Як да глушчан прыязджаў “голас Перамогі”

У маі 1970 года жыхары Глускага раёна мелі ўнікальную магчымасць сустрэцца з легендарным дыктарам Маскоўскага радыё Юрыем Левітанам. Аб выступленні Юрыя Барысавіча, якое адбылося ў Хваставіцкім сельскім Доме культуры, паведамляе газета “Сцяг Радзімы” ў нумары за 21 мая 1970 года.
Паслухаць вядомага дыктара, які атрымаў у народзе ганаровае прозвішча “голас Перамогі”, прыйшлі каля 500 жыхароў пасёлка і раёна. У пачатку сустрэчы госця вітаў першы сакратар РК КПБ Л. Я. Сіманаў. У сваім выступленні “Каля мікрафона Масквы” Юрый Левітан нагадаў аб перадачах па радыё, звязаных з найбольш важнымі падзеямі з гісторыі нашай краіны, пачынаючы з першых пяцігодак і заканчваючы палётамі ў касмічныя прасторы. У канцы сустрэчы дыктар адказаў на пытанні прысутных, коратка расказаў пра сябе, падзякаваў за сяброўскі і цёплы прыём.
Што мог расказаць пра сябе Юрый Барысавіч? Пра дзяцінства і юнацтва простага хлопца мала што вядома, калі ж ён стаў знакамітым, то яго асабістае жыццё не афішыравалася. Як заўсёды ў такіх выпадках, узнікла шмат легенд, у каторых праўда перамяшалася з домысламі.
Нарадзіўся Юрый Левітан у сям’і краўца 19 верасня 1914 года ва Уладзіміры. У сямнаццацігадовым узросце паехаў пакараць Маскву і паспрабаваў паступіць у тэхнікум кінематаграфіі. Але артыста з яго не атрымалася: знешнасць, дыкцыя і ўладзімірскі дыялект не ўразілі прыёмную камісію. Але расчараванаму хлопцу выпадкова трапіла на вочы аб’ява пра набор дыктараў ва Усесаюзны камітэт па радыёвяшчанні. Голас у яго быў што трэба: магутны бас, за каторы нават і прозвішча атрымаў адпаведнае — “Труба”.
Два гады юнак быў проста стажорам (вучнем), але мэтанакіравана працаваў над сваёй дыкцыяй, трэніраваў увагу і вынослівасць. Згодна са складзенымі пра яго байкамі, чытаў тэксты, стоячы на руках уніз галавой, з канца да пачатку і справа налева. Прачнуўшыся сярод ночы, спрабаваў хутка сканцэнтравацца і паўтараў цяжкія для вымаўлення словы. У час адной з тэхнічных трансляцый голас Левітана пачуў кіраўнік савецкай дзяржавы Іосіф Сталін і загадаў даручыць гэтаму дыктару чытанне яго даклада. Пяць гадзін зачытваў Юрый Левітан сталінскае выступленне перад мікрафонам, не дапусціўшы пры гэтым аніводнай памылкі ці проста непатрэбнай замінкі.
З гэтай пары кар’ера маладога дыктара пайшла ўгору: яму даручалі агучваць важныя паведамленні і чытаць даклады кіраўнікоў дзяржавы. Пры гэтым ён не кінуў працаваць над сабой: удасканальваў дыкцыю і вучыўся сцэнічнаму маўленню ў вядомых акцёраў Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра Ніны Літоўцавай і Васіля Качалава.
Юрый Левітан зачытаў першае паведамленне пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны: праз некаторы час пасля выступлення Вячаслава Молатава паўтарыў тэкст прамовы народнага камісара замежных спраў яшчэ раз. Голас маскоўскага дыктара паведамляў пра паражэнні Чырвонай Арміі і яе перамогі, яго гучанне па радыё пазнавалі слухачы ў савецкім тыле і на акупіраванай ворагам тэрыторыі. А выступленне Юрыя Барысавіча з паведамленнем пра капітуляцыю Германіі — гэта шэдэўр, які можна слухаць бясконца.
Увосень 1941 года Юрый Левітан і яго сям’я былі эвакуіраваны ў Свярдлоўск. Тут некаторы час на Уральскай студыі працавала Маскоўскае радыё. Інфармацыя для радыёвыпускаў прымалася па тэлефоне, а паведамленні перадавалі станцыі ўсёй краіны. Гэта не дазваляла праціўніку адшукаць галоўны радыёвузел. Але з 1942 года дыктар ізноў у Маскве.
Як і іншыя дзеячы культуры і мастацтва, Юрый Барысавіч неаднаразова бываў на фронце, выступаў перад чырвонаармейцамі, можна сказаць, прайшоў з імі ад Масквы да Берліна. І пасля вайны ён ніколі не адмаўляўся, калі яго запрашалі на сустрэчы ветэранаў. Нават памёр праслаўлены дыктар у час паездкі ў Белгародскую вобласць на сустрэчу з ветэранамі Курскай бітвы 4 жніўня 1983 года, на 69-м годзе свайго яркага жыцця.
Цяпер зразумела, як Юрый Левітан аказаўся ў Глуску: у 25-ю гадавіну вялікай Перамогі са сваім выступленнем пад назвай “Каля мікрафона Масквы” ён пабываў у розных кутках краіны. Юрый Барысавіч расказваў слухачам пра тое, як чытаў урадавыя заявы, вёў рэпартажы з Чырвонай плошчы, з Крамлёўскага дварца з’ездаў, удзельнічаў у агучванні дакументальных і мастацкіх фільмаў. Гэта ён 12 красавіка 1961 года перадаў па радыё паведамленне ТАСС пра першы палёт у космас Юрыя Гагарына. З 1965 года Юрый Левітан чытаў тэкст у тэлеперадачы “Хвіліна маўчання”, вёў на Усесаюзным радыё перадачу “Гавораць і пішуць ветэраны”.
Аўдыязапісы, фільмы і тэлеперадачы з удзелам Юрыя Левітана захоўваюцца ў архівах тэлебачання і радыё. Зразумела, што на Маскоўскім радыё і ў час вайны, і пасля яе працавала шмат выдатных дыктараў, але менавіта яго стыль лічыцца эталонам прафесіяналізму.
У 1985 годзе ва Уладзіміры з’явілася вуліца Дыктара Левітана. А напярэдадні 70-годдзя Перамогі ў скверы на вуглу, дзе яна перасякаецца з праспектам Леніна, устаноўлены вельмі незвычайны помнік. Незвычайны, бо Юрыя Барысавіча там няма: паведамленне з рэпрадуктара слухаюць стары дзед і яго ўнук. Пачуць голас Левітана з рэпрадуктара маглі некаторы час наведвальнікі помніка: з дапамогай сучасных тэхналогій і ўласнага смартфона яны выбіралі і запускалі патрэбны аўдыязапіс. Але зараз такой магчымасці больш няма: жадаючых было столькі, што дынамік, які амаль бясконца гаварыў, проста не даваў спакойнага жыцця жыхарам суседніх дамоў.
А. ЕМЯЛЬЯНАЎ
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту