З блакнотам па раёне: Засценак Усцярхі. Сумесны праект рэдакцыі і сельвыканкамаў

Адзін з першых аб’ектаў, якія мы наведалі, працуючы ў Казловіцкім сельсавеце, была Усцярхоўская сярэдняя школа. Бо што казаць: ёсць у вёсцы (ці аграгарадку) школа — жыццё там ідзе больш актыўна, насычана, цікава, ёсць моладзь і перспектыва. Вось і ў дзень нашай сустрэчы ў школе рыхтаваліся да ўрачыстасці — самай доўгачаканай і радаснай для ўсіх, хто вучыцца і вучыць, лінейкі апошняга званка. Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Падлужная, сяголета Усцярхоўскую школу заканчваюць дзевяць 11-класнікаў і чатыры 9-класнікі, іх чакаюць выпускныя экзамены, а астатнія вучні (усяго ў гэтым навучальным годзе тут вучыліся 54 школьнікі) з пачаткам лета ідуць на канікулы. На канікулах тут будуць працаваць два лагеры: выхаваўча-аздараўленчы і працы і адпачынку, абодва з 16 чэрвеня па 8 ліпеня, у іх будуць заняты 18 чалавек, у тым ліку дзеці, з якімі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа. Па вечарах двойчы на тыдзень цягам усяго лета будзе адкрыта школьная спартыўная пляцоўка для вучняў і ўсіх ахвотных.


Ну і, зразумела, не спыніць сваю работу дзіцячы садок, тут выхоўваецца шэсць дзетак. Мы зайшлі ў дзетсадаўскую групу, у школьную сталовую, прайшлі па калідорах — усюды чыста, прыгожа, з патрэбным абсталяваннем і ўсім неабходным. Але найбольш уразіў кабінет беларускай мовы — з этнаграфічным кутком, дзе сабраны старажытныя рэчы, і сучаснай інтэрактыўнай дошкай, якой умела карыстаюцца вучні, бачна, што вісіць яна тут не дзеля мэблі. Ну і добрае ўражанне зрабіла на нас настаўніца роднай мовы і літаратуры Наталля Саковіч — сваёй прыязнасцю, адкрытасцю і добрай беларускай мовай, якая з яе вуснаў гучала вельмі натуральна, упэўнена і прыгожа. Чалавек на сваім месцы, яе любяць вучні, паважаюць калегі — сказала пра настаўніцу намеснік дырэктара.
На сваім месцы і загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта Таццяна Забела, медыцыне яна аддала 37 гадоў і ўвесь гэты час працуе тут, у Засценку Усцярхі. Яе ФАП на добрым рахунку, прызны лепшым у раёне за мінулы год. Ды не ў заслугах і пахвальбе справа — справа ў прафесіяналізме і адказным стаўленні да работы фельчара Таццяны Забелы.


А работы гэтай самай у яе шмат: на абслугоўванні Усцярхоўскага ФАПа дзевяць вёсак у радыусе 15 кіламетраў, больш за 280 чалавек, у тым ліку 47 дзяцей. Хтосьці сам прыходзіць на прыём да фельчара, а да кагосьці трэба самой ісці або ехаць. У дзень нашага наведвання на ФАПе працавала выязная брыгада медыкаў з раённай бальніцы: урач агульнай практыкі з памочнікам, зубны фельчар і лабарант. На месцы прынялі 18 пацыентаў, яшчэ 6 чалавек наведалі на даму. Магчымасці пагаварыць пра будні сельскага фельчара ў нас не было, затое мы на свае вочы пабачылі, у якім рытме даводзіцца часам яму працаваць. Нялёгкі гэта хлеб. Але вельмі патрэбная справа.
Патрэбная справа і запатрабаванае месца ў вёсцы — магазін. У Засценку Усцярхі — дзве кропкі Глускага раённага спажывецкага таварыства, магазін і бутэрбродная. Больш за 30 гадоў тут працуе буфетчыца Таццяна Кавалевіч, 35 гадоў працоўнага стажу ў прадаўца Святланы Лядзян. Ходзяць сюды найбольш свае, засцянкоўцы, але бываюць і з суседніх Поўсткі, Усцярхоў, праезджыя таксама, недахопу ў пакупніках няма, кажа Святлана Аляксандраўна. А я дадам, што і ў таварах недахопу тут няма, менавіта гэты вясковы магазін якраз і вылучаецца сваім багатым і разнастайным асартыментам. Таму і тавараабарот вялікі: за красавік прадала тавараў на 49 тысяч, а летам, расказвае, калі прыязджаюць дачнікі ды дзеці на канікулы, бывае і па 65 тысяч.


