Темы

Шэсцьдзесят гадоў разам! Аляксандр Фёдаравіч і Галіна Міхайлаўна Лук’янавы з вёскі Дварэц адзначылі брыльянтавае вяселле

Шэсцьдзесят гадоў разам! Аляксандр Фёдаравіч і Галіна Міхайлаўна Лук’янавы з вёскі Дварэц адзначылі брыльянтавае вяселле
Аляксандр Фёдаравіч і Галіна Міхайлаўна ў лістападзе адсвяткавалі брыльянтавае вяселле

У пачатку лістапада ў сям’і Аляксандра Фёдаравіча і Галіны Міхайлаўны Лук’янавых, жыхароў вёскі Дварэц Завалочыцкага сельсавета, адбылася значная падзея — яны адсвяткавалі брыльянтавае вяселле. Шэсцьдзесят (!) гадоў яны ідуць разам па жыцці. Як па мне, дык гэта ўнікальныя людзі: прайшлі разам праз радасць і выпрабаванні, змаглі зберагчы сваё каханне, з пяшчотаю ды цеплынёю і зараз глядзяць адзін на аднаго. Не маглі мы абмінуць увагаю гэтую сям’ю і выправіліся да Лук’янавых у госці, каб і вам, паважаныя чытачы, пра іх расказаць і жыццёвай мудрасці набрацца.

У народзе ёсць такая прыказка: Бог не адну пару лапцей стопча, пакуль мужа з жонкай знойдзе. І праўда, цяжка знайсці “свайго” чалавека, ды яшчэ каб і на ўсё жыццё. А вось Аляксандру Фёдаравічу і Галіне Міхайлаўне гэта ўдалося. Пазнаёміліся будучыя сужэнцы ў 1960 годзе, калі разам вучыліся ў Жыліцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме.  “Вучыліся мы на адным курсе, але ў розных групах, — успамінае Галіна Міхайлаўна. —  У першыя тыдні вучобы бачылі адзін аднаго, але асабіста знаёмыя яшчэ не былі. Як было заведзена ў студэнтаў, у хуткасці ўвесь наш курс — 60 чалавек — адправілі ў калгас капаць бульбу. Дзяўчаты барозны наганялі і капалі, а хлопцы бульбу ў скрыні засыпалі і вазілі на конях. Вось тады мы і пазнаёміліся. З таго часу пачалі сябраваць. У 1962 годзе шэсць чалавек з нашага курса (у тым ліку мяне з Шурам) адправілі на практыку ў Завалочыцкі саўгас. Я жыла дома ў вёсцы Туркі, а Шура пасяліўся ў майго суседа Мішы, які таксама вучыўся разам з намі. Зноў побач мы. Разам хадзілі пешкі на практыку ў Завалочыцы, у Сіманавічы. Вечарамі таксама ўсе разам — я з сяброўкаю ды Міша з Шурам — хадзілі гуляць”.

На маё пытанне, што ж спадабалася адзін у адным будучым сужэнцам, Галіна Міхайлаўна і Аляксандр Фёдаравіч адказалі не адразу, на нейкі момант задумаліся. Потым амаль разам сказалі: “Прыгожыя, маладыя, вось і спадабаліся. А яшчэ хутка зразумелі, што сустрэлі “свайго” чалавека, знайшлі роднасную душу”. Потым Галіна Міхайлаўна прынесла з іншага пакоя вялікі партрэт, якому шмат гадоў: з фота глядзеў прыгожы малады хлопец Аляксандр і дзяўчына-красуня Галіна. Дарэчы, хлопец вельмі падобны на акцёра, зорку савецкага кіно, Вячаслава Ціханава. Ці не праўда?

Маладая сям’я Лук’янавых, 1962 год

“Восенню 1962 года якраз на свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, — працягвае ўспамінаць Галіна Міхайлаўна, — студэнтам далі крыху больш выхадных і Шура прыехаў к Мішу ў госці ў Туркі. На самой справе, мы ўжо планавалі распісацца. Пра гэта наша рашэнне ведаў толькі мой старэйшы брат. Восьмага лістапада з раніцы ён забраў нас з вёскі на грузавой машыне ГАЗ-53, завёз у Глускі ЗАГС, мы распісаліся, і ён адвёз нас назад. На нашай вясельнай цырымоніі прысутнічалі толькі рэгістратар, яе муж, мой брат і мы. Мая мама, калі дазналася, што мы пажаніліся, войкнула, усплёснула рукамі і сказала: “А божачкі ж мае”, але ёй нічога не заставалася, як прыняць зяця”.

Такая рэакцыя маці Галіны Міхайлаўны, зразумелая — пажаніліся два студэнты, у якіх, як кажуць, нічога за душою не было, ні кала, ні двара. Але ж такое выпрабаванне любячыя адзін аднаго маладыя людзі прайшлі з годнасцю. Адвучыліся, сталі самі працаваць, зарабляць грошы. “Мы да працы прывычныя, — працягвае размову Галіна Міхайлаўна, — дзяцінства нялёгкае ў нас абаіх было, сіротамі раслі, без бацькі. Мне было толькі некалькі месяцаў ад нараджэння, калі майго тату схапілі гітлераўцы. Яны прыйшлі ў Чырвоную суботу напярэдадні Пасхі да нас у хату, а тата мяне, немаўля, на руках трымаў якраз. Немец кажа: “Пакладзі кіндэра ў калыску і збірайся”. Схваціў мяне з бацькавых рук, у калыску кінуў… З ежы ў нас на той дзень засталіся толькі шэсць цыбулін і шэсць яек. Акупанты падзялілі наша “багацце”: па тры яйкі і цыбуліны сабе забралі, а па тры “кіндэрам” пакінулі. А дзяцей у хаце было пяцёра! Тату вывелі з двара, і больш яго мы ніколі не бачылі…” Падчас гэтага расказу, успамінаючы сваё сіроцкае дзяцінства, не змагла стрымаць Галіна Міхайлаўна слёз…

