Пяты па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу з’явіўся ў Глуску

Пяты па ліку дзіцячы дом сямейнага тыпу з’явіўся ў Глуску, яго адрас — вуліца Дарожная, 1.
Тут на мінулым тыдні адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця з усімі атрыбутамі свята — паветранымі шарыкамі, музыкай, песнямі, гасцямі і падарункамі.

З нядаўняга часу ў гэтым новым прыгожым двухпавярховым доме пасялілася сям’я Андрэйчыкавых. Алена Сяргееўна (менавіта ў яе статус выхавацеля) з мужам Алегам Эдуардавічам — бацькі са стажам: у іх чацвёра сваіх дзяцей, трое ўжо дарослыя, з мамай і татам зараз застаецца малодшая Насця, яна вучыцца ў восьмым класе. У студзені, калі афіцыйна быў створаны гэты дзіцячы дом сямейнага тыпу, яны ўзялі на выхаванне чацвярых непаўналетніх, што засталіся без бацькоўскай апекі: Арцёма, Сяргея і Вераніку з Іванам (яны родныя сястрычка і брацік).
На будаўніцтва гэтага дзіцячага дома было патрачана больш за паўмільёна рублёў, гэта сродкі рэспубліканскага і раённага бюджэтаў (амаль пароўну). У доме сем жылых пакояў, прасторная кухня, што вельмі зручна для гаспадыні, тры санвузлы, балкон, гардэробны пакой, словам, усё, што патрэбна для вялікай сям’і. Дом будавала мясцовая ПМК-249, а з набыццём мэблі і іншых неабходных у гаспадарцы рэчаў дапамаглі Глускі лясгас, ААТ “БНБК-АГРА Глуск”, ААТ “Магілёўліфтмаш”. Іх прадстаўнікі былі запрошаны на наваселле ў якасці ганаровых гасцей.
Старшыня Глускага райвыканкама Уладзімір Кніга падчас цырымоніі адкрыцця падзякаваў усім, хто тут працаваў, хто аказаў спонсарскую дапамогу. Усё, што мы робім для дзяцей, што ўкладваем у іх выхаванне, мы робім для будучыні, укладваем у сваю будучыню, падкрэсліў ён, бо менавіта сённяшнія дзеці — будучае наша і нашай краіны. Ад раённага выканаўчага камітэта Падзячныя пісьмы Уладзімір Валянцінавіч уручыў дырэктару ПМК-249 Аляксандру Жукаву, галоўнаму ляснічаму Глускага лясгаса Мікалаю Ляпко, кіраўніку “БНБК-АГРА Глуск” Міхаілу Крукоўскаму, намесніку генеральнага дырэктара “Магілёўліфтмаша” Мікалаю Міхаленю. Былі на гэтым свяце і сімвалічны ключ ад новага дома, і сімвалічная чырвоная стужка, былі і словы падзякі, пажаданні, падарункі — не сімвалічныя, а шчырыя, ад душы, сапраўдныя. Новаму дзіцячаму дому ад раённага выканаўчага камітэта падарылі вялікі тэлевізар; падарункі, цацкі і цукеркі, прывезлі на наваселле і госці. Радасць у вачах дзяцей, калі яны разглядвалі ўсё гэта разнастайнае багацце, таксама была сапраўднай. Няхай яна паселіцца і гаспадарыць у гэтым вялікім доме доўга-доўга.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ганны АЎТУХОВАЙ