Темы

Як глушчане жылі і святкавалі юбілей СССР у 1972 годзе

Як глушчане жылі і святкавалі юбілей СССР у 1972 годзе
Глуская аўтастанцыя

Трыццатага снежня 1922 года Першы Усесаюзны з’езд Саветаў зацвердзіў Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. РСФСР, Украінская ССР, Беларуская ССР і Закаўказская СФСР аб’ядналіся ў адну дзяржаву з адзінымі органамі палітычнай улады са сталіцай у Маскве.

З таго моманту мінула цэлае стагоддзе. Гэта доўгі час, за які змянілася некалькі пакаленняў, адбыліся лёсавызначальныя і проста значныя гістарычныя падзеі, краіна прайшла свой гістарычны шлях ад утварэння да росквіту і да распаду… Ужо больш як 30 гадоў няма Савецкага Саюза: 26 снежня 1991 года Вярхоўны Савет СССР прыняў Дэкларацыю аб спыненні існавання СССР.
За 79 гадоў у жыцці краіны былі вялікія дасягненні, падзеі сусветнага, нават касмічнага маштабу, але было і шмат трагічных старонак. Кожнаму, хто нарадзіўся і пражыў хаця б першыя дзесяць гадоў свайго жыцця ў савецкай дзяржаве, ёсць што ўспомніць пра СССР. Напрыклад, людзі старэйшага пакалення часцяком успамінаюць, як разам з калектывамі ездзілі на экскурсіі па розных гарадах СССР, як кожны новы год па тэлебачанні аб’яўлялі пра зніжэнне цэн на тыя ці іншыя тавары… Маладзейшыя ўспамінаюць сваё бесклапотнае дзяцінства, савецкае марожанае і іншыя прысмакі, якіх не сустрэнеш зараз пры ўсім багацці асартыменту на паліцах нашых крам… Так і захацелася хоць на імгненне перанесціся ў той час… І ў чытачоў “Радзімы” якраз ёсць такая магчымасць — з дапамогай падшыўкі раённай газеты мы адправімся ў 1972 год, калі савецкія грамадзяне святкавалі 50-годдзе ўтварэння СССР.
Менавіта такой значнай даце былі прысвечаны рознай тэматыкі нататкі ў кожным нумары раённай газеты. Напрыклад, пад рубрыкай “Насустрач 50-годдзю ўтварэння СССР” навукоўцы-гісторыкі з Мінска і Масквы падрабязна расказвалі чытачам, як стваралася вялікая савецкая дзяржава, якіх поспехаў у прамысловасці, эканоміцы, культуры і адукацыі дасягнулі савецкія рэспублікі. На старонках раённай газеты “Сцяг Радзімы” час ад часу друкаваліся фотаздымкі галоўных плошчаў і праспектаў савецкіх гарадоў.
Былі на старонках раёнкі і навіны з розных рэспублік Саюза. Так, у нататках пад рубрыкай “Па краіне” карэспандэнты ТАСС распавядалі пра дасягненні навукоўцаў з Эстоніі, калгаснікаў з Таджыкістана і шахцёраў з Украіны.
Да юбілею краіны прымеркаваны быў і вялікі праект, за назву якога ўзялі словы з гімна СССР “Саюз непарушны рэспублік свабодных з’яднала навекі вялікая Русь”. Яго рыхтавалі рэдакцыі БелТА і ТАСС, а друкавалі раёнкі. Праект быў прысвечаны гісторыі, развіццю, дасягненням кожнай з 15 савецкіх рэспублік. Асобны артыкул у кожным выпуску праекта быў прысвечаны ўзаемаадносінам з нашай рэспублікай.
