Журналісты прайшлі па Глуску, каб паглядзець, ці шмат смецця на вуліцах і ў грамадскіх месцах раённага цэнтра назбіралася за зіму

“Жылкамгас” можа выдыхнуць — да яго прэтэнзій няма: крытычнай засмечанасці не выяўлена, паўз праезную частку і каля тратуараў, у дварах шматпавярховых дамоў адносна чыста. Адносна той звычайна вялікай колькасці смецця, якую можна назіраць, калі сыходзіць снег. Зараз гэтага няма, бачна, што камунальнікі не спалі ў шапку, а пры магчымасці (як дазваляла надвор’е) мялі і збіралі. Праўда, і абсалютнай чысціні таксама няма, бо мы ўсё ж смецім больш актыўна, чым за намі прыбіраюць, там-сям валяюцца абгорткі, пластыкавыя ці шкляныя бутэлькі, іншыя рэшткі нашай жыццядзейнасці. На паўсюдны ахоп райцэнтра сваім рэйдам не прэтэндуем, гаворка ідзе пра тую частку, што ад цэнтра вядзе ў бок “сямі вятроў”, і сам гэты мікрараён.
Дык вось, калі ехалі сюды і прайшлі па некалькіх дварах, то і праўда былі прыемна здзіўлены адноснай чысцінёй.
Калі ж зайшлі з другога боку шматпавярховых дамоў, з таго, якім яны на дарогу павернуты, убачылі адваротны бок праблемы. Гэта ўжо не двор, гэта, так бы мовіць, зялёная зона. Прайдзі па ёй за пару метраў ад дома — і даведаешся, што елі або пілі жыльцы шматпавярхоўкі, якія запасы рабілі на зіму, што сапсавалася, не даляжала свайго часу.
Вось нехта варыў халадзец, а косці выкінуў на зямлю сабачкам. Вось у некага слоік з памідорамі разбіўся (а мо, замёрз на балконе), і яго таксама ўтылізавалі, выкінуўшы з балкона. А вось яблыкі, мабыць, недаспадобы гаспадарам прыйшліся, іх летась шмат урадзіла, усё з’есці не змаглі, таму і шпурнулі ўніз, тут яны і счарнелі на зямлі, тут жа тры скарынкі чорнага хлеба, далей — галава селядца, яе яшчэ не з’елі ці не знайшлі бадзячыя каты ці сабакі. Пра недакуркі і розныя пляшкі і пляшачкі з-пад спіртнога не гавару — яны найчасцей трапляюцца на вочы, прычым пад любым домам, а не толькі пад тымі, на “сямі вятрах”, дзе нам давялося быць.
Трапілася на вочы, дакладней, у наш фотааб’ектыў, і сапраўдная звалка смецця, прычым не дзе-небудзь, а проста за тэрыторыяй Цэнтральнага рынка, пад самай яго агароджай (на фота). Зразумела, што не яго работнікі гэта сюды выкінулі (там на тэрыторыі спецыяльныя кантэйнеры стаяць), і зразумела, што не гаспадыня сумежнага ўчастка сабе пад плот наваліла смецця. Нехта несумленны зрабіў гэта. Як і панакідваў іншага смецця ў іншых месцах. Заклікаць несумленных не рабіць так няма сэнсу.
Таму звернемся да людзей з добрай воляй: снег сышоў, можна прыбраць смецце каля сваіх двароў — не глядзець жа на яго да Благавешчання. Час агледзець свае вытворчыя і навакольныя тэрыторыі і мясцовым прадпрыемствам і ўстановам — не чакаць жа, пакуль улада пакажа пальцам на гэтае смецце і аб’явіць аб правядзенні месячніка па навядзенні парадку. Здаецца, так.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара