Назваць аўтаклуб установай ва ўстанове, бадай што, нельга, але тое, што ў клубнай сістэме раёна ён займае асобнае і нават выключнае месца, гэта безумоўна. Выключнае ў сэнсе той выключна важнай ролі, якую ён адыгрывае, дастаўляючы культуру ў масы. — Асноўнымі нашымі гледачамі з’яўляюцца жыхары маланаселеных вёсак раёна, — расказвае загадчыца аўтаклуба Валянціна Сініцына. — Калі ў вёсцы няма магазіна, то тавары людзям дастаўляе аўтамагазін. А калі няма клуба, то чаму б для вяскоўцаў не наладзіць выязны канцэрт? Без яго, вядома, можна абысціся, але ж з песняй жыццё весялей. Калі глядзіш, як па меры выступлення нашых артыстаў у людзей паляпшаецца настрой, з’яўляюцца ўсмешкі, а ў бабулек неяк па-маладому пачынаюць свяціцца вочы, то разумееш, што наша паслуга, паслуга для душы, ім таксама патрэбна. Няхай вёска аддаленая, няхай у ёй ужо зусім нямнога людзей, але ж гэта жывыя людзі, яны некалі былі маладымі, актыўнымі, шмат працавалі і заслужылі да сябе ўвагі і добрых адносін. І сапраўды, калі мы былі на выступленні аўтаклуба ў вёсцы Заракуша, то самі ўпэўніліся ў справядлівасці слоў нашай суразмоўцы. Першым з “Газелі” выйшаў гарманіст Яўген Бабічаў, і адразу па вясковай вуліцы разлілася вясёлая полька, ды такая ўдалая, што адзін з першых гледачоў і старэйшых жыхароў сам не ўтрымаўся і, папрасіўшы бубен, стаў падыгрываць гарманісту. Тым часам на вуліцы стала даволі людна, вясковыя жанчыны, а іх тут большасць, борздзенька пачалі займаць месцы на лаўках, якія прадбачліва вынесла гаспадыня дома сацыяльных паслуг Вера Мікалаеўна Турлыка, і пачаўся канцэрт. Так, сапраўдны канцэрт, як зараз прынята гаварыць, з жывым гукам і жывым выкананнем. Яго разам з загадчыцай і гарманістам забяспечвалі ўдзельнікі агітбрыгады Вікторыя Сініцына і Людміла Якіменка, а таксама баяніст Аляксандр Голуб. Такі склад выканаўцаў, куды час ад часу далучаюцца і іншыя культработнікі, дазваляе рабіць выступленні і цікавымі, і разнастайнымі, і вясёлымі. А ўжо пра выканальніцкае майстэрства і гаварыць не даводзіцца: пра яго высокі ўзровень сведчаць тыя дружныя апладысменты і шчырыя словы падзякі, якімі заўсёды суправаджаюцца такія выязныя канцэрты. Вось так кожны тыдзень, звычайна па чацвяргах, і ездзіць клуб на колах па вёсках, развозячы людзям песню і добры настрой. На адным маршруце бывае па чатыры, пяць выступленняў. Артысты, вядома, стамляюцца, але заўсёды нязменна адчуваюць задавальненне. Як адчуваюць яго ўсе, хто годна выконвае патрэбную справу.