Темы

Жыццё як песня. Пётр Долбік — інжынер з душой паэта

Жыццё як песня. Пётр Долбік — інжынер з душой паэта

У сумесным творчым праекце газеты “Радзіма” і раённага савета ветэранаў “Алея славы” мы знаёмім чытачоў з нашымі землякамі, што сваёй руплівай працай, высокімі дасягненнямі праслаўлялі Глускі раён. Сярод такіх людзей — жыхар вёскі Турыно Пётр Васілевіч Долбік, былы галоўны інжынер калгаса “Дружба”, які адпрацаваў у гэтай гаспадарцы з 1967 па 2003 год, аж да выхаду на заслужаны адпачынак.

Вучыцца на выдатна

Дзяцінства Пятра Долбіка, як і яго аднагодкаў, прыйшлося на пасляваенны час. Усяго, што людзі яго пакалення дасягнулі ў жыцці, ім прыходзілася дамагацца сваімі ўласнымі сіламі, сваёй цяжкай працай. Наш сённяшні герой нарадзіўся ў вёсцы Балашэвічы, у шматдзетнай сям’і: дзевяць дзетак было ў бацькоў, але двое з іх памерлі падчас вайны. Бацька загінуў. Маці адна падымала сямёра дзяцей. Пасля заканчэння Балашэвіцкай сямігодкі Пятро вырашыў атрымаць сярэднюю адукацыю і працягнуў вучобу ў Глускай сярэдняй школе № 2. Больш за шэсць кіламетраў толькі ў адзін бок, ад Балашэвіч да Глуска, у дождж, завею, спякоту, шэсць дзён на тыдзень, пешшу хадзіў мэтанакіраваны вучань у школу. Вучыўся вельмі добра — у атэстаце сталасці, які мне паказаў Пётр Васілевіч, па асноўных прадметах, такіх як геаметрыя, трыганаметрыя, алгебра, фізіка ды многіх іншых, стаіць адзнака “выдатна”. Безумоўна, з такім атэстатам грэх было не пайсці вучыцца ў ВНУ. Так Пятро і зрабіў. Паступіў у Інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Сярод вышэйшых навучальных устаноў выбраў тую, якая была яму бліжэйшая па духу, ды і сябры таксама туды паступалі, разам усё ж лепш. Спецыяльнасць інжынера па тым часе  хоць і не грашовая, затое вельмі важная і патрэбная. Ды й працаваць на зямлі Пятру было не звыкаць: ад малых жа гадоў з сельскай гаспадаркай звязаны.

На цаліне

У 1965 годзе, пасля заканчэння інстытута, Пятра накіроўваюць па размеркаванні ў Казахстан. Думаў, канешне, што на радзіме спатрэбяцца яго веды, але ж лёс закінуў ад роднай вёскі болей чым за тры тысячы кіламетраў.

1965 год

“Мяне размеркавалі, — распавядае Пётр Васілевіч, — у Какшэтаўскую вобласць, Чыстапольскі раён, саўгас “Чырвоназнаменскі”. Гэта быў нямецкі пасёлак, цалінныя землі. Падчас вучобы я там праходзіў практыку на працягу пяці месяцаў, але не думаў, што траплю туды і працаваць. Саўгас па нашых, беларускіх, мерках быў проста вялізны — больш за 200 тысяч гектараў зямлі, тэхнікі шмат. Гэта на той час была гаспадарка, добра забяспечаная самымі сучаснымі машынамі, трактарамі і камбайнамі. Калі я ехаў туды, мае родзічы шкадавалі, маўляў, як ты там будзеш жыць, там жа голад, есці няма чаго. Але ж гэта было не так: выдатная сталовая, трохразовае харчаванне, ежу работнікам прывозілі прама ў поле… Я працаваў інжынерам-кантралёрам майстэрні. Па дамоўленасці пасля інстытута патрэбна было адпрацаваць тры гады, але ўжо пасля двух мяне заела нуда, засумаваў, так моцна захацелася дамоў. І я паехаў дахаты… Тут ужо ўладкаваўся ў калгас і напісаў у Казахстан ліст з просьбаю выслаць мне працоўную кніжку. А адтуль прыйшоў адказ ад начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Чыстапольскага раёна. У тэлеграме было напісана: “Для вашага звальнення падстаў няма, неадкладна выязджайце на працу”. Але я на свой страх і рызыку не паехаў. Так там і засталася мая працоўная кніжка”.

Вал пятай перадачы з каробкі ДТ-54

“Трэба адзначыць, што на першым працоўным месцы я даволі хутка набраўся досведу, свае тэарэтычныя веды замацаваў на практыцы і ў Глускі раён вярнуўся добра падрыхтаваным спецыялістам, — працягвае свой расказ мой суразмоўнік. — Тут уладкаваўся на пасаду галоўнага інжынера ў калгас “Дружба”, што знаходзіўся ў вёсцы Турыно. Калі прыйшоў на склад у райсельгастэхніку, пажылая кладаўшчыца вырашыла ўчыніць мне выпрабаванне. Кінула жалезную дэталь на падлогу ды кажа: “Хлопчык, скажы ты мне, што гэта за жалязяка такая?” Я кажу: “Якая жалязяка, гэта ж вал пятай перадачы з каробкі ДТ-54”. І нумар, і групу назваў — карацей кажучы, адказаў, як на экзамене. Яна толькі пасміхнулася задаволена: выпрабаванне прайшоў, значыць”.

Пётр Васілевіч вельмі цёпла адзываецца пра свайго першага на Глушчыне кіраўніка — старшыню калгаса “Дружба” Ісая Купрыянавіча Бурынава. “Гэта быў чалавек старой загартоўкі, моцны кіраўнік, — распавядае мой суразмовец, — вельмі адданы сваёй справе, гаспадарцы. Ён быў па-ваеннаму дысцыплінаваны, строгі, сам адказна адносіўся да працы і нас да гэтага прывучыў. Кожны, ці то я, галоўны інжынер, ці то аграном або заатэхнік, — усе на сваіх месцах імкнуліся працаваць на сто адсоткаў, а то і болей”. 

За працоўную доблесць

Пётр Васілевіч адзначыў, што працаваць за столькі год прыходзілася ў розных умовах і з рознымі людзьмі — лёгка і спакойна ніколі не было. Каб усё спраўна працавала, трэба было думаць, прыдумляць, вынаходзіць, майстраваць…

Вось што пісала раённая газета “Сцяг Радзімы” пра Пятра Долбіка ў лютым 1985 года: “Сямнаццаць пасяўных і ўборачных на яго рахунку. І не было ніводнай з іх, каб не калдаваў напярэдадні над якой-небудзь чарговай тэхнічнай навінкай, самадзейным прыстасаваннем”. За 36 гадоў, што Пётр Долбік працаваў галоўным інжынерам, у гэтай галіне неаднаразова адбываліся перамены ў арганізацыі працы. Напрыклад, аднаго часу выкарыстоўваўся паточна-цыклавы метад, які ўвялі па ініцыятыве сакратара абкама Леонава. Сутнасць метаду: уся тэхніка і вадзіцелі, механізатары пераходзілі ад калгаса ў падпарадкаванне райсельгастэхнікі. Кожны тыдзень галоўны інжынер ездзіў туды са справаздачай аб выніках працы, расходах сродкаў, камплектуючых і іншых матэрыялаў. “У 1960—1970-я гады механізатарам, — працягвае размову Пётр Васілевіч, — было вельмі цяжка працаваць. Тагачасная тэхніка ў параўнанні з цяперашняй — гэта як каменная і жалезная сякеры. Многія трактарысты сваё здароўе падарвалі, працуючы ў цяжкіх умовах, на гусенічных трактарах, дзе вечны ляск, пыл і гразь”.           

Як прызнаўся мой суразмовец, калгаснае жыццё ў асноўным было звычайным, дні праходзілі аднолькава, але часам здараліся і яскравыя, прыемныя моманты. “Вось, напрыклад, — працягвае размову Пётр Васілевіч, — аднойчы на базе нашага калгаса праводзіўся раённы семінар па ўборцы бульбы з удзелам прадстаўнікоў вобласці. Да яго патрэбна было прыдумаць і зрабіць які-небудзь новы механізм, агрэгат. Цягам аднаго дня я з камандай нашых мясцовых рацыяналізатараў зрабілі невялікі агрэгат для збівання на полі бульбоўніку і пустазелля (а гэта на самой справе была вялікая праблема, бо быльнік рос, бывала, і ў рост чалавека). Прыдумалі, зварылі, зрабілі агрэгат і выставілі яго для азнаямлення падчас семінара. Спадабаўся ўсім. А сакратар райкама партыі, які таксама прысутнічаў на мерапрыемстве, падазваў да сябе і доўга хваліў мяне і нашу каманду. Гэта было вельмі прыемна. А яшчэ адна аддушына ў чарадзе будняў — песня. Я ж “вечны” ўдзельнік калектыву мастацкай самадзейнасці калгаса быў. Безумоўна, удзельнічалі ў конкурсах-аглядах розных узроўняў, якія праводзіліся не толькі ў Глуску, але і ў нашым вясковым старым клубе”.

