Темы

Машыны, дарогі і святлафор

Машыны, дарогі і святлафор

“Аўтамабіль не раскоша, а сродак перамяшчэння”, — так гаварыў Астап Бэндэр, галоўны герой рамана “Залатое цяля”. Але для большасці савецкіх грамадзян легкавая машына ўсё ж заставалася вялікаю раскошаю, бо каштавала дорага. Так, у 1990 годзе цана аўтамабіля “Волга” была 16 635 рублёў — пры сярэдняй зарплаце па СССР, як сцвярджае статыстыка, каля трохсот рублёў. Таму машын на дарогах нашага раёна ў савецкі час было значна менш, чым цяпер. Але працы ў работнікаў ДАІ ўсё роўна хапала.

Гартаючы ў чарговы раз падшыўку раённай газеты “Сцяг Радзімы” за 1990 год, я натыкнулася на цікавую рубрыку “Прэсаўтаклуб”, якую вёў старшы інспектар ДПС Глускага РАУС Аркадзь Сіліч. У адным са  студзеньскіх нумароў раёнкі ёсць статыстыка па дарожных здарэннях за 1989 год: “За гэты перыяд у раёне адбылося 26 ДТЗ, у якіх 11 чалавек загінула, 25 атрымала раненні”. Акрамя статыстыкі, у матэрыяле ідзе гаворка аб здарэннях з пазначэннем прозвішчаў віноўнікаў ДТЗ і месца іх працы. Вось, напрыклад, глушчанін кіраваў сваім КАМАЗам у п’яным стане аж у Мазырскім раёне. “Пры спробе яго затрымаць супрацоўнікам міліцыі нават прыйшлося страляць па колах машыны”. Або вось рамантычна-драматычны выпадак: “Вадзіцель на ўчастку дарогі Глуск — Акцябрскі перадаў кіраванне сваім шматтонным КАМАЗам сяброўцы, якая да таго ж не мела правоў. Жанчына не справілася з кіраваннем. У выніку — ДТЗ”.

А асабліва работнікаў ДАІ і ўсіх жыхароў раёна турбавалі моталі-хачы. Як бачым, не толькі цяпер, але і 26 гадоў назад існавала такая праблема. Але ў той час яны турбавалі глушчан не рэзкім непрыемным гукам сваіх матацыклаў, а ліхацтвам на дарогах. Так, за 1989 год імі было “здзейснена 13 ДТЗ, у якіх тры чалавекі загінула і 11 — ранена”.

Канешне ж, аўтамабілі і матацыклы глушчанам-пешаходам дабаўлялі клопату, але яны былі прывычныя, у адрозненне ад прыбору, які ўсталявалі ў 1990 годзе ў Глуску на перакрыжаванні вуліц Кірава і Сацыялістычнай. А паставілі там святлафор. Неўзабаве ў раёнцы з’явілася нататка, дзе гаварылася, што пешаходы “не звяртаюць увагі на святлафор: зірнуць направа і налева, бачаць — транспарту няма і ідуць на чырвонае святло”. Так, не прывычныя былі местачкоўцы да гарадскіх умоў на вуліцах.

А яшчэ, каб глушчане сапраўды адчулі сябе, як у горадзе, улетку 1990 года ў Глуску ўступіла ў строй асфальтаваная аб’язная дарога. “Яна дазволіць пусціць увесь транзітны транспарт, мінаючы вуліцы гарпасёлка. Цішэй стала ў Глуску, і паветра пасвяжэла”, — пісала “Сцяг Радзімы”.

Але адной добраўпарадкаванай дарогі глускім аўтамабілістам было, канешне ж, мала, таму яны працягвалі змагацца за якасць дарог райцэнтра. Адзін з неабыякавых вадзіцеляў нават напісаў пісьмо ў раёнку: “Колькі машын гопаюць і таўкуцца па гэтых ухабінах! Як толькі вытрымліваюць рысоры і амартызатары!”.

Іншыя ж глушчане жадалі, каб дарогі былі не толькі роўныя, без ухабін, а яшчэ і чыстыя. Так, у матэрыяле “Гужавыя матывы ў год каня” за подпісам Лесавіка размова ішла аб тым, што “коні штодня курсіруюць ад склада да магазінаў, як кажуць, з усімі “выпадаючымі” паследствамі. Глуск —  адзін з нямногіх раёнаў вобласці, дзе коні ўсё яшчэ дастаўляюць тавары да магазінаў”. Канешне ж, абурэнне глушчан зразумела — усім хочацца чысціні і парадку. Акрамя таго, жывём мы ў эпоху машын, і сапраўдных конікаў на нашых дарогах паступова выціснулі жалезныя, больш хуткія і мацнейшыя “коні” — аўтамабілі.

Але ж пра машыны, таксама як і пра жывёлу, патрэбна клапаціцца, трымаць іх у належным стане. А каб праверыць, ці спраўны твой “конік”, патрэбна было (зрэшты, як і зараз) рэгулярна праходзіць тэхагляд. Трэба сказаць, што правілы “Тэхагляду-90” мне падаліся цікавымі. Вось што пісала пра іх раёнка. “Аўтатранспарт, які выпушчаны заводам у цотны год, праходзіць тэхагляд у цотны год, а той, што ў няцотны — у няцотны”. Каштаваў тэхагляд легкавой машыны 1 рубель 50 капеек. Акрамя гэтага, уладальнікам аўтамабіля, пачынаючы з 1988 года, штогод патрэбна было плаціць падатак, велічыня якога залежала ад колькасці конскіх сіл у машыне. (Адна сіла каштавала 50 капеек.) Прычым падатак плацілі да пэўнага тэрміну, а за пратэрміноўку налічвалася пеня.

І яшчэ хочацца прывесці некалькі цікавых фактаў, аб якіх пісала “Сцяг Радзімы”. Напрыклад, акрамя таго, што супрацоўнікі ДАІ неслі службу на дарогах нашага раёна, інспекцыя яшчэ аказвала і платныя паслугі: суправаджэнне людзей і грузаў, буксіроўка або дастаўка пашкоджанага транспарту, кансультацыя па правілах дарожнага руху і гэтак далей. А вось адзін пункт у пераліку платных паслуг мяне вельмі зацікавіў: “у выпадку затрымання п’янага вадзіцеля і калі працоўны калектыў хадайнічае аб непазбаўленні яго правоў або скарачэнні тэрміну пакарання і калі хадайніцтва задаволена, арганізацыя павінна пералічыць на рахунак ДАІ 1 000 рублёў”. Трэба сказаць, што гэта былі немалыя грошы. Напрыклад, гадавая падпіска на “Сцяг Радзімы” каштавала 7 рублёў 80 капеек, а зарплата электрыка была 180—200 рублёў.

Так, з правамі несумленным вадзіцелям было лёгка развітацца, а вось каб іх атрымаць, патрэбна было ў аўташколе адвучыцца, напрыклад, у завочнай. Такая, дарэчы, адзіная ў СССР, працавала ў горадзе Перм. Ехаць туды не трэба было — усе падручнікі, трэнінгі, экзаменацыйныя карты высылаліся па поште. У адным з нумароў “Сцяг Радзімы” напісана: “Каб вучыцца ва ўсесаюзнай завочнай аўташколе, патрэбна атрымаць дазвол ад ДАІ на самастойную падрыхтоўку да экзамена. Кошт навучання на катэгорыю “В” — 150 рублёў”. Курсанты здавалі экзамен і атрымлівалі правы па месцы жыхарства.

А можа хто з глушчан вучыўся ў гэтай аўташколе? Цікава было б паслухаць курсанта-завочніка савецкай аўташколы.

Падшыўку гартала В. ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з архіва І. КІРЫНА

Последние новости

Общество

Глусский РОЧС напомнил о правилах безопасной эксплуатации зарядных устройств

18 сентября 2025
Читать новость
Общество

Глусчан приглашают поучаствовать в велопробеге «Беларусь за чистый воздух!»

18 сентября 2025
Читать новость
Происшествия

Рабочий погиб в Бобруйске, спустившись в траншею

18 сентября 2025
Читать новость
Власть

«День народного единства: значение мира и согласия» — тема сентябрьского дня информирования

18 сентября 2025
Читать новость
Общество

22 сентября пройдет акция «День без автомобиля. Беларусь за чистый воздух»

18 сентября 2025
Читать новость
Общество

Тематическая горячая линия по вопросу качества торгового обслуживания населения Могилевской области

18 сентября 2025
Читать новость