Адзіны назаўжды. Сёння спаўняецца 100 год з дня нараджэння Аркадзя Апанасавіча Тоўсціка

Аркадзь Апанасавіч Тоўсцік нарадзіўся ў Глускім раёне, у вёсцы Чыкілі, у 1926 годзе. Вучыўся ў Глускай СШ №2, у 1957 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У Вялікую Айчынную вайну прымаў удзел у партызанскім руху. Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прызваны ў армію, удзельнічаў у барацьбе супраць бандытызму на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Працаваў у Бабруйскім абкаме ЛКСМБ, Чырвонаслабодскім РК ЛКСМБ былой Бабруйскай вобласці, у ЦК Ленінскага камітэта камсамола Беларусі, у Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Беларусі (намеснік загадчыка аддзела агітацыі і прапаганды, загадчык сектарам друку). Быў намеснікам рэдактара газеты “Чырвоная змена”, больш за дзесяць год, з 1973 па 1986 год, — галоўным рэдактарам газеты “Звязда”. Працуючы ў Беларускім фондзе культуры, займаўся пытаннямі вяртання ў краіну беларускіх нацыянальных каштоўнасцей, якія ў розныя часы былі вывезены з Беларусі. Тройчы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, заслужаны дзеяч культуры БССР. Узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, двума ордэнамі “Знак пашаны”, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 2-й ступені, двума медалямі Юліуса Фучыка і іншымі дзяржаўнымі і ганаровымі ўзнагародамі. Меў жонку і дваіх дзяцей. Памёр у 2009 годзе
Прапануем чытачам “Радзімы” аповед-успаміны пра Аркадзя Тоўсціка, які ў свой час даслала ў рэдакцыю яго дачка Ірына Аркадзеўна.
Справай лёсу Аркадзь Апанасавіч заўсёды лічыў журналістыку і ніколі не парываў сувязі са сваёй малой радзімай — Глушчынай, з землякамі, якія тут жылі і з тымі, хто ўладкаваўся ў Мінску, Магілёве, Бабруйску, Асіповічах і іншых гарадах Дарэчы, многім з іх ён дапамог вызначыць свой лёс.
Амаль штогод на 9 Мая наша сям’я ездзіла на радзіму таты, у вёску Чыкілі, у Глуск. Тут збіраліся ўсе дамачадцы трох братоў Тоўсцікаў — сыноў з партызанскай сям’і дзеда Апанаса Мікалаевіча і яго жонкі Арыны Антонаўны (у дзявоцтве Сысой), растралянай карнікамі. Тата, яго старэйшы брат Мікалай і малодшыАндрэй былі вельмі падобны знешне на свайго бацьку, дзеда Апанаса, які ў мірны час працаваў і старшынёй калгаса, і старшынёй сельсавета. У Камуністычнай партыі дзед Апанас не састаяў, але ў вайну 1941—1945 гг. са сваёй сям’ёй пакінуў родную вёску Чыкілі і ўвесь час фашысцкай акупацыі на Глушчыне жыў у партызанскім атрадзе, разам з сынамі (старэйшым і сярэднім) удзельнічаў у баявых дзеяннях, страціў любімую жонку, перажыў не адну фашысцкую блакаду.
Тыя майскія дні ў Глуску былі напоўнены асабістым веснавым цяплом і сонечным святлом. Нас сустракалі з хаты ў хату, садзілі за святочны стол, дарослыя ўздымалі келіхі за Перамогу, пелі ваенныя і народныя беларускія песні, і здавалася, што вайна толькі што скончылася, — такая радасць панавала паўсюль. Еднасць землякоў у тыя гадзіны забыць нельга. Нам, дзецям, дваюрадным сёстрам і братам, пашчасціла прысутнічаць на сустрэчах партызан-пераможцаў, на якія святкаваць Перамогу над фашызмам прыязджалі былыя баявыя саратнікі са сваімі сем’ямі. Незабыўныя ўрокі шчырасці і таварыскай адкрытасці, успаміны аб былым, цеплыня стасункаў і прага жыцця — такім у нашай памяці застанецца пакаленне бацькоў і дзядоў, перажыўшых ліхалецце страшэннай вайны.
Для нашай сям’і малая Радзіма ў тыя веснавыя майскія дні пачыналася з прыезду ў Чыкілі. Звычайна мы спыняліся ў хаце, дзе пасля вайны жыла другая сям’я нашага дзеда-нябожчыка. Нас садзілі за стол, частавалі смачнай ежай, прыгатаванай у печы. Асабліва запомніліся аладкі — ласунак з усіх ласункаў, з ім не параўнаюцца ніводныя “гарадскія” прысмакі, а яшчэ так званы хвораст. Такі ён, салодкі смак бацькавай радзімы…
Прыходзілі суседзі, радня, вяскоўцы. Але гоману і тлуму не было, гаворка вялася паважна. Братоў Тоўсцік шанавалі ў гэтых мясцінах. Усе яны вывучыліся, атрымалі вышэйшую адукацыю і працавалі на высокіх пасадах. Старэйшы брат бацькі, Мікалай Апанасавіч, у часы вайны ўзначальваў падпольны Бабруйскі райкам камсамола, доўга працаваў у Магілёўскім абкаме КПБ, абараніў кандыдацкую дысертацыю па эканоміцы, у апошнія гады выкладаў у Магілёўскім дзяржаўным універсітэце. Малодшы з братоў, Андрэй Апанасавіч, таксама меў кандыдацкую ступень і ўзначальваў Вылічальны цэнтр у Магілёве.
