Темы

ГЛУСК: 1396—2026. Глуск-Дубровіцкі і яго ўладальнікі

ГЛУСК: 1396—2026. Глуск-Дубровіцкі і яго ўладальнікі

Працяг. Пачатак у № 15

Уладальнікі Глуска-Дубровіцкага горад не палілі, за іх гэта зрабілі спачатку рускія войскі, а потым казакі. Ды і сам ён некалькі разоў выгараў ледзь не да апошняга двара. Аднак адметных падзей хапала: князі сварыліся  і варагавалі адзін з адным, ваявалі з манахамі Кіева-Пячэрскай лаўры, перабудоўвалі Глуск і замак, паспяхова спаборнічалі з Брэстам — кожны так ці інакш адзначыўся ў гісторыі Глускай воласці.

Пасля спынення роду князёў Гальшанскіх-Дубровіцкіх па мужчынскай лініі (нагадаем, апошні прадстаўнік роду па мужчынскай лініі, Сямён Юр’евіч Гальшанскі, памёр ад хваробы ў 1556 годзе) Глуск падзялілі дзве дачкі Юрыя Дубровіцкага, сёстры Сямёна Гальшанскага, — Настасся Юр’еўна Заслаўская і Соф’я Юр’еўна Палубінская. Калі ж дачка Настассі Ганна пайшла замуж, то атрымала ад маці трэць уладанняў Заслаўскіх. Пасля гэтага ў Глуску з’явіліся яшчэ і Чартарыйскія.

Найбольш вядомым з Заслаўскіх быў унук Настассі Юр’еўны Януш Янушавіч. Ён займаў дастаткова высокія дзяржаўныя пасады: быў старастам жытомірскім і пераяслаўскім, ваяводам падляшскім і валынскім. Глускія ўладанні трымаў разам з братам Міхаілам і прадаў іх сваёй цётцы Ганне Кузьмінічне Чартарыйскай у 1581 годзе.

Выкупіўшы ўсю долю Заслаўскіх, Ганна Кузьмінічна пакінула іх у спадчыну свайму сыну Юрыю. Юрый (Ежы) Чартарыйскі ў маладосці сам займаўся справамі кіравання сваіх уладанняў, бываў і ў Глуску. Праславіўся ён удзелам у шматлікіх ваенных кампаніях, падтрымліваў і суправаджаў Ілжэдзмітрыя I у яго паходзе на Маскву ў 1605 годзе. Спачатку выступаў супраць Берасцейскай царкоўнай уніі, аднак пазней адмовіўся ад праваслаўя і перайшоў ва ўніяцтва. Пры гэтым працягваў дапамагаць праваслаўным брацтвам, а ў 1601 годзе падпісаў адозву аб ахове праваслаўнай царквы. Яго сын Мікалай адразу пасля смерці бацькі прадаў 4 ліпеня 1626 года глускія ўладанні Канстанціну Палубінскаму.

Першыя Палубінскія — Аляксандр Іванавіч, яго жонка Соф’я Юр’еўна і сын Аляксандр — вялі зацятую барацьбу з Кіева-Пячэрскай лаўрай. Яны ўпарта не жадалі аддаваць манахам даніну, дараваную яшчэ князямі Гальшанскімі і Астрожскімі, захоплівалі ўладанні манастыра. Спрэчкі суправаджаліся ўзброенымі сутычкамі. Асабліва адметным стаў налёт на Глуск наёмнага атрада пад кіраўніцтвам архімандрыта Нікіфара Тура ў 1594 годзе. Сярод нарабаванага дабра ўпамінаецца і “вялая” асятрына. Што ж, манахі — таксама людзі, і есці ім трэба. Больш прыцягвае ўвагу тое, што асятроў у Пцічы ў той час хапала, калі іх нарыхтоўвалі ў запас на зіму.

Аляксандр Аляксандравіч Палубінскі вызначаўся цяжкім характарам, увесь час варагаваў з суседзямі і родзічамі, нават абвінавачваўся ў забойстве ўласнай жонкі. Яго сын Канстанцін спрабаваў угаворамі і пагрозамі распаўсюдзіць уніяцкую веру, заснаваў для гэтага новыя цэрквы. Але, сустрэўшы супраціўленне з боку мясцовага насельніцтва, дазволіў у 1628 годзе пабудаваць адну праваслаўную царкву.

Развіццё і росквіт сярэдневяковага Глуска, яго “залаты век”, звязаны з сынам Канстанціна Аляксандрам Гілярыем Палубінскім. Пасля спалення Глуска і яго замка казакамі Залатарэнкі ў 1655 годзе засталося ў Глускай воласці ўсяго 14 дымоў (сялянскіх гаспадарак). У 1667 годзе ў адноўленым Глуску налічвалася ўжо 250 дымоў, а ў воласці — 285! Былі пабудаваны новы замак, касцёл і манастыр бернардзінцаў. Для ўмацавання абароны Глускага замка Аляксандр Гіляры вывез з Брэста 80 гармат з поўнай амуніцыяй. Брэсцкія паслы доўгі час дабіваліся іх вяртання, нават на сойме пытанне гэта абмяркоўвалі, але нічога не дабіліся.

У пачатку свайго існавання Глуск будаваўся ўздоўж ракі. Аднак цяпер набыў новую планіроўку. Гандлёвыя рады і рынкавая плошча былі перанесены ў напрамку сучасных вуліц Жыжкевіча і Кірава. Вакол іх узнік пасад — жылая забудова. Культурны слой сярэдневяковага Глуска абмяжоўваецца вуліцамі Пушкінскай, Карла Маркса, Чапаева і поймай ракі Пціч, з’яўляецца матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння.

Аляксандру Палубінскаму належалі яшчэ гарады Дзярэчын, Рудабелка, Дзятлава, Горкі і Горы Вялікія. Але Глуск стаў самым буйным яго ўладаннем, тут ён часта бываў і падоўгу жыў. У замку, каля манастырскай сцяны, знаходзіўся спецыяльна пабудаваны “дом пана маршалка”, у якім Аляксандр Гіляры працаваў і адпачываў. Акрамя дзяржаўных і ваенных спраў, вялікі маршалак літоўскі цікавіўся навукамі і мастацтвам. Пры ім у Глуску некаторы час жыў і тварыў вядомы майстар гравюры на медзі Аляксандр Тарасевіч.

Сыны Аляксандра Палубінскага рана памерлі і не пакінулі нашчадкаў. Глуск атрымала ў спадчыну яго старэйшая дачка Ганна Марыяна, якая выйшла замуж за Дамініка Мікалая Радзівіла.

Пераход Глуска і часткі воласці ва ўладанне Радзівілаў заўсёды выклікае інтарэс у аматараў гісторыі. Але трэба заўважыць, што “каралямі без кароны”,

аб якіх складалі легенды, былі толькі ўладальнікі родавых маёнткаў Радзівілаў — Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый. Астатнім прадстаўнікам роду трэба было самім клапаціцца аб сваім дастатку і высокім грамадскім становішчы.

Шлюб з дачкой Палубінскага Ганнай Марыянай прынёс Дамініку Мікалаю Радзівілу значныя ўладанні разам з Глускам і замкам. Да таго ж ён атрымаў пазней у спадчыну Клецкую ардынацыю. Гэта дазволіла Дамініку Мікалаю дабіцца вышэйшай дзяржаўнай пасады і стаць вялікім канцлерам літоўскім. Яго сын Мікалай Фаўстын быў навагрудскім ваяводам, некаторы час камандаваў войскам Вялікага Княства Літоўскага, напісаў некалькі прац па сусветнай гісторыі і пра народы Еўропы.

І сам Мікалай Фаўстын, і яго сын Альбрэхт, хоць і займалі высокія дзяржаўныя і ваенныя пасады, вялікім багаццем не вызначаліся. Ствараць у сваіх уладаннях мануфактуры, выпісваць з Еўропы майстроў яны не маглі і не жадалі. Таму і не паявіліся ў Глуску шаўковыя паясы, падобныя слуцкім, ці адмысловыя габелены, як у Карэлічах. Затое рэгулярна з’яўляліся арандатары. Заплаціўшы Радзівілам за арэнду, яны рабіліся часовымі ўласнікамі Глускага маёнтка і абіралі яго жыхароў да апошняга.

Пасля вялікага пажару ў 1775 годзе ад Глуска амаль нічога не засталося, а жыхары разышліся хто куды. Сойм Рэчы Паспалітай вызваліў ад падаткаў на дзесяць год насельнікаў Глуска незалежна ад веравызнання, каб горад захаваўся і адрадзіўся. Альбрэхту Радзівілу было не да бедстваў глускіх мяшчан. Ён з’яўляўся адным з лідараў барскіх канфедэратаў і пасля іх разгрому ў 1772 годзе ратаваўся ўцёкамі за мяжу. Толькі ў 1777 годзе, пасля прымірэння з каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім, Альбрэхт вярнуўся з выгнання з пустымі кішэнямі і ўпартым нежаданнем правесці ў сваім маёнтку рэформы.

Пасля шэрагу адміністрацыйных змяненняў Глуск быў пазбаўлены статусу горада і запісаны як мястэчка. Пастанова Варшаўскага сойма 1775 года аб генеральным падымным падатку аб’яўляла мястэчкамі паселішчы, якія “адным земляробствам жывуць і меней як 300 дымоў налічваюць”. Сын Альбрэхта Дамінік Радзівіл у 1792 годзе прадаў Глуск графу Юдыцкаму, каб разлічыцца з даўгамі. Атрымалі ў свой час Радзівілы багатую воласць, сярэдніх памераў горад і магутны замак, а прадаваць давялося абцяжараны даўгамі маёнтак, заняпалае мястэчка і замак, які страціў сваё ваеннае значэнне і пачаў разбурацца.

Юзаф Юдыцкі заняўся развіццём свайго новага маёнтка: наладзіў дзейнасць меднага завода, лесапілак, гут і млыноў, збудаваў дзве новыя ўніяцкія царквы ў Глуску. Аднак вялікіх поспехаў ад гэтага ні ён, ні яго сын не мелі, бо вяртаць узятыя крэдыты не было чым.

Да сярэдзіны XIX стагоддзя Юдыцкія нарабілі яшчэ большых даўгоў, чым папярэднія ўладальнікі, і распрадалі замак, вёскі Глускай воласці і местачковыя пляцы сваім крэдыторам. Глуск перастаў быць княжацкім феадальным уладаннем, зямельныя надзелы пад жылымі дамамі, крамамі і майстэрнямі цяпер належалі асобам рознага сацыяльнага паходжання.

На гэтым закончылася сярэдневяковая гісторыя горада з замкам як цэнтра графства. У складзе Расійскай імперыі Глуск канчаткова страчвае ваеннае, адміністрацыйнае і эканамічнае значэнне і ператвараецца ў невялікае правінцыяльнае мястэчка.

А. ЕМЯЛЬЯНАЎ

На здымку: Аляксандр Гіляры Палубінскі, гравюра невядомага мастака XVΙΙ стагоддзя

Последние новости

Власть

С Праздником труда поздравляет Анатолий Исаченко и Александр Горошкин

1 мая 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко провел телефонный разговор с Президентом Ирана

30 апреля 2026
Читать новость
Будь в курсе

Глусский РОЧС. Почему установка АПИ — это необходимость

30 апреля 2026
Читать новость
Власть

Лукашенко призывает прекратить отток населения из регионов и «бешеную стройку жилья» в Минске

30 апреля 2026
Читать новость
Культура

Сегодня в Глуске — премьера художественного фильма «Одно на двоих» Национальной киностудии «Беларусьфильм»

30 апреля 2026
Читать новость
Общество

Як да глушчан прыязджаў “голас Перамогі”

30 апреля 2026
Читать новость

Рекомендуем