Темы

Да 100-гадовага юбілею Глускага раёна. Успамінаем падзеі 1994 года

Да 100-гадовага юбілею Глускага раёна. Успамінаем падзеі 1994 года

Цяжкі эканамічны крызіс

З 1994-га мінула ўсяго толькі 30 гадоў, і большасць глушчан добра памятаюць той час. Думаю, запомніўся ён менавіта таму, што гэта быў вельмі цяжкі і складаны перыяд у нашай гісторыі — мы жылі ў час, напэўна, самага буйнога эканамічнага крызісу.

Па першых жа радках артыкулаў у раённай газеце “Радзіма” гэта становіцца відавочным. У першым нумары надрукавана нататка з загалоўкам “У прымусовым адпачынку”. Чытаем: “З-за адсутнасці паліва для большай часткі рабочых МУААСа пачаліся калядныя канікулы, якія працягнуцца два і больш тыдняў… Такая ж сітуацыя назіраецца ў ПМК-86… Вось ужо некалькі дзён як спыніліся работы на будаўнічых аб’ектах, якія вядуць члены будаўнічых брыгад МПМК-249. Галоўная прычына — у неплацёжаздольнасці заказчыкаў, якія да гэтага часу не змаглі пералічыць грошы за выкананыя аб’ёмы работ… У сувязі з гэтым МПМК-249 не можа разлічыцца са сваімі субпадрадчыкамі, заводамі-пастаўшчыкамі. Калі грошы не паступяць… рабочым будзе падоўжаны адпачынак”.

Але ж гэта, як кажуць, толькі пачатак. Чытаем раёнку далей і даведваемся, што на 12 студзеня 1994 года была запланавана агульнарэспубліканская забастоўка педагогаў, якую абвясціў настаўніцкі прафсаюз. Патрабавалі скарэкціраваць заработную плату за 1993 год. Урад пайшоў насустрач патрабаванням, і забастоўку адмянілі.

А вось журналісты Бабруйскай раённай газеты “Трыбуна працы” ў той жа час “на адным з апошніх сходаў рэдакцыі палічылі, што прафсаюзы ў сваіх сённяшніх формах не адпавядаюць рэаліям дня і… распусцілі сваю прафсаюзную арганізацыю”.

Цяжка было і з самымі неабходнымі прадуктамі, напрыклад, з цукрам. У раённую газету чытачы пісалі ўзрушаныя лісты, пытаючыся, чаму ў лістападзе яны атрымалі толькі па 0,5 кілаграма цукру на чалавека. Намеснік старшыні праўлення райспажыўсаюза не абнадзейваў пакупнікоў “салодкім жыццём”: “…на ўвесь Глускі раён было выдзелена толькі 11 тон цукру ў разліку па паўкіло на чалавека, і такая ж колькасць цукру выдзелена і на снежань”.

Ад чытання наступнай нататкі — “Абдзеленыя дзеці” — слёзы выступілі на вачах. У ёй жыхарка Глуска, якая пабывала на прадстаўленні цырка ў кінатэатры “Арыён”, расказала такую гісторыю: “…Людзі пачалі гаварыць, што павінны прыйсці дзеці з Веснаўскага дома-інтэрната. Іх прывялі перад самым пачаткам прадстаўлення. Першае, што кінулася ў вочы, — іх знешні выгляд. У ватоўках, з кірзавымі ботамі на нагах, яны былі падобны на людзей, занятых бруднай работай. Чамусьці неяк стала не па сабе… Гледачы сталі разыходзіцца, а разам з імі і дзеці з дома-інтэрната. Я праводзіла кожнага з іх позіркам, а ў галаве круціліся думкі: чаму абдзеленыя лёсам дзеці абдзелены і ў астатнім?” Сястра-гаспадыня дома-інтэрната растлумачыла сітуацыю: “Сапраўды, на сёння не ўсе нашы дзеці маюць на выхад неабходнае адзенне. Асабліва не хапае верхняга… Ужо пайшлі ў ход апошнія запасы, што меліся. Многім дзецям проста не падышлі размеры куртак і чаравікаў, таму і апранулі іх у ватоўкі і боты…” Інтэрнат знаходзіўся на поўным дзяржаўным утрыманні, і ў ім склалася бядотнае становішча з забеспячэннем дзяцей вопраткай і абуткам. А гэта вынік таго самага цяжкага эканамічнага становішча, у якім была ў той час уся краіна.

 Дарэчы, па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, намінальная налічаная сярэдняя заработная плата ў студзені 1994 года была крыху больш за 188 тысяч рублёў. А курс долара ў той час быў такі: 1 долар = 27 000 рублёў. Падлічыць, колькі долараў зарабляў у сярэднім беларус, нескладана: атрымліваецца прыкладна 6,9 долара. А цяпер вытрымка з наступнай нататкі ў раёнцы: “З-за вымушанага адпачынку рабочыя масавага цэху [камбіната бытавога абслугоўвання] атрымаюць мінімальную зарплату ў размеры 30 000 рублёў”. Колькі гэта ў доларах? Правільна — 1,1 (!) долара. Да прыкладу, жаночыя боты ў той час каштавалі 47 000 рублёў, а кілаграм сметанковага масла — 10 000 рублёў. Вось так і жылі.

Зімою, у халады, у кватэрах глушчан, у райбальніцы і іншых аб’ектах, падключаных да цэнтральнага ацяплення, раптам прапала тое самае ацяпленне, і тэмпература ў памяшканнях рэзка панізілася. Начальнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі А. І. Баглай на запыт журналістаў раёнкі адказваў: “З-за адсутнасці сродкаў у бюджэце няма за што купіць у дастатковай колькасці паліва… Робім усё магчымае і немагчымае, каб дастаць паліва. Адпраўляем машыны на нафтаперапрацоўчыя заводы з надзеяй, што вернуцца яны не пустыя. Адшукваем любыя рэзервы. Цвёрдых абяцанняў даваць не буду… не ведаю, што чакае нас заўтра”. 

Жыхары шматкватэрнага дома па вуліцы Пушкінскай у сітуацыі, калі ў кватэры не было цяпла, нават пачалі задумвацца аб тым, каб не плаціць за “такую” паслугу грошы. Аўтар нататкі, С. Анташкевіч, на сабе выпрабаваў праблему, бо жыў у тым доме. Вось што ён пісаў: “З кватэры ў кватэру перадавалася прапанова не плаціць вытворчаму аб’яднанню жыллёва-камунальнай гаспадаркі за ацяпленне… У маёй кватэры тэмпература вагалася ад 9 да 12 градусаў цяпла… Вось і зараз пішу гэтыя радкі, а рука закачанела так, што ручку не хоча трымаць, па спіне бегае халадок”.

Аб тым, што любое паліва было ў дэфіцыце, сведчыць і вось гэта аб’ява ў раёнцы: “На аўтазаправачную станцыю райспажыўсаюза каля вёскі Калацічы паступіў бензін для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, якія маюць у асабістым карыстанні аўтатранспарт, па цане 1800 рублёў за літр. Выбраць бензін трэба на працягу бліжэйшых 10 дзён”.

Татальны недахоп паліва адчуваўся ва ўсіх сферах жыцця. “У АТП-15 з-за недахопу паліва кожны дзень на лінію выходзяць толькі 4 аўтобусы, якія курсіруюць у напрамку Бабруйска і Асіповіч”. “З-за адсутнасці паліва вось ужо цэлы месяц прастойвае цэх плодаперапрацоўкі плодаагародніннага завода…” 

Што гаварыць пра аўтобусы, калі нават для машын хуткай дапамогі і то не было бензіну. “Кожны званок хворых раніцаю 23 лістапада на станцыю “хуткай дапамогі” суправаджаўся адным і тым жа адказам: “Прыехаць не можам, няма бензіну…” — пісала раёнка.

А напярэдадні жаночага свята 8 Сакавіка ў Глуску здарыўся хлебны крызіс, ды такі, што “разбушаваную чаргу ў дзяжурным магазіне прыйшлося ўтаймоўваць нараду міліцыі”. Вось што пісала раённая газета:

“У перадсвяточныя дні хлебныя прылаўкі магазінаў гарпасёлка літаральна бралі штурмам. Адны пакупнікі гаварылі, што чакаецца чарговае падаражанне хлеба, другія — што камбінат стаў на рамонт. Блізкімі да ісціны былі апошнія… Здарылася невялікая паломка. За тры гадзіны лінію адрамантавалі”.  

Напярэдадні 1 верасня прыйшлося панервавацца бацькам школьнікаў. Газета “Радзіма” папярэджвала сваіх чытачоў: “У раёне складваецца напружаная абстаноўка з забеспячэннем школьнымі сшыткамі. Таго, што паступіла ў продаж, пакуль недастаткова. Работнікі магазіна культтавараў, што ў Глуску, маюць намер рэалізоўваць сшыткі па спісах школ у абмежаванай колькасці — па 10 сшыткаў на вучня. Але ж у суседніх раёнах чамусьці аб школьніках дбаюць больш: там сшыткі можна набыць без усялякіх абмежаванняў”.

На восьмай старонцы раённай газеты, дзе, як правіла, друкавалася праграма і розныя забаўляльныя нататкі, у адным з нумароў быў змешчаны фотаздымак: дзве дзяўчынкі ядуць на вуліцы бананы. Да здымка подпіс: “Экзатычны фрукт: смачна!” У 1994-м банан быў яшчэ такой экзотыкай, што заслугоўвала ўвагі фотакарэспандэнта газеты, а вось для нас зараз ён амаль родны, як наш яблык.

Крымінальная хроніка

А яшчэ 1990-я ўспрымаюцца як час, калі ў Беларусі было шмат злачынстваў. Глускі раён не выключэнне. Тут таксама цягнулі ўсё, што дрэнна (а часам і добра) ляжала. Глушчане ўспамінаюць, што нават парсюка злодзеі ноччу маглі вывесці паціху з хлява, пагрузіць на машыну і звезці.

Раённая газета “Радзіма” ў рубрыцы “Крымінальная хроніка” пісала: “Неўстаноўлены злачынца, сарваўшы замкі, залез у ларок МГА “Колас” і ўкраў 17 бутэлек каньяку “Азербайджанскі”, 70 бляшанак кафейнага напітку “Інка”, жаночыя боты, дзіцячыя боты, шакалад… З інтэрвалам у адзін дзень абакралі магазін паўсядзённага попыту ў Ольніцы і прамтаварны магазін у вёсцы Макавічы… У ноч на 31 студзеня група злачынцаў, перапіліўшы замок, залезла ў склад магазіна в. Веснава. Вынеслі 20 бутэлек каньяку, 60 бутэлек “Сталічнай” і 10 “Зуброўкі”, 430 пачак імпартных цыгарэт”.

Трэба адзначыць, што апошні крадзеж міліцыя хутка раскрыла. А вось глускім супрацоўнікам ДАІ, каб затрымаць злачынца, аднойчы нават прыйшлося прымяняць зброю: “У пяцістах метрах ад вёскі Заеліца прымянілі табельную зброю (ПМ) для спынення трактара МТЗ-80 з прычэпам. Трактар рухаўся па дарозе з гранічнай скорасцю, без святла фар. Вадзіцель не падпарадкоўваўся законным патрабаванням спыніцца. Былі зроблены два папераджальныя выстралы ўверх і тры прыцэльныя — па задніх колах. Трактар спыніўся, і трактарыста затрымалі… быў за рулём у нецвярозым стане… вёз дадому ў вёску Заеліцу тону саломы”.

