Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі

Працяг. Папярэдняя частка ў № 84
Чым жыў Глускі раён першы год пасля вызвалення ад нямецкіх акупантаў? Працягваем гартаць старонкі тагачаснай перыёдыкі ў праекце “Глушчына. Ад вызвалення да Перамогі”. Сёння — красавік 1945-га.
Рэспубліканская газета “Советская Белоруссия” 13 красавіка размясціла паведамленне БелТА пра Глускі раён:
“В колхозах района с каждым днем расширяются полевые работы. На поля вышло более 280 звеньев высокого урожая. Вспахано свыше 500 гектаров и засеяно около 300 гектаров. Хорошо работают на полях колхозники сельхозартели “Юный борец”. Здесь на полевых работах широко используются малопродуктивные коровы. За первые дни колхозники вспахали и засеяли более 500 гектаров. Полной готовностью встретили весенний сев колхозники сельхозартели “Красный аратый”. Под посев ярового клина подготовлено около 35 гектаров. Для сельскохозяйственных работ запрягают 38 коров”.
“Чырвоны араты” — гэта сельгасарцель у Даколі, “Юны барацьбіт” — у Побліне.
Ужо пра другую арцель, па вырабе спартры — палатна з асінавай стружкі, расказвае 14 красавіка абласная газета “Совецкая Радзіма”, аўтар нататкі Янкоўскі. Ён расказвае, што да вайны арцель была вядома далёка за межамі Беларусі, працавала паўтары тысячы чалавек, у год прадукцыі выпускалася на тры мільёны рублёў. Каб разумець, колькі гэта, можна параўнаць з некаторымі тагачаснымі цэнамі. Напрыклад, мужчынскі касцюм і мужчынскае демісезоннае паліто ў 1940 годзе каштавалі каля 400 рублёў, метр паркалю — прыкладна тры рублі, кілаграм цукру — ад чатырох да шасці рублёў, грэчка — блізу чатырох рублёў. Аўтар між тым працягвае: “Багатая падсобная гаспадарка (5 гектараў саду, 100 гектараў зямлі) давала значны прыбытак арцелі.
З дня на дзень паляпшаўся добрабыт работнікаў. Пры падсобнай гаспадарцы быў арганізаван дом адпачынку, у летнія месяцы функцыяніраваў санаторый для дзяцей арцельшчыкаў.
Так было.
У канцы чэрвеня 1941 года прапаўзлі нямецкія танкі, застукалі каваныя боты па бруку. Прадпрыемства замоўкла. Акупанты вывезлі ў Германію станкі, электраматоры і стругальны інструмент. На месцы прадпрыемства, дзе кіпела творчая праца соцень людзей, засталіся толькі цэментовыя падмуркі…”
У першы дзень вызвалення раёна ў Глуск вярнуўся арганізатар і старшыня праўлення арцелі таварыш Чарнагубаўскі, пачаліся аднаўленчыя работы, гаворыць аўтар нататкі і называе прозвішчы тых, дзякуючы каму ўжо праз месяц арцель пачала выпускаць прадукцыю: “На чале з ініцыятыўным старшынёй праўлення многа папрацавалі т. т. Эпштэйн (тэхнарук), Брэус (майстар ткацкага цэха), Сіндэль (майстар па станках), ткачыхі Брэус, Аўчыннікава і другія”.
У гутарцы з карэспандэнтам Чарнагубаўскі сказаў, што ў 1945 годзе 100 ткацкіх станкоў будуць пастаўлены ў двух новапабудаваных цэхах, установяць лакамабіль, адновяць бандарны цэх.
Калі на пачатку вясны Глускі раён крыху ругалі за маруднасць пры падрыхтоўцы да веснавой сяўбы,
то ўжо ў канцы красавіка “Совецкая Радзіма”, аналізуючы ход сацыялістычнага спаборніцтва на веснавой сяўбе паміж раёнамі вобласці (іх было 14), паведамляла, што Глускі раён спаборнічае з Акцябрскім раёнам і апераджае яго амаль на два працэнты. Тады была такая практыка: раёны выклікалі адзін аднаго на спаборніцтва.
У гэтай жа газеце ад 28 красавіка выйшла заметка за подпісам
С. Кучэрына, сакратара Глускага райкама партыі. Ён паведамляў наступнае: “Калгаснікі сельгасарцелі “Сцяг працы”, Дакольскага сельсовета, у сваіх абавязацельствах па дастойнай сустрэчы вялікага свята 1-га Мая далі цвёрдае слова закончыць сяўбу ранніх яравых за 7—8 дзён. 22 красавіка сельгасарцель закончыла поўнасцю сяўбу ранніх яравых.
У калгасе “Чырвоная ніва”, Жалвінецкага сельсовета, брыгада, дзе брыгадзірам тав. Сіраж, на 22 красавіка закончыла сяўбу ранніх яравых культур”.
Арцель з назвай “Сцяг працы” была ў вёсцы Слабодка Хваставіцкага сельсавета, “Чырвоная ніва” —
у Барысаўшчыне.
Глушчане аралі, сеялі, будавалі, стаялі за станкамі… Заканчваўся красавік. Да перамогі заставалася меней за два тыдні.
Падшыўкі гартала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ
Працяг будзе