслугоўваючага персаналу. І вось я ў гэты дзень сядзеў за адным сталом з Панамарэнкам і Казловым. (Панцеляймон Канд-ратавіч Панамарэнка — начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху, Казлоў Васіль Іванавіч — кіраўнік Мінскага падпольнага абкама партыі і камандзір Мінскага партызанскага злучэння. — Заўв. рэд.). Размаўлялі, успаміналі Дзень Перамогі і радаваліся мірнаму жыццю”.

Калі Уладзімір Лысак працаваў у калгасе, то ўступіў у партыю камуністаў. Як дарагая рэліквія, у яго захоўваўся “Журнал секретаря партийной организации за 1988—1989 годы” калгаса вёскі Каткі. Сакратаром партарганізацыі тады быў Кісляк Юрый Уладзіміравіч, а яго намеснікам па ідэалагічнай працы — Ліпскі Аркадзь Мікалаевіч. Старшыня калгаса Гаўрыленка Дзмітрый Кірылавіч быў адказны за наглядную агітацыю. У журнале тым не толькі звесткі аб размеркаванні абавязкаў каму-ністаў, узносах, але і спіс камуністаў, якія мелі дзяржаўныя ўзнагароды і ганаровыя званні. Сярод іх і Лысак Уладзімір Мікалаевіч, пазначана, што ён мае ордэн Айчыннай вайны І ступені і 10 медалёў, у іх ліку — “За освобождение Варшавы”, “За взятие Берлина”, “За отвагу”, “Партызану Айчыннай вайны”, а ў мірны час — медаль “За трудовую доблесть”.

Успаміны — неўзарваныя міны памяці. Тое, што захоўваецца памяццю, можа гадамі ляжаць у глыбіні сэрца. Але надыходзіць час, і яны з’яўляюцца, узрываюцца на паверхню, каб іх пачулі і ведалі. Вось так і прайшло, праляцела жыццё. У чэрвені 2018 года перастала біцца сэрца ветэрана, ён пайшоў у нябыт, але не забыты. Будзе жыць у памяці людской, будуць жыць і яго ўспаміны…

Радзеюць рады ветэранаў.

Дык хай хоць імёны жывуць!

Каб помнілі людзі заўжды:

За мір ваявалі яны!

Іна КІРЫНА

Последние новости

Актуально

В Глусском районе 29 марта проходит единый день безопасности дорожного движения

29 марта 2024
Общество

30 марта глусчан приглашают принять участие в акции «Час Земли»

29 марта 2024
Власть

Услышьте это все. Александр Лукашенко ознакомился с мероприятиями проверки боеготовности соединений и воинских частей в Ошмянском районе

29 марта 2024
Власть

Сергеенко и ряд других руководителей освобождены от прежних должностей в связи с переходом на выборные должности

29 марта 2024
Культура

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Куда сходить и что посмотреть в Глуске в ближайшие выходные

29 марта 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Дважды герой Советского Союза Степан Шутов

29 марта 2024
Общество

ЦИК Беларуси зарегистрировал 56 кандидатов в члены Совета Республики

29 марта 2024
Актуально

Министерство спорта и туризма проводит правовой мониторинг

29 марта 2024
Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024