Темы

Глуск: 1396—2026. Новы праект раённай газеты

Глуск: 1396—2026. Новы праект раённай газеты

Першыя згадванні пра Глуск адносяцца да 1396 года, а значыць, сяголета ў нашага з вамі Глуска юбілей — 630 гадоў. Праўда, гаворка ідзе не пра Глуск цяперашні, а пра той, што называўся Глуск-Пагарэлы і знаходзіўся на месцы вёскі Гарадок. Але нам падаецца, што мы маем права адзначаць гэты юбілей, бо ўсё роўна гэта наша зямля і наша з вамі гісторыя. І гэта добрая нагода згадаць старонкі мінулага Глушчыны ў новым праекце раённай газеты “Глуск: 1396—2026”.

Першае ўпамінанне Глускай воласці з’яўляецца ў пісьмовых гістарычных крыніцах канца XIV стагоддзя. Самі дакументы не захаваліся, але пра іх існаванне сведчаць больш познія пацвярджальныя граматы. Спачатку Глуская воласць была ўласнай маёмасцю вялікіх князёў літоўскіх, а потым была даравана Івану Альгімонтавічу, князю Гальшанскаму. Дата нараджэння Івана Гальшанскага невядома, а згадваецца ён у розных дакументах 1379—1401 гадоў.

У “Хроніцы Літоўскай” род Гальшанскіх вядзецца ад літоўскага князя Гальшана, які атрымаў землі за ракой Віліяй і пабудаваў Гальшаны. Наступнымі князямі Гальшанскімі называюцца Міндоўг і яго сын Альгімонт. І Гальшан, і Міндоўг лічацца асобамі міфічнымі, пра іх не маецца ніякіх гістарычных звестак. У той час новая феадальная знаць звычайна прыдумляла для сябе старажытны і легендарны радавод, каб займець аўтарытэт у грамадстве і апраўдаць законнасць сваёй улады. Альгімонт — рэальна існаваўшая асоба, упершыню  згадваецца лівонскім храністам Германам Вартбергам у 1371 годзе як “вялікі вяльможа”. Цэнтрам уладанняў Альгімонта былі Гальшаны, а сам ён служыў у свіце вялікага князя літоўскага Ягайлы.

Сын Альгімонта Іван Гальшанскі з’яўляўся адданым і верным паплечнікам будучага вялікага князя літоўскага Вітаўта, калі той вёў барацьбу з Ягайлам за вялікакняжацкую ўладу. Двойчы, у 1382 і 1390 гадах, Іван Альгімонтавіч адпраўляўся ўслед за Вітаўтам у выгнанне ў Прусію, не пакідаючы свайго гаспадара, здавалася б, у безнадзейным становішчы. У 1390 годзе Іван Гальшанскі ўзначаліў пасольства ў Маскву, суправаджаючы дачку Вітаўта Соф’ю, якая ўступала ў шлюб з князем Васілём Дзмітрыевічам. Саюз з Масквой меў важнае палітычнае значэнне для Вітаўта і паскорыў яго прыход да ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Іван Альгімонтавіч і Вітаўт былі да таго ж сваякамі, ажаніўшыся адпаведна з Агрыпінай і Ганнай, дочкамі смаленскага князя Святаслава Іванавіча. Пасля прыходу Вітаўта да ўлады Іван Гальшанскі ўваходзіць у вялікакняжацкую раду, прымае ўдзел у заключэнні важных дагавораў і пагадненняў. Яго подпісы маюцца пад Салінскім дагаворам 1398 года аб “вечным міры” з Лівонскім ордэнам і пад Віленска-Радамскай уніяй з Польшчай 1401 года.

Пасля смерці князя Скіргайлы Вітаўт прызначае Івана Альгімонтавіча сваім намеснікам у Кіеве, падараваўшы пры гэтым Дубровіцкае княства на рацэ Гарынь і дзве багатыя воласці на Пцічы — Глускую і Парэцкую. Дата смерці Скіргайлы дакладна невядома, маецца некалькі варыянтаў. У Густынскім летапісе называецца 1396 год, гэтую ж дату прыводзіць і аўтарытэтны польскі гісторык Юзаф Вольф.

У час свайго кіеўскага намесніцтва Іван Гальшанскі робіць некаторыя дараванні ў Глускай воласці Успенскаму сабору Кіева-Пячэрскай лаўры. Пацверджанне гэтай даравальнай граматы ўнукам Івана Альгімонтавіча Юрыем Сямёнавічам Гальшанскім з’яўляецца самым раннім захаваўшымся дакументам, у якім згадваецца Глуская воласць.

Ад Івана Альгімонтавіча Глускую воласць атрымаў яго сын Сямён, вядомы пад мянушкай Люты. Пасля смерці Сямёна Лютага глускія ўладанні адышлі да яго нашчадкаў. Усе ўладальнікі Глускай воласці ў ёй не жылі, а валодалі супольна, дзелячы паміж сабой толькі грашовыя і натуральныя даходы. Аднак кожны пры любой магчымасці імкнуўся скарыстаць агульную маёмасць ці працу работнікаў для сваёй карысці. Гэта прыводзіла да ўзаемных крыўд і канфліктаў. Кожнаму здавалася, што родзічы атрымоўваюць больш, таму ўладанні было вырашана падзяліць. Працэс размежавання быў складаным і доўжыўся прыкладна з 1511 па 1521 год. Дубровіцкі князь Юрый Іванавіч Гальшанскі вылучыў свае глускія ўладанні ў асобную вотчыну, заснаваў у ёй замак і горад таксама з назвай Глуск.

Існаванне дзвюх валасцей і двух гарадоў з аднолькавай назвай выклікала шмат памылак і блытаніны нават у навуковай літаратуры. Каб вызначыць, пра які Глуск і якую воласць ідзе гаворка, трэба звярнуць увагу на некалькі акалічнасцей. Усё, што адбывалася да 1522 года, адносіцца да больш старажытнага Глуска. Новы Глуск часта зваўся Глуск-Дубровіцкі па княжацкім тытуле яго заснавальніка. Стары Глуск пасля 1570 года атрымаў назву Глуск-Пагарэлы. Чаму так, раскажам пра гэта пазней. Адрозніваліся гарады таксама пералікам двароў, фальваркаў і вёсак, якія ім належалі, мелі розных уладальнікаў. Пачынаючы з XVII стагоддзя звяртаць увагу на ўсё гэта ўжо не трэба, бо застаецца толькі адзін Глуск-Дубровіцкі, ці проста Глуск.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

Працяг будзе

Последние новости

Власть

Лукашенко провел телефонный разговор с Президентом Ирана

30 апреля 2026
Читать новость
Будь в курсе

Глусский РОЧС. Почему установка АПИ — это необходимость

30 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко призывает прекратить отток населения из регионов и «бешеную стройку жилья» в Минске

30 апреля 2026
Читать новость
Культура

Сегодня в Глуске — премьера художественного фильма «Одно на двоих» Национальной киностудии «Беларусьфильм»

30 апреля 2026
Читать новость
Общество

Як да глушчан прыязджаў “голас Перамогі”

30 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко назвал инициативу «Один район — один проект» стратегической задачей в региональном развитии

30 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем