Сіла медыя — у праўдзе. Уражанні ад V Форуму медыйнай супольнасці

Пра V Форум медыйнай супольнасці Беларусі напрыканцы мінулага тыдня расказвалі, мабыць, усе інфармацыйныя рэсурсы краіны, бо падзея гэта, без перабольшвання, грандыёзная, маштабная, значымая. Арганізавана яна Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Гомельскім аблвыканкамам пры падтрымцы Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі, Другога нацыянальнага тэлеканала, Сталічнага тэлебачання, ТРК “МІР”, выдавецкага дома “Беларусь сегодня”, БелТА, агенцтва “Мінск — Навіны”.
А ўдзельнікамі форуму былі прадстаўнікі ўсіх беларускіх сродкаў масавай інфармацыі — ад рэспубліканскіх да раённых. Быць сярод іх пашчасціла і нам, глускую раёнку прадстаўлялі галоўны рэдактар Ірына Грамыка, рэдактар інтэрнэт-рэсурсаў Ганна Аўтухова і я, намеснік рэдактара Таццяна Лукашэвіч.
Дзень першы. Рэчыца
Праходзіла падзея на Гомельшчыне, дэлегацыя Магілёўскай вобласці, а гэта больш за 60 чалавек, першы дзень працавала ў горадзе Рэчыца. Былі там і ўрачыстая сустрэча, і ўскладанне кветак да брацкага пахавання на мемарыяльным комплексе, і паказальныя выступленні выхаванцаў ваенна-патрыятычнага цэнтра “Скіф”. Асноўнай рабочай падзеяй дня была панэльная дыскусія, агранізаваная выдавецкім домам “Беларусь сегодня”, тэма размовы — “Канвергентнае распаўсюджванне патрыятычнага кантэнту. Фокус на праўду”. Лічу, нам проста пашчасціла, што з намі працавалі такія масцітыя і вядомыя журналісты, як галоўны рэдактар выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Дзмітрый Жук, аглядальнікі аддзела палітычнай інфармацыі “Беларусь сегодня” Людміла Гладкая і Андрэй Мукавозчык, начальнік аддзела па радыёвяшчанні “Альфа Радыё” Вадзім Шэпет. Цікава было паслухаць калегу з раёнкі Вольгу Нікан — рэдактара мясцовай газеты “Дняпровец”. Гаварылі пра тое, як тэму патрыятызму распаўсюджваць па розных каналах і рознымі сродкамі, у газеце, на радыё, тэлебачанні, у сацыяльных сетках. І вельмі важна пры гэтым гаварыць і паказваць праўду пра тое, як жывём і працуем, і важна пры гэтым не кідацца ні ў залішнюю пахвальбу, ні ў бок крытыканства.
Дзень другі. Гомель
Пра тое, што сіла медыя ў праўдзе, сказаў і першы намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў на другі дзень форуму ў Гомелі: “Сучасныя СМІ павінны і будуць гаварыць толькі праўду!”.
Ён падкрэсліў, што ў эпоху дыпфейкаў і постпраўды, калі распаўсюджваюцца фейкі, накіраваныя на распальванне нянавісці і раскол грамадства, сапраўдная журналістыка — гэта моцны шчыт краіны.
Праўда — гэта сіла, з якой складана спрачацца. Такая думка чырвонай ніткай праходзіла ва ўсіх выступленнях, што гучалі на форуме, сяголета яго тэма так і азначана: “Медыя сёння: фокус на праўду”. У Гомелі, на другі дзень форуму, мы пабачылі, як запісваецца перадача “Клуб рэдактараў”, бяруцца інтэрв’ю ў вядомых людзей і простых удзельнікаў мерапрыемства. На пленарным пасяджэнні слухалі міністра інфармацыі Марата Маркава, галоўнага рэдактара выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Дзмітрыя Жука, эксперта ў сферы інфармацыйнай бяспекі з ДНР Данііла Бязсонава, прэс-сакратара МНС Яўгена Бараноўскага, выступалі таксама галоўныя рэдактары “Гомельскай праўды” Сяргей Бяспалы і “Весніка Магілёва” Ірына Чульцова. Гаварылі пра вялікую ролю СМІ ў забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі і месца газеты ў грамадскім жыцці рэгіёна, пра інфармацыйнае супрацьборства, штучны інтэлект у медыясферы (каб карыстацца штучным інтэлектам, трэба найперш мець інтэлект натуральны) і яшчэ шмат пра што. Словам, інфармацыі атрымалі шмат, спатрэбіцца пэўны час, каб усю яе пераасэнсаваць, але відавочна тое, што роля СМІ ў жыцці сучаснага грамадства не змяншаецца, а расце, расце запыт на праўду і адказнасць журналістаў за сказанае і напісанае слова.
Тыя аўтары і рэдакцыі, хто ў гэтай справе дабіліся найбольшых поспехаў, былі адзначаны “Залатой літарай” — узнагародай, якая ўручаецца за прафесійныя дасягненні ў журналістыцы і медыяпраекты. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXI Нацыянальнага конкурсу “Залатая літара” стала заключным момантам V Форуму медыйнай супольнасці Беларусі.
Я апладзіравала ўсім пераможцам і намінантам, а найбольш — прадстаўнікам рэгіянальнай прэсы і прадстаўнікам Магілёўшчыны.
У ліку лаўрэатаў конкурсу —інфармацыйнае агенцтва “Магілёўскія ведамасці”, раённая газета “Крычаўскае жыццё”, фотакарэспандэнт аддзела фотаінфармацыі выдавецкага дома “Беларусь сегодня” Андрэй Сазонаў. Пераможцам у намінацыі “Лепшы аналітычны матэрыял” сярод абласных, раённых, гарадскіх друкаваных СМІ, інфармагенцтваў, сеткавых выданняў стаў аўтарскі праект карэспандэнта Віялеты Захарэвіч “Не проста пра палітыку” інфармагенцтва “Магілёўскія ведамасці”.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