Темы

Рэклама савецкага часу

Рэклама савецкага часу

Гавораць, што рэклама — рухавік прагрэсу. У савецкім грамадстве прагрэс быў, а рэкламы амаль не было. Усе і так ведалі, што і дзе можна набыць. А яшчэ ведалі, што дэфіцытны імпартны тавар, нават вытворчасці сацыялістычных краін, чамусьці значна лепшы, чым свой, айчынны. Гартаючы раённую газету за 1974 год, зацікавілася нешматлікімі аб’яўкамі на апошняй старонцы, і ўзнікла ідэя дазнацца з дапамогай “Сцяга Радзімы”, што ж рэкламавалі, што прапаноўвалі жыхарам Глуска ў савецкі час. А вось што.

Старэйшае пакаленне глушчан добра памятае магазін “Уцэненыя тавары”, які знаходзіўся на “высокіх ганках”. Пакупнікоў запрашалі купляць там паліто для дзяцей і дарослых, грампласцінкі, абутак і нават запчасткі для матацыкла ІЖ-49. Акрамя таго, у гэтым магазіне праводзіліся акцыі, калі зніжаліся цэны на ўжо падзешаўлёныя раней тавары.

А вось працуючага ў Бабруйскім ПМК прараба Шамрая ведалі, напэўна, усе: і глушчане, і бабруйчане, таму жадаючым уладкавацца на працу ў гэтую будаўнічую арганізацыю раілі звяртацца прама да яго. Былі і іншыя аб’явы для шукаючых работу. Напрыклад, баваўняны камбінат горада Калініна (зараз гэта горад Цвер) запрашаў дзяўчат на курсы ткачых, прадзільшчыц і па іншых спецыяльнасцях з наступным працаўладкаваннем. Прычым прынятыя на работу забяспечваліся інтэрнатам і ім аплачваўся кошт праезду да Калініна.

А калі заробленых грошай не хапала, то можна было і падзарабіць крыху: нарыхтоўчыя пункты, нарыхтоўшчыкі спажывецкай кааперацыі і магазіны закуплялі ў насельніцтва ў неабмежаванай колькасці свежыя і сушаныя яблыкі, дзікія грушы, бульбу, жывую жывёлу, мяса, сала, птушку і нават курыныя яйкі. Акрамя таго, глушчан у савецкі час, таксама як і зараз, прызывалі здаваць другасную сыравіну: макулатуру, вырабы з металу, пластмасы, непрыгодныя цацкі, зношаную вопратку, посуд. Напрыклад, у 1981 годзе за адзін кілаграм макулатуры плацілі 2 капейкі, за кіло касцей — 6 капеек, шарсцяныя анучы ацэньваліся ў 16 капеек за кіло. А вясной можна было назбі-раць у лесе першых грыбоў, страчкоў і смаржкоў, высушіць іх і прадаць нарыхтоўшчыкам па 17 — 20 рублёў за кілаграм. У аб’яве нават даюцца парады, як правільна сушыць гэтыя грыбы. Аматараў палявання “Белкааппушніна” прызывала здабываць кратоў. Напрыклад, за два летнія месяцы можна было злавіць звыш дзвюх тысяч звяркоў і атрымаць ад продажу іх шкурак нарыхтоўшчыкам аж амаль 500 рублёў!

Але не хлебам адзіным жыве чалавек. Жанчынам (ды і мужчынам таксама) хацелася мець модныя прычоскі, прыгожае, чыстае адзенне. Для гэтага “Белбытрэклама” запрашала ўсіх карыстацца паслугамі цырульні і здаваць вопратку ў хімчыстку. Для аматараў музыкі бабруйскае аб’яднанне па бытавых паслугах прапаноўвала запісаць любімыя песні на магнітную стужку ці грампласцінку. Вось як, аж у Бабруйск за песнямі трэба было ехаць, не тое, што зараз — пару разоў клацнуў па камп’ютарнай мышцы і ўсё гатова.

Час бяжыць вельмі хутка, і кожная эпоха мае свае адметныя рысы. У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя ў тагачасным грамадстве пачынаюць працаваць законы рынку. Дакладней, такі: попыт нараджае прапанову. У гэты час набываюць папулярнасць сярод насельніцтва нетрадыцыйныя метады лячэння. Напрыклад, Слуцкі кааператыў “Бадзёрасць” запрашаў на лячэнне людзей з захворваннямі пазваночніка, а таксама яго спецыялісты кадзіравалі ад алкагалізму і тытунекурэння.

З палітычнымі зменамі 90-х гадоў (адкрыццём жалезнай заслоны) звязана наступная прапанова: “Усе жадаючыя могуць зрабіць фота на замежны пашпарт”. У раёнцы нават ёсць рэклама маскоўскага міжнароднага інфармацыйнага цэнтра, які дапамагаў жадаючым выехаць на жыхарства за мяжу. Можна было і не пакідаць Радзіму назаўсёды, а проста арганізаванай групай з’ездзіць на польска-нямецкую мяжу, каб набыць аўтамабіль. Таксама запрашалі моладзь на легальную працу ў Расію, Францыю, Германію.

А для мясцовага насельніцтва глускія кааператары не стамлялі-ся друкаваць у газеце разнастайныя прапановы. Напрыклад, у 1989 годзе ў розных магазінах раёна на прамысловыя тавары былі рэкордныя зніжкі, аж 50 % (!). У кніжным магазіне (так-так, у нас быў і такі) працаваў пункт продажу літаратуры ў часовае карыстанне і нават кніжны ламбард.

Сярод аб’яў арганізацый і прадпрыемстваў сустракаюцца маленькія аб’яўкі ад глушчан. Напрыклад, клапатлівыя бацькі шукаюць зніклае сіямскае кацяня, таму што дзіця вельмі сумуе без свайго маленькага сябра. Прапануюць нават узнагароджанне — 5 мільёнаў рублёў (для параўнання: падпіска на раёнку на адзін месяц каштавала 150 тысяч рублёў). Сумленныя жыхары Глуска змяшчалі ў газеце аб’явы пра свае знаходкі. А гублялі шмат чаго: і грошы, і красоўкі, і жарабят, і каня з калёсамі.

Ну і, канешне ж, глушчане з вялікай ахвотай хадзілі на святы, якія арганізоўвалі работнікі культуры, у кіно і на канцэрты не толькі мясцовых артыстаў, але і прыезджых зорак. Так, у 1992 годзе для жыхароў Глуска пела група “Міраж” і яе салістка Наталля Гулькіна.

Здавалася б, што такое аб’яўка, рэклама — проста радкі ў газеце, а на самой справе з іх дапамогай можна ўгледзець, як і чым жылі цэлыя пакаленні.

На здымку: кніжны магазін, 1980-я гг.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота Ігара КІРЫНА

Последние новости

Образование

В Глусском районе с 8 по 12 сентября проходит Неделя Белорусской республиканской пионерской организации

11 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко провел встречу с представителем Президента США Джоном Коулом

11 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко принял верительные грамоты послов зарубежных стран

11 сентября 2025
Читать новость
АПК

У Никиты Прибыша — своя тысяча!

11 сентября 2025
Читать новость
Власть

Госнаград удостоены 68 представителей различных сфер деятельности 

11 сентября 2025
Читать новость
Актуально

Всемирный день оказания первой помощи отмечается 13 сентября

11 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем