Темы

Два полі Яўсея Падаляка

Два полі Яўсея Падаляка

Было ў салдата два полі,

Поле, дзе кветкі ірваў,

Бегаў з сябрамі на волі,

І поле, дзе ён ваяваў…

                (Анатоль Вярцінскі)

У Яўсея Нікіфаравіча Падаляка таксама было два полі. Першае — пад Зелянковічамі, а другое — на Смаленшчыне… Праўда, там было не столькі поле, колькі балоты, немцы не маглі прайсці іх танкамі і таму бесперапынна абстрэльвалі. Падчас аднаго з такіх абстрэлаў і загінуў радавы Яўсей Падаляк. Але аб усім па парадку.

Да вайны Яўсей Падаляк быў старшынёй калгаса і на фронт пайшоў з першага дня, 22 чэрвеня 1941-га. Жонка Кацярына сабрала яму неабходныя рэчы, бялізну, і разам з іншымі добраахвотнікамі ён накіраваўся да Мазыра (Глускі раён адносіўся да Палескай вобласці, і прызыў ажыццяўляўся праз Мазырскі ваенкамат). З таго часу сям’я, а ў Яўсея Нікіфаравіча падрасталі сын з дачкою, нічога пра яго не ведала, лісты ад мужа і бацькі не прыходзілі.

Да 1947 года Яўсей Падаляк лічыўся прапаўшым без вестак. Потым ужо знайшоўся чалавек, аднавясковец, які бачыў, як загінуў Яўсей Падаляк. Захаваўся дакумент, у якім ён пацвярджае: “… гр-н Подоляк Евсей Никифорович … во время Великой Отечественной войны служил в Красной Армии в качестве рядового в Смоленской области, р-н Ярцево (номер части не помню), 30 августа 1941 года во время боев был убит на моих глазах”. Але як, што, дзе пахаваны і ці пахаваны ўвогуле — ніхто з родных не ведаў.

— Дома ў нас пра вайну гаварылася многа. Бацькам тады было па сем гадоў, і яны добра памяталі ліхалецце, — расказвае Галіна Юхневіч, унучка Яўсея Падаляка, дачка яго сына Уладзіміра. — Бацька мой успамінаў, як хацелі спаліць Зелянковічы разам з жыхарамі, як яго маці, а мая бабуля пякла для партызан хлеб, а ён яго насіў у лес. Тэма вайны заўсёды была важнай і балючай для  бацькоў.

У лістападзе 2010-га да Галіны Уладзіміраўны патэлефанавалі з Бярозаўскага сельскага Савета: сюды прыйшоў запыт з маскоўскага патрыятычна-пошукавага атрада “Вышыня” аб родзічах Яўсея Падаляка. Аказваецца, астанкі салдата былі знойдзены яшчэ ў 2005 годзе, аб гэтым таксама сведчаць дакументы: “27 октября 2005 года при проведении Вахты Памяти на территории Ярцевского района Смоленской области в стрелковой ячейке в районе ур. Шанино были обнаружены останки бойца Красной Армии. Вместе с ним был найден смертный медальон”. Гэты медальён быў перададзены на экспертызу, так вызначылі ўсе даныя загінуўшага. Праз год, 28 кастрычніка 2006 года, астанкі радавога Я. Н. Падаляка былі перазахаваны з усімі воінскімі і духоўнымі ўшанаваннямі на воінскіх могілках “Поле Памяці” ў горадзе Ярцава.

Як потым расказвалі Галіне Уладзіміраўне хлопцы з пошукавага атрада, імёны тых, хто меў узрост за 40, даведацца было няцяжка — яны захоўвалі свае так званыя “смяротныя” медальёны, у адрозненне ад маладзейшых, якія выкідалі іх перад першым жа боем: каб не наклікаць бяды. Нашмат цяжэй знайсці родных, бо і час гэтаму не спрыяе, і іншыя гістарычна-геаграфічныя змены. Так адбылося і ў гэты раз. Жыў і прызываўся Яўсей Падаляк у Палескай вобласці, якой даўно не існуе, і ўсе запыты ў розныя інстанцыі былі марнымі. Пакуль зусім выпадкова адзін з членаў пошукавай групы не натрапіў у інтэрнэце на генеалагічнае дрэва, якое склаў адзін з пляменнікаў Галіны Уладзіміраўны. Яго зацікавіла прозвішча Падаляк, і гэта стала той зачэпкай, што ўрэшце вывела на ўнучку загінуўшага салдата.

Напярэдадні бліжэйшага Дня Перамогі родных Яўсея Падаляка запрасілі ў Ярцава.

— Я паехала разам з дачкой, — успамінае Галіна Уладзіміраўна. — Канешне, хваляваліся: вайна адняла ў майго бацькі бацьку, а ў мяне дзядулю — і вось праз столькі гадоў я ехала на месца яго гібелі. Каб нас знайшлі раней, адразу, то і бацька мой змог бы даведацца, дзе пахаваны яго бацька … Ну, так распарадзіўся лёс.

На гэту сустрэчу прыехала многа людзей — родных і блізкіх загінуўшых з розных куткоў і Расіі, і другіх краін. Мы пазнаёміліся з тымі хлопцамі, што займаюцца пошукамі, з Максімам, які знайшоў астанкі майго дзядулі. Нам перадалі яго асабістыя рэчы: каску, той самы медальён, дакументы, многа расказвалі. Дзед тэрміновую служыў у марфлоце, і ў сям’і думалі, што яго і на вайне маглі адправіць на флот. А высветлілася, што служыў ён у рэзервовай 30-й арміі, абараняў смаленскую зямлю. У падарунак я завезла кнігу “Памяць” пра наш раён, таму што яны робяць сапраўды высакародную справу, адшукваючы забытыя імёны, дапамагаючы родным знайсці сваіх загінуўшых дзядоў і прадзедаў. Так, мой дзед загінуў, а вось род яго прадоўжыўся. Цяпер ужо ў яго сямёра ўнукаў, адзі-наццаць праўнукаў і дзевяць прапраўнукаў. І многія з іх носяць прозвішча Падаляк.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

і з архіва Галіны Юхневіч

 

Последние новости

Власть

Лукашенко подписал закон о риелторской деятельности

13 мая 2025
Читать новость
Происшествия

В Мозырском районе на реке Припять в автомобиле утонул рыбак, его товарищ сумел выбраться

13 мая 2025
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

День нашей Победы. Как глусчане праздновали 9 мая

13 мая 2025
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Сказать спасибо за мирное небо. Поздравления принимал Евгений Тимофеевич Шилов

13 мая 2025
Читать новость
Образование

На финишной прямой. Когда пройдут «последние звонки» и выпускные?

13 мая 2025
Читать новость
АПК

На полях Глусского района

13 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем