Темы

У Глуску адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

У Глуску адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

Сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі — традыцыйнае мерапрыемства, праходзіць штогод увосень. Хлопцы ды дзяўчаты да гэтага моманту ўжо крыху абжыліся, асвоіліся, а калі нейкія бытавыя ці рабочыя праблемы за гэты час засталіся невырашанымі —такая сустрэча якраз дае магчымасць агучыць іх на ўзроўні райвыканкама. Забягаючы наперад, скажу, што ў гэты раз такіх пытанняў не задавалі, ці то саромеліся, ці то вырашаюць праблемы самастойна на месцы.

Насамрэч пытанні ў моладзі былі, толькі іншага кшталту. У старшыні райвыканкама Аляксея Жураўлёва цікавіліся, якія праекты плануюцца да рэалізацыі на Глушчыне, што самае складанае і самае важнае ў рабоце кіраўніка раёна і яго каманды, якія шляхі выбіраць для прафесійнага росту і якая парада сыграла асаблівую ролю ў яго жыцці.

Можа, адказ на апошняе пытанне быў для моладзі і нечаканым, але ж шчырым і адкрытым (як, дарэчы, і ўсе астатнія адказы). “Самы галоўны чалавек у маім жыцці — мама, і да яе слоў я прыслухоўваюся. Дзякуючы яе парадам, яе настойлівасці і ў пэўнай ступені ўпартасці (а я быў не самым паслухмяным сынам) я стаў тым, хто я ёсць зараз”, — прызнаўся Аляксей Жураўлёў.

Немагчыма дагадзіць усім, часам прыходзіцца прымаць непапулярныя рашэнні, даваць вымовы, і гэты момант у сваёй рабоце кіраўнік раёна назваў адным са складаных, куды больш прыемна і лёгка хваліць і ўзнагароджваць людзей. А самым важным старшыня райвыканкама лічыць прыкладаць намаганні дзеля развіцця раёна. У сваю чаргу, каб раён развіваўся, патрэбны добрыя спецыялісты, харошы кадравы рэзерв, з гэтым у нас пэўныя цяжкасці, зазначыў Аляксей Жураўлёў. “Моладзь затрымлівацца не жадае, шукае лепшай долі ў вялікіх гарадах, — сказаў старшыня. — Я не кажу, што вы не павінны карыстацца іншымі магчымасцямі, аднак дазволю выказаць сваю думку: лепш быць вялікім чалавекам у малым горадзе, чым малым чалавекам у вялікім горадзе. Такія райцэнтры, як Глуск, добрая стартавая пляцоўка для кар’ернага росту”. Са свайго боку кіраўніцтва раёна імкнецца стварыць умовы для моладзі і ўсіх жыхароў: будуецца арэнднае жыллё, развіваецца інфраструктура.

Пытанні — гэта быў другі блок сустрэчы, а напачатку перад сабраўшыміся выступілі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Кірэй, галоўны спецыяліст ЦБП № 707 Беларусбанка Вольга Кашко, першы сакратар райкама БРСМ Ганна Мартынава, загадчык сектара культуры райвыканкама Аліна Хлістунова, старшыня Глускага фізкультурна-спартыўнага клуба Ігар Дымша. Мадэратарам сустрэчы выступіў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Ласоцкі.

Маладым спецыялістам расказалі пра іх сацыяльныя правы і абавязкі, пра тое, як атрымаць ільготны крэдыт, а таксама пра тое, як у нашым раёне можна арганізаваць вольны час.

Так, ільготны крэдыт для маладых спецыялістаў даецца на тэрмін да пяці гадоў, максімальная сума — 30 бюджэтаў пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва, гэта зараз 15 717 рублёў. Набыць па гэтым крэдыце можна нехарчовыя тавары айчыннай вытворчасці, пералік іх немалы, ад мэблі і бытавой тэхнікі да посуду і бялізны. Важны момант: калі малады спецыяліст датэрмінова зволіцца, працэнт крэдыту пералічаць. Кансультацыю можна атрымаць у ЦБП № 707 Беларусбанка (Глуск, вуліца Гастэла, 4), там па панядзелках з 9:30 да 16:30 прымае спецыяліст па льготных крэдытах.

Што датычыцца вольнага часу, зацікавіла многіх хлопцаў і дзяўчат інфармацыя пра спартыўную інфраструктуру. Так, у ФСК чакаюць аматараў лёгкай атлетыкі, аэробікі, фітнэсу. Па вечарах працуе на платнай аснове басейн (для дарослых адна гадзіна — 4,20 рубля). Маюцца вулічныя трэнажоры, можна займацца і на стадыёне (бясплатна). Высветлілася, што ахвотных займацца фізкультурай сярод прыезджай моладзі шмат, мабыць, экскурсія па спартыўных аб’ектах ім бы таксама была карыснай і цікавай.

Зацікавілі маладых спецыялістаў і культурныя аб’екты, адзін з іх, Дом рамёстваў, яны ў той дзень наведалі. Тут ім расказалі і паказалі, як плесці з лазы (хто хацеў, той і сам паспрабаваў плесці), ткаць (дарэчы, зараз увайшлі ў моду тканыя палавікі), працаваць з саломкай, з глінай, якія вырабы робіць бондар. Усяму гэтаму пры жаданні можна навучыцца тут, у Доме рамёстваў.

Пабывалі маладыя спецыялісты таксама ў Цэнтры культуры і вольнага часу “Арыён”, дзе для іх арганізавалі прагляд новага айчыннага кінафільма “Класная” — пра будні і клопаты маладой выпускніцы педагагічнага ўніверсітэта.

Яшчэ адным блокам гэтага насычанага дня была экскурсія па гістарычнай частцы Глуска. Такім чынам, маладыя спецыялісты за паўдня прайшлі, можна сказаць, кароткі азнаямляльны курс па мінулым і цяперашнім Глушчыны.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара і А. ЗМІТРОВІЧ

Последние новости

Происшествия

Смертельное ДТП под Могилевом: автомобиль столкнулся с лосем

25 сентября 2025
Читать новость
Общество

ОГАИ Глусского РОВД. Осторожно — переезд

25 сентября 2025
Читать новость
Власть

У Глуску адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі

25 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко будет на атомном форуме в Москве. Что за мероприятие и какие “плюшки” Беларусь получила от БелАЭС

25 сентября 2025
Читать новость
АПК

Знай наших! Молодой комбайнёр Никита Прибыш записал на свой счет вторую тысячу тонн

25 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко 25-26 сентября совершит рабочий визит в Россию

24 сентября 2025
Читать новость

Рекомендуем