Цуд, а не жыццё. У канцы восьмай пяцігодкі (1965—1970 гады) непазнавальна змянілася жыццё людзей

Электрычнасць, бытавая тэхніка, радыё, тэлефонная сувязь і нават аўтамабілі з’явіліся ў дамах і кватэрах многіх жыхароў раёна. “Зараз цуда, а не жыццё. Жывуць людзі, як у казцы”, — сказаў карэспандэнту газеты ганаровы калгаснік, 83-гадовы Кузьма Дзянісавіч Марус з вёскі Слаўкавічы пасля пакупкі тэлевізара.
З пачаткам работы Смятаніцкага тэлевізійнага рэтранслятара жыхары раёна атрымалі магчымасць надзейна прымаць тэлевізійныя перадачы з Масквы і Гомеля, паведамляецца ў артыкуле “Набываюць тэлевізары” ў нумары за 29 студзеня 1970 года. Пасля завяршэння мантажу радыёрэлейнай лініі Магілёў — Гомель можна будзе прымаць тэлеперадачы з Мінска. Жыхары Глуска і вёсак раёна толькі за студзень набылі больш за 120 тэлевізараў на агульную суму амаль 46 тысяч рублёў.
На чацвёртай старонцы газета змяшчала праграму тэлеперадач “На блакітных экранах”. Трансляцыі адбываліся ў вячэрні час у працоўныя дні, а ў выхадныя і на святы — з 9—10 гадзін раніцы. На Дзень Перамогі ўвечары перадавалі святочны канцэрт. Многія глядзелі ваенны парад і дэманстрацыю на Чырвонай плошчы ў Маскве 7 лістапада. На навагоднія святы ў той год можна было пабачыць легендарныя фільмы “Брыльянтавая рука” і “Чароўная сіла мастацтва”, а таксама “Навагодні блакітны агеньчык”.
Амаль у кожным доме было правадное радыё. Звычайна прыёмнік працаваў кругласутачна, выключалі яго рэдка. Раніцай гэты сродак сувязі выконваў функцыю будзільніка: прачыналіся пад урачыстыя гукі гімна.
Жыхары раёна куплялі шмат пральных машын і халадзільнікаў. А вось з устаноўкай газавых пліт былі тэхнічныя цяжкасці. Акрамя пліты, трэба было самім набыць і прывезці з Бабруйска металічную скрынку для балона. А вопытных кваліфікаваных слесараў па абслугоўванні газавага абсталявання ў Глуску тады яшчэ не было. З гэтай прычыны часцяком жыхары раёна звярталіся ў газету са скаргамі.
Выконваючы абавязкі начальніка ЛТЦ сувязі
А. Язылец у артыкуле “Новая АТС”, надрукаваным у нумары за 12 сакавіка, паведамляе пра пачатак работы новай тэлефоннай станцыі. Яна пабудавана на цэнтральнай сядзібе калгаса імя Калініна ў вёсцы Бярозаўцы і разлічана на 100 абанентаў. У гэтай гаспадарцы і ў суседнім калгасе “Рассвет” тэлефанізаваны фермы, школы, медпункты, аддзяленні сувязі, кватэры калгасных спецыялістаў. А летам была пабудавана АТС у вёсцы Усцярхі.
Асабісты транспарт у той час — вялікая рэдкасць. Былі аднак у раёне і ўладальнікі легкавых аўтамабіляў. Напрыклад, даярка калгаса “Зара” Вольга Ануфрыеўна Басякова — перадавы жывёлавод раёна, дэлегат Усесаюзнага з’езда калгаснікаў — набыла за ўласныя сродкі аўтамабіль “Масквіч” (на фота).
Але, як і ў кожнай казцы, былі ў жыцці свае адмоўныя героі і недахопы. Тавараў павышанага попыту не хапала, і гэта было прычынай шматлікіх злоўжыванняў. Выраз “гандляваць з-пад прылаўка” ўжываецца ў пераносным значэнні і азначае незаконны гандаль, пры якім тавар прадаецца не кожнаму, а таму, каму пажадае прадавец. Але ў Глуску з-пад прылаўка гандлявалі ў самым прамым сэнсе! Вось што знаходзілі ў схованках пад прылаўкамі магазінаў: гумавыя боты, гарэлку, цукеркі, прадметы адзення. А чорную шарсцяную тканіну работнікі ўнівермага прадавалі сваім саслужыўцам адкрыта, не звяртаючы ўвагі на стаяўшых у чарзе людзей. Толькі пасля таго, як атаварыліся ўсе прадаўцы, пяць метраў тканіны, што засталіся ў наяўнасці, дазволілі набыць пакупнікам.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ
Фота з нумара газеты “Сцяг Радзімы” за 1970 год