Кралі не толькі з магазінаў ды прадпрыемстваў, а і з дамоў глушчан: “Амаль апоўдні залезлі злодзеі ў жылы дом грамадзяніна Л. Якраз у гэты час гаспадыня прыйшла дадому. Як кажуць, застала злодзеяў знянацку. Тыя з перапалоху выскачылі ў акно. Дзякуючы міліцыі і грамадскасці праз 50 хвілін яны былі затрыманы… Акрамя таго, яны аказаліся прыналежнымі яшчэ да 7 крадзяжоў на тэрыторыі раёна”.

Добрыя навіны

Сярод негатыву былі і добрыя навіны. У 1994 годзе беларускія спартсмены ўдзельнічалі ў зімніх Алімпійскіх гульнях, якія праходзілі ў шведскім горадзе Ліліхамеры. Зборная Беларусі як суверэннай дзяржавы выступала на Алімпіядзе ўпершыню. Наш зямляк кампазітар Валерый Іваноў нават напісаў для спартсменаў алімпійскі гімн, які і прагучаў у Швецыі. “Ёсць у яго мелодыі і нашы нацыянальныя пачуцці, і матывы высокіх чалавечых якасцей і перажыванняў, і гордасць за родную Айчыну”, — пісаў карэспандэнт раёнкі С. Антоша.

Нягледзячы ні на што, глушчане ўсё роўна працавалі ды яшчэ і паказвалі добрыя працоўныя вынікі. На штогадовым злёце перадавікоў была дэлегацыя калгаса “Дружба”. Працаўнікі гэтага калгаса ў 1993 годзе вельмі добра працавалі і вось чаго дасягнулі: “У першай паляводчай брыгады… ўраджайнасць зерневых склала 39,6 цэнтнера з гектара”.  

Яшчэ адна нататка на старонках архіўнай “Радзімы” прыцягнула ўвагу сваёй назвай: “Проста Марыя”. Напэўна, прыдумваючы загаловак, аўтар натхніўся вельмі папулярным мексіканскім серыялам з аднайменнай назвай, які якраз у той час паказвалі па тэлебачанні. Што ж за “проста Марыя” ў нас? Гэта сімпатычная мясцовая дзяўчына — маладая даярка Бабровіцкай фермы калгаса “Зара” Марыя Цагельнікава. “Пераехала з мужам і двума малышамі на радзіму яе маці… Марыя за даволі кароткі час здолела стаць адной з лепшых даярак на Бабровіцкай ферме…” — адзначалася ў нататцы.  

А глускія фермеры ездзілі вучыцца наладжваць сваю справу нават у Германію, пасёлак Шманевітц. “Менавіта там праходзіла двухтыднёвы курс навучання група з 15 фермераў, у складзе якой давялося быць і двум прадстаўнікам нашага раёна… Прычым ездзілі не адны, а з жонкамі, сваімі першымі і галоўнымі памочніцамі… Атрыманыя эканамічныя веды дазволяць у будучым больш эфектыўна працаваць на ўласнай ферме”, — пісаў у “Радзіме” старшыня раённай асацыяцыі фермераў М. Сапега.

З 9 мая 1994 года пачалася выплата кампенсацый ахвярам нацызму. Дамова аб такіх выплатах была заключана паміж Расіяй, Беларуссю, Украінай і ФРГ. На працягу трох гадоў Германія павінна была выплаціць 200 мільёнаў нямецкіх марак тым людзям, якіх у гады вайны прымусова вывезлі на працу, у канцлагеры. “Размер выплат будзе залежаць ад ступені нанесенага ўрону здароўю, тэрміну знаходжання ў канцлагерах, узросту вязняў. Важна, каб кампенсацыю ў першую чаргу атрымалі людзі, якім ужо за 80 год, і інваліды першай групы…” — адзначалася ў раённай газеце.   

Святы

Глушчане заўсёды любілі святы (а хто іх не любіць?!). Каб на нейкі час забыць пра ўсе цяжкасці і турботы, людзі актыўна ўдзельнічалі ў гарадскіх святах, напрыклад, у масленічных забавах. Цікавы фотарэпартаж з гэтага мерапрыемства быў размешчаны на старонках “Радзімы” — тут і даволі сталыя жанчыны бягуць навыперадкі з каромысламі на плячах і вёдрамі з вадою ў руках, і бабулі-гледачы спяваюць песні ў мікрафон, і каларытныя коннікі.

На майскія святы для дзяцей у гарадскім парку бясплатна працавалі атракцыёны. Праходзілі спартыўныя спаборніцтвы. На танцпляцоўцы ладзіліся вечары адпачынку. У Дзень Перамогі, 9 Мая, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны прысутнічалі на ўрачыстым сходзе і святочным канцэрце, разам з імі ўсе глушчане ўскладвалі вянкі і кветкі да мемарыяла Воінскай Славы. Пасля ўскладання частаваліся салдацкай кашай. 

А 26 чэрвеня 1994 года ў Глуску адзначалася 50-годдзе вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Традыцыйныя афіцыйныя мерапрыемствы: ускладанне кветак на мемарыяле Воінскай Славы, урачысты сход і канцэрт.  Для глушчан і гасцей свята на цэнтральным стадыёне выступала група “Асарці”. Праходзілі спартыўныя спаборніцтвы, на плошчы нават правялі спаборніцтва картынгістаў. Трэба адзначыць, што на ўрачыстасці сабраліся не толькі ветэраны нашага раёна — прыехалі і тыя, хто ў 1944-м вызваляў Глушчыну. “Урачыста і святочна выглядала цэнтральная плошча, на якую сабраліся многія ветэраны. Яны разам з прадстаўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, калгасаў і саўгасаў усклалі вянкі і кветкі да помніка У. І. Леніну, бюста двойчы Героя Савецкага Саюза С. Ф. Шутава, да мемарыяла Воінскай Славы”, — расказвала пра ўрачыстае святкаванне раённая газета. Дарэчы, у наступным нумары газеты была змешчана нататка “Яны памаглі правесці свята вызвалення раёна”, дзе пералічваліся ўсе, хто матэрыяльна дапамагаў у арганізацыі свята. Напрыклад, “калектыў “Аграпрамбанка” выдзеліў 1,5 мільёна рублёў, малое прадпрыемства “Пціч” — 1 мільён рублёў, малое прадпрыемства “Фермер” — 500 тысяч рублёў…” — гаварылася ў нататцы.

Вельмі любімае народнае свята Купалле ў 1994 годзе глушчане адзначалі на лодачнай станцыі: “Ужо з самага вечара ў раёне лодачнай станцыі была чутна вясёлая музыка… З наступленнем змроку прыгожы бераг рэчкі ператварыўся ў імправізаваную “глядзельную залу”. Увагу ўсіх прыцягнулі нумары мастацкай самадзейнасці, вясёлыя віктарыны… Паступова канцэртная частка перайшла ў танцавальную… Побач з народнымі песнямі гучалі і сучасныя… Весялосці не было канца. Закончылася гулянне толькі тады, калі пачало світаць…”

“Адкрыцці”

У 1994 годзе ў Глуску, у будынку кінатэатра “Арыён”, адкрыўся бар-марожанае “Камілль”. Яго уладальнікам быў паляк Лешэк Серачыньскі, які “даведаўся аб Глуску ад нашага земляка мастака Вячаслава Захарынскага, які апошні час выкладае асновы жывапісу польскім студэнтам”, пісала раённая газета. 

У той жа год у павільёне каля цэнтральнай бібліятэкі (так разумею, гэта той самы, што глушчане называлі “Стекляшка”) адкрыўся яшчэ адзін магазін, таксама прыватны. Карэспандэнт раённай газеты С. Антоша пісаў: “Павільён узяў у арэнду ў райспажыўсаюзе прадпрымальнік А. Сукеасян… Крама не мае пакуль шыльды, але назва ў яе ёсць — “Сюзанна”. Прадпрымальнік плануе адкрыць шырокі гандаль харчовымі і прамысловымі таварамі па цэнах ніжэй дзяржаўных”. 

