Сяргей Грахоўскі. Не толькі паэт
Сёння, 25 верасня, аматары паэзіі адзначаюць дзень нараджэння паэта Сяргея Іванавіча Грахоўскага, нашага земляка.
Вершы Сяргея Грахоўскага ведаюць і любяць многія, а вось тое, што паэт яшчэ і выдатна маляваў, — факт не такі шырока вядомы. Між іншым, Сяргей Іванавіч насамрэч нядрэнна маляваў, асабліва любіў пейзажы, і нават выкладаў у школе маляванне і чарчэнне. Яго дачка Таццяна Сяргееўна згадвала ў адным з інтэрв’ю: “Вельмі многа вандраваў. Нават за мяжой давялося пабыць. У яго была дзіцячая цікавасць да ўсяго. І ўменне захапляцца, радавацца. Заўсёды звяртаў нашу ўвагу: “Паглядзіце, якое неба! Паглядзіце, якія воблакі! Паглядзіце, якая траўка!” У Сібіры захапляўся прыгажосцю прыроды. У яго хапала сілы і энергіі там маляваць. Нават некалькі яго малюнкаў захавалася”.
Некалькі фотакопій з малюнкаў Сяргея Грахоўскага родныя паэта ў свой час падарылі глускаму музею. Вы можаце пабачыць гэтыя малюнкі ў музейнай экспазіцыі. “Кветкі тайгі” — так называецца адзін з іх, Сяргей Іванавіч намаляваў яго ў 1951 годзе, калі жыў у Біязе, у сібірскай ссылцы. “Тайга з майго акна” — так назваў паэт пейзаж, які датуецца сакавіком 1953 года.