У майскі тавараабарот усцярхоўскага магазіна і мы колькі рублёў унеслі: у касу капейка, а нам перакус. Ды што казаць, колькі мы там былі, у магазін увесь час нехта заходзіў. Заходзяць людзі і ў бутэрбродную, кажа буфетчыца Таццяна Кавалевіч, асабліва калі магазін ужо закрыты, асартымент тут, вядома, не такі шырокі, але і хлеб і да хлеба можна купіць. А яшчэ ў бутэрброднай мясцовыя робяць памінкі: гатовыя стравы буфетчыца заказвае ў Глуску і на месцы накрываюць жалобны стол. І гэта трэба…
Што да вольнага часу і цікавага адпачынку, то за гэта ў Засценку Усцярхі ў адказе сельскі клуб і сельская бібліятэка, працуе там Валянціна Акуліч, сустрэцца нам не давялося (быў якраз выхадны), але ўстанова патрэбная, адзначаюць у сельвыканкаме. Усяго на тэрыторыі Казловіцкага сельсавета тры ўстановы культуры: клуб і бібліятэка тут, у аграгарадку, і бібліятэка ў Балашэвічах. Там жа таксама ёсць магазін, ФАП і аддзяленне сувязі. Увогуле, Балашэвічы — гэта другая па колькасці пражываючых вёска: у Засценку Усцярхі зарэгістравана 206 чалавек, у Балашэвічах 199.
А ўсяго ў Казловіцкі сельсавет уваходзяць 24 населеныя пункты, у якіх пражывае 817 чалавек (па пачатак гэтага года): 82 у Старым Сяле, 68 у Зелянковічах, 58 чалавек у Поўстцы, у Чыкілях 41, у Кіраўскім 35 зарэгістраваных, у астатніх вёсках жыве да 30 чалавек, а ёсць і такія, дзе па адным-два пражываючыя засталіся, расказала нам кіраўнік справамі Казловіцкага сельвыканкама Марыя Хушану. Па ўзросце насельніцтва расклад такі: 405 працаздольных, 330 пенсіянераў, 82 дзіцяці, ёсць і мнагадзетныя сем’і: 4 у аграгарадку і 2 у Балашэвічах, колькасць хатніх гаспадарак — 453. Аўтакрама двойчы на тыдзень заязджае ў 20 населеных пунктаў.

— На тэрыторыі нашага сельсавета размяшчаюцца землі трох мясцовых гаспадарак: ААТ “Зара Камуны”, “Глуская Зара” і “Глускае РАПТЗ”, — расказвае Марыя Хушану, — ёсць два лясніцтвы, Зелянковіцкае і Кіраўскае, ёсць і прыватныя суб’екты гаспадарання, напрыклад, “Ламобиле-Делите” і “Зеленвуд”. Сельвыканкам падтрымлівае з імі стасункі, знаходзіць разуменне з іх боку, асабліва ў тым, што тычыцца добраўпарадкавання. Працуем і з людзьмі, праводзім растлумачальную работу, каб і свае двары даглядалі, і вакол парадак наводзілі. Арганізоўваем і суботнікі, асабліва па вясне. Да нас людзі звяртаюцца з рознымі пытаннямі, часцей за ўсё гэта рамонт вуліц і дарог, спільванне старых дрэў, замена лямпачак у ліхтарах вулічнага асвятлення, гэта і іншая работа выконваецца па меры магчымасці. У прыватнасці, летась было выдалена 6 аварыйных дрэў, у Вільчы, Карпавічах, Уюнішчы, Старым Сяле (а яшчэ “Жылкамгас” спільваў дрэвы на могілках). У Старым Сяле, Зелянковічах і Балашэвічах знесены 4 безгаспадарныя дамы. Сяголета мясцовыя дарожнікі выканалі рамонт гравійкі ад Старога Сяла да Казловіч, 6 кіламетраў (за апошнія тры гады яны адрамантавалі ўвесь участак ад Вільчы да Усцярхоў), прагрэйдзіравалі два з паловай кіламетры ад Нязнання да Орсіч, адрамантавалі 3 кіламетры дарогі на Нязнанне, у планах — пакласці асфальт ад Засценка Усцярхі да Усцярхоў (каля 650 метраў). Трэба сказаць і пра тое, што на тэрыторыі сельсавета 23 помнікі і воінскія пахаванні, усе яны да свята, Дня Перамогі, былі прыведзены ў належны стан, у Чыкілях на могілках паставілі новы помнік Апанасу Толсціку, расстралянаму немцамі ў гады вайны. Вось так жывём і працуем. Вырашаем праблемы па меры іх паступлення і па сіле нашых магчымасцяў.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара