На гэтым тыдні гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу

На вуліцы спёка пад 30, а ў кабіне зернеўборачнага КЗС1218 PALESSE камфотна, працуе кандыцыянер, за рулём — адзін з вопытных механізатараў Аляксандр Рудзько. Летась на ўборачнай ён станавіўся камбайнерам-тысячнікам, сяголета мае намер паўтарыць мінулагодні поспех.
На гэтым тыдні гаспадаркі раёна прыступілі да ўборкі азімага рапсу. Мы пабывалі на полі ААТ “Глускі-АГРА” і паглядзелі, як жнуць алейную культуру. Нашым суправаджаючым у паездцы была Людміла Жорава, у гаспадарцы яна адказвае за ідэалагічную работу і ахову працы — абодва накірункі вельмі важныя, асабліва цягам уборачнай, адзначае яна.
Трэба сказаць, што па зжатым рапсавым полі ісці зусім няпроста: сцябліны скошаны высока, да таго ж яны даволі цвёрдыя, таму ступаць патрэбна асцярожна, хутка падбегчы да камбайна не атрымліваецца. Зрэшты, і сам камбайн рухаецца паволі, гэта бачна, што называецца, простым вокам, а камбайнер удакладняе: тры кіламетры ў гадзіну. Механізатар Аляксандр Рудзько ў сельскай гаспадарцы і дакладна ў гэтым сельгаспрадпрыемстве працуе амаль паўтара дзясятка гадоў, за гэты час назапасіў добры вопыт, а адказным стаўленнем да працы зарабіў павагу і рэпутацыю ўніверсальнага работніка.

Яго асноўны від тэхнікі — трактар, да жніва Аляксандр быў заняты на ўзворванні глебы, на культывацыі палёў, потым па падрыхтаваным сам і сеяў, выконваў іншыя работы, а калі пачалося жніво, перасеў на камбайн, цяпер ён старшы камбайнер, праўда, пакуль працуе адзін.
Мы сустрэліся з Аляксандрам на полі каля вёскі Лучкі, дзе ён другі дзень убіраў рапс. Наш карэспандэнт праехала з ім круг у камбайне і пераканалася, што праца гэта нялёгкая. А Аляксандр кажа, што ўжо прывычная, прывычны і графік работы: прыходзіць у палове восьмай, чысціць і рыхтуе камбайн, атрымлівае заданне, а як сыходзіць раса, выязджае ў поле (звычайна гэта каля дзесяці гадзін) і там ужо працуе да самага вечара.
“Пачатак і завяршэнне работы залежаць ад надвор’я, — удакладняе Аляксандр, — учора працаваў да васьмі, сёння мо і пазней атрымаецца”. “Віды на добры ўраджай ёсць, ёсць і надзея на добрыя заробкі”, — з усмешкай адказвае ён на нашы пытанні.
Сістэма стымулюючых выплат у гаспадарцы прадугледжана, гаворыць Людміла Жорава, так, усім тысячнікам, камбайнерам і вадзіцелям, уручаюцца каштоўныя падарункі, таксама для ўдзельнікаў жніва прадугледжана натураплата, да зарплаты выдаецца яшчэ і зерне, у залежнасці ад асабістай выпрацоўкі кожнага. Але гэта пазней, пры падвядзенні вынікаў. Словам, людзі ведаюць, за што працуюць.

На полі каля Лучак мы сустрэліся таксама з вадзіцелем Анатолем Ахрэмчыкам, ён заняты на адвозцы масланасення ад камбайна. Анатоль Іванавіч — адзін з найбольш вопытных вадзіцеляў, за рулём аўтамабіля ён амаль 40 гадоў, ці трэба казаць, што гэта не першая яго ўборачная кампанія, што сваю справу, яе асаблівасці і важнасць ён разумее. Колькасць рэйсаў у дзень залежыць ад кіламетражу і ўраджайнасці. Напярэдадні, як толькі пачалі жаць, ад поля да зернесклада зрабіў чатыры рэйсы. А пакуль ёсць час, можна перакінуцца парай слоў з другім вадзіцелем, Яўгенам Ермаловічам, які забяспечвае на полі дзяжурства ёмістасці з вадой — гэта неабходная мера пажарнай бяспекі.

І напрыканцы рэпартажу, як гаворыцца, вішанька на торце: назаўтра пасля нашага прыезду герой матэрыяла Аляксандр Рудзько адзначаў дзень нараджэння: 15 ліпеня яму спаўнялася 55! І гэту прыгожую юбілейную дату ён праводзіў у полі — за рулём камбайна! Калі ў разгары ўборачная і стаіць добрае надвор’е — не да асабістых дат. Святкаванне юбілею перанесці можна, а жніво на потым не адкладзеш!
У дзень нараджэння мы патэлефанавалі Аляксандру, павіншавалі яго, падзякавалі за самаадданую працу і пажадалі моцнага здароўя, высокіх намалотаў, доўгага веку і добрай долі.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фото А. АТЛАС