Удзельнік I УНС слесар Аляксандр Галаўнёў: «Час быў такі цяжкі, што здавалася парою: прасвету няма»

Сёлета спаўняецца 30 год з таго дня, калі ў нашай краіне ўпершыню адбыўся Усебеларускі народны сход. За гэты час форум прайшоў шлях ад народнага веча да вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, рашэнні якога з’яўляюцца абавязковымі.
Першы ў гісторыі суверэннай Беларусі народны форум адбыўся 19—20 кастрычніка 1996 года. Час быў няпросты, краіна была ў стане эканамічнага хаосу і палітычнага канфлікту і шукала выйсце. Як быць далей, які выбраць шлях? Што рабіць з заводамі і фабрыкамі, якія больш прастойвалі, чым працавалі? Прадаць багатым ці ўзяць пад крыло дзяржавы? Як узнімаць медыцыну, адукацыю?
Як вывесці з заняпаду сяло? Пытанняў было шмат, і ў жніўні 1996 года Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, якія ператвараюць рэспубліку з парламенцка-прэзідэнцкай у прэзідэнцкую. Рэферэндум адбыўся ў канцы лістапада 1996 года, а за месяц да яго — першы Усебеларускі народны сход, на якім абмеркавалі шматлікія праблемы і вызначылі стратэгію сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.
На сход сабралася 4740 дэлегатаў, а месцам яго правядзення вызначылі сталічны Палац спорту: на той момант гэта была адзіная ў краіне пляцоўка, здольная змясціць такую колькасць людзей.
Ад Глускага раёна на першы Усебеларускі народны сход былі выбраны дэлегатамі 18 чалавек, дэлегацыю ўзначаліў тагачасны старшыня райвыканкама Віктар Шчэцька.
На УНС дэлегаты абмеркавалі асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 1996—2000 гады (прыярытэтамі былі аб’яўлены экспарт тавараў і паслуг, жыллёвае будаўніцтва, развіццё аграпрамысловага комплексу), праект новай рэдакцыі Канстытуцыі і пытанні, вынесеныя кіраўніком дзяржавы на рэспубліканскі рэферэндум. Форум вызначыў вектар развіцця дзяржавы на дзесяцігоддзі наперад: сацыяльна арыентаваная рыначная эканоміка, канстытуцыйная рэформа, якая прадугледжвае моцнага Прэзідэнта — гаранта суверэнітэту і незалежнасці краіны.
Для падрыхтоўкі і правядзення Усебеларускага народнага сходу ў рэгіёнах былі створаны арганізацыйныя камітэты, “у задачу якіх уваходзіць вылучэнне і дэлегаванне на Усебеларускі народны сход найбольш аўтарытэтных прадстаўнікоў грамадскасці”, паведамляла глуская раёнка. У нашым раёне таксама быў створаны аргкамітэт.
Загадзя ў раённай газеце “Радзіма” быў надрукаваны праект Канстытуцыі, які павінны былі абмеркаваць на сходзе, а прапановы і заўвагі можна было дасылаць у райвыканкам, сельвыканкамы і ў рэдакцыю. Між іншым, абмеркаванне было даволі актыўным, пра гэта сведчыць колькасць надрукаваных лістоў у газету ад жыхароў раёна.
А ў адным з вераснёўскіх нумароў газеты расказваецца пра адзін са сходаў па вылучэнні дэлегатаў на УНС: свайго дэлегата выбіралі працаўнікі райаграпрамтэхзабеспячэння. “Калі ў якасці магчымай кандыдатуры прагучала прозвішча слесара-наладчыка Аляксандра Міхайлавіча Галаўнёва, то для характарыстыкі рамонтніка хапіла літаральна адной фразы: “У майстэрні два безумоўных аўтарытэты, правамернасць якіх ні ў кога не выклікае сумнення. Сярод іх і Галаўнёў”, — піша аўтар нататкі. “Такім чынам, Галаўнёў стане адным з тых, хто будзе прадстаўляць рабочы клас раёна на народным сходзе. І гэта выглядае вельмі натуральна, бо ён, калі так можна сказаць, сам народ, арганічная частка яго”, — дадае аўтар.
Мы звязаліся з Аляксандрам Міхайлавічам і папрасілі падзяліцца ўспамінамі. Слесарам у райсельгастэхніцы, як колісь называлі райаграпрамтэхзабеспячэнне, ён адпрацаваў 37 год, а зараз працуе слесарам па рамонце паліўнай апаратуры ў Аўтапарку № 15. “Зразумела, далёка не ўсё захавалася ў памяці, усё ж такі трыццаць год прайшло, — прызнаўся Аляксандр Міхайлавіч, — аднак раскажу, што памятаю. Нас была вялікая дэлегацыя, ад кожнага прадпрыемства і кожнага калгаса былі людзі. Старшыні калгасаў былі, з Турыно, здаецца, быў камбайнер, былі механізатары. Мы ехалі вялікай калонай, больш за дзесяць аўтобусаў, бо з кожнага раёна вобласці сабраліся дэлегацыі. Жылі ў спарткомплексе “Стайкі”, а сам сход адбываўся ў Палацы спорту, ішоў два дні. Народу, канешне, шмат, перад усімі выступаў Аляксандр Лукашэнка, расказваў пра сваё бачанне таго, як жыць далей, як будаваць жыццё ў дзяржаве. Час жа быў такі цяжкі, складаны, што здавалася парою: прасвету няма.

А малады Прэзідэнт казаў такія слушныя рэчы, блізкія людзям, зразумелыя, і людзі яго падтрымалі ў яго пачынаннях.
На памяць пра Усебеларускі народны сход у мяне захавалася картка-пропуск, таксама ўсім дэлегатам дарылі наручныя гадзіннікі, на цыферблаце — беларускі сцяг і надпіс “Всебелорусское народное собрание октябрь 1996 г.”. Добры быў гадзіннік, падарыў яго жонцы, яна доўга потым насіла”.
Падрыхтавала А. ВАСІЛЕЎСКАЯ