Темы

Пяць вякоў таму з’явілася мястэчка Глуск-Дубровіцкі

Пяць вякоў таму з’явілася мястэчка Глуск-Дубровіцкі
Другая палова XVIII стагоддзя. Выява касцёла ўнутры ўмацаванняў Глускага замка з піктаграфічнай карты Гершка Ляйбовіча

Найноўшую гісторыю нашага Глуска мы даволі добра ведаем, а вось падзеі сівой даўніны, мінулых стагоддзяў губляюцца ў часе і, на жаль, мала калі згадваюцца сучаснікамі. Між тым сяголета спаўняецца 500 гадоў з моманту заснавання мястэчка Глуск-Дубровіцкі: 20 снежня 1522 года Вялікі князь Літоўскі Жыгімонт І даў дазвол князю Юрыю Гальшанскаму-Дубровіцкаму на заснаванне мястэчка.

Глуск-Дубровіцкі — мястэчка

У грамаце, урыўкі з тэксту якой надрукаваны ў кнізе “Памяць. Глускі раён”, напісана: “Жикгимонт божю млстю король польский великий князь Литовский руский княжа пруское жемойтский и иных. Бил чолом князь Юрий Иванович Дубровицкий и поведал перед нами штож он збудовал собе у выймени своем замок у Глуску и просил в нас абыхмо ему дозволили там место садити и торг и корчмы мети… Што мы з ласки нашое на его чоломбите то вчинили иж мает там при замку его глусском место садити и торг и корчмы мети… И на то есмо ему дали сес нам лист з нашоею печатью…”  Гэта першы вядомы дакумент, дзе згадваецца замак і мястэчка Глуск-Дубровіцкі. Як адзначае археолаг Ірына Ганецкая ў кнізе “Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц”, тэкст граматы выявіў і надрукаваў гісторык Зіновій Капыскі ў “Хрэстаматыі па гісторыі Беларусі”. Там жа пазначана, што дакумент захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, але Ганецкай знайсці яго там ні ў выглядзе асобнай адзінкі захоўвання, ні ў кнігах Метрыкі ВКЛ так і не ўдалося. Увогуле, шмат якія дакументы, што тычацца гісторыі нашага мястэчка, зараз захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь.

1560 год. Ліст караля Жыгімонта ІІ Настассі Гальшанскай

З імем Юрыя Гальшанскага-Дубровіцкага звязаны і яшчэ некалькі важных дакументаў і падзей з гісторыі Глуска: князю былі дадзены прывілеі на правядзенне ў Глуску кірмашу з 1525 года (у дзень Святога Міколы асенняга) і з 1527 года (у дзень Святога Міколы веснавога). Вядома, гандаль заўсёды даваў штуршок да развіцця гарадоў і мястэчак. Гістарычна склалася так, што Глуск-Дубровіцкі агіналі значныя гандлёвыя шляхі, якія ішлі ад Мінска, Мазыра, Пінска, Слуцка. У сферу іх уплыву трапляе і Глуск: нашаму мястэчку ў гэтай гандлёвай сістэме таксама знайшлося месца. Дадатковым плюсам у месцазнаходжанні мястэчка з’яўлялася і рака Пціч.  

Уладальнікі Глуска і замка

На працягу гістарычнага жыцця і ў выніку складаных сямейных сувязей, а бывала, што і сямейных канфліктаў, змяняліся ўладальнікі Глуска. У розныя часы ім валодалі Гальшанскія, Чартарыйскія, Палубінскія, Радзівілы, Юдыцкія. Кожны з уладальнікаў па-рознаму адносіўся да сваёй уласнасці: некаторыя бывалі ў замку і мястэчку зрэдку, наездамі, а хтосьці жыў тут стала, як, напрыклад, Мікалай Фаўстын Радзівіл, а пазней яго сын Альбрэхт. Безумоўна, і  ўклад у развіццё мястэчка ўладальнікі ўнеслі таксама розны: хтосьці меншы, а хтосьці і вельмі значны, як, напрыклад, Аляксандр Гіляры Палубінскі.

Так, у 1646 годзе ён атрымаў каралеўскі прывілей на правядзенне ў Глуску на працягу тыдня аднаго кірмашу на год. Калі мястэчка ў 1655 годзе было разбурана атрадам казакоў Івана Залатарэнкі, Палубінскі фактычна ўзвёў новую фартэцыю з дзвюма мураванымі вежамі, землянымі валамі, пяццю бастыёнамі і ровам, запоўненым вадой. Падтрымліваў ён таксама Глускі бернардынскі кляштар. У 1670-я пад патранатам Палубінскага ў Глуску працаваў знакаміты гравёр таго часу Аляксандр Тарасевіч, пра што сведчыць надпіс на адной з яго гравюр. На час, калі мястэчкам і замкам валодаў Аляксандр Гіляры Палубінскі, прыходзяцца і самае страшнае іх разбурэнне, і іх росквіт.

Пачынаючы з 1648 года праз наша мястэчка прайшла чарада войн. Як адзначае археолаг Ірына Ганецкая, войны суправаджаліся масавым знішчэннем насельніцтва, вывазам палонных, рабаваннямі і гвалтам: “Казацкія загоны спалілі мястэчка і Глускі замак, а жыхароў пасеклі. Тыя, хто застаўся жывы, пахавалі землякоў проста на тэрыторыі замка”. І ў кнізе “Памяць” таксама згадваюцца тыя падзеі: “У сакавіку 1655 года атрад казакоў Залатарэнкі паводле загаду маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча Глуск захапілі, агнём выпалілі, шмат людзей пабілі”. Канчаткова мястэчка было вызвалена ад непрыяцеля толькі ў 1661 годзе, але і пасля гэтага яно яшчэ некалькі разоў падвяргалася набегам і рабаўніцтву з боку казакоў і лясных разбойнікаў. У той час Глуск быў спустошаны, спалены і знішчаны. Пасля такога страшнага разбурэння мястэчка вызвалілі ад падаткаў на 10 гадоў (пасля гэты тэрмін працягвалі яшчэ некалькі разоў). У другой палове 1660-х Аляксандр Палубінскі пачаў аднаўленне Глуска і замка.

Пасля аднаўлення Глускі замак стаў галоўнай рэзідэнцыяй Аляксандра Палубінскага, а маёнтак — найбольшым з яго уладанняў, менавіта таму Аляксандр надаваў Глуску шмат увагі.

Прывілей караля польскага Яна ІІІ князю Дамініку Радзівілу на права правядзення ў Глуску 2 ярмарак. 1691 год

З 1685 года Глуск па спадчыне пераходзіць дачцэ Аляксандра Палубінскага Ганне Марыяне, якая была замужам за Дамінікам Мікалаем Радзівілам. Такім чынам у гісторыі нашага мястэчка пачалася новая старонка, цесна звязаная з магутным магнацкім родам — Радзівіламі. У першай палове XVIII стагоддзя мястэчкам Глуск і замкам валодаў Мікалай Фаўстын Радзівіл. Ён разам з жонкай Барбарай (з Завішаў) выбралі сталай рэзідэнцыяй для пражывання менавіта Глуск. У дакументах згадваецца, што на бернардзінскім касцёле ў той час быў вялікі звон, на адным баку якога змяшчалася выява арла з лебедзем, а на другім — надпіс з імёнамі Мікалая і Барбары. У 1738 годзе па загадзе Мікалая Радзівіла да касцёла быў прыбудаваны мураваны двухпавярховы корпус кляштара, які, дарэчы, у 1767 годзе згарэў разам з мястэчкам.

Наступным уладальнікам мястэчка Глуск стаў граф Юзаф Юдыцкі, які быў у шлюбе з Алаізай Радзівіл. Юдыцкія валодалі Глускам у першай палове ХІХ стагоддзя, але потым за даўгі былі вымушаны свае ўладанні падзяліць паміж крэдыторамі. Сярод крэдытораў былі заможныя землеўладальнікі Якса-Быкоўскія —  ім дастаўся Глуск. 

  Пра аднаго з апошніх уладальнікаў Глуска з роду Якса-Быкоўскіх было напісана ў газеце “Маленькія адэскія навіны” ад 28 красавіка 1914 года (інфармацыя з сайта starosti.ru): “У Бабруйску днямі памёр у гатэлі памешчык Бабруйскага павета В. А. Якса-Быкоўскі, багацце якога складае 8—10 мільёнаў. Нябожчык быў вотчыннікам мястэчка Глуск, у якім да 8000 жыхароў, меў дамы ў горадзе і маёнткі ў павеце і валодаў віламі ў Ніцы і Парыжы, у якіх, зрэшты, сам ніколі не жыў. Адзінокі стары, Быкоўскі меў выгляд чалавека, які вечна жыў у нястачы — хадзіў у старым разарваным паліто, не насіў галошаў, адмаўляў сабе ва ўсім, часцяком нават у абедзе. Калі ён памёр, прыслуга гасцініцы аддала сваю бялізну, каб апрануць нябожчыка. А між тым у кішэні яго паліто зной-дзена было працэнтных папер на 54 000 рублёў”.

