Темы

У Глуску адкрылі экасцежку ў лясгасе і мурал на будынку санаторнай школы

У Глуску адкрылі экасцежку ў лясгасе і мурал на будынку санаторнай школы

На мінулым тыдні ў Глуску адкрылі адразу два аб’екты, звязаныя з лясной тэматыкай.

Не спецыяльна, але ж сімвалічна супала, што адбылося гэта 5 чэрвеня, у Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Так, мы, жыхары ляснога краю, прывыклі, што паветра ў нас духмянае, не забруджанае завадскімі выхлапамі, прырода вакол найпрыгажэйшая, а зайдзі ў бліжэйшы лясок (а ён у нас паўсюль бліжэйшы) — тут табе і грыбы, і ягады, смачныя, карысныя, экалагічна чыстыя… Між іншым, усё гэта не бясконцае, усё гэта трэба берагчы і ахоўваць, захоўваць на будучае і дзеля будучыні.

Першы аб’ект, пра які ідзе гаворка, якраз прызваны нагадваць пра абярэжнае стаўленне да прыроды і пра людзей, якія выбралі клопат аб лесе сваёй прафесіяй. Гэта мурал на будынку Глускай санаторнай школы-інтэрната — частка вялікага праекта Мінлясгаса па папулярызацыі лясных прафесій (такія арт-аб’екты павінны з’явіцца ў кожным райцэнтры рэспублікі). Школу даўно звязвае цёплае сяброўства з Міністэрствам лясной гаспадаркі, таму цалкам апраўдана, што гэты вялікі тэматычны малюнак з’явіўся менавіта тут. Да таго ж школа знаходзіцца на ўездзе ў Глуск, мурал відаць здалёк, і цяпер гасцей райцэнтра вітае незвычайны арт-аб’ект. На ім — выява лесніка, які трымае за руку дзяўчынку, — гэта сімвал пераемнасці пакаленняў. За іх спінамі — магутны лес, на першым плане — маладзенькія саджанцы. Агульную карціну дапаўняюць эмблема Мінлясгаса і радкі “Мы служим лесу, чтобы лес служил людям!”.

У адкрыцці мурала прынялі ўдзел дырэктар Глускага лясгаса Сяргей Івашкевіч, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Ганна Русу, галоўны ляснічы Дзяніс Пастушонак, прадстаўнікі калектыву лясгаса. Пачэснымі гасцямі на мерапрыемстве сталі старшыня Глускага райвыканкама Аляксей Жураўлёў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Раман Тычына.

Кіраўнік раёна павіншаваў усіх з паяўленнем у Глуску новага незвычайнага арт-аб’екта і выказаў упэўненасць, што і санаторная школа, і ўвогуле райцэнтр у далейшым будуць толькі прыгажэць.

З урачыстымі словамі выступілі таксама дырэктар лясгаса Сяргей Івашкевіч і дырэктар санаторнай школы Сяргей Слічонак.

Зазначу, што ўдзельнікамі мерапрыемства былі як дарослыя, так і школьнікі — дзяўчаты-актывісткі школьнага лясніцтва санаторнай школы-інтэрната. Між іншым, цеснае супрацоўніцтва з лясной гаспадаркай дае свой вынік, у гэтым годзе некалькі выпускніц (дзевяцікласніц) школы выказалі жаданне паступаць у Бабруйскі лесатэхнічны каледж.

Магчыма, хтосьці з дашкалят, якія прайшліся ў той дзень па маршруце яшчэ аднаго ляснога аб’екта, таксама ў будучым абярэ для сябе лясную гаспадарку. Гэты аб’ект — экалагічная сцежка Глускага лясгаса.

У Год добраўпарадкавання такія экасцежкі павінны з’явіцца ў кожным з 13 лясгасаў Магілёўскай вобласці, вось у Глускім ужо ёсць. Галоўнае, дзеля чаго задумваліся экасцежкі, — знаёмства наведвальнікаў з прыроднымі экасістэмамі, аповед пра лес і яго насельнікаў.

Наведаць экасцежку ў Глускім лясгасе і прайсціся па маршруце можа любы жадаючы (гэта бясплатна), аднак у першую чаргу сюды будуць запрашаць школьнікаў і дашкольнікаў. Вось і падчас адкрыцця экалагічнага аб’екта да пачэсных гасцей і дзяўчат са школьнага лясніцтва санаторнай школы-інтэрната далучыліся хлапчукі і дзяўчынкі з дашкольнага лясніцтва дзіцячага садка № 4. Экскурсію для ўсіх правялі намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Ганна Русу і галоўны ляснічы Дзяніс Пастушонак.

Прадумваючы, якой павінна быць экасцежка, работнікі лясгаса вырашылі зрабіць акцэнт на тых пародах дрэў, якія вырошчваюцца ў пастаянным лясным пітомніку. Дарэчы, і пачынаецца 800-метровы маршрут на тэрыторыі пітомніка, а завяршаецца ў дэндрапарку (калі хто не ведае, яны мяжуюць паміж сабой). Дык вось, спачатку — знаёмства з лесаўтвараючымі пародамі дрэў, увогуле іх многа, а ў пітомніку вырошчваюцца дзевяць — хвоя звычайная, бяроза павіслая, ліпа драбналістая, клён вастралісты, лістоўніца еўрапейская, дуб чарэшчаты, вольха чорная, елка еўрапейская, ясень звычайны.

Пра кожнае вам раскажуць некалькі цікавых фактаў, напрыклад, пра тое, што драўніна вольхі ўстойлівая да гніення і таму яе выкарыстоўваюць пры будаўніцтве мастоў і калодзежаў, або пра тое, што прывычная нам усім елка з-за пацяплення клімату “сыходзіць” усё далей на поўнач і замяняецца больш цеплалюбівымі пародамі. На працягу ўсёй экасцежкі вы яшчэ не раз сустрэнеце стэнды з цікавай пазнавальнай інфармацыяй (пра птушак, лекавыя, чырванакніжныя расліны і іншае).

На маршруце вам раскажуць і пакажуць матачнік (участак, дзе растуць саджанцы і дзе вас навучаць правільна чаранкаваць расліны), цяпліцы, вы пабачыце ўчастак, дзе вырошчваюць дэкаратыўныя расліны, тут жа побач і магазін, дзе гэтыя расліны прадаюцца ў вялікім асартыменце і па невялікім кошце (не на правах рэкламы, проста мяне і праўда здзівілі гэтыя даволі невысокія цэны). Кіруючыся стрэлкамі-ўказальнікамі, праз шырокія дубовыя вароты (усе стэнды і іншыя вырабы на экамаршруце — сваёй вытворчасці, з мясцовага сталярнага цэха) вы пройдзеце далей у дэндрапарк.

Гэта не проста парк, а спецыялізаваная тэрыторыя, на якой сабрана калекцыя драўняных раслін, знаёмых і незнаёмых. Аднак жа, як і ў звычайным парку, тут можна адпачываць — дыхаць свежым паветрам, цешыцца прыгажосцю прыроды, запасацца, так бы мовіць, здароўем. У дэндрапарку, дарэчы, вас чакае адна з разынак экасцежкі: участак спачатку са спіламі дрэў, а пасля высланы шчэпкамі, пілавіннем, бярвенцамі ды шышкамі — самыя смелыя тут могуць прайсціся басанож. Кажуць, здароўе прыбаўляецца на вачах. Дзяўчаты з санаторнай школы паспрабавалі і сказалі, што пра здароўе так адразу не зразумелі, але ж адчуванні — неверагодныя!

Сустрэнуцца вам на экасцежцы і іншыя сюрпрызы. На пытанне, ці ім спадабалася, дашкаляты дружна адказалі згодай (а трэба сказаць, дзень быў добра спякотны, але малыя вытрымалі ўвесь маршрут і, здаецца, энергіі ў іх засталося яшчэ паболей, чым у дарослых). Завяршыўся ж наш паход па экасцежцы таксама сюрпрызам: падарункамі для ўдзельнікаў школьнага і дашкольнага лясніцтваў, а яшчэ для двух хлопчыкаў — Марата і Макара Пархімчыкаў, удзельнікаў конкурсу дзіцячага малюнка “Мама, тата, я — шчаслівая сям’я”. Конкурс быў арганізаваны вясной Беларускім прафсаюзам работнікаў лесу і прыродакарыстання сярод дзяцей работнікаў лясной гаспадаркі, а ўвогуле Марат і Макар — актыўныя ўдзельнікі розных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў лясгасе для дзяцей.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота А. ЗМІТРОВІЧ

Последние новости

Образование

Более 720 стобалльников. Стали известны результаты одного из двух основных дней ЦТ

16 июня 2025
Читать новость
Общество

Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Олег Дьяченко сегодня работает в Глусском районе

16 июня 2025
Читать новость
АПК

Областной этап республиканского семейного сельскохозяйственного проекта «Властелин села» пройдет 18 июня в Могилевском районе

16 июня 2025
Читать новость
Общество

МИД Беларуси настоятельно рекомендует нашим гражданам воздержаться от поездок в Израиль и Иран

16 июня 2025
Читать новость
Актуально

Всё лето в Беларуси проходит республиканская акция МЧС «Безопасные каникулы»

16 июня 2025
Читать новость
Спорт

Могилевский ЦОР впервые стал бронзовым призером розыгрыша Кубка европейских чемпионов в португальском Назаре

16 июня 2025
Читать новость