Аляксандру Фёдаравічу таксама прыйшлося прайсці ў дзяцінстве праз цяжкае выпрабаванне: ён у 4-гадовым узросце разам з мамай трапіў у канцлагер у Азарычах. Канешне ж, памяць маленькага хлопчыка выхапіла з таго жудаснага перыяду толькі некаторыя моманты: памятае, як вельмі доўга некуды ішлі, як мама за пазухай грэла ножкі маленькаму сыночку…

У лютым 1965 года сям’я Лук’янавых пераехала ў Глускі раён, у Дварцы ім далі жыллё. Аляксандра Фёдаравіча запрасілі працаваць брыгадзірам у саўгас “Завалочыцы”. Затрымаўся ў гэтай гаспадарцы аж да выхаду на заслужаны адпачынак, адпрацаваўшы тут 42 гады. Галіна Міхайлаўна таксама працавала ў саўгасе, а яшчэ  выхоўвала дзетак, займалася хатняй гаспадаркай. Як расказалі мае суразмоўцы Лук’янавы, у іх заўсёды была вялікая гаспадарка: конь, каровы, свінні, шмат птушкі і трусоў трымалі. І зараз яшчэ курэй трымаюць, каб хлеў не пуставаў. І агарод садзяць. “У мяне вакол хаты вельмі кветак многа ўлетку, — кажа Галіна Міхайлаўна. — Восенню вось насенне назбірала з іх, каб у наступным годзе вясною і летам зноў у мяне рознакаляровы кветкавы дыван быў у двары”.

Падчас размовы з Лук’янавымі мяне цікавіла пытанне, якое, напэўна, цікавіць усе сем’і: якім чынам на працягу жыцця сужэнцам удавалася абыходзіць супярэчнасці, знаходзіць узаемаразуменне паміж сабою, не сварыцца. Аляксандр Фёдаравіч адказаў: “Ведаеце, у нас у жыцці і прычын, каб сварыцца, не было. Размаўлялі, абмяркоўвалі праблемы, такім чынам і знаходзілі кампраміс, паразуменне”. Галіна Міхайлаўна дабавіла: “Калі і раззлуёмся адзін на аднаго, дык заўсёды хутка мірыліся. Бывала, паспрачаемся, Шура пойдзе з хаты, але праз хвілін дваццаць ужо прыйдзе ды пытаецца: “Можа табе, Галя, вады патрэбна прынесці ці лучыны насекчы”. Так за хатнімі справамі ды размовамі і мірыліся”. А яшчэ да сказанага маімі суразмоўцамі хочу дабавіць і свае ўражанні. Калі толькі мы дамаўляліся пра сустрэчу, Галіна Міхайлаўна мне адразу сказала: “Параюся з мужам”. Потым, падчас размовы, не раз жанчына называла мужа галавою сям’і. Можа быць, нехта скажа, што такі патрыярхальны ўклад у сямейным жыцці — гэта ўжо перажытак мінулага. Магчыма і так, але ў такім укладзе ёсць у першую чаргу і адказнасць мужчыны за сваю сям’ю, за жонку і дзяцей, чаго вельмі часта не хапае сучасным мужчынам.

Аляксандр Фёдаравіч і Галіна Міхайлаўна выгадавалі і выхавалі дваіх дзяцей. Дапамагалі гадаваць унукаў, якіх у іх чацвёра. Зараз ужо прычакалі і чацвярых праўнукаў. З вялікай пяшчотай, любоўю і гонарам расказвалі мне пра дзяцей, унукаў і праўнукаў, паказвалі фотаздымкі, шмат якія стаяць на пачэсных месцах у гасцёўні. Калі я пагутарыла з унучкай Юліяй, то зразумела, што такая ж любоў і пяшчота да бабулі з дзядулем ва ўнукаў узаемная.

Хочацца пажадаць сям’і Аляксандра Фёдаравіча і Галіны Міхайлаўны Лук’янавых здароўя, дабрабыту, доўгага жыцця, каб адсвяткаваць са сваімі роднымі і наступны сямейны юбілей.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва сям’і Лук’янавых

Последние новости

Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024
Общество

Семья Дербеевых из Глуска — участники областного этапа конкурса «Семья года»

18 апреля 2024
Общество

Головченко: состав участников ВНС полностью сформирован, делегатами будут 1162 человека

18 апреля 2024
Культура

Полвека проработала в Глусской музыкальной школе Татьяна Николаевна Макаревич

18 апреля 2024
Актуально

Минтранс проводит правовой мониторинг постановления о требованиях к организаторам автоперевозок

18 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024
Власть

Подготовку к первому заседанию VII ВНС обсуждают на совещании у Лукашенко

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Общество

Деловая женщина с ножницами. О самом известном парикмахере Глусского района Ольге Колодинской

5 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024