Увогуле, прызнаецца Пётр Долбік, жыццё спакойным не было, хапіла розных падзей, і добрых, і не вельмі (а як жа без гэтага). Але сумаваць, нудзіцца нельга было, ды і часу на гэта не хапала. Так што жыў актыўна, на ўсё глядзеў з аптымізмам.

У 1985 годзе Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за поспехі, дасягнутыя ў выкананні заданняў адзінаццатай пяцігодкі і сацыялістычных абавязацельстваў па вытворчасці і перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, сярод іншых працаўнікоў медалём “За працоўную доблесць” быў узнагароджаны і Пётр Васілевіч Долбік. У адным з лютаўскіх нумароў цэлая газетная паласа ў раёнцы была прысвечана менавіта яму. У ліпені 1986 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Пётр Долбік узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”. “Гэта не толькі мая заслуга, — сціпла гаворыць мой суразмовец, — а і тых людзей, хто працаваў побач, хто дапамагаў і маральна, і рэальна. Большасць з механізатараў былі працаўнікамі з вялікай літары, цярплівымі і безадмоўнымі: калі патрэбна пасля працы затрымацца або ў выхадны дзень выйсці, значыць, выходзілі і працавалі. У калгасе ж праца была круглы год: адзін працэс заканчваўся, другі пачынаўся, і так бясконца. Хачу ўспомніць механізатараў Георгія Сямёнавіча Ляшчынскага, Мікалая Іванавіча Сінкевіча, Рыгора Кіпеля, Максіма Грыгор’ева”.

Яго аддушына

З выхадам на заслужаны адпачынак рытм жыцця нашага героя, канешне, стаў больш размераны і не такі актыўны. З’явілася больш  часу на творчасць. Пётр Васілевіч працягвае спяваць, ён актыўны ўдзельнік ансамбля “Зносіны”, а яшчэ са школьнай пары і дасюль ён піша вершы. Не раз друкаваліся яго паэтычныя творы і ў раённай газеце. З калектывам “Зносіны” ў лютым гэтага года, яшчэ да пачатку пандэміі, ездзіў Пётр Долбік на конкурс мастацкай самадзейнасці ў Бабруйск, там глушчане атрымалі дыплом ІІІ ступені. Канцэртны касцюм і зараз акуратна вісіць на відным месцы, падрыхтаваны і гатовы быць надзетым у любы час. “Без песні жыць немагчыма, — кажа Пётр Васілевіч, — спяваць я вельмі люблю і, калі мяне запрашаюць паўдзельнічаць у канцэртах, з вялікай радасцю згаджаюся. Гэта зараз мая аддушына”.

Напрыканцы хочацца прывесці адзін з вершаў Пятра Васілевіча, які быў надрукаваны ў раёнцы ў лютым 1985 года:

Прызнанне

Я не апошні і не першы

Складаць спрабую свае вершы.

Складаю іх я ўначы,

Складаю ў думках, ідучы.

Ў спакоі, ў шумную пару

Я давяраюся пяру.

Выношу думкі на паперу.

Няхай сабе чытач не верыць.

Ды калі ў думках, словах згода —

Я адчуваю асалоду,

Што апаноўвае істоту.

І паўсядзённая работа

Ідзе спарней, ідзе з ахвотай.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва

Пятра Долбіка

Последние новости

Власть

Ответственность нанимателей за иностранных работников введена в Беларуси указом Президента

21 мая 2025
Читать новость
Актуально

Про путевки в санаторий

21 мая 2025
Читать новость
Культура

Успаміналі Фёдара Янкоўскага. Цікавая творчая сустрэча адбылася ў сярэдняй школе № 1 Глуска

21 мая 2025
Читать новость
Образование

Как в Глусском районе организуют летнюю оздоровительную кампанию 

21 мая 2025
Читать новость
Образование

Што было б, каб не Яўгенія?! Ад чаго пяцікласніца выратавала суседскую бабулю

21 мая 2025
Читать новость
Актуально

Свой взгляд. Выводы о выборах

21 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем