Масленіца-2023 запомніцца перш за ўсё дажджом. Ліло ноч напярэдадні, з самай раніцы крыху адпусціла, а пасля ізноў ліло — шчодра, ад душы, не шкадуючы.
Аднак вось дзіва: незадаволенасці на тварах тых, хто ўсё ж такі выбраўся ў суботу на свята ў цэнтры Глуска, я не заўважыла.
Не было калі сумаваць, бо толькі паспявай: бліна пакаштаваць, у латарэю сыграць, на коніку дзіця пакатаць, артыстам падпець і нават падтанчыць, падбадзёрыць тых, хто канат цягае ці на слуп узбіраецца…
Між іншым, жадаючых выпрабаваць свае спрыт ды моц і здабыць прыз з мокрага масленічнага слупа было ў гэты раз на дзіва многа. Камусьці не шанцавала, а некаму ўдача ўсміхнулася і не адзін раз.
Ну і, канечне, пудзіла згодна з народнай традыцыяй таксама на свяце спалілі. З агнём гэтым, кажуць, усе грахі, усе нягоды і нястачы сыходзяць. А што ў агні не згарэла, тое, спадзяюся, дажджом змыла.
А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота аўтара