Дзеці дзецям падарылі радасць

У жыцці заўсёды ёсць месца цуду, асабліва калі ты верыш у казку і калі ў цябе ёсць верныя сябры. У чарговы раз пераканацца ў гэтым змаглі дзеці і дарослыя, запрошаныя ў кінатэатр “Арыён” на музычнае прадстаўленне “Жыццё заўсёды цудоўнае!”. Яно праходзіла 1 снежня і было прымеркавана да Дня інвалідаў.
У зале — са сваімі бацькамі маленькія жыхары раёна, якія маюць розныя ступені страты здароўя. Увогуле ў нашым раёне ў сем’ях пражывае 42 дзіцяці з інваліднасцю, на канцэрце з іх прысутнічаў 21 чалавек, гэта маленькія наведвальнікі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Няма сумнення, што і самі дзеці, і іх бацькі з задавальненнем паглядзелі стары, але добры мультыплікацыйны фільм пра прыгожую кветачку з сямю чароўнымі пялёстачкамі, якую дзяўчынцы Жэні падарыла добрая чараўніца. З дапамогай цудоўнай кветкі дзяўчынка выканала шэсць сваіх розных жаданняў, але задавальнення і радасці ёй гэта не прынесла, толькі калі яна дапамагла свайму новаму сябру стаць здаровым і яны разам пачалі бегаць і гуляць, дзяўчынка адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівай.
І сапраўды, калі ты дапамагаеш іншаму чалавеку, калі дорыш яму добры настрой, тады і самому прыемна, добра і радасна на душы. З такім падыходам, з такім разлікам і была пабудавана ўся наступная канцэртная праграма: для дзяцей спявалі, танчылі, гралі на музычных інструментах дзеці. Гэта танцавальны ансамбль “Незабудкі” з РДК, вакалісты Карына Красоўская, Паўла Лясун, цымбалістка Альбіна Лубкова і харэаграфічны ансамбль “Вясёлка” са школы мастацтваў і юны спявак Расціслаў Малікаў з санаторнай школы; вясёлымі рытмамі песні і сваім цудоўным выкананнем дабавіла ўсім бадзёрасці і настрою вучаніца гімназіі Лера Хлань, а дзіцячая песенька пра сяброўства, што не расклеіцца ад дажджоў і завірух, у выкананні Дзмітрыя Сокала яшчэ раз нагадала, што з сапраўднам сябрам па жыцці можна ісці смела, з ім не страшныя цяжкасці і выпрабаванні. Пасля канцэрта і пасля таго, як салодкія падарункі былі ўручаны маленькім гледачам, іх мамы падыходзілі да арганізатараў выступлення і дзякавалі за такі цудоўны музычны падарунак, за магчымасць пабыць на канцэрце, адпачыць і на нейкі час забыцца на праблемы. Зрэшты, гэта і было мэтай музычнага выступлення, а раз так, то можна сцвярджаць, што яна дасягнута.
Т. ЛУГАВАЯ
Фота С. РУДЗІНСКАГА