Темы

На ўсе 100! Жыхарцы вёскі Макавічы Глускага раёна Валянціне Паўлаўне Бараноўскай 22 лютага споўнілася 100 гадоў

На ўсе 100! Жыхарцы вёскі Макавічы Глускага раёна Валянціне Паўлаўне Бараноўскай 22 лютага споўнілася 100 гадоў

У сваім узросце Валянціна Паўлаўна Бараноўская з вёскі Макавічы ад першай да апошняй старонкі чытае раённую газету, абірае на вячэру бульбу, заплятае сабе косы, добра памятае мінулае і гэтак жа добра, цікава пра яго расказвае. Выглядае гэта прыгожая жанчына, без перабольшвання, на ўсе 100 працэнтаў, хоць 22 лютага ёй споўнілася 100 гадоў!

І па гістарычных, і па чалавечых мерках 100 гадоў даволі вялікі адрэзак часу. За цэлае стагоддзе ў сусветным маштабе адбылося шмат падзей: ствараліся і знікалі з карты свету імперыі і дзяржавы, змяняліся пакаленні, нават  у космас чалавек паляцеў… У жыцці аднаго чалавека 100 гадоў тым болей вельмі значны і сур’ёзны шлях. Менавіта стагадовы юбілей адзначыла 22 лютага жыхарка вёскі Макавічы Валянціна Паўлаўна Бараноўская. Безумоўна, абмінуць увагаю чалавека, у якога за плячамі цэлае стагоддзе, мы не маглі, і напярэдадні ўрачыстай даты я выправілася да юбіляркі ў госці.

На стале ў пакоі, дзе чакала мяне Валянціна Паўлаўна, ляжаў стос газет, у тым ліку і наша раёнка. “Вельмі люблю чытаць, — растлумачыла жанчына, — выпісваю і газеты, і часопісы. На жаль, памяць дрэнная стала, прачытала — а назаўтра ўжо і забылася”. А вось тое, што было калісьці, Валянціна Паўлаўна памятае добра.

Другое дзіця ў сям’і, дзе было чацвёра дзяцей, нарадзілася яна ў гэтай самай хаце, дзе жыве і зараз. Гэта спадчына яе бацькі, Паўла Хрыстафоравіча Скіндзера. “Мой тата быў вельмі разумны і заможны чалавек, — распавядае Валянціна Паўлаўна. — Разам з братам (яго хата стаяла па суседстве) яны жылі наводдаль ад іншых вяскоўцаў, на хутары. Вакол іх двароў былі толькі поле ды лес. Ваўкі падыходзілі проста да нашага плота ды хлявоў. Да рэвалюцыі і яшчэ ў першыя гады савецкай улады ў кожнай вёсцы існаваў падзел на звычайных вяскоўцаў і больш заможных, так бы мовіць, шляхту. Багацце, канешне, не падала з неба, а даставалася цяжкаю працаю. Бацька мог дазволіць сабе наняць работнікаў, але ж і сам працаваў разам з імі”.

Павел Хрыстафоравіч Скіндзер, бацька Валянціны Паўлаўны. Фота пачатку ХХ стагоддзя

Са старога фотаздымка — партрэта Паўла Скіндзера — на мяне глядзеў сапраўдны франт. Здымак быў зроблены ў Мінску яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. “Дзед вёў гаспадарку разумна, з выкарыстаннем розных механічных прылад, — дапаўняе расказ маці Яўген Міхайлавіч. — У нас і зараз стаіць у двары англійская сячкарня 1870 года выпуску, якую ён купіў у Мінску. Мы карысталіся гэтай прыладай увесь час, што мама трымала гаспадарку”. 

Разглядаю пасведчанне аб нараджэнні Валянціны Паўлаўны (яно захавалася!): нарадзілася ў засценку Макавішчы Глускай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. Бацька: Скіндзер Павел Хрыстафоравіч (43 гады), маці — Алена Іванаўна (37 гадоў). Род заняткаў бацькоў — земляробства.

У перыяд калектывізацыі маёмасць братоў Скіндзераў забралі. Дзядзьку раскулачылі і выслалі ў Сібір, у яго хаце зрабілі медпункт і бібліятэку, а вось Паўла і яго сям’ю, напэўна, пашкадавалі: ён страціў зрок і быў поўнасцю сляпым. “Але, нягледзячы на гэта, — кажа Валянціна Паўлаўна, — мог выразаць такія цудоўныя граблі, што іншы відушчы не зрабіў бы. Лёс адмераў майму тату нядоўгі век: хутка пасля вызвалення Макавіч ад фашыстаў ён захварэў на тыф і памёр”.

Адзін з галоўных успамінаў дзяцінства ў Валянціны Паўлаўны — вучоба ў школе. Яшчэ да вайны яна скончыла ў Макавічах сямігодку і адзін год хадзіла вучыцца ў Глускую школу. “Падручнікаў амаль не было, пісаць чым і на чым таксама, — успамінае юбілярка, — але мы вучыліся з вялікай ахвотаю і цікавасцю. Адзін год я адвучылася ў Глуску. Жыла на кватэры — мама збірала мне харчоў на тыдзень, а на выхадныя прыходзіла дадому”.

Валянціна Паўлаўна Бараноўская з дачкою Людмілаю.1978 год

Пасля вайны Валянціна Паўлаўна больш за восем гадоў жыла і працавала ў Глуску страхавым агентам. Потым вярнулася ў родную вёску: працавала ў калгасе, нейкі час у магазіне, а з 1967 года, скончыўшы курсы швачак, — у сельскай швейнай майстэрні. У 1968 годзе стала загадчыцай майстэрні, а пазней — загадчыцай комплекснага прыёмнага пункта. “Мама заўсёды была рукадзельніцай, добра шыла, — кажа сын. — Яна і зараз, калі патрэбна, можа нешта падрамантаваць, зашыць”.

Падчас нашай размовы Валянціна Паўлаўна не адзін раз успамінала тагачаснага дырэктара камбіната бытавога абслугоўвання Лізавету Адамаўну Еўпак. Я, канешне ж, папрасіла былога кіраўніка прадпрыемства расказаць пра юбілярку. “Валянціна Паўлаўна — гэта дабрэйшай душы чалавек, — распавядае Лізавета Адамаўна, — інтэлігентная, адказная, заўсёды вытрыманая, ніколі ні на каго не павышала голас. Ідэальны работнік. Ёй заўсёды можна было даверыць самыя складаныя заданні. За гэта не раз яна была адзначана Ганаровымі граматамі, прэміямі. Працаваць з ёй было лёгка і камфортна. Паболей бы такіх людзей, як Валянціна Паўлаўна, нас абкружала ў жыцці, і паболей бы такіх працаўнікоў, як яна”. У 1978 годзе Валянціне Бараноўскай уручылі медаль “Ветэран працы”. 

Але ж не адной працай жыве чалавек. У 1949 годзе мая гераіня знайшла свой лёс: яна выйшла замуж за Міхаіла Восіпавіча Бараноўскага з суседняй вёскі Арэхаўкі. У сям’і нарадзіліся дачка і два сыны. Але старасць разам з мужам сустрэць не прыйшлося: памёр Міхаіл Восіпавіч, не дажыўшы крыху да 50 гадоў. Малодшы сын на той час быў у 7-м класе. Далей Валянціна Паўлаўна дзяцей падымала ўжо адна. “Ніколі я не чуў ад маці, — кажа Яўген Міхайлавіч, — што ёй цяжка, што яна стамілася… Усё жыццё працавала, вялікую хатнюю гаспадарку трымала. Траіх унукаў на лета заўсёды да сябе забірала. Як яна ўсё паспявала, як з усім спраўлялася — я не ведаю”.

Можа, таму і спраўлялася, што жыццё яе было ў дзецях ды ўнуках, што хацела бачыць іх адукаванымі людзьмі, што не было часу сумаваць ды шкадаваць сябе? А яшчэ не любіць Валянціна Паўлаўна п’яніц ды курыльшчыкаў. Можа, і сакрэт яе даўгалецця ў здаровым ладзе жыцця, у працы ды пастаяннай актыўнасці. І зараз,  у свае 100 гадоў, Валянціна Паўлаўна дапамагае сыну спраўляцца з хатнімі справамі, напрыклад, бульбу на вячэру абірае. Невялікая справа, а ўсё ж такі і яна на карысць.

Стагадовы юбілей — гэта, паўтаруся, значная і сур’ёзная дата ў жыцці чалавека. Здароўя вам, Валянціна Паўлаўна, моцы і бадзёрасці, хай вас заўсёды абкружаюць любоў і клопат родных! З юбілеем, са стагоддзем вас!

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з сямейнага архіва Бараноўскіх

Последние новости

Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024