У першых нумарах раённай газеты “Сцяг Радзімы” 1972 года карэспандэнты пісалі пра падзеі мясцовага маштабу, вельмі важныя для глушчан і жыхароў раёна: у пачатку года шмат калгаснікаў і працоўных сталі навасёламі. Будаваліся не тое што дамы, а цэлыя вуліцы! Напрыклад, у вёсцы Чыкілі, на полі, дзе працякала ручаіна і раслі вербы, за тры гады вырасла новая вуліца. “Першы дом тут быў пабудаваны тады, калі беларускі народ адзначаў 50-годдзе сваёй рэспублікі. Хутка былі закладзены падмуркі для іншых жылых дамоў, і вуліцу ў гонар 50-годдзя Беларусі назвалі Юбілейнай… У светлых, прыгожых дамах, збудаваных з дапамогаю калгаса, сустракаюць людзі другі год дзявятай пяцігодкі”, — пісала раёнка. Новы, 1972 год у новым двухпавярховым васьмікватэрным доме сустракалі і працаўнікі саўгаса “Глускі” ў пасёлку Пціч Каткаўскага сельсавета. Да свята такі падарунак сяльчанам падрыхтавалі будаўнікі ПМК-61.
Нагадвала раёнка і аб тым, што ў савецкіх грамадзян расце дабрабыт. Аўтар нататкі “Набылі легкавыя аўтамабілі” М. Цімафееў расказвае, што не так даўно пачаў працаваць Волжскі аўтамабільны завод (быў адкрыты ў 1966 годзе), а вось ужо ў Глуску і вёсках раёна можна сустрэць машыны “Жыгулі”. Першымі ўладальнікамі аўтамабіляў сталі: шафёр аўтабазы № 5, шафёр калгаса імя Чапаева, работніца райунівермага і загадчык раённага аддзела культуры.
А як вам такая назва артыкула: “У Маскву, на ёлку”? Цяперашніх дзяцей за добрую вучобу або спартыўныя дасягненні таксама адпраўляюць у якасці заахвочвання на рэспубліканскую ёлку ў сталіцу нашай Беларусі, а вось у 1972-м дзевяць школьнікаў — дзяцей механізатараў і шафёраў з калгасаў “Дружба”, “Гвардыя”, імя Арджанікідзэ адправіліся аж у Маскву, у Крэмль, на навагоднюю ёлку. Рабяты гасцілі ў сталіцы СССР 10 дзён, цягам якіх пазнаёміліся яшчэ і з яе гістарычнымі мясцінамі.
Трэба адзначыць, што школьнікі ўвогуле былі, бадай што, самымі актыўнымі ў падрыхтоўцы да юбілею савецкай краіны: на старонках раёнкі шмат нататак аб іх справах. Напрыклад, вучні Глускай сярэдняй школы № 1 праводзілі Тыдзень сяброўства са сваімі аднагодкамі з іншых саюзных рэспублік. “Рабяты з 6 “Б” класа завязалі перапіску з піянерамі сяла Насачова Чаркаскай вобласці, што на Украіне. Шасцікласнікі ўжо атрымалі ад украінскіх школьнікаў некалькі пісем і пасылку. У ёй былі нацыянальны сцяг Украінскай ССР, магнітафонная стужка з запісам гімна рэспублікі і навагодняе віншаванне. Акрамя таго, школьнікі з Насачоўскай школы пераслалі насенне кветак. Вясною яно будзе выкарыстана для кветніка сяброўства”, — пісала раённая газета.
У іншых школах раёна рабяты таксама рыхтаваліся да 50-годдзя СССР: праводзілі тэматычныя вечары, выступалі з дакладамі перад настаўнікамі і вучнямі сваіх школ. Да таго ж вельмі папулярнымі былі ў той час Тыдні саюзных рэспублік і гурткі інтэрнацыянальнай дружбы, пра якія, дарэчы, не так даўно ўжо падрабязна мы расказвалі на старонках сучаснай раёнкі.

У кісельным цэху Глускага плодаагародніннага завода

Юбілею краіны прысвячалі свае працоўныя дасягненні калгаснікі, рабочыя і служачыя: яны бралі працоўныя абавязацельствы, накіроўвалі звароты і выклікалі сваіх калег (нават з суседніх раёнаў) на працоўныя спаборніцтвы. Напрыклад, брыгадзір пятай брыгады калгаса “Радзіма” Л. Хурсан на нарадзе перадавікоў сельскай гаспадаркі раёна ад імя сваёй брыгады ўзяў абавязацельства ў 1972 годзе “давесці ўраджайнасць зерневых да 32 цэнтнераў з гектара, бульбы — да 175 цэнтнераў”. Даярка той жа гаспадаркі Марыя Ляпко ўзяла абавязацельства “давесці сярэдні надой малака ад каровы да 4100 кілаграмаў”.
Мяркуючы па артыкулах у раёнцы, сярод працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў праводзіліся і спаборніцтвы ўсесаюзнага маштабу. Напрыклад, у адным з нумароў газеты “Сцяг Радзімы” была нататка з такім загалоўкам: “Усесаюзны конкурс жывёлаводаў”. У конкурсе маглі ўдзельнічаць любыя гаспадаркі з усяго Савецкага Саюза. І прызы былі вельмі прываблівымі: “Гаспадаркам-пераможцам будуць уручаны дыпломы, грашовыя прэміі (ад 2000 да 8000 рублёў) і выдавацца легкавыя аўтамабілі “Волга”, ГАЗ-69А, “Масквіч”. За гадаванне жывёлы — чэмпіёнаў і рэкардыстаў парод, за ўстанаўленне абсалютных усесаюзных рэкордаў па прадуктыўнасці жывёлы — прэмія 5000 рублёў”. На жаль, невядома, ці ўдзельнічалі глускія гаспадаркі ў гэтым конкурсе, прынамсі, у раёнцы за 1972 год больш пра яго інфармацыі не было.
Дарэчы, у адной з нататак пра палявыя работы сустрэла назву невядомага (магчыма, толькі мне) угнаення — калчаданны агарак. Можа, хто-небудзь з нашых чытачоў-спецыялістаў па сельскай гаспадарцы, хто працаваў у 1970-я, раскажа, што гэта такое, навошта яго выкарыстоўвалі, адкуль прывозілі.
Вядома ж, ударная праца глушчан не заставалася па-за ўвагай кіраўніцтва прадпрыемстваў, сельскіх гаспадарак. Так, напрыклад, калгаснікаў — перадавікоў працы ўзнагароджвалі пуцёўкамі ў санаторыі, набытымі за кошт калгасаў. “Клопаты аб людзях, аб іх здароўі заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў. Па пуцёўках сваіх гаспадарак пабывалі ў дамах адпачынку і санаторыях 12 калгаснікаў і рабочых саўгасаў”, — адзначаў у нататцы Л. Баравік, інспектар-рэвізор РК прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі.
Для чалавека заўсёды важна меркаванне аўтарытэтных людзей, да іх прыслухоўваюцца іншыя. На старонках газеты “Сцяг Радзімы” ў 1972 годзе самым заслужаным людзям раёна таксама было дадзена слова праз юбілейную анкету “Я — грамадзянін Савецкага Саюза”. Адказвалі на пытанні анкеты, складзенай журналістамі раёнкі, Герой Савецкага Саюза Ульян Рыбак (на той час працаваў тэхнолагам спіртзавода саўгаса “Завалочыцы”), ударнік камуністычнай працы рабочая прамкамбіната Антаніна Курылава, загадчык майстэрні калгаса “Зара” Віктар Багдановіч, заслужаны настаўнік школ БССР дырэктар Каткаўскай СШ Цярэнцій Яльчык і іншыя. Вось было, напрыклад, такое пытанне ў анкеце: “СССР — шматнацыянальная дзяржава, і ўсе народы яе — адзіная сям’я. Як гэта адлюстроўваецца ў вашым жыцці?” Ульян Рыбак на пытанне пра самую памятную падзею ў жыцці адказаў: “Дзень Перамогі, які я сустрэў у сталіцы Чэхаславакіі — Празе. Памятаю, тады якраз да мяне прыехалі карэспандэнты адной з армейскіх газет, і мы разам радаваліся Перамозе…”
Юбілей савецкай дзяржавы, безумоўна, шырока адзначаўся па ўсёй савецкай краіне на працягу другой паловы снежня 1972 года рознымі ўрачыстасцямі. Так, напрыклад, у Глуску (а дакладней, у Хваставіцкім сельскім Доме культуры) прайшло ўрачыстае пасяджэнне райкама КПБ, раённага Савета дэпутатаў працоўных. “Пад гукі маршу ў залу ўносіцца Дзяржаўны сцяг Саюза ССР, сцягі саюзных рэспублік, пераходныя Чырвоныя сцягі, уручаныя раёну за поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве, за павелічэнне прадукцыі сельскай гаспадаркі…”, — так апісвала газета “Сцяг Радзімы” пачатак мерапрыемства. На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі сельскіх гаспадарак, прадпрыемстваў, піянеры і камсамольцы, а пачэсным госцем быў старэйшы на той час у Глускім раёне камуніст (у партыі з 1919 года) Фама Сцяпанавіч Кабернік. Напрыканцы мерапрыемства “з вялікім уздымам удзельнікі ўрачыстага пасяджэння выканалі партыйны гімн “Інтэрнацыянал”.
Нумар раённай газеты, які выйшаў якраз у дзень 50-гадовага юбілею Савецкага Саюза, быў цалкам прысвечаны гэтай знамянальнай даце. На першай старонцы: вялікі фотакалаж з савецкім сцягам і партрэтам Леніна, а таксама выявы 15 сцягоў саюзных рэспублік, і каля кожнага — здымак прадстаўніка ў нацыянальным адзенні. Ёсць у святочнай газеце, безумоўна, даклад першага сакратара райкама партыі Л. Сіманава, фотаздымкі перадавікоў і ганаровых жыхароў раёна, шмат іншых тэматычных артыкулаў. Але для нас будуць больш цікавымі нататкі “Лічбы і факты” пра жыццё глушчан у 1972 годзе. Так, згодна з прыведзенымі ў газеце данымі, у раёне на той час працавала 207 медыцынскіх работнікаў, з якіх 35 — урачы. У 60 жыхароў нашага раёна былі ва ўласнасці аўтамабілі, а ў 922 — матацыклы. У калгасах і саўгасах раёна працавала прыкладна 65 спецыялістаў розных прафесій з вышэйшай і каля 200 спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. На палях працавала 462 трактары, з іх 134 — гусенічныя, 172 — колавыя маркі “МТЗ” і 46 — самаходныя шасі. У ашчадныя касы раёна 10,5 тысячы ўкладальнікаў унеслі на зберажэнне 7 мільёнаў 210 тысяч рублёў.

Падшыўку гартала
Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Последние новости

Культура

Экскурсия глусских «арт-крошек»

20 апреля 2024
Актуально

В рамках акции Госэнергогазнадзор бесплатно проведет обследование вашего дома

20 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024