Рэспубліканская акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч!” пройдзе 29-31 мая
Рэспубліканская акцыя “Падары дзіцяці футбольны мяч!” пройдзе 29-31 мая ў Беларусі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі.
Футбольныя мячы будуць уручаны першакласнікам з 1 790 школ вёсак і аграгарадкоў у час святочных лінеек з нагоды заканчэння навучальнага года. 30 мая сярэднюю школу пасёлка Міханавічы наведаюць намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, намеснік старшыні асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Юрый Курбыка, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Баляба, прадстаўнікі ААТ “Белінвестбанк”.
У Міністэрстве адукацыі выказалі надзею, што мячы стануць абавязковым атрыбутам гульняў дзяцей летам. Такі падарунак дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам у перыяд летніх канікул далучыцца да самага масавага гульнявога віду спорту – футбола.
Арганізатарамі сацыяльнага праекта сталі Міністэрства адукацыі Беларусі, асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” і Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў пры падтрымцы ААТ “Белінвестбанк”.