А назаўтра бацька са сваімі братамі ўставалі раненька і, пакуль мы спалі, ішлі ў лясок, на тое месца, дзе расстралялі іх маці Арыну Антонаўну. Яны ніколі нікога разам з сабой не звалі, заўсёды адпраўляліся туды адны…
Наша сям’я заўсёды служыла людзям. Гэтую традыцыю заклалі яшчэ нашы продкі, якія былі дзяржаўнымі сялянамі, усе— выхадцы з Магілёўшчыны. У Глуску жыў траюрадны брат майго бацькі Іван Ігнатавіч Сысой. Доўгі час ён працаваў дырэктарам Глускай школы-інтэрната, дзе прыгрэў партызанскіх сірот. Усё жыццё Іван Ігнатавіч апекаваў сваіх выхаванцаў, і дзякуючы яму, ягоным сваяцкім і дзелавым стасункам дзеці з асірацелых партызанскіх сем’яў знайшлі свой жыццёвы шлях. Мае бацькі — Аркадзь Апанасавіч і Алена Рыгораўна (дачка франтавіка, страціўшая бацькоў у Вялікую Айчынную вайну), як, увогуле, і кожны з братоў Тоўсцікаў, адыгралі не апошнюю ролю ў лёсах многіх глушчан і чыкілёўцаў.
У апошніх кнігах, якія напісаў Аркадзь Апанасавіч (“Вяртанне да вытокаў сваіх”, “Лістапад “), у маёй брашуры з нагоды татавага 90-годдзя (“Наканавана лёсам: Тоўсцік Аркадзь Апанасавіч: журналіст, галоўны рэдактар, грамадскі дзеяч, абаронца Айчыны”) расказваецца і пра сям’ю, і пра плённую працу, і пра бацькавы добрыя справы. Чытачы газеты, мабыць, прачыталі або яшчэ пазнаёмяцца з гэтымі творамі пра свайго земляка.
Працытую фрагменты са сваёй брашуры пра бацьку.
“Была адна тэма ў тагачаснай “Звяздзе”, накшталт сямейнай для ўсяго рэдакцыйнага калектыву. Тэма Вялікай Айчыннай вайны… А вось аб драме свайго ваеннага партызанскага юнацтва расказаў толькі праз дзесяцігоддзі пасля рэдактарства, на старонках кніжкі “Вяртанне да вытокаў сваіх”. Боль успамінаў пра расстрэл карнікамі маці Арыны Антонаўны, сведкам якога ён, тады падлетак, стаў, нішто так і не змагло прытупіць. Тры браты Тоўсцікі (Мікалай, Аркадзь і Андрэй) далі слова, што сваіх дачок яны назавуць у гонар загінуўшай маці. Так і адбылося. Нас тры Ірыны Тоўсцік…”
Вядомы і той факт, што ідэю для твора “Вазьму твой боль” пісьменніку Івану Шамякіну падказаў журналіст Аркадзь Тоўсцік. Бацька расказаў Івану Пятровічу пра драму пасля вайны на сваёй малой партызанскай радзіме, дакладней пра тое, што ўжо ў пасляваенныя гады сяляне забілі былога паліцая, калі той вярнуўся ў вёску пасля заканчэння тэрміну пакарання як ваеннага злачынцы.
Што асабліва карыснае яшчэ як кіраўнік, арганізатар паспеў зрабіць Аркадзь Тоўсцік? Усе гады, што быў галоўным рэдактарам “Звязды”, Аркадзь Апанасавіч узначальваў Саюз журналістаў БССР. Гэта была грамадская пасада. Саюз не лічыўся прафесійнай арганізацыяй, тым не менш у яго сценах вырашаліся і сацыяльныя пытанні. Згадаю толькі адзін факт. Аркадзь Апанасавіч успамінаў, як звяртаўся на самы верх, каб дапамагчы журналістам вырашыць жыллёвае пытанне. Так была прынята пастанова Савета Міністраў БССР аб выдзяленні для членаў саюза дадатковых 20 квадратных метраў жылля.
Шмат чаго паспеў за сваё доўгае жыццё мой тата. Ён пасадзіў дрэва (і не адно), вырасціў сына (і не толькі), пабудаваў дом… Яму ўдзячны за яго справы і землякі, і жыхары Мінска, у якім (і не толькі) з меркаваннем газеты “Звязда” часоў рэдактарства Аркадзя Апанасавіча асабліва лічыліся кіруючыя органы. Адна гісторыя з рэстаўрацыяй дома Ваньковіча ў Траецкім прадмесці г. Мінска чаго варта. Газета падтрымала ў няпростых абставінах славуты “Гамсельмаш”, прапагандавала на сваіх старонках беларускую культуру, навуку, літаратуру. Так, жыццё нашай сям’і аказалася насычаным падзеямі, у якіх адлюстравана многае з лёсу краіны. І ў гэтым — найбольшая заслуга майго бацькі, які быў сынам свайго часу і сваёй Радзімы, вытокі якой для яго заўсёды пачыналіся на Глушчыне, у вёсцы Чыкілі, дзе на вясковых могілках пахаваны нашы дзяды — Апанас Мікалаевіч і Арына Антонаўна Тоўсцік. Светлая ім памяць.