Нягледзячы на фінансавыя праблемы, у райцэнтры ўсё роўна будавалася жыллё, у першую чаргу для тых, каму яно было вельмі патрэбна. Каля СШ № 3 (сучаснай гімназіі) работнікі МПМК-249 будавалі 80-кватэрны жылы дом, паведамляла “Радзіма”: “Яго вельмі чакаюць малазабяспечаныя сем’і, адзінокія і сем’і, у якіх няма аднаго з бацькоў… Дом будзе пяціпавярховым, 60 кватэр у ім будуць аднапакаёвыя і 20 — двухпакаёвыя… Фінансуецца будаўніцтва з дзяржбюджэту…” 

Важныя палітычныя падзеі

Год 1994-ы — гэта год вялікіх палітычных падзей, якія ў тым ліку непасрэдна ўплывалі і на жыццё нашага раёна. Па-першае, 15 сакавіка была прынята першая ў гісторыі суверэннай Беларусі Канстытуцыя. Да таго ж беларускія парламентарыі аб’явілі гэты дзень нерабочым: “Парламенцкая большасць прагаласавала за прызнанне 15 сакавіка святочным днём”. 

Згодна з прынятай Канстытуцыяй у Беларусі ўводзілася пасада Прэзідэнта. Выбары першага Прэзідэнта былі прызначаны на 23 чэрвеня 1994 года (як ні дзіўна, гэта быў чацвер, і яго зрабілі нават выхадным днём). Як толькі выбары былі прызначаны і кандыдаты зарэгістраваны, на старонках раёнкі чытачы пачалі палеміку: выказваліся за кандыдатаў, праграмы якіх ім больш падабаліся. Напрыклад, жыхары вёскі Калюгі, якая ў 1992 годзе гарэла, выказвалі падтрымку тагачаснаму прэм’ер-міністру Вячаславу Кебічу. Яно і зразумела, бо Кебіч асабіста прылятаў да іх пасля пажару, з кожным размаўляў, калюжане яму руку паціскалі, ды і грошы тады выдзелілі хутка, каб вёску адбудаваць. Таму і падтрымлівалі. “Некалькіх мінут хапіла яму, каб устанавіць кантакт з людзьмі. Мы адчувалі сябе побач з ім упэўнена, проста, быццам знаёмы даўно”, — пісаў у раённай газеце жыхар Калюгі М. Бізун.

У першым туры Прэзідэнта не выбралі, таму на 10 ліпеня быў назначаны другі тур. І вось у другім туры “пераканаўчай перамогай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі завяршыўся перадвыбарны марафон… За Аляксандра Лукашэнку ў нашым раёне прагаласавала 11 008 чалавек, або 82,1 % ад прыняўшых удзел у галасаванні”, пісала “Радзіма”.

Хутка пасля выбараў Глускі раён наведала прэзідэнцкая камісія. Чаму завіталі? Справа ў тым, што пасля абрання Прэзідэнта ў яго Адміністрацыю ад грамадзян проста хлынуў паток скаргаў — каля 10 тысяч. “Магілёўская вобласць па колькасці скарг Прэзідэнту выйшла ў прызёры — ідзе трэцяй пасля Мінска і Мінскай вобласці. Як абстаяць справы ў нашым раёне, трэба будзе высветліць прыбыўшай прэзідэнцкай камісіі…” — адзначалася ў раённай газеце. 

Вось такім супярэчлівым, цяжкім, хвалюючым быў для нас 1994 год.

Последние новости

Общество

В Глусском районе почтили память жертв Холокоста

7 мая 2025
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Военно-патриотическая игра «Зарничка» собрала в Глуске юных патриотов

7 мая 2025
Читать новость
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. 7—9 мая 1945-го

7 мая 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко заявил о готовности договариваться о сотрудничестве с Гвинеей-Бисау по всем направлениям

7 мая 2025
Читать новость
Калейдоскоп

Неласковый май. Прогноз погоды на 7—11 мая

7 мая 2025
Читать новость
Происшествия

На озере в Костюковичах утонул мужчина

7 мая 2025
Читать новость