Темы

Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі

Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі

Працяг. Папярэдняя частка ў № 67

У рамках праекта “Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі” працягваем аповед пра люты 1945 года.

Шмат увагі ў тагачасных газетах надавалася лесанарыхтоўцы. На працягу лютага Бабруйская абласная газета “Совецкая Радзіма” некалькі разоў звярталася да гэтай тэмы. Вось некалькі цытат з артыкулаў: “Лесаматэрыял патрэбен для вялікіх аднаўленчых работ у раёнах, дровы — для чыгунак і гарадоў. Выконваючы дзяржаўны план нарыхтовак і вывазак драўніны, мы аказваем практычную дапамогу Чырвонай Арміі ў канчатковым разгроме ненавіснага ворага…”; “Лес патрэбен для фронта, лес патрэбен для канчатковай перамогі над ворагам. Выкананнем плана нарыхтовак і вывазак драўніны дапаможам Чырвонай Арміі дабіць фашысцкага звера”.

Між тым у Глускім раёне справы з лесанарыхтоўкай складваліся не вельмі добра. Так, 4 лютага інструктар ляснога аддзела абкама КП(б)Б Ф. Верамейчык у сваім артыкуле зазначаў, што тэмпы лясных работ рэзка знізіліся ў параўнанні са снежнем мінулага года, у ліку адстаючых названы і Глускі раён: “Большасць раёнаў і леспрамгасаў не выконваюць графіка работ. Асноўная прычына — дрэнная арганізацыя працы. Адсюль і вынікі адмоўныя. У Глускім раёне, напрыклад, дзённая выпрацоўка лесаруба складае 0,8 кубаметра, возчыка — 0,7 кубаметра. Квартальны план па раёну выканан на 22 проц., па вывазцы — на 11 проц. Такое ж становішча ў Любаньскім і другіх раёнах обласці”.

Праз пару тыдняў газета зноў вярнулася да гэтай праблемы, назвала негатыўныя факты, сярод іх такі: “у Глускім раёне выкананне плана пушчана на самацёк, лясныя работы адкладаюцца на канец квартала, работнікі райсовета і райкома партыі арыентуюць калгаснікаў на “штурмавую дэкаду”. Таму і не дзіўна, што ў глускіх лясах вельмі мала лесарубаў і возчыкаў. План 1-га квартала па нарыхтоўцы драўніны выканан раёнам толькі на 37 проц., па вывазцы — на 22 проц… Дрэнная арганізацыя працы на лесасеках і цякучасць рабочай сілы таксама з’яўляюцца фактам. Віноўнікі апошняга — работнікі леспрамгасаў, кіраўнікі сельсоветаў і калгасаў. Зачастую майстры і дзесятнікі па некалькі дзён не бываюць у лесе…”

Дзеля справядлівасці скажам, што негатыўныя прыклады па лесанарыхтоўках былі ўва многіх раёнах, не толькі ў Глускім, а ў Бабруйскім, Старобінскім, Любанскім і іншых.

У святочным нумары “Соцыялістычнай вёскі” за 23 лютага сустракаем ужо знаёмае імя — Валянціны Міхайлаўны Сліж (на здымку). Аўтар артыкула “Насустрач жыццю” — Ф. Ян. (без сумнення, гэта Фёдар Янкоўскі, вучоны і публіцыст, які пасля вайны некаторы час працаваў у раёнцы).

“Усё абмеркавана, усё дагаворана, і Міша прашчальна абвёў бацькоўскім позіркам дзяцей, узглянуў на жонку і заспакойваюча сказаў:

— Адно, Валя, не хвалюйся, спакойна чакай; усё павінна быць нагатове, паслязаўтра прыеду.

Настаўнік Міхаіл Іванавіч Гункевіч накіраваўся ў партызаны, а паслязаўтра павінен быў прыехаць, каб забраць сям’ю ў партызанскую зону”, — так пачынаецца гэты расказ. Мы даведваемся пра хваляванне жанчыны, пра яе страх: “Непамерна доўгаю была ноч, доўгім быў дзень. У той дзень п’яныя ўляцелі ў вёску ненавісныя прыслужнікі немцаў паліцэйскія, забілі ў Клетным яе былога вучня Вайцеховіча. Валенціна Міхайлаўна чакала ночы, каб неадкладна, не чакаючы прыезду Мішы, пераехаць у партызанскую зону. Трэба было спяшацца. Як толькі сцямнела, амаль не ведаючы дарогі, накіравалася яна ў бок Слаўкавіч…” Так для настаўніцы Валянціны Сліж пачалося новае жыццё, жыццё ў змаганні з ворагам. “Не злічыць выпадкаў, калі яна ўцякала, схваціўшы дзетак, у лес, у гушчар, каб не загінуць ад нямецкай кулі, — піша аўтар. — Не злічыць выпадкаў, калі яна сядзела з дзеткамі ў балоце, а недалёка рваліся міны, са свістам праносіліся над галавою снарады, з’яўлялася “рама” і абстрэльвала лес. Многа было выпадкаў, калі яна па некалькі сутак нічога не ела. Але яна ратавала дзетак, насіла іх і ежу для іх, абагравала сваім целам. Валенціна Міхайлаўна чакала звароту вольнага жыцця…”

І яно прыйшло, доўгачаканае вызваленне. Валянціна Міхайлаўна вярнулася ў Клятнянскую школу, дзе працавала сем год да вайны. “І настаўніца Валенціна Міхайлаўна Сліж, сапраўдная патрыётка, узялася за сваю любімую справу — выхаванне дзяцей. Добра пастаўлена навучанне і выхаванне ў яе класе, высокія веды, добрая дысцыпліна яе выхаванцаў. Штовечар яна спяшаецца ў хату-чытальню, куды збіраюцца калгаснікі і калгасніцы, каб пачуць апошнія навіны, пачытаць цікавыя артыкулы з газет. Клетнянская хата-чытальня, загадчыцай якой з’яўляецца

В. М. Сліж, з’яўляецца лепшай у раёне”, — так заканчваецца гэты аповед.

На сайце partizany.by ёсць звесткі пра Валяніцу Гункевіч (Сліж). Нарадзілася ў 1915 годзе, скончыла Слуцкі педтэхнікум, працавала настаўніцай у Клетным. З лютага 1942 года — у партызанскім атрадзе. Узнагароджана медалём “30 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне”.

Там жа размешчана “Выписка из протокола заседания бюро Глусского райкома КП Белоруссии” ад 17 мая 1979 года, дзе паведамляецца, што бюро райкама вывучыла дакументы і ўстанавіла той факт, што Валянціна Гункевіч сапраўды знаходзілася разам з мужам і трыма малалетнімі дзецьмі ў партызанскім атрадзе імя Будзённага 100-й партызанскай брыгады Палескага злучэння і выконвала асобныя паручэнні камандавання. Тут жа прыводзяцца і другія дакументы: пацверджанні ад баявых таварышаў,  даведка, выдадзеная ў сакавіку 1945 года камандзірам партызанскага атрада Барысам Цыкунковым, баявая характарыстыка за яго ж подпісам: “…Тов. Гункевич В. М. до начала войны работала учительницей и хорошо знала местных жителей, с первых же дней пребывания в партизанском отряде выполняла ряд боевых заданий отряда — систематически вела разведку и производила раскидку партизанских листовок и сводок информбюро в немецко-полицейских гарнизонах деревень: Клетное, Новоандреевка, Барбарово, Доколь и гор. пос. Глусск, а также добросовестно выполняла ряд хозяйственных работ партизанского отряда имени Будённого, бригады № 100 Полесского соединения”. Дарэчы, пра гаспадарчыя работы. На сайце ёсць і ліст самой Валянціны Гункевіч, датаваны 15.08.1978, да чалавека па імені Васіль Іосіфавіч: “Высылаю Вам два подтверждения: от Акулича Г. Д. и Бегуна Г. А. Может быть, эти подтверждения помогут решить затянувшийся вопрос. Думаю, что Богук Владимир Иванович тоже скажет свое слово в мою пользу. Он был хозяйственником в отряде, и я от него получала муку, пекла для отряда хлеб. Богук живет в Глуске по ул. Советской, д. 28. Бабак Григорий из Малинова, один из первых партизан, надеюсь, помнит нашу с мужем связь с отрядом Патрина».

На той момант, калі афармлялася пацверджанне, у 1970-х гадах, Валянціна Міхайлаўна жыла ўжо ў Чалябінскай вобласці. Муж яе, Міхаіл Іванавіч, памёр у 1969-м. Ён пасля вызвалення раёна, згодна з дакументамі, “выбыл в истребительный батальон”. Узнагароджаны  медалём “Партызану Айчыннай вайны” 2-й ступені.

Працяг будзе

Падшыўкі гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Последние новости

Общество

Благотворительная кампания «Ваша дапамога» продолжается в Глусском районе

13 октября 2025
Читать новость
Общество

Денис Дук назначен ректором Академии управления при Президенте Республики Беларусь

13 октября 2025
Читать новость
Актуально

Лукашенко согласовал назначение новых руководителей местной вертикали

13 октября 2025
Читать новость
Актуально

Последствия непогоды в Могилёвской области

13 октября 2025
Читать новость
Общество

Что в «Глусском лукошке»? Побывали в цеху заморозки Глусского обособленного структурного подразделения Кличевского райпо

13 октября 2025
Читать новость
Культура

«Глушанский хуторок»: осенняя симфония народных традиций и калейдоскоп ремесел

13 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем