Темы

Праект “Падарожжа па родным краі”. Вёска Баянава (працяг)

Працяг. 

У 1878 годзе ў вёсцы Баянава існавала сельскагаспадарчае таварыства, а валодала маёнткам і вёскай маці Э. Быкоўскага Алена Дзям’янаўна. І вёска, і маёнтак уваходзілі ў прыход Поблінскай праваслаўнай царквы. К гэтаму часу частка сялян ужо прыдбала сабе ў асабістае карыстанне зямлю. Сялян-уласнікаў налічвалася 43 чалавекі.

У 1897 годзе ў Баянаве было 32 двары і 183 жыхары, яшчэ ў маёнтку жыло 15 чалавек; у ім было два двары, працаваў вадзяны млын, быў заезны двор.

У 1909 годзе ў дакументах пісалася, што “деревня Бояново” знаходзіцца ад валаснога цэнтра за 12 вёрст, ад павятовага горада — за 60, ад Мінска — за 200 вёрст. Бліжэйшая чыгуначная станцыя — Старыя Дарогі, да яе 45 вёрст. Колькасць двароў — 38, мужчын — 108, жанчын — 116, усяго 224 — і ўсе беларусы. У маёнтку — 1 двор, мужчын — 9, жанчын — 7, беларусаў — 4, палякаў — 12.

Ці меў Эдуард Быкоўскі сям’ю? На глускіх могілках ёсць пахаванне Аляксандры Якса-Быкоўскай (з рода Лапа), якая памерла ў 1899 годзе, магчыма, яна была яго жонкай. У 1914 годзе ў газеце “Маленькие одесские новости” з’явіўся невялічкі інфармацыйны артыкул такога зместу: “В Бобруйске на днях скончался в гостинице помещик Бобруйского уезда В. А. Якса-Быковский, состояние которого исчисляется в 8—10 миллионов. Покойный был вотчинником местечка Глуск, в котором до 8000 жителей, имел дома в городе и имения в уезде и владел виллами в Ницце и Париже, в которых, впрочем, сам никогда не жил. Одинокий старик, Быковский имел вид вечно нуждавшегося человека — ходил в старом изорванном пальто, не носил галош, отказывал себе во всём, зачастую даже в обеде. Когда он умер, прислуга гостиницы пожертвовала свое белье, чтобы одеть труп. А между тем в кармане его пальто найдено было процентных бумаг на 54000 рублей».

Можа, гэта і быў Эдуард Быкоўскі, які застаўся адзіным нашчадкам бацькавай спадчыны, ды і па гадах якраз падыходзіць. Але вось першая літара “В” уводзіць у сумніў. Магчыма, гэта нейкая памылка друку, а магчыма, гэта радня Быкоўскіх? Хаця наўрад… Быў у Адама Быкоўскага брат Адольберт, але ў межах Глускай воласці сярод значных памешчыкаў яго імені няма і нічога невядома пра тое, што гаспадарыў ён у Глускай воласці.

На крутым павароце

Год 1917-ы. Лютаўская рэвалюцыя, потым Кастрычніцкая, Грамадзянская вайна, белапалякі… Гэта быў круты паварот у лёсах мільёнаў людзей, што апынуліся ў цэнтры барацьбы, некаторыя нават не маглі і зразумець адразу, за што змагаюцца: за сучаснае ці будучае жыццё?

Шмат вяскоўцаў у гэты час служылі ў арміі. На Балтыйскім флоце праходзіў службу матарыстам Цімафей Захаравіч Радзько з Баянава. З 10 красавіка 1917 года служыў ён на эсмінцы “Автраил”, каманда якога займалася ўстаноўкай мінных загарод у моры, каля маяка. І вось, выконваючы адно з такіх заданняў, заўважылі на эсмінцы каля вострава Рамусар некалькі англійскіх караблёў і пачалі рухацца назад, каб не ўступаць з імі ў бой. Але меней як праз гадзіну ў раёне вострава Экхольм эсмінец сутыкнуўся з двума англійскімі эсмінцамі і крэйсерам. Абараняліся мужна і доўга, але сувязь была пашкоджана, “Автраил” таксама атрымаў пашкоджанні, страціў ход і быў захоплены англічанамі. З-за адсутнасці сувязі нашы караблі аказаць дапамогу не змаглі і вярнуліся ў Кранштат. Захоплены эсмінец, а з ім і экіпаж англічане перадалі буржуазнай Эстоніі, 251 марак аказаўся ў палоне. У студзені 1919 года 36 маракоў-камуністаў былі расстраляны на востраве Нарген, многія памерлі ад холаду і голаду, з палону ўцяклі 94 маракі, а Цімафей Захаравіч разам з часткай палонных трапіў да гаспадара-эстонца. Калі іх рассартоўвалі, хто што ўмее рабіць, то высветлілася, што марак Радзько добры каваль. Калі яму даручылі першую работу, ён выканаў яе хутка і якасна, і задаволены гаспадар  даў зразумець мараку, што такія людзі, як ён, паміраць не павінны. Так і выратавалі вяскоўца і ад смерці, і ад палону яго залатыя рукі. Пазней, калі вярнуўся дадому, гэтыя ж рукі кармілі ўсю сям’ю — вырабы каваля былі амаль у кожным двары і хаце навакольных вёсак. А потым сям’я ўступіла ў калгас, і зноў Цімафей Захаравіч працаваў там кавалём.

У час барацьбы з белапалякамі пацярпела і вёска Баянава. У газеце “Камуніст” ад 11 ліпеня 1924 года апісваецца, што “…8 и 9-го поползли панские подводы со скарбом, сопровождаемые польскими солдатами… Вечером вдруг загорелся театр рядом с лавками… Ходили слухи, что сожгут всё местечко (Глуск). На базаре под свет пожарища с музыкой отступали польские бандиты с огромными обозами награбленного добра, кругом стояло зарево. Горели Берёзовка, Бояново, Замосточье…”

У Глускай воласці пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада і пачалі паўсюдна фарміравацца новыя органы гэтай улады, скасоўваліся старыя дзяржаўныя структуры. Усю работу па ўліку зямлі, яе размеркаванні, вырашэнні іншых сялянскіх пытанняў павінен быў узяць у свае рукі валасны зямельны камітэт, які неабходна было сфарміраваць. Як толькі ў Глуску атрымалі распараджэнне аб роспуску земскай управы, адразу пачалася праца па стварэнні такога камітэта. Быў сабраны валасны сход сялянскіх дэлегатаў, і на ім абралі зямельны камітэт з сямі чалавек. Сярод іх — і Максім Зелянкоў з Баянава.

Зелянкоў Максім Рыгоравіч быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, членам валаснога рэўкама ў 1917—1918 гадах, усталёўваў савецкую ўладу на Глушчыне. Пазней служыў у Чырвонай Арміі, памочнік камандзіра дывізіі ў гады Грамадзянскай вайны, загінуў пры вызваленні Крыма ад Урангеля.

Меліярацыя

У 1924 годзе да вёскі Баянава далучылі вялікі кусок памешчыцкай зямлі. Зямлі ў ваколіцах вёскі было багата, але вось бяда: гэтыя землі былі ў асноўным забалочаныя, а як разлівалася рака Даколька, што працякае і зараз непадалёк ад вёскі, то і зусім цяжка было сабраць добры ўраджай. З кожнай дзесяціны, напрыклад, накошвалі сена толькі па некалькі пудоў. Было нават і такое, што траву сяляне касілі стоячы па пояс у вадзе, асцярожна пераходзячы з купіны на купіну.

І парашылі сяльчане пракапаць канавы, куды б магла сцякаць вада, каб хоць трохі адабраць зямлі ў балота. І ў гэтым жа 1924 годзе было створана Баянаўскае меліярацыйнае таварыства. Аб’ядналіся сяляне і пачалі капаць асушальныя канавы, а дзеля гэтай справы далучылі спецыялістаў, каб размеркавалі, дзе будуць гэтыя канавы, у якім накірунку павінна ў іх цячы вада. Дакументы былі падрыхтаваны, і праца пачалася. Капалі адразу ўручную, рыдлёўкамі, стоячы ў гразі, хто ў лапцях, а большасць дык і басанож. Гэта ўжо трохі пазней з’явілася меліярацыйная тэхніка. Праца надта была цяжкая, але свой вынік дала. На тарфяніках пачалі збіраць добрыя ўраджаі, сеялі на іх усё: і бульбу, і зерне, і проса, і буракі…

Галоўнай цяглавой сілай былі коні. Імі рабілі ўсю працу на сяле. Табун іх быў вялікі. Была ў вёсцы і канюшня, і ўся вупраж, і збруя, і баронкі, і плугі, і вазы… Усё было. Гэта ўжо амаль перад вайной у сялянскай працы пачала дапамагаць тэхніка, і то толькі на калгасных палетках, а свае, прысядзібныя, апрацоўвалі коньмі.

