Калі ўсё вырашаюць секунды

Стаж работы Дзмітрыя Купчэні ў бальніцы вялікі. Спачатку быў вадзіцелем у паліклініцы, прычым абслугоўваў адразу дзве машыны, і вось ужо трэці год працуе на машыне хуткай медыцынскай дапамогі. Прафесія цяжкая, патрабуе самых сур’ёзных да сябе адносін, нават адданасці. Бо кіроўца хуткай не проста перавозіць пасажыраў з пункта ў пункт: менавіта ад яго сабранасці і ўважлівасці залежыць жыццё чалавека ў сітуацыі, калі ўсё вырашаюць секунды да прыезду медыкаў або дастаўкі пацыента ў бальніцу. Гэтых якасцяў Дзмітрыю не займаць. Вось і фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Жанна Непачаловіч заўважае, што пра Дзмітрыя Купчэню можна сказаць толькі добрае: «Дысцыплінаваны, пунктуальны, ніколі не ўхіляецца ад абавязкаў, заўсёды дапаможа. Праца ў нас спецыфічная, але ніколі Дзіма не сказаў, што ён перапрацаваў, што яго змена скончылася». Гэтыя словы пацвярджаюцца прыкладам. У той дзень, калі рэдакцыйны фатограф прыехаў, каб сфатаграфаваць Дзмітрыя, брыгада хуткай дапамогі вярнулася з выкліку ў дзевяць гадзін, хаця змена закончылася а восьмай. А што рабіць, калі хуткую выклікалі за 10 хвілін да заканчэння змены, — чалавека ж без дапамогі не пакінеш. Добра, што дома ёсць надзейны тыл, жонка і дзве дачкі, якія заўсёды падтрымаюць. А прафесійную састаўляючую ацаніла кіраўніцтва: у 2014 годзе Дзмітрый Купчэня прызнаны лепшым па прафесіі, узнагароду за такое адказнае стаўленне да працы ён атрымаў падчас урачыстага выніковага сходу працоўных калектываў раёна.
А. Пятрова
Фота С. Рудзінскага