Темы

Каб ведалі, каб помнілі

Каб ведалі, каб помнілі

Прапануем чытачам “Неугасимой лампады” ўрывак з элегіі нашага земляка, ганаровага грамадзяніна Глуска, паэта, пісьменніка і публіцыста Сяргея Грахоўскага “Мястэчка… Мястэчка”. У главе  “Незабытыя” мы знайшлі цікавы аповед пра двух мясцовых святароў, а фотаздымак гэты, каб праілюстраваць напісанае, зрабілі на мясцовых (цэнтральных) могілках. Як нам сказалі, гэта і ёсць магіла аднаго з былых глускіх святароў. Чытайце, каб ведалі, каб помнілі…

“I ў нас былі свае “славутасці”. Ведалі іх усе — старыя і  малыя.

Кажуць жа: “Папа ведаюць усе, а поп — нікога”. Няпраўда. Глускія папы ведалі кожнага свайго парафіяніна. Змалку нас прывучалі: сустрэнеш бацюшку, здымі шапачку і прывітайся першы. Гэтага парадку трымаліся спрадвеку, пакуль не адвучылі партыйныя ідэолухі. Піянерам забаранілі нават на цвінтар заходзіць, павітацца з бацюшкам лічылася злачынствам — адразу прэч з піянераў, а то і з школы пагналі б. Дарослых за гэта з прафсаюза і з работы звальнялі.

Самым пераканаўчым довадам прапагандыстаў было: “Бога нет. Религия — опиум для народа”. I кропка. Хто ж пасля гэтага прамовіць адваротнае? А што такое опіум, дакладна не ведаў ніводзін раённы атэіст.

Глускія святары Зубковіч і Стаўровіч цярпліва неслі свой крыж зняваг, забаронаў, паклёпаў, разбойнага рабаўніцтва. Найперш — з цэркваў паскідалі званы, пазабіралі залатыя крыжы, чашы, дараносіцы, паабдзіралі з абразоў срэбныя абклады. На рэвалюцыйныя святы камсамольцы насілі пудзілы Чэмберлена, Чан Кай-Шы, буржуяў у цыліндрах, ксяндзоў і папоў і на ўсю сілу дралі глоткі: “Сергій-поп, Сергій-поп, Сергій — дзякан і дзячок, і папоўна — Сергіеўна, ўся дзярэўня — Сергіеўна…” А нашага бацюшку якраз і звалі айцец Сергій. Яго любілі ўсе парафіяне за сумленнасць, за дабрату, за шчырасць. На споведзі ў яго каяліся ў большых і ў  дробных грахах, і ніхто ніколі не дазнаўся пра чужыя таямніцы.

У другой, каменнай, царкве правіў высокаадукаваны айцец Аляксей Стаўровіч. Ен і цяслярыў, і сталяраваў, клаў печы, даглядаў пчол, дасканала ведаў першакрыніцы класікаў марксізму-ленінізму і за некалькі хвілін заганяў сваіх апанентаў у трубу.

Матушкамі ў абодвух святароў былі статныя чарнабровыя родныя сёстры — дочкі благачыннага айца Іосіфа Шубіна, яўрэя-выхрыста. Чым люцей гнялі святароў, тым больш ім спагадалі сталыя, як у нас казалі, “самастаяцельныя”, местачкоўцы. Калі выгналі Зубковіча і Стаўровіча з іх уласных дамоў, айцу Сергію даў прытулак былы аднакашнік па Нясвіжскай семінарыі Якуба Коласа, наш настаўнік Уладзімір Кандратавіч Сыцька. Стаўровіч на пустыры за школаю пачаў будавацца. Ранкамі і надвячоркамі спагадлівыя мужчыны памагалі яму ставіць кроквы і крыць дах.

Горкі лёс выпаў і папоўскім дзецям: іх не бралі ні вучыцца, ні працаваць. Трохі  пашанцавала прыгожым дочкам Зубковіча — Наташы і Каці: сапраўднае каханне перамагло заганныя анкеты — Наташа выйшла за вядомага кампазітара, Каця — за важнага чыноўніка, змянілі прозвішчы і з’ехалі назаўсёды. Горш было сынам.

Аднойчы Зубковіч на ганку знайшоў падкідыша, распеляналі, агледзелі — дзіця як дзіця. Ахрысцілі яго Мікалаем, і прозвішча яму даў сваё святар, у сям’і гадаваўся за сына. Падрос бялявенькі, яснавокі Ніка, і засакаталі бабскія языкі: “А, галубачка, палянь, палянь, хлопчык жа выкапаны бацюшка”. Здагадваліся, хто яго маці. Каб не труцілі дзіцяці душу, пераехаў Зубковіч у Глуск. Ніка быў прыгожы, шустры і адважны хлапчук. Мы жылі па суседстве, сябравалі да школы і ў школу хадзілі разам. Потым з’ехаў і ён. Я часта яго ўспамінаў, а даведаўся толькі нядаўна, што жыў ён у Мінску, напэўна, мы сустракаліся на вуліцах, штурхаліся ў тралейбусах і не пазнавалі адзін аднаго. Шкада, што так і не сустрэліся да яго заўчаснай смерці.

Калі закрылі царкву, сагналі Зубковіча з селішча, жонка з’ехала некуды да старэйшай дачкі. Беспрацоўны святар застаўся адзін у чужым доме, жыў з людское ласкі. Ён ведаў і адчуваў, што за ім сочаць не надта асцярожныя цені. Каб не трапіць у касталомню, каб не сталі яго родныя “членамі сям’і ворага народа”, айцец Сергій адважыўся на самы страшны грэх — разлічыўся з жыццём па ўласнай волі.

Трывалейшым заставаўся бацюшка Стаўровіч. Яго адзіны адукаваны і таленавіты сын Ігар з’ехаў у нейкую паўднёвую далеч, і след яго прастыў. А былы святар капаў свой гарод, насадзіў сад, развёў пчол, сталяраваў і клаў людзям печы.

Рушыліся не толькі храмы, не толькі на дровы шчапалі найпрыгажэйшыя абразы і іканастасы, не толькі дзеці баяліся прызнавацца да бацькоў, а бацькі да дзяцей — калечыліся душы, рос страх, сумленне труціла хлусня, дабрату — жорсткасць. Людзі станавіліся падазроныя, варожыя адзін аднаму, каб выратавацца самому, прадавалі бліжніх. За што навалілася такая кара? За тое, што нас вучылі дабру, чалавекалюбству: не забі, не ўкрадзь, не схлусі, не распуснічай, што даводзілі: “Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, — чалавеказабойца”, “Дзеці мае! Пачнем любіць не словам або языком, але справаю і ісцінаю”, “Будзем любіць адзін аднаго, таму што любоў ад Бога”.

Ніводным словам царква не вучыла благому, а ўрачыстыя набажэнствы і пропаведзі ўзвышалі душы людзей, споведзь ачышчала сумленне і вызваляла ад пакутаў. А якія прыгожыя былі прынародныя шлюбы! На клірасе спяваў хор: “Гряди, голубица, гряди”, шаферы трымалі пазалочаныя вянцы, гарэлі свечкі і панікадзіла, маладыя кляліся ў вечнай вернасці, і ўсё гэта мацавала сям’ю. Я не прыпомню ў тую пару ў мястэчку ніводнага разводу.

За што ж бурылі храмы, за што пастыраў духу гналі за краты, на катаргу, а самых непахісных — пад кулі, у глей і жвір тысяч Курапатаў? За што?

За маёй памяццю ў нашым раёне не было ніводнага забойства, не было гвалтаўнікоў і разбойнікаў, а надоечы прачытаў у газеце, што ачмурэлы ад саракаградуснага “опіуму для народа” трактарыст без дай прычыны застрэліў сем чалавек. Ледзь не кожны дзень ліецца кроў, некага б’юць, некага гвалцяць, рабуюць і калечаць. У людзей страчана вера, самае дарагое ў чалавеку — сумленне, сорам і дабрата.

Я ніколі не быў рэлігійным фанатыкам, не прымаю Бога такім, як яго малююць, але з маленства хадзіў да споведзі, засвоіў мудры кодэкс хрысціянства — дзесяць запаведзяў чалавечнасці, дабра і сумлення — і, як мог, кіраваўся імі. Усё, што ў мяне засталося, закладзена ў маім, не падобным на сённяшні, Глуску. Усё добрае пасеялі святары, вечная ім памяць, Зубковіч і Стаўровіч”.

Последние новости

Власть

Лукашенко о НАН: без науки никуда, время сейчас такое

13 ноября 2025
Читать новость
Актуально

Индивидуальный предприниматель из Могилёва уплатил 23,5 тыс. рублей за применение схемы ухода от налогообложения

13 ноября 2025
Читать новость
Актуально

МНС разъяснило порядок маркировки и прослеживаемости товаров в Беларуси

13 ноября 2025
Читать новость
Происшествия

Неисправная печь привела к пожару в Кричевском районе

13 ноября 2025
Читать новость
Актуально

«Ваша квартира выставлена на продажу»: новая уловка для доверчивых граждан

13 ноября 2025
Читать новость
АПК

Спортландию «Гонка чемпионов!» в Глуске посвятили Дню работников сельского хозяйства и перерабатывающей промышленности АПК

13 ноября 2025
Читать новость

Рекомендуем