У 1926 годзе ў Баянаве быў 51 двор і 262 жыхары і яшчэ на пасёлку было 4 двары і 27 жыхароў.

“Чырвоны маяк”

Ішоў 1931 год. У раёне разгарнулася калектывізацыя. У адзін з дзён сабралі ўсіх жыхароў Баянава на сход і пачалі расказваць пра новае жыццё і што такое калектыўная гаспадарка. Перад аднавяскоўцамі выступіў камсамолец Уладзімір Станкевіч. Ён расказаў, што дасць селяніну калгас (або, як колісь казалі дзе-нідзе, “камуна”), як павернецца жыццё ў лепшы бок і зямлю будзе лягчэй апрацоўваць… Моладзь яго падтрымала, а вось старыя ды пажылыя былі супраць. Тым не менш калгас быў арганізаваны, а назву яму далі “Чырвоны маяк”. Старшынёй прапанавалі быць Станкевічу: “Першым за калгас агітаваў, вось і паспрабуй гэтага хлеба”, — гаварылі пры гэтым старыя, усё яшчэ не давяраючы новаму.

У гэты перыяд пачаліся рэпрэсіі ўсіх нязгодных з новай уладай, не жадаючых ісці ў калгас. Пачалося разбурэнне хутароў. У 1931 г. быў раскулачаны і высланы ў Свярдлоўскую вобласць Ліхадзіеўскі Карл Іванавіч, 1882 г. н., разам з ім туды ж адправілі яго дзяцей Браніслава, 1910 г. н., Вікторыю, 1930 г. н., Іосіфа, 1923 г. н., а таксама сваякоў: Ліхадзіеўскую Мальвіну Іванаўну, 1881 г. н., Ліхадзіеўскую Марыю Якаўлеўну, 1916 г. н. Усіх рэабілітавалі ў 1995 г. Бахановіч Іван Нічыпаравіч быў асуджаны на 10 год лагернага жыцця, ужо калі працаваў у калгасе, у верасні 1937 года. Рэабілітаваны 16.01.1989.

У 1932 годзе калгас “Чырвоны маяк” аб’ядноўваў 52 гаспадаркі, а ў 1937-м — 84 гаспадаркі і меў 1118 гектараў зямлі.

З вялікімі цяжкасцямі рос і мацнеў калгас. Першы старшыня У. А. Станкевіч кіраваў ім аж да 1935 года, потым тут жа быў рахункаводам, потым зноў паставілі кіраваць сваім калгасам. У 1939—1940 гадах Станкевіч быў старшынёй Сіманавіцкага сельсавета.

Была вайна

Як пачалася вайна, ён ідзе ў ваенкамат і яго залічваюць у знішчальны батальён, створаны з мэтай барацьбы супраць дэсанта і шпіёнаў. А як з’явіліся ў нашым раёне немцы, Станкевіч становіцца адным з арганізатараў партызанскага руху. Аднымі з першых да барацьбы з ворагам далучыліся барбароўцы — Платон Лугін, Аркадзь Маханька, Раман Марціновіч — і свае, баянаўскія мужыкі — Васіль Марціновіч, Аляксандр Змітровіч, Рыгор Краўчанка, Федзя Уманец …

Уманец Фёдар Адамавіч, 1914 г. н., быў падпольшчык. Яго жонка і дзеці: Рая, 1939 г. н., Мая, 1937 г. н., Валя, 1941 г. н., — уся сям’я — былі расстраляны гестапа ў 1943 годзе.

Дакладная запіска “секретаря Глусского райкома партии А. М. Коноваленко в ЦК КП(б)Б о действиях Глусского партизанского отряда Полесской области с 29 июня по 2 августа 1941 года” сведчыць, што барацьба супраць ворага пачалася амаль з першых дзён: “В дер. Бояново Глусского района 6 человек из отряда встретили группу мотоциклистов, позади которых шли бронемашины. Партизаны их обстреляли, немцы вернулись обратно в Березовку…” Каб затрымаць рух ворага, партызаны некалькі разоў узрывалі масты каля Халопеніч і Баянава, а іх там да вайны было аж шэсць штук. А калі трэба было пераправіць нашых, то самі ж і рамантавалі.

Сяльчане дапамагалі сваім усім, чым маглі, пра многіх такіх памагатых стала вядома немцам. Як колісь апавядалі вяскоўцы, мабыць, нехта данёс, бо адкуль той немец ведаў, што чый чалавек, бацька альбо сын знаходзіцца ў лесе? Дзесьці ў 1942 годзе расстралялі 33 жыхары за сувязь і дапамогу партызанам. Сярод іх дзевяць жанчын.

Адна са старэйшых жыхароў в. Баянава Ахрэмчык Ганна Міхайлаўна, 1928 г. н., успамінала, што ў самым пачатку вайны немцы забілі яе бацьку Міхаіла Васільевіча Марціновіча: “Ён з некалькімі мужчынамі быў непадалёк ад вёскі, іх злавілі і расстралялі. Пахавалі бацьку тут жа, на баянаўскіх могілках. А маці, звалі яе Параска, памерла ад тыфу. І засталося чацвёра дзяцей з бабуляй, бацькавай маці”.

“А ўперад, як толькі даведаліся, што немцы блізка, усё насельніцтва Баянава разбеглася хто куды, — апавядала Ганна Міхайлаўна. — Мы з бацькамі чамусьці папалі ў Бярозаўку, але потым усё роўна вярнуліся дадому, у Баянава. А немцы тады ўпершыню наляцелі на матацыклах. Пазаймалі хаты. Вярнуліся мы, а ў хаце нашай ужо немцы гаспадараць. Мы жылі ў склепе. Бабуля глядзела ўсіх нас, я — старэйшая, малодшаму мо тры гады было. Ежы не было, галадалі часта, елі і пышкі, і лебяду. Адзежы таксама не было. Добра помню, як аднойчы паехалі некуды немцы і прывезлі вельмі багата рознай адзежы, у хаце нашай яна была. І пайшла бабуля, каб што-небудзь далі немцы для дзяцей. Пажалілася іх начальніку, што “кіндэры” хочуць есці і голыя ходзяць. Начальнік нешта трохі нам даў той адзежы, калі-нікалі, бывала, давалі і ежу, цукар дзецям давалі. Але болей, чым каму, адзежы аддалі Марусі з нашага сяла. Яе гаспадар быў разам з немцамі.

Было яшчэ, помню, у нашым двары нейкі дурнаваты немец выкапаў вялікую яму, каб, мабыць, там хавацца, а па вясне ў ёй вада, а дзеці ж малыя бегаюць тут, побач. Бабуля зноў пайшла да начальніка, доўга тлумачыла, што дзеці могуць упасці ў яму. Калі да яго дайшло, што хоча жанчына, то ён нешта доўга крычаў на таго дурня, а пасля ўсё ж яму тую засыпалі, а выкапалі за сялом.

Немцы, можна сказаць, пастаянна ў вёсцы і не жылі. Адны паедуць — другія прыедуць”.

У 1942 годзе расстралялі немцы Радзько Кандрата Марцінавіча, быў звязаны з партызанамі, дапамагаў ім. Маці не перажыла напаткаўшага іх сям’ю гора і таксама ў хуткім часе памерла. Засталіся двое дзяцей. Старэйшаму хлопцу было 18 год, малодшаму 13. “Помсціць ворагу за смерць бацькоў”, — так вырашыў старэйшы, Васіль. Ён уладкаваў малодшага брата ў радні ў Слаўкавічах, а сам падаўся ў партызаны. Быў ён у атрадзе імя Будзённага. Першае баявое хрышчэнне атрымаў у баі каля в. Альбін. У адным з баёў узброіўся трафейным аўтаматам. І біў ім ворага аж да вызвалення Беларусі, а потым армія, фронт. Вызваляў Усходнюю Прусію. Каля горада Гумбінен баявы шлях прыпыніўся, тут салдат атрымаў асколачнае раненне, у шпіталі і сустрэў вестку аб перамозе. Узнагароджаны быў ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Вярнуўся дадому, адразу працаваў на Глускім маслазаводзе трохі, а потым паехаў дадому ў Баянава, пайшоў у свой калгас. Цяжкі быў час. Усю працу рабілі рукамі ды коньмі, а яны, коні, змучаныя вайной, вельмі хварэлі, і вырашыў Васіль Кандратавіч вучыцца на ветэрынара, каб дапамагаць жывёле. Працаваў у калгасе і брыгадзірам, і загадчыкам фермы, але больш за дваццаць год ветэрынарам. Добра спраўляўся з працай, за што атрымліваў і Ганаровыя граматы, і грашовыя прэміі.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024