Глуск на старажытных картах

1555 год. Глуск на карце Еўропы К. Фопеля

Глуск-Дубровіцкі з’яўляецца на картах з XVI стагоддзя. Так, Глуск ёсць на карце Еўропы 1555 года нямецкага картографа Каспара Фопеля, на карце ВКЛ 1613 года Томаша Макоўскага. На прасторах інтэрнэту можна знайсці карту сярэдзіны ХІХ стагоддзя, дзе пазначаны не толькі агульны план Глуска, а і бліжэйшыя вёскі, дарогі.

Глускі замак з карты 1817 года

Як выглядаў Глуск

Па звестках кнігі “Памяць. Глускі раён”, у 1551 годзе ў Глуску налічвалася 124 дамы. Цэнтральная вуліца называлася вуліца Вялікая. Яна мела ўмацаванне і адны вароты — Слуцкую браму. У той час побач з замкам стаялі дом на падклецці, канюшня, свіран, камора, пякарня, кухня, лазня. На рынку, які размяшчаўся каля Пцічы, знаходзілася карчма і 12 крам.

У дамове 1571 года паміж князямі Заслаўскімі і Настассяй Чартарыйскай аб падзеле маёнтка Глуск названы некаторыя размешчаныя тут пабудовы: драўляны замак з трыма вежамі і 34 гароднямі (гародня — гэта прамавугольны зруб з бярвення ці брусоў, тып абарончага збудавання ў Х—ХVІІІ стст.). На замкавым дзядзінцы стаялі чатыры свірны, дом на падклецці з дзвюма святліцамі, каморай і сенцамі і іншыя збудаванні.

У 1628 годзе ў Глуску была пабудавана праваслаўная царква, крыху пазней — касцёл бернардзінцаў.

У 1638 годзе ў мястэчку было 14 вуліц і 331 зямельны ўчастак, дзве царквы ўніяцкія, трэцяя — праваслаўная. Жылі ў мястэчку пераважна мяшчане, слугі феадала, яго падданыя, многія з іх паходзілі з сялян. Сярод мяшчан былі даволі багатыя гандляры, рамеснікі, якія мелі вялікія зямельныя надзелы.

У канцы XVII — пачатку XVIII стагоддзя ў Глуску і воласці з шасці войтаўстваў налічвалася ўжо 739 дамоў. У 1758 годзе толькі ў мястэчку быў ужо 471 двор, з якіх трэцяя частка належала яўрэям. У цэнтры Глуска размяшчалася гандлёвая плошча, дзе стаялі 47 крам, 25 камор. Таксама тут былі драўляныя Васкрасенская і Троіцкая цэрквы, шпіталь, школа. Плошча звязвалася дарогаю з замкам. У мястэчку было на той час 12 вуліц, галоўныя з іх выводзілі на дарогі, што ішлі на Мінск, Слуцк, Мазыр, Бабруйск. Местачковыя вуліцы называліся: Мінская, Слуцкая, Рымарская, Школьная, Украінская, Лучкоўская, Святога Антона і іншыя.

У 1859 годзе ў Глуску налічвалася 430 двароў і пражывала амаль 3000 жыхароў, у канцы ХІХ стагоддзя — ужо амаль 5000 чалавек. Тут размяшчаліся валасное праўленне, народнае вучылішча, царкоўна-прыходская школа, дзве праваслаўныя царквы, касцёл, сем яўрэйскіх малітоўных дамоў, 125 крам, сельская лячэбніца, дзевяць заезных двароў, паштова-тэлеграфная станцыя. У сераду, пятніцу і нядзелю ў мястэчку праходзілі таргі.

Цікавы факт. Падчас археалагічнага даследавання Ірынай Ганецкай Глускага замка ў адзін з археалагічных сезонаў сярод вялікай колькасці артэфактаў — рэшткаў гліняных гаршкоў і іншых побытавых рэчаў — сустрэліся і незвычайныя знаходкі. Так, у 2003 годзе быў знойдзены фрагмент сцегнавой косткі дарослага тыгра (!). Што гэтая экзатычная жывёліна рабіла ў Глускім замку, можна толькі здагадвацца.

Падрыхтавала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з сайта niab.by і з кнігі І. Ганецкай “Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц”

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024